Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 85 из 104

Шыковiч угледзеў, з якой нянавiсцю зiрнуў на дзябёлага барадача мiзэрненькi Дымар.

Швагераў - былы следчы палiцыi - прывiтаўся i дысцыплiнавана пачакаў каля парога, пакуль Сербаноўскi не паказаў яму, куды сядаць.

- Ну, чым вы займаецеся? - спытаў маёр.

- Аглядаю горад. Якi горад вырас! Якi горад! - i ўздыхнуў на поўныя грудзi не то ад захаплення, не то шкадуючы, што горад збудаваны без яго.

- Горад - песня, - згадзiўся Сербаноўскi.

- Песня?! Гэта вы добра сказалi. - Швагераў, не здымаючы акуляраў, выцер чыстай хусцiнкай вочы.

- Скажыце, Швагераў, што даносiў вам Дымар пра Кузьму Кляшча?

Падследчы насцярожана павярнуў галаву да сведкi. Швагераў задумаўся.

- Я вам напомню. Пра таго хлопца, якi пакараў Лучынскага.

- Ах, пра Яраша?

- Скажыце, адкуль вы ведаеце яго сапраўднае прозвiшча?

- Пасля таго здарэння хутка ўстанавiлi, што нiякi ён не Клешч, а студэнт медтэхнiкума Яраш. Уся палiцыя была паднята на ногi, каб знайсцi яго.

- Хочаце ведаць, у каго ён хаваўся? У доктара Савiча.

Кашлатыя бровы Швагерава варухнулiся ад здзiўлення. А Дымар каўзануўся на крэсле i праскрыпеў:

- Пра Кляшча я нiкому слова не сказаў.

Швагераў пакiваў галавою:

- Мне пра Яраша ён не гаварыў.

- Швагераў, я не хачу вам лiшнi раз напамiнаць, што значыць для вас шчырасць i сумленнасць.

- Таварыш маёр! За сваю вiну я пятнаццаць год меў. Нядаўна пачаў жыць нанова. Адчуў сябе чалавекам. Вы чыталi мае характарыстыкi... Дык няўжо вы думаеце, што я буду цяпер выблытваць гэтага... павука?

- Сам ты павук! - злосна агрызнуўся Дымар.

- Быў, - спакойна згадзiўся Швагераў. - Але цяпер стаў чалавекам.

- Вы ведалi, - Сербаноўскi глянуў у паперы, - Лотке? Механiк у пажарнай быў перад здарэннем з Лучынскiм.

- Лотке? - Швагераў хмыкнуў. - Якiх толькi прозвiшчаў у яго не было. Гэта Ганс Крафт. Каланiст з Украiны. Шпiён.

- Агент СД?

- Безумоўна.

- Дымар быў знаёмы з Крафтам?

- Не, не быў! Не ведаю нiякага Крафта! - паспяшаўся адмовiцца стары правакатар.

- А па-мойму, быў, - сказаў Швагераў. - Нешта мне прыпамiнаецца, што, калi ты шыў мне касцюм, Крафт таксама прыйшоў на прымерку. Тады ён быў у форме чыгуначнiка.



- Мала каму я шыў! Усiх...

- Ясна! - перапынiў Сербаноўскi. - А цяпер паўтарыце коратка свае паказаннi па справе Савiча.

Швагераў зразумеў, што паўтарыць трэба для гэтага, другога, незнаёмага яму чалавека ў цывiльным, i павярнуўся да Шыковiча, пачаў расказваць яму:

- Ну, Савiча мы лiчылi надзейным. Вядома, для "новага парадку". Многiя дзеячы выклiкалi падазрэнне. Ён - не. I раптам яго запiска, - кiўнуў на Дымара, потым на стол, - тая, што ў справе. Я ведаў яго манеру, - зноў кiўнуў на свайго былога сябра. - Там, дзе няпэўна, ён гаварыў вусна, дзе пэўна, заўсёды пiсаў, каб пакiнуць дакуменцiк, вiдаць.

- Хлусiш! - праскрыпеў Дымар.

- Навошта ж мне хлусiць? Я нават разгубiўся. Прызнаюся, было жаданне самому злавiць такога сама, як доктар Савiч. Падзяка, грошы, кар'ера, няхай яны спрахнуць... Мы ж там адзiн аднаму не верылi, адзiн аднаго хавалiся, каб перахiтраваць, вырвацца ўперад. Але пабаяўся я сам... Вялiкая адказнасць. Куды мне! Начальнiку сказаў. Той, помню, таксама разгубiўся. Калi, кажа, Савiч з iмi, з нашымi, значыцца, з партызанамi, нiкому, кажа, з нас не будзе веры ад СД. Уцячэ Савiч - труба будзе нам. Узяць яго без доказаў - таксама не лягчэй. Адным словам, ламаў галаву начальнiк. Мне нiчога не даручыў, хоць справай з медыкаментамi займаўся я. Але мы яшчэ раней дамовiлiся весцi яе, як звычайную крымiнальную. Гэта, ведаеце, куды прасцей: крымiнальнымi справамi менш цiкавiлiся. Хто з iх данёс у гестапа, - ён, - зноў кiвок у бок Дымара, - цi начальнiк палiцыi - гэтага я не ведаю.

- Сам ты!.. Сам данёс! - раптам закрычаў Дымар. -А цяпер хочаш звалiць на мяне? Хочаш быць чысценькiм? Не выйдзе!

- Не, я не чысценькi. Але я ў сорак чацвёртым прыйшоў з лесу. Вось я, судзiце. А ты дзе быў? Не я пачаў шпiёнiць за Савiчам. Я наогул нi за кiм не шпiёнiў. Я вёў справы як следчы.

- Па сутнасцi, - заўважыў Сербаноўскi.

Швагераў зноў павярнуўся да Шыковiча.

- Натуральна, што Савiчам занялося само гестапа. Не паспелi мы агледзецца, як усё здарылася... Пасля я даведаўся, што ў дзень налёту i смерцi доктара гестапа стала вядома, што ў яго хаваецца прадстаўнiк партызанскага штаба. Ад каго, якiм чынам яны даведалiся пра гэта, нiхто мне не сказаў. Але, безумоўна, гэта паскорыла развязку. У палiцыi казалi, што Савiч адстрэльваўся. Сапраўды, былi забiты два гестапаўцы i тры цi чатыры ранены. Забiлi Савiча цi сам застрэлiўся - пра гэта маўчалi. Хто мог разявiць рот, калi афiцыйна было аб'яўлена, што доктара забiлi партызаны? Пасля нашаму начальнiку расказаў п'яны ад'ютант фельдкаменданта лейтэнант Крэйман, што ў часе аперацыi "Доктар" - яны назвалi гэта цэлай аперацыяй - машыны гестапа былi абстраляны з суседняга саду з аўтаматаў. Вiдаць, тады i былi забiты i ранены гестапаўцы. Мяркую, што гэта i навяло iх на думку аб'явiць, што Савiч забiты партызанамi. Вы пыталiся, навошта трэба была акупантам такая правакацыя? Я так думаю: баялiся прыкладу. Калi агласiць, што шасцiдзесяцiгадовы доктар, кiраўнiк аддзела гарадской управы, вёў актыўную барацьбу, як бы гэта ўзняло дух падпольшчыкаў i ўсiх патрыётаў. А так, наадварот, магло дэмаралiзаваць тых, хто быў звязаны з Савiчам. Па гэтай справе я ведаю яшчэ, што лекар iнфекцыйнай бальнiцы Акулава...

- Вакулава, - паправiў Шыковiч.

- Мне добра помнiцца, што начальнiк сказаў - Акулава. А можа, i не так... Столькi прамiнула год! Дык вось гэтая жанчына ў калiдоры гестапа, па дарозе на допыт цi з допыту, спрабавала вырваць у канваiра аўтамат. Вядома, была застрэлена на месцы. Мабыць, гэтага яна i хацела. Такi выпадак быў не адзiны. Скатаваныя людзi кiдалiся на аўтаматы.

- Швагераў, чаму ў вашых паказаннях на працэсе пра Савiча нiчога не сказана?

- Нi следчы, нi суддзi, пэўна, не надалi запiсцы ўвагi i не нацiскалi на гэты факт. А каму, грамадзянiн начальнiк, хацелася браць на сябе лiшнюю справу? Каб атрымаць "вышку"? Ваенны час. Ваенны трыбунал. Маё шчасце, што я сам з'явiўся.

Шыковiч спытаў пра другiя групы, пра правалы - хто вiнаваты, хто выдаў? Дымар маўчаў. Швагераў адказваў ахвотна i, здавалася, шчыра, але не без хiтрасцi: стараючыся так падаць усё, каб нiдзе не ўблытаць сябе. А вядома, што "палiцыя агульнага парадку" крымiнальнымi злачынствамi займалася мiж iншым i ў большасцi выпадкаў забойцаў, рабаўнiкоў, зладзеяў рабiла правакатарамi, агентамi; галоўная дзейнасць палiцыi, у тым лiку i следчага аддзела, была скiравана на выкрыццё савецкiх патрыётаў, на дапамогу гестапа i СД. Таму былы следчы з надзвычайнай асцярожнасцю абыходзiў небяспечныя мясцiны. Але Шыковiч i Сербаноўскi ведалi значна больш, чым думалася Швагераву; мелi магчымасць супаставiць факты, параўнаць яго паказаннi з iншымi крынiцамi. Што-нiшто ён усё-такi праяснiў i ўдакладнiў. Раскрыў, напрыклад, структуру i метады шпiянажу, даўшы Кiрылу новы матэрыял для кнiгi. Калi нарэшце арыштаванага адвялi, а сведка пайшоў чакаць вырашэння свайго лёсу: застанецца ён толькi сведкам цi сядзе на лаву побач з агентам, Сербаноўскi сказаў:

- Вось цяпер, я думаю, нiхто ўжо не затрымае ваш артыкул. Устаўляйце запiску, карыстайцеся пратаколам допыту - i друкуйце. Толькi назву прыйдзецца мяняць. Думаю, што больш не iснуе пытання, хто ж такi доктар Савiч?

- Асабiста для мяне яго даўно не iснавала.

- Але патрабавалiся доказы.

- Дзякую вам.

- Няма за што. Святы абавязак.

- Як вам удалося выкапаць гэтага дыназаўра?

- Няхай гэта застанецца нашай прафесiйнай тайнай.

Яны хораша, з разуменнем усмiхнулiся адзiн аднаму, як два добрыя сябры, якiя агульнымi сiламi зрабiлi карысную справу.

* * *

- Хадзем да Зосi. Я люблю прыносiць людзям добрыя весткi.

Яраш, надзвычай узбуджаны расказам пра Дымара, хадзiў па сваiм кабiнеце, прыгадваў паводзiны агента, калi той сачыў за iм, выкрываў фiласофiю здрады. Нечаканая прапанова Кiрылы захапiла яго знянацку.