Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 67 из 104

* * *

- Ну, Соф'я Сцяпанаўна, пара дадому.

Словы Яраша, iх тон, не, як звычайна, афiцыйна-лекарскi, хоць i ласкавы, а нейкi вельмi ўжо сяброўскi, спалохалi Зосю. Зноў той жа незразумелы прыступ страху, ад якога яна душэўна пакутавала. Сапраўды незразумелы. Дзiўны. Чаго ёй баяцца цяпер? Многа год яна пераконвала сябе: не скардзiся на лёс, жывi, як жывецца, заўтра можа здарыцца горшае, i нiчога не баялася, нiякiх хвароб, нiякiх нягод. А прыйшло збаўленне ад цяжкай хваробы - яна адчувае, што сэрца яе не тое, з якiм яна жыла многа год, i ўсе лекары робяць такое заключэнне (яе слухала, можа, сотня лекараў i практыкантаў)... Прайшло многа добрага... Яраш яшчэ колькi дзён назад сказаў, што атрымалi для яе кватэру амаль у цэнтры горада. I Маша паведамiла з радасцю: "Такая сiмпатычная кватэрка. Сюрпрыз для вас". Вярнулася здароўе, знайшлiся шчырыя, чулыя сябры, чаго ж баяцца? Аднак страх не праходзiў.

Збiрала рэчы, пераапранулася - i ў яе калацiлiся рукi, ногi.

- Слабенькая ты яшчэ. Чаго ён цябе выпiсвае? - загаварыла бабуля-санiтарка.

Зося сама з задавальненнем засталася б у бальнiцы. Тут яна хоць з усiмi i ўсiм звыклася, нават са сваiм страхам. А што там? Яна многа дзён ужо гуляла па садзе. А цяпер баялася глянуць на адчыненыя вокны, за якiмi шумеў вялiкi горад. Дзень быў не вельмi вясёлы - амаль па-асенняму хмурны, з дрэў злятала першае лiсце. Можа, i ад гэтага яшчэ незнаёмы боль у сэрцы?

Магчыма, што адчуваннi яе можна было б параўнаць з адчуваннем таго шахцёра, якога, не па яго волi, спусцiлi ў глыбокую шахту, завалiлi i пратрымалi там у цемры доўга-доўга. А потым другiя людзi, добрыя, адкапалi i паволi падымаюць наверх. I вось гэты мiг, калi ён павiнен ступiць на паверхню зямлi, убачыць неба i сонца, - самы страшны. Не аслепнуць бы!

Правесцi яе выйшлi многiя лекары, сёстры, санiтаркi, хворыя аддзялення, якiя маглi хадзiць. Яны ведалi яе лёс, аперацыю. Некаторых, праўда, цiкавiла iншае: хворую выпiсвае i забiрае сам Яраш.

Ёй выказвалi найлепшыя пажаданнi.

"Колькi добрых людзей", - падумала Зося i, расчуленая, заплакала: даўно ўжо яна так не развiтвалася з людзьмi, з якiмi зводзiў яе лёс.

Маша ўзяла яе за руку, сказала амаль жорстка да ўсiх:

- Даволi! - да Зосi: - Вам нельга хвалявацца, - i павяла да цэнтральнай алеi, дзе iх чакаў сiнi "Масквiч".

Яраш стаяў каля машыны. Зося зноў спалохалася, убачыўшы яго тут, без халата, у добра адпрасаваным шэрым гарнiтуры. Ён быў зусiм не такi, як той асiлак-чарадзей у белым халаце, якога ў бальнiцы ўсе любiлi i баялiся. Ён нават здаваўся не такi высокi i мажны i ўсмiхаўся не так, як у палаце, прасцей, цяплей. Яна раптам больш выразна, чым калi-небудзь раней, убачыла ў iм таго да дзёрзкасцi смелага, вясёлага "Кузьму", якога хавала на гарышчы дзевятнаццаць год назад. Усмiхаўся ён так, як тады, i амаль гэтак жа трохi збянтэжыўся. Яна таксама ўсмiхнулася, i дзiўна - страх яе як рукой зняло. Яна выйшла з падзямелля, расплюшчыла вочы, убачыла неба, сонца i... не аслепла. Антон Кузьмiч узяў з яе рук пакуначак, сказаў зноў-такi зусiм не так, як у палаце:

- Вiншую. Бальнiца наша добрая, але лепш у яе не трапляць. Можаце паверыць, што я не буду сумаваць без работы.

- Будзеце, - не згадзiлася Маша.

- Не, не буду. - Ён адчынiў iм заднiя дзверцы. - Калi ласка.

Сам пайшоў садзiцца за руль.

- А Кiрылы Васiльевiча няма? - азiрнулася Маша.

- У яго ўчора аднялi правы за перавышэнне хуткасцi. Сёння недзе дае тлумачэннi iнспекцыi.

Маша засмяялася:

- Гэта я накаркала. Помнiце, я сказала: "Аднiмуць у вас правы". А ён: "Цiпун вам на язык".

Чамусьцi хораша зрабiлася Зосi ад гэтай жартаўлiвай iх размовы пра чалавека, якога яна ведала па расказах Машы, ведала, што ён хацеў пабачыцца з ёй, але Антон Кузьмiч пусцiў яго толькi на аперацыю, дзе той самлеў. Хораша ад iх вось такой дружбы.



