Страница 89 из 104
Але Славiк не ўзрадаваўся гудку. Ён паабяцаў Нiнцы сустрэцца ўвечары. А страчацца зусiм не хацелася. I не страчацца боязна.
З цэха i заводскiх варот яны выйшлi разам з Тарасам. Брыгадзiр часта затрымлiваўся, часам i зусiм заставаўся начаваць у iнтэрнаце. А тут раптам спяшаўся дадому, да Ярашаў. Хоць як сказаць - спяшаўся, калi прапанаваў пайсцi пехатой? Тым больш не спяшаўся Славiк. Дома ў яго былi складаныя адносiны з Iрай. Яны, на здзiўленне мацi, зусiм перасталi сварыцца памiж сабой. Сястра глядзела на яго з грэблiвай пагардай. А ён баяўся адказаць нават злосным позiркам. Ён проста пазбягаў яе. Не чапаў. Абы цiха было.
Тарас доўга iшоў моўчкi. У яго быў свой клопат: адносiны ў сям'i Ярашаў у яго сям'i. З малых год ён ведаў рэўнасць Галiны Адамаўны i цяпер, калi ўсё разумеў, шкадаваў бацьку. Першая паведамiла яму Наташа, што мацi зноў да кагосьцi прыраўнавала. Дзяўчынка была ў роспачы: мацi ўпершыню груба абразiла яе. Пасля iх нечаканай сустрэчы на кватэры ў Зосi Антон Кузьмiч упершыню расказаў сыну пра свае адносiны з жонкай, расказаў усю праўду... Тарасу зрабiлася балюча: як можна ўскладнiць простыя i ясныя рэчы, забрудзiць чысцейшыя чалавечыя адносiны! Хочучы шчыра дапамагчы iм, ён паспрабаваў пагутарыць з Галiнай Адамаўнай. Але тая груба перапынiла яго: "Я цябе прашу не ўмешвацца ў нашы справы". Ён, Тарас, не прыхiльнiк таго, каб лезцi ў чужую душу. Але ж нельга i абыякавым заставацца, калi двое добрых i блiзкiх людзей, пражыўшы разам многа год, раптам не разумеюць адно аднаго. Як многа яшчэ гэтага неразумення!
- Катка сёлета, вiдаць, не дачакаешся. Бр-р, - скурчыўся Славiк i наставiў каўнер свайго лёгкага кароткага палiто.
Снег, што выпаў тыдзень назад, раставаў. Было сыра, слiзка i холадна. Тарас у скураной куртцы на футры, у галёшах крочыў размашыста, упэўнена. Славiк з галёшаў смяяўся - старамодна! - i ў даўганосых чаравiках коўзаў па талым снезе, пераскакваў лужыны, лаяў недарэчную зiму. Гаварыў ён прыкладна гэтак жа, як iшоў: скакаў з прадмета на прадмет, з пагоды на кiнаафiшу, адтуль на валёнкi i бахiлы сустрэчнага селянiна... У сувязi з чым усплыла раптам гэтая думка, ён i сам не здолеў бы растлумачыць. Ляпнуў нечакана не толькi для Тараса, а вельмi можа быць, што i для самога сябе:
- У цябе моцна ўтрэскалася адна дурнiца.
Баючыся злоснага жарту, Тарас змаўчаў, толькi глянуў на Славiка як бы з недаверам.
- Не верыш? Не цiкавiшся хто? Мая сястра. Iра.
- Яна ўпаўнаважыла цябе сказаць пра гэта?
- Ну што ты! - засмяяўся Славiк. - Яна авечка. Я прачытаў у яе дзённiку.
- Прыгожа, няма чаго сказаць!
- А ты не прачытаў бы дзённiка сястры, каб ён трапiў табе на вочы? Не люблю прытвораў! А я чытаў з цiкавасцю. Як яна цябе там узносiць! Культ Ганчарова.
Тарас паверыў, што на гэты раз Славiк кажа праўду. Ён сам неаднойчы прыкмячаў, як Iра глядзiць на яго, як стараецца застацца разам. I, можа, каб не з'явiлася Маша, нейкiя пачуццi варухнулiся б i ў яго душы. Але з якой мэтай Славiк сказаў яму пра каханне сястры цяпер? Ён успомнiў: Маша гаварыла яму, што Славiк званiў ёй двойчы цi тройчы, зноў дамагаўся спаткання. Яна не пайшла, безумоўна. А цi праўда, што не хадзiла? А можа, зноў пачала гарэзлiвую гульню? Не, не. Не хацелася думаць пра Машу дрэнна.
Не адказваючы па сутнасцi, Тарас спытаў:
- Ты скажы мне, што ў цябе з Нiнкай?
Славiк паслiзнуўся, вылаяў гарадскiя ўлады i дворнiкаў, што не чысцяць тратуараў. Гэта памагло яму схаваць сваю збянтэжанасць.
- Што ў цябе з Машай, то ў мяне з ёй. Ходзiм у кiно. Сёння пойдзем. Чаму гэта цябе зацiкавiла?
- Хлопцы не вераць, што ў цябе гэта сур'ёзна. Глядзi. Пакрыўдзiш дзяўчыну...
- О, вялiкiя маралiсты! Вам хацелася, каб я тут жа жанiўся, схадзiўшы два разы ў кiно. Аднак самi вы не вельмi спяшаецеся з гэтым актам... Фiлосаф гэты акулярысты тры гады Зою мацае, а сам брэша. - Славiк нечакана моцна ўзлаваўся, мацюкнуўся гучна, не зважаючы, што iшлi яны па даволi люднай вулiцы. - Абрыдлi вы мне як горкая рэдзька! Усе! Адзiн Косця чалавек...
