Страница 4 из 41
I ўсё ж Бiм не спадчынная бездар, а выдатны сапраўдны сабака: птушак ён пачаў шукаць з васьмi месяцаў. Ды як яшчэ! Хочацца верыць, што ў яго будзе добрая будучыня.
Раздзел 2
ВЯСНОВЫ ЛЕС
У другi сезон, гэта значыць на трэцi год ад нараджэння Бiма, Iван Iванавiч пазнаёмiў яго з лесам. Гэта было надта цiкава i сабаку, i гаспадару.
У лузе i на полi - там усё бачна: прастора, трава, збажына, гаспадар заўсёды навiдавоку, снуй чаўнаком у шырокiм пошуку, шукай, знайдзi, рабi стойку i чакай загаду. Любата! А тут, у лесе, зусiм-зусiм не тое.
Была ранняя вясна.
Калi яны прыйшлi першы раз, змярканне толькi пачыналася, а мiж дрэў быў прыцемак, хаця лiсця яшчэ не было. Знiзу ўсё ў цёмных адценнях: ствалы дрэў, леташняя цёмна-карычневая лiстота, карычнева-шэрыя сцяблы травы, нават ягады шыпшыны, густа-рубiнавыя ўвосень, цяпер, выстаяўшы зiму, здавалiся зярняткамi кавы.
Галiнкi лёгенька шумелi пад слабым ветрыкам, рэдзенькiя, голыя; яны быццам абмацвалi адна адну, то краналiся кончыкамi, то ледзь датыкалiся сярэдзiнаю: цi жывыя? Вяршалiны слабенька пагойдвалiся - дрэвы здавалiся жывымi нават i без лiсця. Усё было таямнiча-шапаткое i густа-пахучае: i дрэвы, i лiсце пад нагамi, мяккае, з вясновым пахам лясное зямлi, i крокi Iвана Iванавiча, асцярожныя i цiхiя. Яго чаравiкi таксама шоргалi, а сляды пахлi куды мацней, чым у полi. За кожным дрэвам штосьцi незнаёмае, таямнiчае. Таму Бiм i не адыходзiў ад Iвана Iванавiча болей, чым крокаў на дваццаць: прабяжыць уперад налева, направа - i коцiцца назад i глядзiць у твар, быццам пытаецца: "Чаго мы сюды трапiлi?"
- Не разбярэшся што да чаго? - здагадаўся Iван Iванавiч. - Разбярэшся, Бiмка, зразумееш. Пачакай крышку.
Так i iшлi, паглядваючы адзiн на аднаго.
Але вось яны спынiлiся на шырокай паляне, на перакрыжаваннi двух прасек: дарогi ва ўсе чатыры бакi. Iван Iванавiч стаў за арэхавы куст, тварам да захаду, i глядзеў угору. Бiм пазiраў туды, з усяе сiлы стараўся здагадацца, што гэта там трэба выглядзець.
Уверсе было светла, а тут, унiзе, рабiлася ўсё цямней i цямней. Нехта прашамаў у лесе i сцiх. Яшчэ пашамаў i сцiх. Бiм прытулiўся да нагi Iвана Iванавiча - гэта так ён пытаўся: "Што там? Хто там? Можа, пойдзем паглядзiм?"
- Заяц, - ледзь чутна сказаў гаспадар. - Усё добра, Бiм. Добра. Заяц. Хай яго...
Ну, калi "добра", значыць, усё ў парадку. "Заяц" - таксама зразумела: неаднойчы, калi Бiм натыкаўся на след звярка, яму паўтаралi гэтае слова. А раз бачыў i самога зайца, паспрабаваў быў дагнаць яго, але меў суровае папярэджанне i быў пакараны. Нельга!
Такiм чынам, недалёка прашамацеў заяц. А што далей?
