Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 73 из 104

- Калi Грот, павячэраўшы, падняўся да сябе, бацька прыйшоў на кухню, дзе я мыла талеркi, абняў за плечы, прашаптаў:

"Зося, дзiця маё, у нас у садзе хаваецца чалавек. Я пайду да немца гуляць у шахматы. Ты адсунь свой ложак, пасцялi за iм на падлозе. Адчынi акно. У твой пакой Грот нiколi не заходзiць".

О, каб вы ведалi, што я адчула! Калi я схавала вас, Антон Кузьмiч, я хавала вас i ад бацькi, бо не ведала, як ён паставiцца, што зробiць, калi даведаецца. Гэта вельмi цяжка - любiць i не верыць. А верыць лёгка, калi людзi робяць адну справу, калi яны аднадумцы. Разумееце? Я няскладна расказваю, але вы зразумееце... I з вамi, i з Тарасiкам я вымушала бацьку нешта рабiць, ведаючы, што дзеля мяне ён зробiць усё, выканае i сур'ёзную просьбу i капрыз. А тут раптам усё мянялася. Ён даваў мне заданне. Як старэйшы. Як кiраўнiк. Давяраў такое...

Хто гэты чалавек, думала я, калi адсоўвала ложак i сцялiла на падлозе пуховую коўдру, найчысцейшыя прасцiны. Наiўна, але мне захацелася, каб гэта зноў былi вы, Антон Кузьмiч... Прабачце. Дзверы ў мой пакойчык - пад лесвiцай на мансарду. Я пакiнула ў пакоi свечку, узышла на лесвiцу - цi не вiдаць ложак? Колькi пражыла, колькi хадзiла малая, я нiколi не зазiрала з лесвiцы ў адчыненыя дзверы - што вiдаць у пакоi?!

Грот, якi бесцырымонна лазiў нават у кухонныя каструлi, у бочкi ў пограбе, нi разу не адчынiў дзвярэй майго пакоя. Гэта праўда. У гэтым ён быў iнтэлiгент.

З радасцю i страхам я адчыняла акно. А потым стаяла ў калiдоры i слухала... Калi ён залезе... I баялася, каб у цемры не нарабiў грукату. Ён зрабiў гэта вельмi асцярожна, я пачула толькi, як рыпнуў незнарок закрануты ложак. Пасля гэтага я доўга яшчэ стаяла, потым сядзела на кухнi - думала, што рабiць далей. Бацька не сказаў: можна мне заходзiць у пакой цi нельга. Можа, чалавека трэба накармiць? Урэшце я рашуча са свечкай у руках увайшла ў свой пакой. Убачыла, што коўдру i прасцiну ён палажыў назад на ложак. Я заглянула за ложак.

Чалавек быў доўгi, худы, барадаты. Такi доўгi, што каб выпрастаўся, то, напэўна, ногi высунулiся б з-пад ложка. Таму ён сагнуў iх, i вострыя каленi траха не вытыркнулiся над ложкам. Вочы яго блiснулi насцярожана i падазрона. Ён ляжаў у ватоўцы, у ботах i трымаў руку за пазухай. Ад яго пахла зямлёй. Я спытала шэптам:

"Прынесцi вам вячэру?"

Ён палажыў далоню на бараду, на вусны i пакiваў галавою: не.

Але я ўсё-такi прынесла яму кавалак хлеба з маслам, бутэльку чаю i яшчэ нешта... Я знарок хадзiла шумна, як звычайна, ляпала дзвярамi. Можа, праз гэта ён зiрнуў на мяне злосна i зноў прыкрыў рот рукой.

Калi роўна без чвэрцi адзiнаццаць (самая цiкавая партыя адкладвалася на заўтра, такi ён быў акуратны, Грот) бацька спусцiўся з гарышча, я паведамiла, што ён тут. Бацька адказаў надзiва спакойна, быццам размова iшла пра самае звычайнае: "Добра, дачка". Я спытала, дзе мне спаць. "Дзе хочаш, абы Грот нiчога не ўгледзеў".

Пакуль немец чысцiў зубы, умываўся, я ў сваiм пакоi перабiрала бялiзну, знарок пакiнуўшы дзверы крышку прачыненымi.

Я лягла ў мамiным пакоi. Але не магла заснуць амаль да ранiцы. Усё думала, думала... Радавалася. I палохалася. За бацьку. За гэтага чалавека. Хто ён такi? Адкуль? Можа, толькi што прыляцеў з Масквы? Але больш за ўсё я думала пра бацьку. I, далiбог, нiколi гэтак не любiла яго, як у тую ноч. Здаўся ён мне такiм героем, такiм мужным, разумным, самым галоўным падпольшчыкам у нашым горадзе. Наiўна. Але я думала, што пра тату ведаюць у Маскве... Я думала пра маму. Каб яна пабачыла, што мы робiм з татам! Яна больш не ўпiкала б: "Мяккацелы iнтэлiгент дарэвалюцыйнай закваскi! Не псуй мне дачкi сваiм слiнявым гуманiзмам! Не той час!" Мама была рашучая. Яна яшчэ ў грамадзянскую з бранецягнiком на фронт паехала. Мама злавалася, што я баюся крывi. Прымушала мяне рабiць самую брудную работу. З-за гэтага яны сварылiся часам, тата i мама... Многа я ўсяго перадумала... Добра мне запомнiлася тая ноч. Ёсць такiя днi i ночы, якiя запамiнаюцца, выдзяляюцца i свецяцца, як маячкi, у памяцi. Праўда? А ўсе iншыя злiваюцца ў адну плынь i цякуць, як магутная рака. На адным месцы вада заўсёды новая, а ўсё адно такая ж...

