Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 3 из 5



- Мы ўсе ведаем, што гэта было ўнiкальнае, выпадковае адкрыццё. Справа тут не ў мудрасцi, - нам проста пашанцавала.

Па выразе твараў ён зразумеў: яны ў думках адхiляюць яго довад. Iнэш адчуваў сваё бяссiлле прадухiлiць непазбежную катастрофу. Ён уявiў сабе, як гэтая вялiкая раса сустрэла смерць. Мабыць, яна настала хутка, але не гэтак хутка, каб яны не паспелi зразумець. Занадта многа шкiлетаў ляжала на адкрытых месцах, у садах цудоўных дамоў. Здавалася, мужы выйшлi з жонкамi на двор, каб сустрэць гiбель свайго народа пад адкрытым небам. Iнэш спрабаваў апiсаць саветнiкам iх апошнi дзень многа-многа гадоў назад, калi гэтыя iстоты спакойна глядзелi ў твар смерцi. Аднак выклiканыя iм зрокавыя вобразы не дасягалi свядомасцi яго супляменнiкаў. Саветнiкi нецярплiва заварушылiся ў крэслах за некалькiмi радамi ахоўных сiлавых экранаў, а капiтан Горсiд папытаўся:

- Растлумачце, Iнэш, што менавiта выклiкала ў вас такую эмацыянальную рэакцыю?

Пытанне прымусiла Iнэша замоўкнуць. Ён не думаў, што гэта была эмоцыя. Ён не ўразумеў прыроды наслання - так неўпрыкмет яно авалодала iм. I толькi цяпер ён раптам зразумеў.

- Што iменна? - павольна прамовiў ён. - Ведаю. Гэта быў трэцi ўваскрэшаны. Я бачыў яго праз заслону энергетычнага полымя. Ён стаяў там, ля далёкiх дзвярэй, i глядзеў на нас, пакуль мы не ўцяклi. Глядзеў з цiкавасцю. Яго мужнасць, спакой, спрыт, з якiм ён нас абдурыў, - у гэтым уся справа...

- I ўсё гэта прывяло яго да пагiбелi, - сказаў Хамар.

Усе зарагаталi.

- Паслухай, Iнэш! - дабрадушна звярнуўся да яго Мэярд, памочнiк капiтана. - Не хочаце ж вы сказаць, што гэтыя iстоты храбрэйшыя за нас з вамi або што нават цяпер, ужыўшы ўсе меры перасцярогi, нам усiм трэба баяцца адной уваскрэшанай намi пачвары.

Iнэш змоўчаў. Ён адчуваў сябе пагана. Яго ашаламiла адкрыццё, што ў яго могуць быць эмоцыi. Да таго ж не хацелася выглядаць упартым. Тым не менш ён зрабiў апошнюю спробу.

- Я хачу сказаць толькi адно, -злосна прабурчаў ён. - Мне здаецца, што высвятляць, што здарылася з загiнуўшай расай, не так ужо абавязкова.

Капiтан Горсiд падаў знак бiёлагу.

- Пачынайце ажыўленне! - загадаў ён.

I, звяртаючыся да Iнэша, прамовiў:

- Хiба ты можаш вось так, не скончыўшы ўсяго, вярнуцца на Гэйну i параiць масавае перасяленне? Уявiце сабе, што мы чагосьцi не высветлiлi тут да канца. Не, мой друг, гэта немагчыма.

Довад быў стары, але цяпер Iнэш чамусьцi з iм адразу згадзiўся. Ён хацеў нешта дадаць, але забыўся пра ўсё, бо чацвёрты чалавек падняўся ў уваскрашальнiку.

Ён сеў i знiк.

Настала мёртвая цiшыня, поўная жаху i здзiўлення. Капiтан Горсiд хрыпла прамовiў:

- Ён не мог адсюль выйсцi. Мы гэта ведаем. Ён недзе тут.

Гэнейцы вакол Iнэша, устаўшы з крэслаў, узiралiся ў пустату пад энергетычным каўпаком. Ахоўнiкi стаялi, бязвольна апусцiўшы шчупальцы з прамянёвымi стрэльбамi. Бакавым зрокам Iнэш убачыў, як адзiн з тэхнiкаў, што абслугоўвалi ахоўныя экраны, нешта шапнуў Вiiду, якi адразу пайшоў за iм. Вярнуўся ён, прыкметна спахмурнеўшы.

- Мне сказалi, - прамовiў Вiiд, - што, калi ўваскрэшаны знiк, стрэлкi прыбораў скокнулi на дзесяць дзяленняў. Гэта ўзровень унутрыядзерных працэсаў.

- У iмя першага гэнейца! - прашаптаў Шуры. - Гэта тое, чаго мы заўсёды баялiся.

- Знiшчыць усе лакатары на зоркалёце! - крычаў капiтан Горсiд у мiкрафон. - Знiшчыць усе, вы чуеце?

Ён павярнуўся, блiскаючы вачамi, да астранома.

- Шуры, яны, здаецца, мяне не зразумелi. Загадайце сваiм падначаленым дзейнiчаць! Усе лакатары i ўваскрашальнiкi павiнны быць неадкладна знiшчаны.



- Хутчэй, хутчэй! - жаласна пацвердзiў Шуры.

Калi гэта было зроблена, яны перавялi дух. На тварах з'явiлiся панурыя ўсмешкi. Усе адчувалi змрочнае задавальненне. Памочнiк капiтана Мэярд прамовiў:

- Ва ўсякiм разе, цяпер ён не знойдзе нашу Гэйну. Вялiкая сiстэма вызначэння зорак з планетамi застанецца нашай тайнай. Мы можам не баяцца адплаты...