Тарас даўно ўжо не звяртаў увагi на любую яго балбатню, але гэтыя словы пакрыўдзiлi. Столькi яны важдалiся з iм, столькi даравалi ўсяго, а ён вунь якой думкi пра брыгаду.
"Пэўна, сакратар парткома меў рацыю, не будзе з яго толку, прыйдзецца развiтацца". - Тарас уздыхнуў, аднак, з жалем, яму амаль па-бацькоўску зрабiлася шкада гэтага шалапута.
31
Маша здзiвiлася, калi выявiла, што бiлетаў у Тараса толькi два.
- Як? Ты не ўзяў на Зосю?
Тарас моцна збянтэжыўся. I Зося таксама.
- Ну што ты! Я зусiм не хачу перашкаджаць вам.
- Чым ты, скажы, калi ласка, можаш перашкодзiць нам?
Маша гаварыла з калiдора, куды выскачыла пераадзець плацце. Але пры ўсёй шчырасцi адносiн да Зосi яна не абуралася. У голасе яе гучала адно вясёлае здзiўленне: эх ты, кавалер! Хiба так можна рабiць?
Зося сядзела на канапе ў звыклай позе, падкурчыўшы ногi, пакрыўшы iх цёплай хусткай. У кватэры было нават душна, але ў яе ўсё яшчэ жыло нервовае адчуванне, што ногi стынуць; так у калекi жыве боль ампутаванай нагi.
Да прыходу Тараса яны нешта кроiлi, i на канапе былi раскiданы зялёныя i чырвоныя, адмыслова выкраеныя шматкi. Як кветкi. Яна збiрала iх i звязвала ў пучкi.
Маша ўскочыла ў пакой з распушчанымi валасамi. Пачала прычэсвацца перад люстрам. Яны залюбавалiся яе залатымi валасамi. Зося глянула на Тараса з усмешкай сястры, старэйшай. Словамi ён, напэўна, нiчога не растлумачыў бы, але вачамi, позiркам здолеў папрасiць у Зосi прабачэння, сказаць: не думайце пра мяне дрэнна, проста мне хочацца... трэба пабыць з ёй удваiх.
Зося зразумела. Але тут жа адчула, што недзе ў самым далёкiм тайнiчку яе загоенага сэрца варухнулася зайздрасць, цiхая i добрая. I гэтае пачуццё яна забыла, бо не ведала яго шмат год. А таму спалохана прагнала яе прэч, няхай сабе i добрую зайздрасць. Хiба мае яна права iм зайздросцiць? Яны маладыя, шчаслiвыя, у iх зусiм iншае жыццё...
Зося любiла Машыных сяброў. Усiх. Любiла, каб яны часцей заходзiлi. Яны як бы звязвалi яе з вялiкiм светам, з новым жыццём, у якое яна ўваходзiла асцярожна i нават з некаторым недаверам. Яны былi розныя, але ўсе шчырыя i добрыя. А лепш за ўсё гаiла яе душэўныя раны дабрата людская. Яна руйнавала рэшткi недаверу яе да людзей i жыцця.
Тарас заняў у яе сэрцы, у думках асобае месца. Яшчэ ў ссылцы яна часам думала, што, магчыма, каб ёй тады ўдалося знайсцi i прытулiць таго хлопчыка, лёс яе быў бы зусiм iнакшы. Яна зноў падумала пра гэта перад аперацыяй, ёй вельмi хацелася пабачыць Тараса, але яна не адважылася прасiць Антона Кузьмiча, толькi расказала, як шукала яго сына.
Калi Маша паабяцала запрасiць яго, яна моцна хвалявалася, чакаючы iх. Калi ён прыйшоў, была трохi расчаравана: чамусьцi ён уяўляўся ёй зусiм iншым, магчыма, больш падобным на Яраша. Але пазней Зосi здалося, што ў яе i ў Тараса падобныя характары. Цi не таму, што i лёс iх шмат у чым падобны? Яна палюбiла яго, як брата. Але, каб яна тады знайшла яго, яны б сталi братам i сястрой на ўсё жыццё. Аднак, нягледзячы на гэтую любоў, у апошнi час з'явiлася нейкая iншая трывога, незразумелая, неасэнсаваная. Яна выяўлялася асаблiва выразна заўсёды, калi яны, ён i Маша, вось гэтак збiралiся iсцi гуляць, у кiно, у тэатр. Не, гэта не было рэўнасцю нi да яго, нi да яе. Зайздрасць да iх маладосцi? Можа.
Падфарбоўваючы губы (яна, як i ўсё iншае, рабiла гэта ўмела i з пачуццём меры), Маша сыпала ў люстра iскры смеху.
- Тугадум ты, Тарас. I ўвогуле - мядзведзь. Я здзiўляюся... Рос ты ў горадзе, у такой iнтэлiгентнай сям'i. Каб ты пабачыў, дзе расла я! - Але сказала яна гэта не са скаргай, а з гонарам i радасцю: расла ў бядзе, а вырасла вось якая, любуйцеся!
Зося пажартавала:
- Але. Цяжка паверыць, што ты не панскага роду. Каб я не бачыла твае мацi...
I тут жа зразумела, што сказала недарэчы. Машын твар у люстры адразу змянiўся, дзяўчына цяжка ўздыхнула: