Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 93 из 104



Наадварот. Ёсць iншыя нормы, якiх чалавек павiнен прытрымлiвацца, каб стаць чалавекам. Усё знаходзiцца ва ўзаемасувязi i ўзаемазалежнасцi.

Шыковiчу не хацелася паглыбляцца ў фiласофскiя разважаннi, i ён пачаў узiрацца ў твары людзей, ён здаўна любiў гэтую гульню: адгадваць прафесiю чалавека i чым ён заклапочаны ў той момант. Некалi ён пажартаваў, што нiдзе няма столькi прыгожых жанчын, як у iх горадзе. Яраш i Валя смяялiся, а Галiна Адамаўна згадзiлася. Можа, таму, што сама прыгожая, цi, можа, каб яшчэ раз нагадаць мужу, як многа спакусы на яго шляху, а таму няхай асцерагаецца.

Цяпер, узiраючыся ў твары жанчын, Кiрыла Васiльевiч пераконваўся, што яго жарт адпавядае сапраўднасцi. Кажуць, жанчыны - што кветкi, расцвiтаюць вясной. Не, яны цвiлi i ў снежнi, на парозе Новага года. Расчырванелыя, рухавыя, хораша заклапочаныя, яны, здавалася, запаланiлi ўвесь горад. На цэнтральнай вулiцы, каля ГУМа, не прабiцца.

"У гэтым горадзе змяшалася кроў нацый, якiя маюць найлепшых красунь, беларускай, расейскай, украiнскай, польскай". - Шыковiч амаль узрадаваўся нечакана ўзнiкшаму тлумачэнню. Жарт ператварыўся ў выснову.

Хутка ён злавiў сябе на тым, што перастаў думаць пра Гукана. Утаймавалася абурэнне. Аслабла жаданне ўварвацца ў яго кабiнет i кiнуць яму ў твар словы-каменнi. Навошта? Цi не можа гэта даць Гукану лiшнiя козыры?.. Людзi накiнуцца на сенсацыйную дробязь i застануцца безуважлiвымi да галоўнага. Не, справу трэба даводзiць да канца з ранейшым спакоем i разважлiвасцю. Яшчэ праз хвiлiну Кiрыла адчуў, што, акрамя ўсяго таго, што падказвае розум, яму проста не хочацца сустракацца з гэтым чалавекам, бачыць яго. Брыдка. А тым больш што ён, Шыковiч, не зларадны, не "крыважэрны". Яму нават усё адно, што будзе з Гуканам як работнiкам: дадуць яму вымову, выганяць, пашлюць на пенсiю. Галоўнае, што маральна ён прыкончаны, выкрыты. Цяпер ужо нiшто - нi хiтрыкi, нi заслугi, ваенныя i мiрныя, - не паможа яму выкруцiцца, захаваць позу героя. Праўда, як бы глыбока яе нi закопвалi, у якiя б вiры нi тапiлi, у якiх бы архiвах нi хавалi, яна ўсё адно ўсплыве, вырвецца на волю i з'явiцца людзям у сваiм першародным харастве.

"Вось так, Сямён Гукан!"

Не дайшоўшы квартала да гарвыканкома, Шыковiч хвiлiну пастаяў на рагу вулiц, паназiраў за людзьмi i рушыў у другi бок - да гаркома партыi.

33

Галiна Адамаўна адразу ж здагадалася, што муж парушыў клятву, якую даў ёй, што ён зноў наведваўся да той. I зноў стаiў, зноў не прызнаўся. Чаму?

Парушэнне клятвы яшчэ больш абурыла i абразiла яе. Але яна змаўчала, хоць усё кiпела i гарэла ў ёй. Яна баялася сваркi, разрыву i прымусiла сябе маўчаць. Дзеля дзяцей. Выкрык Наташы, варожасць дачкi спалохалi яе. Яшчэ больш усхвалявала замкнутасць i адчужанасць Вiцi, яе любiмца. Дзеля спакою дзяцей i спакою яго, Антона, яна гатова на любыя пакуты, душэўныя i нават фiзiчныя.

