Страница 3 из 3
Адзiнай уцехай яму былi фатаграфii Дэнiзы. З iмi ён засыпаў i прачынаўся, з iмi ён гаварыў, сумаваў i плакаў. "Ну i баба, - шапталiся памiж сабою санiтаркi, - да чаго давяла чалавека... Зусiм галаву страцiў..." Тым не менш яны з радасцю згаджалiся напiсаць пад дыктоўку хворага чарговае пiсьмо Дэнiзе. Аднак усе Жанавы лiсты засталiся без адказу.
* * *
Праз два месяцы Жана выпiсалi са шпiталя, а яшчэ праз тыдзень урач дазволiў яму рабiць невялiкiя прагулкi па вулiцы. I перш-наперш малады чалавек пакульгаў да Дэнiзы. Калi нарэшце ён даплёўся да пятага паверха i апынуўся перад знаёмымi дзвярыма, сэрца яго забiлася так, што давялося спынiцца i перадыхнуць. "Нiчога, я такi дайду да яе, нiкуды яна не дзенецца, вось зараз зайду, i ўсё будзе добра. Не можа быць, каб яна пра ўсё забылася..." - так супакойваў сам сябе Жан... I ён рашуча нацiснуў на званок... Хвiлiна, другая... Дзвярэй нiхто не адчыняў... Яшчэ званок... Другi... Трэцi... Цiшыня. Тады Жан пачаў стукаць у дзверы кулаком...
- Што вы там забылiся? - пачулася з нiжняга паверха. Да яго спяшалася кансьержка.
- Ды мне трэба пабачыць мадэмуазель Дэнiзу Пакэ, - адказаў Жан.
- Паслухайце, малады чалавек. Вось ужо тры тыднi, як яна пераехала адсюль.
- Як?! Тры тыднi?!.
- Ну, а што ёй тут рабiць?! Замуж выйшла i паехала сабе да мужа!..
...Штосьцi абарвалася ў Жанавай душы. Ашаломлены, няшчасны малады чалавек ледзьве спусцiўся па лесвiцы. Доўга блукаў ён па начным Парыжы, i нейкае новае, невядомае дагэтуль пачуццё пакрысе авалодвала ўсёй яго iстотай. Жан памалу супакоiўся i абыякава пазiраў, як кудысьцi спяшаюцца людзi, як сотнямi агеньчыкаў мiльгаюць рэкламы... "Жыццё iдзе сваiм ходам, - нечакана падумалася Жану, - ды толькi мне з iм ужо не па дарозе..."
Ён даклыпаў да бульвара Манмартр. Схадзiўся моцны вецер, палiў густы дождж. На мокрым блiшчастым асфальце адбiвалiся агнi вiтрын. Недалёка стаялi свабодныя таксi...
Вось каля самага тратуара iмчыць машына... Жан увабраў галаву ў плечы, сцiснуў кулакi i, калi да машыны заставалася два цi тры метры, кiнуўся пад колы...
Ён яшчэ паспеў адчуць моцны ўдар, i здалося яму, што проста над iм грымнуў страшэнны пярун...
...Калi Жана дасталi з-пад машыны, ён ужо не дыхаў...