Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 11 из 17

- Нiякай панiкi! Уцякайма!

Калi яны, - гэта значыць Бурацiна, што смела крочыў наперадзе сабакi, Мальвiна, якая падскаквала на клунках, i ззаду П'еро, нашпiгаваны замест здаровага сэнсу недарэчнымi вершамi, - калi яны выйшлi з густой травы на гладкае поле, - з лесу высунулася ўскудлачаная барада Карабаса Барабаса. Ён далонню прыкрыў вочы ад сонца i аглядаў наваколле.

Страшэнны бой на ўзлессi

Сiньёр Карабас Барабас трымаў на прывязi двух палiцэйскiх сабак. Убачыўшы на роўным полi ўцекачоў, ён разявiў зубасты рот.

- Ага! - закрычаў ён i спусцiў сабак.

Раз'юшаныя сабакi спачатку пачалi драць заднiмi лапамi зямлю. Яны нават не гыркалi, яны нават глядзелi ў другi бок, а не на ўцекачоў, - так ганарылiся сваёй сiлай.

Потым сабакi павольна пайшлi да таго месца, дзе ў жаху спынiлiся Бурацiна, Артамон, П'еро i Мальвiна.

Здавалася, усё загiнула. Карабас Барабас касалапа iшоў следам за палiцэйскiмi сабакамi. Барада яго штохвiлiны вылазiла з кiшэнi курткi i блыталася пад нагамi.

Артамон падкурчыў хвост i злосна гыркаў. Мальвiна трэсла рукамi:

- Баюся, баюся!

П'еро апусцiў рукавы i глядзеў на Мальвiну, упэўнены, што ўсё скончана.

Першы апамятаўся Бурацiна.

- П'еро, - закрычаў ён, - бяры за руку дзяўчынку, бяжыце да возера, дзе лебедзi!.. Артамон, скiдай клункi, здымай гадзiннiк, - будзеш бiцца!..

Мальвiна, ледзь толькi пачула гэтае смелае распараджэнне, саскочыла з Артамона i, падабраўшы сукенку, пабегла да возера. П'еро - за ёю.

Артамон скiнуў клункi, зняў з лапы гадзiннiк i бант з кончыка хваста. Ашчэрыў белыя зубы i скочыў улева, скочыў управа, размiнаючы мускулы, i таксама пачаў з адцяжкай драць заднiмi нагамi зямлю.

Бурацiна ўзлез па смалiстым ствале на верхавiну iтальянскай сасны, што адзiнока стаяла ў полi, i адтуль закрычаў, завыў, запiшчаў на ўсё горла:

- Звяры, птушкi, насякомыя! Нашых б'юць! Ратуйце нi ў чым не вiнаватых драўляных чалавечкаў!..

Палiцэйскiя бульдогi нiбы толькi цяпер убачылi Артамона i разам кiнулiся на яго. Спрытны пудзель выкруцiўся i зубамi хапiў аднаго сабаку за агрызак хваста, другога за сцягно.

Бульдогi нязграбна павярнулiся i зноў кiнулiся на пудзеля. Ён высока падскочыў, прапусцiўшы iх пад сабой, i зноў паспеў абадраць аднаму бок, другому - спiну.

Трэцi раз кiнулiся на яго бульдогi. Тады Артамон, апусцiўшы хвост да травы, памчаўся кругамi па полi, то падпускаючы блiзка палiцэйскiх сабак, то кiдаючыся ўбок перад самым iх носам...

Кiрпатыя бульдогi цяпер па-сапраўднаму раззлавалiся, засаплi, беглi за Артамонам не спяшаючыся, упарта, гатовыя лепш здохнуць, але дабрацца да горла мiтуслiвага пудзеля.

Тым часам Карабас Барабас падышоў да iтальянскай сасны, ухапiўся за ствол i пачаў трэсцi:

- Злазь, злазь!

Бурацiна рукамi, нагамi, зубамi ўчапiўся за галiну. Карабас Барабас затрос дрэва так, што загайдалiся ўсе шышкi на галiнах.

На iтальянскай сасне шышкi - калючыя i цяжкiя, велiчынёй з невялiкую дыню. Стукнуць такой шышкай па галаве - дык ой-ёй!

Бурацiна ледзь трымаўся на галiне, якая гайдалася. Ён бачыў, што Артамон ужо высунуў язык чырвонай анучай i бегае ўсё павальней.

- Аддавай ключык! - загарланiў Карабас Барабас, разявiўшы ляпу.

Бурацiна папоўз па галiне, дабраўся да здаравеннай шышкi i пачаў перакусваць сцябло, на якiм яна вiсела. Карабас Барабас страсянуў мацней, i цяжкая шышка паляцела ўнiз, - бах! - проста яму ў зубастую пашчу.

Карабас Барабас ажно прысеў.

Бурацiна адарваў другую шышку, i яна - бах! - Карабасу Барабасу проста ў цемя, як у барабан.

- Нашых б'юць! - зноў закрычаў Бурацiна. - На дапамогу нi ў чым не вiнаватым драўляным чалавечкам!

Першымi на дапамогу прыляцелi стрыжы, - брыючым палётам пачалi стрыгчы паветра перад носам у бульдогаў. Сабакi дарэмна ляскалi зубамi, - стрыж не муха: як шэрая маланка - ж-жык мiма носа!

