Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 6 из 41



- На паляванне заўтра, на паляванне, Бiм!

Куды там! Бiм закруцiўся, як юла, ловячы свой хвост, вiскнуў, потым сеў i ўпiўся вачыма ў твар Iвана Iванавiча, уздрыгваючы ачосамi пярэднiх лап. Гэта чаруючае слова "паляванне" вядома Бiму як сiгнал на шчасце.

Але гаспадар загадаў:

- А пакуль што спаць. - Выключыў святло i лёг.

Да канца ночы Бiм пралежаў ля ложка сябра. Якi там сон! Ён i сам, Iван Iванавiч, то драмаў, то прачынаўся ў чаканнi свiтання.

Ранiцаю яны разам склалi рукзак, выцерлi ад масла ствалы стрэльбы, крыху пад'елi (на паляванне iсцi нельга наеўшыся), праверылi патранташ, перакладваючы набоi з гнязда ў гняздо. Работы было многа на гэты кароткi час збораў: гаспадар на кухню - Бiм на кухню, гаспадар у кладоўку - Бiм туды, гаспадар вымае кансерву з рукзака (нядобра легла) - Бiм бярэ яе i пхае назад, гаспадар правярае патроны - Бiм сочыць (каб не памылiўся); i ў футарал ад стрэльбы трэба не раз тыцнуцца носам (цi тут?); а тут якраз свярбiць за вухам ад хвалявання - толькi i ведай, што падымай лапу i чухай, прападзi яно пропадам, калi без таго клопату - не прадыхнуць.

Ну, сабралiся. Бiм быў у захапленнi. Як жа! На гаспадару паляўнiчая куртка, закiнута за плечы паляўнiчая сумка, знята стрэльба.

- На паляванне, Бiм! На паляванне, - паўтарыў ён.

"На паляванне, на паляванне!" - гаварылi Бiмавы вочы ад захаплення. Ён нават павiскваў, перапоўнены ўдзячнасцю i любоўю да свайго адзiнага на свеце сябра.

У гэты момант i ўвайшоў чалавек. Бiм ведаў яго - сустракаў на дварэ, - але лiчыў нецiкавым, якi не заслугоўвае асаблiвае ўвагi. Каратканогi, тоўсты, шыракаплечы, шыракатвары, ён сказаў чуць скрыпучым баском:

- Значыцца, прывiтанне! - I сеў на крэсла, выцiраючы твар хусцiнкаю. Та-ак... На паляванне, значыцца?

- На паляванне, - незадаволена буркнуў Iван Iванавiч, - на слонак. Ды вы заходзьце - будзеце госцем.

- Вось та-ак... на паляванне... Давядзецца адкласцi, значыцца.

Бiм перавёў позiрк з гаспадара на госця, здзiўлена i ўважлiва. Iван Iванавiч сказаў амаль сярдзiта:

- Я не разумею. Растлумачце.

I тут Бiм, наш ласкавы Бiм, спачатку чуць загырчаў i неспадзеўкi гаўкнуў. Зроду такога не здаралася, каб дома - i на госця. Госць не спалохаўся, яму, здавалася, было ўсё роўна.

- На месца! - гэтак жа сярдзiта загадаў Iван Iванавiч.

Бiм пакарыўся: лёг на ляжак, паклаўшы галаву на лапы, i глядзеў на госця.

- Бач ты! Слухае, значыцца. Та-ак... Значыцца, ён i на жыхароў у пад'ездзе брэша, напрыклад, як на лiсу?

- Нiколi. Нiколi i нi на кога. Гэта першы раз. Слова гонару! - хваляваўся Iван Iванавiч i сердаваў: - Дарэчы, да лiсiц ён нiчога не мае.

- Та-ак, - зноў завёў госць. - Давайце па парадку.

Iван Iванавiч скiнуў куртку i сумку.

- Я слухаю вас.

- У вас, значыцца, сабака, - пачаў госць. - А ў мяне, - ён выняў з кiшэнi паперку, - скарга на яго. - I падаў гаспадару.

Iван Iванавiч чытаў i хваляваўся. Бiм прыкмецiў гэта, самохаць сышоў са свайго месца i сеў ля ног сябра, быццам баронячы яго, але на госця больш не глядзеў, хоць i быў напагатове.

- Глупства ўсё, - сказаў Iван Iванавiч спакайней. - Глупства. Бiм ласкавы сабака, нiкога не кусаў i не ўкусiць, нiкога не пакрыўдзiць. Сабака iнтэлiгентны.

- Хэ-хэ-хэ! - пакалыхаў жыватом госць. I недарэчна чыхнуў. - О-о, скацiна! - бяскрыўдна сказаў ён да Бiма.

Бiм яшчэ больш адвярнуўся ўбок, але зразумеў, што гавораць пра яго. I ўздыхнуў.

- Як гэта вы разбiраеце скаргi? - спытаў Iван Iванавiч ужо спакойна, усмешлiва. - На каго скарга, таму даяце яе чытаць. Я i так паверыў бы вам, каб пераказалi.

Бiм заўважыў у вачах у госця смяшынку. А той прама сказаў:

- Перш-наперш, так i патрабуецца. Па-другое, скарга не на вас, а на сабаку. А сабаку мы чытаць не дадзiм... - I засмяяўся.

Гаспадар таксама слаба ўсмiхнуўся. Бiм нават i не падумаў: ведаў, што гаворка пра яго, а што да чаго, не мог уцямiць - вельмi ж незразумелы госць. Той тыцнуў пальцам на Бiма i сказаў:

- Сабаку звальняць трэба. - I махнуў рукою да дзвярэй.