Спала я, можа, якiя дзве гадзiны. Прачнулася раней за ўсiх. Калi Грот роўна ў сем спусцiўся ў ванную, я "прыбiрала" свой пакой i спявала. За снеданнем немец сказаў: "У вас добры настрой, фрэйлейн Софа. А ў мяне дрэнны. Ад свечкi балiць галава".

Тата нiчога не гаварыў. Пацалаваў у лоб, калi адыходзiў на працу, як заўсёды, усмiхнуўся:

"Вопыт ты маеш. Глядзi".

Наступiлi тыя дзённыя гадзiны, калi я заставалася адна. Помнiце, Антон Кузьмiч? Адной мне было сумна... На кухнi i на кухнi.

...Прыйшла Маша з пакупкамi, мокрая, шумная, вясёлая. Гукнула з калiдора:



- Кiрыла Васiльевiч! "Беламора" няма. Купiла "Казбек". Добра?

Зазiрнула ў пакой, убачыла iх, засяроджана-ўважлiвых, сур'ёзных, насцярожылася.

- Сядайце, Маша, паслухайце, - сказаў Шыковiч, хуценька занатоўваючы нешта ў запiсную кнiжачку.

Маша паставiла сумку каля парога.

- Я сказала яму:

"Вылазьце. У доме нiкога няма. Будзем снедаць".

Ён падняўся з-за ложка. Ён быў высокi, але не такi доўгi, як здаўся мне, калi ляжаў. I не такi худы. Так, звычайны чалавек з тых, якiя нiколi не паўнеюць, хоць ты iх пакладзi i знарок адкормлiвай. Перш за ўсё ён глянуў на акно, потым агледзеў пакой i... мяне... Можа, я была такая ўражлiвая, "мяккацелая iнтэлiгентка"... Як толькi пасля на мяне нi глядзелi, i свае i чужынцы, - мяне не кранала. А яго позiрк... Вы прабачце, можа, я расказваю дробязi, глупства. Але я шчыра...

- Не, не. Калi ласка, як можна больш падрабязна, - папрасiў Шыковiч. -Гэта не дробязi... Для мяне гэта асаблiва важна.

- Яго позiрк мяне... абразiў... Пакрыўдзiў. З нейкай нядобрай падазронасцю ён агледзеў мяне. Я не ведаю, як вам сказаць... Але мне стала крыўдна. Чалавек даверыў нам сваё жыццё... Мы рызыкуем сваiм, хаваючы яго... Чаму ж ён глядзiць так? Нядобра. А можа, мне здалося? Я малая была вельмi крыўдлiвая. Мацi не так гляне, як мне хацелася, i я цэлы дзень залiваюся слязамi. Больш, праўда, ён так не глядзеў. Быў прыветлiвы, хоць не вельмi гаваркi.

Тады, за першым снеданнем, ён распытваў, як я жыву, з кiм сябрую, куды хаджу, хто прыходзiць да нас, што за чалавек гэты Грот. Я разумела, што яму трэба ўсё ведаць, i падрабязна расказвала. Спытала, як яго iмя.

"Навошта табе?" - сказаў ён без падазронасцi.

"Неяк жа я павiнна да вас звяртацца".

"Калi табе так хочацца, клiч мяне - дзядзька Сажань".

Я здагадалася, што гэта мянушка, яна здалася мне смешнай, i я засмяялася. Ён таксама ўсмiхнуўся. Тады я адважылася i спытала, цi не з Вялiкай зямлi ён прыляцеў. Сажань нахмурыўся i адказаў, што я рана пастарэю, калi ўсё буду ведаць. Гэтыя жартаўлiвыя словы па-рознаму можна сказаць. Ён сказаў iх так, што мне расхацелася пытаць у яго пра што-небудзь яшчэ. Праўда, на другi дзень я не стрымалася i спытала пра вас, Антон Кузьмiч. Мне чамусьцi здавалася, што ён абавязкова павiнен ведаць вас. Не, ён не ведаў.

"Што здраднiка Лучынскага пакаралi, пра гэта я чуў, а хто гэта зрабiў Вiктар, Антон цi Павел, - не мае значэння".

Каб ён ведаў вас, я, напэўна, расказала б, як вы хавалiся ў нас. Але пасля яго слоў, што не мае значэння, хто забiў Лучынскага, мне зноў-такi расхацелася расказваць яму пра вас. Не падумайце, што я стаiла крыўду на яго. Не. Я вельмi паважала яго. Асаблiва калi бацька на маё пытанне: "Хто ён?" - адказаў: "Партыйны кiраўнiк". О, як ён вырас у маiх вачах!

Я гатавала яму лепшыя снеданнi i абеды, чым нават бацьку. Мяне толькi здзiўляла спачатку адно, зноў-такi гэта, вiдаць, ад майго такога выхавання "мяккацелая iнтэлiгентка". Але ў нашым доме ўсе казалi адзiн аднаму дзякуй, жадалi добрай ночы. Я хадзiла за iм, як санiтарка за хворым. Ён нi разу не сказаў мне дзякуй. Не, здзiўляцца - гэта не тое я сказала. Мне зноў-такi трошкi крыўдна рабiлася. Не за сябе. За яго. Фашыст Грот такi ветлiвы, што бясконца, на кожным кроку: данке, данке, данке. Мне хацелася, каб наш чалавек, ды яшчэ такi кiраўнiк, быў у сто, тысячу разоў больш культурны i ветлiвы. Але на трэцi дзень Сажань даказаў, што не гэта галоўнае. Мне нават сорамна стала за свае такiя думкi.