Знешне ў доме ўсё нiбыта было добра.

Разам снедалi, разам спяшалiся на работу. Абедалi не заўсёды разам - Антон часам затрымлiваўся ў клiнiцы, на кансультацыях. Але кожны раз, больш акуратна, чым раней, званiў i паведамляў, дзе ён. Разам вячэралi, усёй сям'ёй глядзелi тэлевiзар цi, пакiнуўшы дзяцей дома, хадзiлi ў кiно, у госцi. Але Галiне Адамаўне здавалася, што муж зусiм не той, што раней, - не такi ласкавы. Ад гэтага яна пакутавала яшчэ больш, рэўнасць душыла яе, як хвароба. Але яна трывала i ў душы нават пачала ганарыцца сваiм падзвiжнiцкiм цярпеннем. Паступова ўваходзiла ў ролю пакутнiцы - дзiкую, пачварную ролю, якая калечыць душу. Я пакутую ў iмя Бога, у iмя iдэi, у iмя блiзкага свайго... i пачынаецца чортведама што, чалавек ператвараецца ў фанатыка i перастае разумець самыя простыя, надзiва лагiчныя i звычайныя рэчы. Галiна Адамаўна трохi не дайшла да гэтага... Выбух адбыўся нечакана.

Аднойчы ўвечары, калi пiлi чай, Антон Кузьмiч сказаў спакойна, разважлiва:

- Ведаеш, Галка, абрыдла мне займацца гэтай дачай. Зноў патрабуюць знесцi. А куды зносiць? Каб угаварыць Кiрылу, я з лёгкай душой перадаў бы яе нашаму прафсаюзу пад пiянерскi лагер. Я гаварыў ужо ў абкоме. Яны маглi б нават выплацiць некаторую суму. Праўда, меншую, чым мы затрацiлi. Але якое гэта мае значэнне? Мы ўтраiх працуем. Валя гатова згадзiцца, Кiрыла ўпёрся...

Вiця i Наташа першыя ўбачылi, як пабялела мацi, прыкусiла губу, i сцялiся, насцярожылiся.

- Бо ў Кiрылы сям'я, дзецi... I ён думае пра iх, - пачала яна цiха, але тут жа сарвалася на крык: - А ў цябе няма сям'i, няма дзяцей! Табе нiчога не трэба!.. Ты ўсё гатовы раздаць! Каб выставiць сябе!..



- Мама! - паспрабавала спынiць яе Наташка.

- Маўчы, няшчасная! - цыкнула яна на дачку i выскачыла з-за стала, ужо расчырванелая, раз'юшаная. Кiнула мужу: - Не думай, што я дурная! Я ўсё ведаю! Толькi з-за iх, - яна паказала пальцам на дзяцей, - я маўчу i цярплю!..

Вiця, панурыўшыся, пайшоў да дзвярэй. Наташа стаяла ў ваяўнiчай позе, гатовая зноў абаранiць бацьку.

Антон Кузьмiч, не адказваючы жонцы, спынiў сына:

- Збiрайцеся, дзецi, на каток. Сёння i я пайду разамну свае старыя косцi.

Яны любiлi хадзiць з iм на каток. На яго, такога асiлка, усе звярталi ўвагу i любавалiся яго лёгкасцю i спрытам. Яны ганарылiся сваiм бацькам - ён усё ўмее i ўсё робiць дасканала.

Дзецi кiнулiся апранацца. А Галiна Адамаўна падышла да мужа з перакошаным тварам i, задыхаючыся, прашаптала:

- Ты хочаш забраць у мяне дзяцей? Цяпер я разумею... Але дзяцей я табе не дам! Не дам! Не дам! Чуеш ты, кат?

Раней у хвiлiны такiх успышак ён хапаў яе за рукi, прыцягваў да сябе, цалаваў i... супакойваў... Цяпер ён не мог гэтага зрабiць. Панурыўшыся, як Вiця, ён выйшаў у калiдор шукаць канькi.