Раптам уверсе нехта нябачны i незнаёмы захоркаў: "Хор-хор!.. Хор-хор... Хор-хор!.." Бiм пачуў гэта першы i здрыгануўся. Гаспадар таксама. Абодва глядзелi ўгору, толькi ўгору...
Нечакана на фоне барвова-сiняватага неба ўздоўж прасекi паказалася птушка. Яна ляцела проста на iх, толькi зрэдку пакрыквала так, быццам гэта не птушка, а звярок ляцiць i хоркае. Але то ўсё ж была птушка. Яна здавалася вялiкай, крылле яе было бясшумнае (не тое, што ў перапёлкi, курапаткi цi ў качкi). Адным словам, незнаёмае ляцела ўгары.
Iван Iванавiч падняў стрэльбу. Бiм, быццам па загаду, лёг i не адводзiў вачэй ад птушкi... У лесе стрэл быў такi моцны i рэзкi, якога Бiм раней нiколi не чуў. Рэха пракацiлася па лесе i зацiхла далёка-далёка.
Птушка ўпала ў кусты, але сябры яе скоранька адшукалi. Iван Iванавiч паклаў яе перад Бiмам i сказаў:
- Знаёмся, браток, - слонка. - I яшчэ раз паўтарыў: - Слонка.
Бiм абнюхваў, чапаў лапаю за доўгую дзюбу, потым сеў, уздрыгваючы i перабiраючы пярэднiмi лапамi ад здзiўлення. Вядома ж, ён гэтым самым i гаварыў сам сабе: "Такiх насоў не бачыў. Вось гэта сапраўдны но-ос!"
А лес слабенька шумеў, усё цiшэй i цiшэй. Потым зусiм раптам прыцiх, адразу неяк, быццам хтосьцi нябачны лёгенька махнуў шырокiм крылом над дрэвамi апошнi раз: хопiць шамацення. Галiны знерухомелi, дрэвы, здавалася, засыналi, хiба толькi зрэдку ўздрыгвалi ў прыцемках.
Праляцелi яшчэ тры слонкi, але Iван Iванавiч не страляў. Хаця апошняй яны ўжо не бачылi ў цемнаце, а толькi чулi яе голас, але Бiм быў здзiўлены: чаму сябар не страляў нават у тых, якiя добра былi вiдаць. Ад гэтага Бiм хваляваўся. А Iван Iванавiч цi проста глядзеў угору, цi, панурыўшыся, слухаў цiшыню. Абодва маўчалi.
Вось калi ўжо не патрэбны словы - нi чалавеку, нi тым болей сабаку!
Толькi напаследак, перад адыходам, Iван Iванавiч прамовiў:
- Добра, Бiм! Зноў пачынаецца жыццё. Вясна.
Па iнтанацыi Бiм зразумеў, што гаспадару прыемна. I ён таркануў носам у яго калена, павiляў хвастом: добра, маўляў, што i сказаць.
...Другi раз яны прыходзiлi сюды позняю ранiцаю, але ўжо без стрэльбы.
Духмяныя, тоненькiя струменьчыкi ад храсткоў травы - усё гэта было наўздзiў новае i захапляючае. Сонца прасвечвала ў лесе ўсё наскрозь, акрамя сасоннiку, ды i той мясцiнамi быў спаласованы золатам праменняў. I была цiшыня. Галоўнае - была цiшыня. Якая ж яна прыгожая - вясновая ранiшняя цiшыня ў лесе!
Гэты раз Бiм быў смялейшы: далёка было вiдаць (не тое, што тады ў прыцемкi). I ён лятаў па лесе ўволю, не спускаў, аднак, з вачэй гаспадара. Усё было цудоўна.
Нарэшце Бiм набег на нiтачку слончынага паху. I павёў. I зрабiў класiчную стойку. Iван Iванавiч паслаў наперад, хоць страляць i не было з чаго. Ды яшчэ загадаў ляжаць як i трэба, калi ўзлятае птушка. Абсалютна незразумела, бачыць цi не гаспадар? Бiм скоса паглядзеў на яго, пакуль не ўпэўнiўся: бачыць.
