Страница 20 из 41
- Колькi дзён прайшло?
- Дзесяць дзён, - мусiў адказаць пацыент.
- Праз чатыры днi ашалееце, - катэгарычна сказала доктар. Але бачачы, што пацыента гэта не надта затурбавала, яна, мабыць, крыху засумнявалася, цi што, i таму запыталася:
- А колькi месяцаў вы не мылiся?
- З трэцяе суботы перад тым, як быў пакусаны. Баяўся, каб не загразнiць, як бы антонаў агонь не падкiнуўся. Месца-то сур'ёзнае.
Умяшаўся ветдоктар:
- Месца ў вас сапраўды сур'ёзнае. Як тэлевiзар. (Штукар быў гэты сiмпатычны ветдоктар.)
- Што ж вы нарабiлi! - закрычала жанчына-доктар, яшчэ раз паглядзеўшы на рану. - На пункт, на пункт, на пункт! Неадкладна ўколы ад шаленства... у жывот... шэсць месяцаў.
- Вы што, пасатанелi! - зароў Шэры дзядзька.
- Мы не пасатанелi, - спакойна ўняў яго ветдоктар. - Не паслухаеце - сiлаю прымусiм, цераз мiлiцыю, калi вы такi цёмны чалавек.
- Я? Цёмны чалавек?! - зароў Шэры. - Ды вы ведаеце, дзе я ў свой час рабiў?
- Мяне гэта не датычыць, - адказала доктар. - На пункт! - дадала яна яшчэ стражэй, чым дагэтуль.
Цяпер даносчык рэгулярна павiнен быў хадзiць на ўколы ў вызначаныя днi i гадзiны. Мала прыемнага, улiп як муха ў мёд: сабака - за азадак, а дактары - у жывот.
А далей было так.
Як iх звяло з Цёткаю тою - невядома, але звяло. Магчыма, яны былi знаёмыя даўно (мабыць, так яно i было), але таго дня яны спаткалiся на вулiцы. Такiя чуюць адно аднаго, як рыбак рыбака, дурань дурнога, а сплетнiк сплетнiка. Сышлiся, значыцца, разгаварылiся. Высветлiлася, што ходзiць ён рубам пасля ўкусу сабакi з чорным вухам.
- Дык я ж яго ведаю! Дальбог, ведаю! - усхрапянула Цётка. - I мяне пакусаў.
Шэры ж ведаў, што хлусiць яна, аднак сказаў так:
- Я асабiста напiсаў заяву, каб яго ўлавiлi i знiшчылi. Так мне сумленне падказвае.
- I правiльна падказвае, - акрыяла Цётка.
- А вы таксама напiшыце... калi, вядома, вы чэсны чалавек.
- Я? Я не адступлюся!
I яна таго ж дня занесла заяву на той самы ветэрынарны пункт. Сам сабе Шэры думаў (моўчкi думаў): "Калi нахлусiла, то хай i табе дактары -у жывоцiк". Ён не любiў, калi яму казалi няпраўду, i ганарыўся гэтым. Ну, Цётка таксама ўлiпла як муха ў мёд: крычала, лаялася, хлусiла, колькi магла, у прыватнасцi, што ранка была маленькая i ўжо загаiлася, тыцкала пальцам у стары шрамiк на руцэ i яшчэ крычала, што яна, як чэсная савецкая жанчына, напiсала, каб была карысць, а яе за гэта караюць у жывот.
Дзiўна, але яе чамусьцi адпусцiлi, запiсаўшы адрас, i сказалi, маўляў, заедзем заўтра дадому, высветлiм. Як бы там нi было, але Цётка ўзненавiдзела Бiма лютаю нянавiсцю. Шэрага - таксама, але крышку менш, хоць ён i падвёў яе пад дурнога хату.
У сувязi з дзвюма такiмi заявамi праз два днi ў абласной газеце з'явiлася аб'ява:
"Ёсць прычына думаць: сабака, беспародны сетэр, вуха чорнае, кусае прахожых. Хто ведае месцазнаходжанне таго, а таксама ўкушаных просiм паведамiць на адрас... для таго, каб злавiць на аналiз i лiквiдаваць магчымыя непрыемнасцi. Грамадзяне! Беражыце сваё здароўе i здароўе другiх - не маўчыце..." i г.д.
За некалькi дзён пасыпалiся лiсты ад чытачоў. У адным з iх паведамлялася:
"...(пэўнага чысла i месяца гэтага года)... бег сабака да вакзала (беспародны сетэр, вуха чорнае), ён не разбiраў нiчога i пёр напрасцякi; так здаровыя сабакi не бегаюць - напрамкi цi наўскасяк цераз плошчу, а абмiнаюць тое, што сустракаецца з перашкод на iх дарозе. Хвост быў апушчаны ўнiз. Названы сабака (беспародны сабака, сетэр, чорнае вуха) рэальна небяспечны, можа ўкусiць любога грамадзянiна Савецкага Саюза i нават замежнага турыста, якiя бываюць, а таму патрэбна лавiць i знiшчаць сабак без усякага там даследавання, пра якое ўпамiнаецца ў аб'яве вашае паважанае газеты".
Пад пасланнем стаяла дванаццаць подпiсаў.