Бiм зразумеў, што патрэбна ад яго: пайсцi. Але ад гаспадара не адступiў i на сантыметр.

- А вы паклiчце тую, што скардзiцца, - пагаворым, уладзiм усё, магчыма, папрасiў Iван Iванавiч.

Госць, зусiм нечакана, пайшоў i скора вярнуўся з жанчынаю:

- Вось прывёў да цябе цётку, значыцца.



Бiм яе таксама ведаў: невялiчкая, крыклiвенькая i тлустая, яна, аднак, цэлыя днi сядзела на лаўцы на двары з iншымi вольнымi жанчынамi. Аднойчы Бiм нават лiзнуў яе ў руку (не ад залiшняе павагi да яе, а да чалавецтва наогул), ад чаго яна завiшчала i пачала крычаць нешта на ўвесь двор, да адчыненых акон. Што яна там крычала, Бiм не зразумеў, але напалохаўся, даў дзёру i задрапаў дома ў дзверы. Больш ён нi ў чым вiны перад цёткаю не меў. I вось яна ўвайшла. Што з iм зрабiлася! Ён пачаў тулiцца да ног гаспадара, а калi той пагладзiў яго, то падцiснуў хвост, пайшоў на ляжак i спадылба глядзеў на яе. Ён нiчога не разумеў, што гаварыла цётка, а яна трашчала як сарока i ўсё паказвала на сваю руку. Але па яе рухах, па сярдзiтых позiрках, Бiм зразумеў: гэта за тое, што лiзнуў не таму, каму трэба. Малады-малады быў Бiм, таму i не ўсё мог дакумекаць. Магчыма, ён думаў i так: "Вiнаваты, вядома, але што цяпер зробiш". Ва ўсякiм выпадку нешта накшталт гэтага было ў яго вачах.

Толькi няўцям было Бiму, што вiнавацяць яго несправядлiва.

- Укусiць хацеў! Укусi-iць! Амаль што ўкусi-iў!

Iван Iванавiч, перабiўшы цётчыну траскатню, загаварыў да самога Бiма:

- Бiм! А прынясi мне пантофлi.

Бiм споўнiў гэта з ахвотаю i лёг перад гаспадаром. Той зняў паляўнiчыя чаравiкi i ўсунуў ногi ў пантофлi.

- Цяпер занясi пастаў чаравiкi.

Бiм зрабiў i гэта: па аднаму занёс iх пад вешалку.

Цётка прымоўкла, вылупiла вочы. Госць сказаў з пахвалою:

- Маладзе-ец! Ты бач, умее, значыцца. - Неяк крышку, здаецца, непрыязна паглядзеў на цётку. - А яшчэ ўмее што-небудзь?

- Ды вы сядайце, сядайце, - запрасiў Iван Iванавiч цётку.

Яна села, схавала рукi пад фартух. Гаспадар паставiў Бiму крэсла i загадаў:

- Бiм! На крэсла!

Паўтараць Бiму не трэба было. Цяпер усе сядзелi на крэслах. Цётка прыкусiла язык. Госць задаволена пакiваў нагою, прыказваў:

- Добра выходзiць, добра, добра.

Гаспадар хiтравата прыплюшчыў вочы да Бiма:

- А ну дай лапу. - I падаў руку.

Прывiталiся.

- Цяпер, дурненькi, павiтайся з госцем, - i паказаў на таго пальцам.

Госць падаў руку:

- Здароў, браток, здароў, значыцца.

Бiм зрабiў усё далiкатна, як i патрэбна было.

- А не ўкусiць? - асцярожна запыталася цётка.

- Ну што вы! - здзiвiўся Iван Iванавiч. - Падайце руку i скажыце: "Лапку!"

Тая i сапраўды выцягнула руку з-пад фартуха i падала Бiму:

- Толькi не ўкусi, - папярэдзiла яна.

Ну, а тут няма як i расказаць, што зрабiлася. Бiм шарахнуўся на ляжак, падрыхтаваўся баранiцца, прыцiснуўшыся задам у куток, глядзеў у вочы гаспадару. Iван Iванавiч падышоў да яго, узяў за аброжак i падвёў да пакрыўджанае:

- Дай лапку, дай...

Не, не падаў лапу Бiм. Адвярнуўся i глядзеў на падлогу. Першы раз не паслухаў. I панура паплёўся ў свой куток, паволi, вiнавата i засмучана.

Вой, што тут зрабiлася! Цётка затараторыла, як сухая трашчотка:

- Ты ж мяне збэсцiў! - крычала яна на Iвана Iванавiча. - Нейкi задрыпаны сабака на мяне, савецкую жанчыну, увагi не мае! - I тыцкала пальцам на Бiма. Ды я... ды я... Пачака-ай!

- Даволi! - неспадзявана раўнуў на яе госць. - Брэшаш ты, значыцца. Не кусаў ён цябе i не збiраўся. Ён жа цябе баiцца, як чорт кадзiла.

- Ты не крычы, - прабавала яна абаранiцца.

Тады госць сказаў коратка:

- Кыш! - I загаварыў да гаспадара: - З такiмi iначай нельга. - I зноў цётцы: - Бач ты! "Савецкая жанчына" яшчэ мне... Iдзi адсюль! - рыкнуў ён. Яшчэ раз накаламуць - асмяю! Iдзi! - Скаргу ён парваў перад ёю.