Па другой слонцы ўсё было гэтаксама. Нешта накшталт крыўды паказваў Бiм: насцярожаны позiрк, прабежкi поруч, нават спробы не слухацца - адным словам незадаволенасць расла i трэба было даць ёй выйсце. Менавiта таму Бiм i пагнаўся за трэцяю слонкаю, як звычайны дварняга. Але за слонкаю далёка не пабяжыш: мiльганула сярод галiн - i няма яе. Бiм вярнуўся незадаволены, ды яшчэ i зарабiў. Што ж, ён лёг збоч i ўздыхнуў (сабакi здорава ўмеюць рабiць гэта).
Усё гэта можна было стрываць, каб не яшчэ адна крыўда: Бiм у гэты раз уведаў пра новы недахоп у гаспадара - сапсаванае чуццё: i без таго бясчутны, ды яшчэ... А было гэта так.
Спынiўся Iван Iванавiч, i глядзiць вакол, i нюхае (куды там!). Потым ступiў да дрэва, прысеў i цiхенька, адным пальцам, пагладзiў кветачку, малюсенькую такую (Iвану Iванавiчу яна амаль не пахне, а Бiму такая смярдзючая). I навошта яму тая кветачка? Але гаспадар сядзеў, усмiхаўся. Бiм, вядома, зрабiў выгляд, што яму таксама быццам бы добра, але гэта толькi з-за павагi да гаспадара, а сам ён быў моцна здзiўлены.
- Ты паглядзi, паглядзi ж, Бiм! - усклiкнуў Iван Iванавiч i нахiлiў сабаку носам да кветкi.
Такога Бiм не мог стрываць, ён адвярнуўся. Потым незадаволена адышоў i лёг на палянцы, быццам хацеў сказаць: "Ну i нюхай сваю кветачку!" Рознагалоссi патрабавалi высвятлення адносiн неадкладна, але гаспадар смяяўся ў вочы Бiму шчаслiвым смехам. I гэта было крыўдна. "Яшчэ мне i рагоча!"
А той зноў да кветкi:
- Дзень добры, першанькая!
Бiм зразумеў, што "дзень добры" сказана не яму.
Рэўнасць пракралася ў сабачую душу, калi можна так сказаць, вось што здарылася таго дня. Толькi дома адносiны быццам наладзiлiся. Але дзень у Бiма выйшаў няўдалы: была дзiчына - не стралялi, пабег сам па птушку - пакаралi, ды яшчэ i кветка тая. Не, усё ж i ў сабакi бывае сабачае жыццё, бо жыве ён загiпнатызаваны трыма словамi-"кiтамi": "Нельга", "Назад", "Добра".
Толькi не ведалi яны - нi Бiм, нi Iван Iванавiч, - што некалi гэты дзень, калi б яны ўспомнiлi яго, здаўся б iм вялiкiм шчасцем.
ЗАПIСКI ГАСПАДАРА
У стомленым ад зiмовага палону лесе, калi яшчэ не распусцiлiся пупышкi, але ўжо прачнулiся, калi горкiя пнi зiмовае высечкi яшчэ не пусцiлi пасынкаў, але заплакалi ўжо, калi мёртвы шэры лiст ляжыць навокал пластом, калi голае галлё яшчэ не шумiць, а толькi цiхенька кранаецца адно аднаго, неспадзявана адчуецца пралескавы пах! Ледзь-ледзь улоўны, але гэта пах жыцця, якое ачнулася, i таму ён чуллiва-радасны, хоць амаль i нячутны. Гляджу навокал аказалася, яна побач. Стаiць на зямлi кветка, малюсенькая кропелька блакiтнага неба, такая простая i шчырая вястуння радасцi i шчасця, каму яно суджана i наканавана. Але для кожнага - i шчаслiвага, i няшчаснага - зараз яна жыццёвая прыгажосць.