Галiна Адамаўна запэўнiла сябе, што муж шукае зручнага выпадку для канчатковага разрыву. Таму i дзяцей перацягвае на свой бок. Гэта зрабiла яе яшчэ больш падазронай, але i асцярожнай: не даць прычыны.

Пры сваёй рэўнасцi яна, аднак, нiколi не шпiёнiла за мужам, як робяць гэта другiя жонкi. Залiшне лiчыла сябе чыстай i гордай, каб унiжацца да тайнага падглядвання i распытвання.

А тут не вытрымала. Днi праз тры пасля гэтай непрыемнай размовы ўвечары пазванiў Кiрыла. Антон адказваў яму не на поўны голас ды ўвогуле мала гаварыў слоў, адны выклiчнiкi: ыгы, так, не. Быў у iх шматгадовы звычай: сазванiцца ўвечары, сустрэцца на вулiцы i пагуляць. Часам яны выходзiлi з жонкамi, але часцей адны. Раней Галiна нават заахвочвала такiя прагулкi. Але цяпер... Яна здагадалася, што мужчыны дамовiлiся пайсцi туды. Цяпер яна не верыла не толькi мужу, але i Кiрылу... О, гэты вальнадумец здольны на ўсё! Толькi робiць хiтрэй. Навучыўся сплятаць сюжэты. Дурнiца Валя! Хоць што Валi! Яна проста стала абыякавай да Кiрылы. Сваiм восьмым класам занята больш, чым мужам i ўласнымi дзецьмi. У Валi пры любых акалiчнасцях нiчога не парушыцца, дзецi дарослыя... А ёй трэба ўсё ведаць, каб змагацца - не дзеля сябе! - дзеля гэтых неразумных яшчэ малых, якiх ён, бацька, настройвае супраць яе, мацi.

Яна не спытала, куды ён iдзе. Але як толькi Антон Кузьмiч зачынiў за сабою дзверы, яна хутка накiнула хустку, футра, выскачыла следам, пайшла назiркам.

Яна не памылiлася. Сапраўды, у той вечар яны дамовiлiся наведаць Зосю. Кiрылу хацелася парадаваць жанчыну: вызвалялася месца, у бiблiятэцы рэдакцыi. Зося сама прасiла iх памагчы ёй знайсцi работу. "Толькi не ў атэлье", - цяжкае ўражанне засталося ў яе ад гэтага атэлье.

Яраш i Шыковiч доўга думалi, куды яе ўладзiць. Нарэшце Кiрылу прыйшла гэтая iдэя: самая спакойная работа, па яе здароўю. Калi супрацоўнiкi будуць ведаць, што перажыла iх новая бiблiятэкарка, можна быць упэўненым, што нiхто нiколi i нiчым не расхвалюе яе - людзi добрыя. Але месца было занята. У бiблiятэцы сядзела малапiсьменная старая жанчына Фаня Сямёнаўна. Яе трымалi таму, што яна была найстарэйшая работнiца рэдакцыi, працавала амаль з дня заснавання газеты - недзе на другiм годзе рэвалюцыi. Ёй даўно пара ўжо на пенсiю, але яна ўпарта не хацела пакiдаць работы. "Рэдакцыйная матка", "шэф", "Еўфрасiння Полацкая" - называлi яе за вочы. Мужчыны адносiлiся з абыякавай iронiяй, жанчыны ж проста не любiлi: як большасць старых, Фаня Сямёнаўна была бурклiвая, прыдзiрлiвая, умешвалася не ў свае справы, у прыватнае жыццё, прынцыповасць яе часта пераходзiла ў пляткарства. Таму iдэю Шыковiча угаварыць яе пайсцi на пенсiю - усе горача падтрымалi. Угаворы цягнулiся месяцы са два. Кожны, як умеў, распiсваў ёй выгады пенсiянерскага жыцця. Урэшце старую "даканалi".