Былi i яшчэ лiсты (усiх не пералiчыць). Ну, напрыклад, такое: "...Гэтакi ж самы сабака, толькi без чорнага вуха, таксама бег напрасткi..." Або: "У горадзе поўна сабак, а якi з iх шалёны, нiяк не разбярэшся". Або: "I зусiм той сабака не шалёны, самi вы шалёныя вiцiнары". Або: "Калi аблвыканком не можа паставiць на шырокую нагу арганiзацыю планамернага, разлiчанага на гады, знiшчэння сабак, то да чаго мы iдзём, таварыш рэдактар? Дзе план? Дзе карысная крытыка i чаму вы да яе не прыслухоўваецеся? Хлеб жа пячы мы ўмеем, а вось ахоўваць здароўе працоўнага грамадзянiна - кiшка тонкая. Я - чэсны чалавек i гавару заўсёды праўду-матку ў вочы. I не баюся я нiкога, дарэчы. А вы падумайце пра тое, што я вам напiсаў. У мяне ўжо сiлы нестае цярпець: пiшаш, пiшаш, а толку мала".
Наогул, пiсем было так многа, што разгарнулася дыскусiя, у вынiку якое з'явiўся рэдакцыйны артыкул "Том у кватэры", дзе прыводзiлiся вытрымкi з лiста дацэнта педiнстытута. Той дацэнт быў вiдавочны сабаканенавiснiк. Чаму гэта так, цяжка здагадацца, але выхаваўчае значэнне для дзяцей i юнакоў яго выступленне мела гiганцкае: калi яны яго зразумеюць правiльна, то з маленства будуць душыць сабак, клапоцячыся пра здароўе працоўных, а на чалавека, якi трымае сабаку дома, будуць калектыўна i дружна крычаць на вулiцы: "Гультай!" (так дацэнт аблаяў людзей, якiя трымаюць сабак), "Гразнуля!" (таксама творчасць таго ж самага дацэнта).
Ужо гаварылася, што ўсiх пiсем нельга пералiчыць, але адно прачытаем усё ж, апошняе. У iм было толькi два радкi. Чытач проста пытаўся: "А калi на абодвух вухах чорнае - бiць?" То чытач быў практычны, далёкi ад таго, каб абстрактна глядзець на свет. Але, тым не меней, лiст гэты нi ў артыкул, нi наогул на старонкi друку не трапiла i нават засталося без адказу. Падумаць толькi! Якая непавага да чалавечых запатрабаванняў!
Ёсць яшчэ, ёсць чытач актыўны, не звёўся-такi, дзякуй богу. Такi чытач не прамiне, каб не выказацца i не закляймiць. Так вось i ў нашай гiсторыi: Бiма ўжо шукалi па ўсiм горадзе, зганьбiлi добрага сабаку. А за што: хай ён укусiў, скажам, - гэта праўда, а тое, як ён укусiў i тое, што шалёны, - гэта чыстае вады хлусня. Клапатлiвы чытач перамяшаў усё гэта па сваёй ахвоце: ён i не думаў пра нагавор, а ў сплетнi хоць i кароткiя, але моцныя ногi.
Але рэдактар у час заўважыў, што дыскусiя гэтая стыхiйная, якую пачаў, мабыць, чалавек укушаны, дыскусiя нiяк не арганiзаваная, самацёчная. I ён зрабiў разумна - даў аб'яву нонпарэллю (тым шрыфтам, якi не прамiне пастаянны чытач): "Сабака Чорнае вуха злоўлены. Рэдакцыя спыняе дыскусiю на гэту тэму. Рукапiсы не вяртаюцца".
Рэдактар быў гумарыст, чаго "чытач-змагар" не можа цярпець.
Але то была няпраўда: Бiма нiхто не ўлавiў. Проста-напраста Толiк, даведаўшыся ў школе пра аб'яву, зайшоў адвячоркам да ветдоктара, пазванiў, а калi адчынiлi, сказаў:
- Я ад Чорнага вуха, ад Бiма.
Пытанне вырашылася тут жа: на наступны дзень Толiк паехаў да Бiма i завёў яго, трохногага, на ветпункт, да доктара. Той агледзеў яго i сказаў:
- Хлусня - уся гэтая дыскусiя. Сабака не шалёны, а хворы. Збiты i скалечаны. Эх, людзi! - неяк неканкрэтна ўздыхнуў ён.
Затым агледзеў скалечаную лапу, паслухаў, што ўсярэдзiне, выпiсаў мазь на лапу, лякарства пiць i, праводзячы сяброў, хлопчыка i сабаку, спытаў на развiтанне:
- Як жа завуць цябе, герой?
- Толiк.
- Добры ты мужчына, Толiк. Маладзец.
Бiм, адыходзячы, таксама падзякаваў доктару на развiтанне. Ён пах лякарствам, але ён нiякi не хворы, а, наадварот, высокi, мужны чалавек з добрымi вачыма.
"Добры чалавек, - сказаў яму Бiм хвастом i позiркам. - Вельмi добры вы чалавек!"
...Сябар-чытач! Не той чытач, што думае, быццам без яго пiсем, якiя "кляймяць", сабакi паядуць усiх грамадзян i грамадзянак, не, не той. Другi мой чытач, да цябе гавару. Прабач, што ў лiрычна-аптымiстычнай аповесцi пра сабаку я часам напiшу адну-дзве сатырычныя староначкi. Не вiнаваць за тое, што парушаю законы творчасцi, бо ў кожнага пiсьменнiка свае "законы". Не вiнаваць, дарагi, i ў тым, што змешваю жанры, бо само жыццё - змяшэнне: дабро i лiха, шчасце - няшчасце, смех i гора, праўда i хлусня жывуць побач, i так блiзка, што часам цяжка адрознiць адно ад другога. Горш было б, каб ты прыкмецiў у мяне напалову праўду. Яна падобна да напалову поўнае бочкi. А даказваць, што не адно i тое ж паўпустая i паўпоўная бочка, не мае сэнсу.