Ён спынiўся i ўжо павольна закончыў:

- Пра што я кажу?.. Мы нiчога не зрабiлi. Хiба мы вiнаватыя ў тым, што здарылася з жыхарамi гэтай планеты?

Але Iнэш ведаў, пра што ён падумаў. Пачуццё вiны заўсёды ўзнiкала ў iх у падобныя моманты. Прывiды ўсiх знiшчаных гэнейцамi рас; бязлiтасная воля, якая натхняла iх, калi яны ўпершыню прызямлялiся; рашучасць знiшчыць тут усё, што iм перашкодзiць; цёмныя прорвы маўклiвага жаху i нянавiсцi, што раскрывалiся за iмi паўсюль; днi страшнага суду, калi яны бязлiтасна абпраменьвалi жыхароў мiрных планет, якiя нiчога не падазравалi, смертаноснай радыяцыяй, - вось што таiлася за словамi Мэярда.

- Я ўсё ж не веру, што ён мог уцячы, - загаварыў капiтан Горсiд. - Ён тут, у будынку, ён чакае, калi мы здымем ахоўныя экраны, i тады ён здолее пайсцi. Няхай чакае. Мы гэтага не зробiм.

Зноў запанавала маўчанне. Яны чакальна глядзелi на пусты купал энергетычнай аховы. Толькi блiскучы ўваскрашальнiк стаяў там на сваiх металiчных падстаўках. Акрамя гэтага апарата, там не было нiчога - нiводнага пабочнага блiка, нiводнага ценю. Жоўтыя сонечныя прамянi пранiкалi ўсюды, асвятляючы пляцоўку з такой яркасцю, што схавацца на ёй было проста немагчыма.

- Ахова! - загадаў капiтан Горсiд. - Знiшчыце ўваскрашальнiк. Я думаю, што ён вернецца, каб яго агледзець, таму не варта рызыкаваць.

Апарат знiк у хвалях белага полымя. Разам з iм знiкла i апошняя надзея Iнэша, якi ўсё яшчэ верыў, што смертаносная энергiя прымусiць двухногую пачвару з'явiцца. Спадзявацца болей не было на што.

- Але куды ён мог дзецца? - папытаўся Ёал.

Iнэш павярнуўся да гiсторыка, збiраючыся абмеркаваць з iм гэтае пытанне. I тут ён убачыў - пачвара стаiць крыху воддаль пад дрэвам i ўважлiва iх разглядае. Мабыць, яна з'явiлася менавiта ў гэтае iмгненне, таму што ўсе саветнiкi адначасова разявiлi раты i адскочылi. Адзiн тэхнiк, выяўляючы найвялiкшую знаходлiвасць, iмгненна ўстанавiў памiж гэнейцамi i пачварай сiлавы экран. Iстота павольна наблiжалася, яна была кволая i несла галаву, злёгку адкiнуўшы назад. Вочы ў яе ззялi, нiбы асветленыя ўнутраным агнём.

Падышоўшы да экрана, чалавек выцягнуў руку i дакрануўся да яго пальцамi. Экран асляпляльна ўспыхнуў, потым затуманiўся пералiвамi фарбаў. Хваля фарбаў перайшла на чалавека: колеры сталi ярчэйшыя i ў iмгненне разлiлiся па ўсiм яго целе, з галавы да ног. Радужны туман рассеяўся. Абрысы сталi нябачныя. Яшчэ iмгненне - i чалавек прайшоў праз экран.

Ён засмяяўся - гук быў дзiўна мяккi - i адразу пасур'ёзнеў.

- Калi я абудзiўся, сiтуацыя мяне пацешыла, - сказаў ён. - Я падумаў: "Што мне цяпер з вамi рабiць?"

Для Iнэша яго словы прагучалi ў ранiшнiм паветры мёртвай планеты прысудам лёсу. Маўчанне парушыў голас, настолькi здушаны i ненатуральны голас, што Iнэшу спатрэбiўся час, каб пазнаць голас капiтана Горсiда.

- Забiце яго!

Калi выбухi полымя апалi знясiленыя, iстота, як i раней, стаяла перад iмi. Яна павольна рушыла наперад i спынiлася крокаў за шэсць ад блiжэйшага гэнейца. Iнэш апынуўся ззаду ўсiх. Чалавек нетаропка загаварыў:

- Напрошваюцца два рашэннi: адно - заснаванае на ўдзячнасцi за маё ўваскрашэнне, другое - на сапраўдным стане рэчаў. Я ведаю, хто вы i што вам трэба. Так, я вас ведаю - у гэтым ваша няшчасце. Тут цяжка быць мiласэрным. Але паспрабую. Дапусцiм, - працягваў ён, - вы адкрыеце тайну лакатара. Цяпер, паколькi сiстэма iснуе, мы больш нiколi не пападзёмся так неразумна, як той раз.

Iнэш увесь напружыўся. Яго мозг працаваў так лiхаманкава, спрабуючы ахапiць магчымыя вынiкi катастрофы, што здавалася, у iм не засталося месца больш для нiчога. I тым не менш нейкая частка свядомасцi была адцягнена.

- Што ж адбылося? - папытаўся ён.

Чалавек пацямнеў. Успамiны пра той далёкi дзень зрабiлi яго голас хрыплым.

- Атамная бура, - прамовiў ён. - Яна прыйшла з iншага, зорнага свету, захапiўшы ўвесь гэты край нашай галактыкi. Атамны цыклон дасягаў у дыяметры каля дзевяноста светлавых гадоў, куды болей за тое, што нам было даступна. Ратунку не было. Мы не мелi патрэбы да гэтага ў зоркалётах i нiчога не паспелi пабудаваць. Да таго ж Кастар, адзiная вядомая нам зорка з планетамi, таксама быў закрануты бурай.