Машына павярнулася i выехала за вароты. Зося азiрнулася на бальнiцу, але без жалю, без жадання застацца там i без страху перад тым, што чакае яе наперадзе. Яраш вёў асцярожна, павольна. Зося залюбавалася горадам, амаль незнаёмым, новым. Хоць жыла яна тут ужо чатыры гады, але ёй цяжка было хадзiць па горадзе, рэдка яна выязджала са сваёй далёкай ускраiны на аўтобусе ў цэнтр.

Са здароўем, з сiлай да яе вярталася разуменне прыгожага, замiлаванне хараством. Калi яе вывелi першы раз у сад, яна глянула на яблынi з рэдкiмi пладамi i, як дзiця, засмяялася ад радасцi. Там, у бальнiцы, i гэтае пачуццё яе палохала. А тут, на цэнтральнай вулiцы, яна глядзела на маладыя лiпы, каштаны, i сэрца яе поўнiлася здаровай, незнаёмай цi даўно забытай радасцю. Яна ўсмiхалася, не падазраючы, што Яраш бачыць яе ўсмешку праз люстэрка.

Праўда, калi машына павярнула на вулiцу, на якой мала што змянiлася з таго часу i якую яна ведала лепш, чым любую другую вулiцу, Зося замерла - куды ён вязе? Але прамiнулi завулак, да болю блiзкi, - i яна зноў супакоiлася.

Шыковiч чакаў iх каля пад'езда. Машына яшчэ не спынiлася, а Зося ўжо здагадалася, што гэта ён.

- Кiрыла Васiльевiч? - спытала яна ў Машы.

- Вiдаць, правы яму аддалi - лысiна блiшчыць, што намаслены блiнец, пажартаваў Яраш. - На яго фiзiяномii - усе яго пачуццi.

Зося вылезла з машыны i першая працягнула Шыковiчу руку.

Ён асцярожна сцiснуў яе тонкiя, сухiя, гарачыя пальцы i доўга не выпускаў iх - разглядаў жанчыну з бесцырымоннай цiкавасцю. Яго прыемна ўразiла, што твар яе зусiм не спакутаваны, як яму ўяўлялася, крыху бледны, але бадай што прыгожы. Усё перажытае хiба што адбiлася ў вачах, вялiкiх, блакiтных, залiшне выразных, як ва ўсiх людзей пасля цяжкай хваробы, ды ў дробных зморшчынках каля куточкаў вачэй i ў адзiнай глыбокай маршчыне на высокiм белым iлбе. Зося збянтэжылася ад такога яго разглядання, апусцiла вочы, убачыла свае стаптаныя чаравiкi, пакамечанае ў бальнiчных капцёрках просценькае плацце i... засаромелася, магчыма, упершыню за многа год вось так. Да аперацыi гэта таксама здаралася рэдка. Была сарамлiвасць, але заўсёды з iншай прычыны. Бадай нiколi ад таго, што нехта разглядаў яе беднае адзенне, як i ад таго, што лекары i камiсii аглядалi i мацалi яе хворае цела. I вось - амаль дзявочая засаромленасць, хоць разглядае немалады ўжо, лысаваты чалавек. Проста апрануты: стаптаныя басаножкi, пакамечаны парусiнавы касцюм.

Яна ўзняла вочы, усмiхнулася i спытала:

- Аддалi вам правы?

- О! - здзiвiўся Шыковiч. - Вам ужо расказалi? Аддалi, але замянiлi, чэрцi, талон. Аднак вiншую вас. Паверце, як я рады за вас! Гэтаму чарадзею трэба пры жыццi паставiць помнiк. Праўда? - кiўнуў ён на Яраша, якi зачыняў машыну на ключ.

Яна, Зося, i Маша адказалi яму аднолькавымi ўсмешкамi любвi да чарадзея. А сам чарадзей сярдзiта нахмурыўся:

- Пайшлi. Ад Кiрылы Васiльевiча вы пачуеце яшчэ нямала казак.

- Чакай, - спынiў яго Шыковiч. - Соф'ю Сцяпанаўну правяду да кватэры я. Прашу, - ён жартаўлiва падставiў ёй локаць.

I яна, на здзiўленне Машы, даволi грацыёзна абаперлася на яго руку i пайшла ўпэўнена, цвёрда, у нагу з iм. Па бальнiчным садзе яна так упэўнена не хадзiла яшчэ. Маша зiрнула на Антона Кузьмiча. Той кiўнуў галавой задаволена i, здалося ёй, упершыню з гонарам, як бы кажучы: "Вось што мы здольны зрабiць з вамi".

На пляцоўцы другога паверха Кiрыла спынiўся, дастаў з кiшэнi тонкi ключык ад французскага замка, амаль урачыста перадаў яго Зосi.

Усе ўбачылi, што рука яе задрыжала. Яна доўга глядзела на ключ.

- Адчыняйце.

Яна павярнулася i доўга не магла пацэлiць у замочную шчылiну.

Потым, як бы ўзрадаваўшыся, што дзверы адчынiлiся, хутка ўвайшла ў цемнаваты цесны калiдорчык, павярнула налева i спынiлася ў шырокiх дзвярах, аслепленая бляскам мэблi, эстампаў на сценах, агнём букета, зiхаценнем бутэлькi шампанскага, пералiвамi яблык, груш, вiнаграду, торта i яшчэ многага iншага, чым быў устаўлены нiзкi стол на тонкiх ножках.

Убачыла ўсё гэта Зося, i яе зноў апанаваў страх, можа, апошнi. Яна азiрнулася i як бы паклiкала на дапамогу: