Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 76 из 104

Вельмi можа быць, што яна ўсё-такi стамiлася, а таму спяшалася як можна хутчэй скончыць свой расказ. Маша гэта адчула першая i шумна пляснула ў далонi, як бы ставячы кропку:

- Таварышы, астывае кава.

24

Завод абавязаўся выканаць дзесяцiмесячны план да адкрыцця з'езда. Цэхi, змены, брыгады неслi перадз'ездаўскую вахту. Знешне як бы нiчога не змянiлася. Хiба толькi абнавiлiся лозунгi i заклiкi. I больш iх стала ўсюды - на прахадной, у заводскiм двары, у цэхах, у сталоўцы, у канторы. Але нават Славiк з яго двухмесячным стажам адчуў новы рытм у рабоце. Менавiта рытм, бо раней нямала было i аўралаў. Добрыя i шчырыя працаўнiкi мусiлi часам прастойваць праз тое, што недзе нехта нешта недарабляў - цi забеспячэнцы, цi транспартнiкi, канструктары, цi лiцейшчыкi, механiкi, цi планавiкi. Зборшчыкам, якiя, па сутнасцi, завяршалi працэс вырабу станка, гэтае "нешта недзе" больш, чым каму, давалася ў знакi. Славiк неаднойчы ўжо чуў, як хлопцы з яго брыгады скланялi механiкаў. А тыя ў сваю чаргу валiлi вiну на каго-небудзь другога. Але вось ужо колькi дзён усё iдзе як па масле. Без запiначкi. Хлопцы працавалi з вясёлым уздымам. Гэты ўздым захапiў i Славiка. Яго менш вучылi, больш даручалi работу, якую ён мог ужо выконваць самастойна. Гэта яму падабалася, i ён рабiў даволi старанна. Работа зборшчыка такiх унiкальных, несерыйных станкоў тым i цiкавая, што яна рэдка паўтараецца, што кожны дзень i кожную гадзiну прыходзiцца рабiць нешта новае.

Славiк заўсёды ставiўся скептычна да розных лозунгаў i заклiкаў. А цяпер хадзiў i ўважлiва перачытваў цытаты з праекта Праграмы, як бы хочучы знайсцi тыя словы, якiя прымусiлi ўсiх, ад вахцёра да Галыгi, вось так працаваць па-новаму. Нават у сталоўцы сталi лепш кармiць. Славiк неяк сказаў у часе абеду сваiм хлопцам:

- Архiмеды, растлумачце мне, чаму ў вас не могуць увесь час вось так працаваць - роўна, рытмiчна, каб не псаваць людзям нерваў.

- Пачынае думаць хлопчык, - кiнуў Косця, калi Славiк, выслухаўшы супярэчлiвыя адказы, пайшоў у буфет купляць папяросы.

- Толькi ўсё ў яго вось так, - Ходас дастаў правай рукой, цераз галаву, сваё левае вуха.

Генрых далiкатна, двума пальцамi, паправiў пазалочаныя акуляры. Хмыкнуў:

- Але ж i артадокс ты, Iван. Быць табе прафсаюзным лiдэрам, бо ад усяго складанага ты ўмееш адмахнуцца.

А Славiк задаў пытанне, на якое не так проста адказаць.

- Адзiн дурань можа спытаць такое, што не адкажуць сто разумных.

- Але няхай яны паварушаць мазгамi, разумныя, - нечакана i чамусьцi злосна сказаў Тарас. - А то ў нас, сапраўды, некаторыя толькi перад святамi запускаюць вось гэтую "кiбернетычную машыну", - ён пастукаў пальцам па лбе, на поўны ход.

Ходас не адразу зразумеў, каго падтрымлiвае брыгадзiр. А Генрых пускаў з акуляраў вясёлых зайчыкаў на твары сяброў.

- Прычын арытмiчнай работы завода - адна тысяча дзвесце сорак чатыры i шэсць дзесятых. Каб мы з табой, Iван, iх выявiлi, раскрылi i апiсалi, нам можна было б прысвойваць дактароў навук.

- У тым i бяда, што мы iх не выяўляем, - сказаў Тарас ужо лагодна, без злосцi.

- А давайце зробiм пачатак! - Косця любiў выказваць самыя нечаканыя прапановы i сам жартаваў з гэтага: "З сотнi хоць адна ды будзе разумная". - А каб не выяўляць усiх тысячы двухсот Генрыхавых прычын, выявiм адну: чаму цяпер усё пайшло нармальна?

- Вахта, - коратка i вычарпальна растлумачыў Васiль Лапацiн, вымакваючы хлебам рэшткi соўсу на талерцы.

- А Косця мае зерне...

- Адно? Я маю мяшок.

- Не блазнуй.

- Ён у Славiка вучыцца.

- Я ў тым сэнсе, - Тарас звяртаўся да Генрыха, ён быў iх "галоўны тэарэтык", - што прычыны арытмiчнай работы, можа, яны i выяўляюцца... А калi работа наладзiцца так, як у нас цяпер, усялякi аналiз канчаецца. Пачынаем славасловiць, раздаваць прэмii...

- Любiм "ура" крычаць, - азваўся Славiк, пачуўшы апошнiя Тарасавы словы. Кiнуў на стол пачак папярос. - "У нас не паляць", - прачытаў шыльдачку на сцяне i чыркнуў запалку.

- "Ура" вядзе на штурм, - сказаў Лапацiн, адстаўляючы нарэшце талерку. Не, Вера смачней гатуе.



- Таму, вiдаць, i крычым, што часта прыходзiцца штурмаваць, - засмяяўся Генрых.

- Вера гатуе смачней? - усумнiўся Косця, гарэзлiва падмiргнуўшы Генрыху. Той прыняў "эстафету", сказаў сур'ёзна, амаль трагiчным голасам, звяртаючыся да Тараса:

- Няшчасная. Я ёй не зайздрошчу.

Лапацiн, якi не адчуваў гумару гэтак жа тонка, здзiвiўся:

- Каму? Веры? Чаму?

- Паспрабуй нагатаваць на такога абжору, - блiснуў зубамi Косця.

- Ну i пустабрэхi!

- Трэба будзе пагаварыць на парткоме...

Славiку падабалася, што ў брыгадзе ўмеюць i пажартаваць i пагаварыць сур'ёзна, глыбока, i пераходы гэтыя ад жарту да сур'ёзнага i наадварот заўсёды нечаканыя, раптоўныя.

Увогуле яму ўсё больш i больш падабалiся хлопцы. Нават з Ходасам стала менш сутычак. Вось толькi з Тарасам...

...На другi дзень пасля "дуэлi" ён не пайшоў на работу. З такiм вокам сорамна было на вулiцу высунуцца, не толькi на завод. Усю ранiцу сварыўся з Iрай, якая даволi-такi злосна кпiла з яго "лiхтара", не верачы, што ён звалiўся з матацыкла. Пайшла Iра ў iнстытут - шукаў, куды мацi схавала каньяк. Перавярнуў усю кватэру. У шуфлядзе Iрынага стала, пад старымi канспектамi знайшоў яе дзённiк. З цiкавасцю чытаў. Дзяўчына пiсала пра сваё каханне, пра сваё жаданне адкрыцца яму i пра сваю боязь i сарамлiвасць зрабiць гэта першай. Славiк доўга не мог уцямiць, хто "Ён". Займеннiкi, што замянялi яго iмя, Iра пiсала з вялiкай лiтары.

"Звяртаецца, як да Бога", - смяяўся Славiк, пацiраючы рукi i каленi ад злараднасцi. Вось цяпер ён жыцця не дасць сваёй дарагой сястрыцы. Не, ён прымусiць яе служыць, як вернага сабачку, калi яна не хоча, каб ён выдаў яе тайну. Каб толькi яшчэ расшыфраваць яго iмя!

Нарэшце ён дайшоў да апiсання таго дня, калi ўся брыгада i Маша абедалi на дачы. Iра больш не хавала яго iмя.

Адкрыццё ашаламiла Славiка. Знiкла жаданне помсцiць сястры, кпiць з яе. Наадварот, стала шкада дзяўчыну. Уразiла Iрынiна празорлiвасць: "Я адразу адчула ў гэтай рудой сапернiцу. Маё няшчаснае каханне! Ты яшчэ не засвяцiлася для Яго i для ўсiх, а на цябе ўжо насоўваецца хмара".

Не, ён, Славiк, адпомсцiць яму - за сябе, за сястру!

Але прачытаўшы, ужо без асаблiвай цiкавасцi, яшчэ пару старонак дзённiка, ён разважаў iнакш.

А можа, лепш зрабiць так, каб Iрына адкрылася яму? Памагчы ёй. Тады можа здарыцца, што ён адмовiцца ад Машы.

Славiк лаяў сястру:

"Авечка! Да дваццацi двух год дажыла, iнстытут канчае, а паводзiць сябе, як сямiкласнiца. Уздыхае, дзённiчак пiша!.. Дурнiца!"

Узлаваўшыся, шыбануў тоўсты сшытак на ложак. Але праз хвiлiну з пэўнай павагай палажыў дзённiк назад у шуфляду.

"Усё пераблыталася. Сам чорт нагу зломiць. А "стары конь" скардзiцца, што няма цiкавых сюжэтаў. Залез у нейкiя архiвы i нi храна не бачыць вакол сябе. А тут такiя трыкутнiчкi будуюцца! Пра любоў трэба пiсаць, стары, калi хочаш, каб цябе чыталi", - глыбакадумна параiў бацьку. Дакараў мацi: "А гэтая маралiстка, як гусыня, толькi асцерагае: каб лiшняе з'елi дзеткi i лiшняе не выпiлi. Жратвы поўны халадзiльнiк, а каб хоць на кампрэс дзе стаяла - дык не. Куды яна дзявала каньяк? Няўжо вылiла? Бутэлькi няма", - злаваўся ён, не перастаючы шукаць.

Урэшце Славiк зразумеў, што ўсё гэта - пошукi каньяку (выпiваць яму зусiм не хацелася), развагi пра бацьку i мацi, пра Iрына каханне - не што iншае, як безнадзейная спроба адвесцi думкi ад галоўнага: што робiцца ў брыгадзе? Не прызнаючыся сам сабе, ён пакутаваў ад думкi, што Тарас усё раскажа i абураныя хлопцы выганяць яго. Са здзiўленнем ён упершыню адчуў, што яму шкада пакiдаць брыгаду. Куды ён пойдзе ад iх?

Калi пад вечар да яго заглянулi Косця i Генрых, Славiк спалохаўся: што яны хочуць? Што прынеслi? А калi хлопцы шчыра, па-сяброўску прывiталiся i Генрых сказаў:

- Ну як? Косцi цэлыя? Чорт вас нёс на гэтым матацыкле. Маглi насмерць разбiцца.