З воблака, падобнага на кашэчую галаву, упаў чорны каршун - той, што звычайна прыносiў Мальвiне дзiчыну; ён упiўся кiпцюрамi ў спiну палiцэйскага сабакi, узляцеў на цудоўных крылах, падняў сабаку i выпусцiў яго...

Сабака, скуголячы, пляснуўся дагары лапамi.

Артамон збоку наляцеў на другога сабаку, ударыў яго грудзьмi, павалiў, укусiў, адскочыў...





I зноў памчалiся па полi вакол адзiнокай сасны Артамон i за iм памятыя i пакусаныя палiцэйскiя сабакi.

На дапамогу Артамону iшлi жабы. Яны цягнулi двух вужоў, якiя аслеплi ад старасцi. Вужам усё роўна трэба было памiраць - альбо пад гнiлым пнём, альбо ў жываце ў чаплi. Жабы ўгаварылi iх загiнуць геройскай смерцю.

Высакародны Артамон вырашыў цяпер распачаць адкрыты бой.

Сеў на хвост, ашчэрыў iклы.

Бульдогi наляцелi на яго, i ўсе ўтрох пакацiлiся клубком.

Артамон ляскаў скiвiцамi, драў кiпцюрамi. Бульдогi, не звяртаючы ўвагi на ўкусы i драпiны, чакалi аднаго: дабрацца да Артамонавага горла - мёртвай хваткай. Вiск i выццё стаялi на ўсiм полi.

На дапамогу Артамону iшла сям'я вожыкаў: сам вожык, вожычыха, вожыкава цешча, дзве вожыкавы незамужнiя цёткi i маленькiя вожычкi.

Ляцелi, гулi тоўстыя чорна-аксамiтныя чмялi ў залатых плашчах, шыпелi крыламi злосныя шэршнi. Паўзлi жужалi i куслiвыя жукi з доўгiмi вусамi.

Усе звяры, птушкi i насякомыя дружна накiнулiся на ненавiсных палiцэйскiх сабак.

Вожык, вожычыха, вожыкава цешча, дзве вожыкавы незамужнiя цёткi i маленькiя вожычкi згортвалiся ў клубкi i з хуткасцю кракетнага шара бiлi iголкамi бульдогаў у морду.

Чмялi, шэршнi з налёту джалiлi iх атрутнымi джаламi. Сур'ёзныя мурашкi не спяшаючыся залазiлi ў ноздры i там пускалi ядавiтую мурашыную кiслату.

Жужалi i жукi кусалi за пупок.

Каршун дзёўб то аднаго сабаку, то другога крывой дзюбай у чэрап.

Матылькi i мухi шчыльным воблачкам таўклiся перад iх вачыма, засланяючы святло.

Жабы трымалi напагатове двух вужоў, гатовых памерцi геройскай смерцю.

I вось, калi адзiн з бульдогаў шырока разявiў пашчу, каб вычхнуць атрутную мурашыную кiслату, стары сляпы вуж кiнуўся галавой наперад яму ў горла i вiнтом пралез у страўнiк.

Тое ж здарылася i з другiм бульдогам: другi сляпы вуж кiнуўся яму ў пашчу.

Абодва сабакi, сколатыя, зджаленыя, падрапаныя, - задыхаючыся, пачалi бездапаможна качацца па зямлi.

Высакародны Артамон выйшаў з бою пераможцам.

Тым часам Карабас Барабас выцягнуў нарэшце з велiзарнага рота калючую шышку.

Ад удару па цеменi ў яго вылезлi на лоб вочы. Хiстаючыся, ён зноў схапiўся за ствол iтальянскай сасны. Вецер развяваў яго бараду.

Бурацiна заўважыў, седзячы на самай верхавiнцы, што канец барады Карабаса Барабаса, падхопленай ветрам, прыклеiўся да смалiстага ствала.

Бурацiна павiс на суку i, дражнячыся, запiшчаў:

- Дзядзечка, не дагонiш, дзядзечка, не дагонiш!..

Саскочыў на зямлю i пачаў бегаць вакол сасны. Карабас Барабас, выставiўшы рукi, каб схапiць хлапчука, пабег за iм, хiстаючыся, вакол дрэва.

Абабег раз, вось-вось ужо, здаецца, i схапiў сагнутымi ў крук пальцамi хлапчука, якi ўцякаў ад яго, абабег другi, абабег трэцi раз...

Барада яго абкручвалася вакол ствала, шчыльна прыклейвалася да смалы.

Калi барада скончылася i Карабас Барабас упёрся носаму дрэва, Бурацiна паказаў яму доўгi язык i пабег да Лебядзiнага возера - шукаць Мальвiну i П'еро.

Змардаваны Артамон на трох лапах, падкурчыўшы чацвёртую, шкандыбаў за iм кульгавым сабачым трушком.

На полi засталiся два палiцэйскiя сабакi, за жыццё якiх, вiдаць, нельга было даць i здохлай сухой мухi, i разгублены доктар лялечных навук сiньёр Карабас Барабас, шчыльна прыклеены барадой да iтальянскай сасны.

У пячоры

Мальвiна i П'еро сядзелi на сырой цёплай купiне ў чароце.

Зверху iх прыкрывала павуцiнавая сетка, засмечаная крыльцамi стракоз i высмактанымi камарамi.

Маленькiя блакiтныя птушачкi, пералятаючы з чарацiнкi на чарацiнку, з вясёлым здзiўленнем паглядалi на дзяўчынку, якая горка плакала.