Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 59 из 104

Кладоўка для бялiзны была на гарышчы трэцяга корпуса, дзе размяшчалiся iзалятары.

На другi дзень ранiцой аддае мне ключы не Ваня, а Лёша i кажа цiхенька, але хуценька, нiколечкi не заiкаючыся: "Дзякую, кажа, Клаўдзя Сiдараўна. Утульная ў вас мясцiнка там, зручная. Але мы вас будзем турбаваць не часта".

Пасля я ведала, што яны перавозiлi i пераносiлi рацыю сваю ў розныя мясцiны. Каб не засеклi iх.

Сцяпан Андрэевiч у той час пайшоў служыць ва ўправу. Нашы, хто не ведаў яго добра, лаялiся: да немцаў падлiзваецца. Некаторыя нават кiнулi працу. Бо ён заставаўся галоўным лекарам. Але цяпер ён не сядзеў увесь час у бальнiцы. Прыязджаў пасля абеду, рэдка зранку, на кансультацыю, на абход. Бальнiцай загадвала яго намеснiца Вакулава, Раiса Сяргееўна. Яна i да вайны ў нас працавала, у дзiцячым аддзяленнi. Не старая яшчэ была, ды ў першыя днi вайны яе сына забiла бомбай, шаснаццаць гадоў хлопчыку было. Можа, ад гора такога яна ўся пасiвела. Белая-белая была. I маўклiвая. Рэдка слова ад яе пачуеш.

Раiсу Сяргееўну гестапа схапiла ў тую ноч, калi забiлi Савiча. Тады шмат каго з нашых арыштавалi. Аптэкарку Надзю (прозвiшча не помню ўжо), Васю Адзiнца, шафёра санiтарнай машыны; Сцяпан Андрэевiч, калi пайшоў ва ўправу, машыну гэтую раздабыў для бальнiцы. Грузавiчок з будкай. Здымалi будку, вазiлi дровы з лесу, бо са склада немцы не давалi. Добра ведаю, што i ў лес машына пустая не хадзiла: часам ехала па дровы пяць чалавек, а назад вярталася двое. Хто ўцякаў з лагера - прытулак у нашай бальнiцы меў. Ачуняе, падкормiцца чалавек - i ў лес. Я такiм вопратку знаходзiла, купляла, выменьвала. Мяне аднойчы сама Раiса Сяргееўна папрасiла купiць дзесяць ватовак, грошы дала. Але яна - не як Сцяпан Андрэевiч - не з адкрытай душой. Яна быццам i не давярала мне, асцерагалася. Мне гэта, прызнаюся, крыўдна было. Сцяпан Андрэевiч вунь каго мне даверыў - разведчыкаў! Ды i не толькi разведчыкаў! Аднойчы Вася прывёз у машыне "хворага" - лысага чалавека з вясёлымi вачамi. Прывёз тады, калi Савiч у бальнiцы быў. З машыны яго ссаджвалi, пад ручкi вялi, як напраўдашняга хворага. А паклiкаў мяне Сцяпан Андрэевiч да сябе, гляджу: "хворы" гэты ходзiць па кабiнеце, гладзiць лысiну i весела смяецца, падмiргвае. Доктар таксама ўсмiхаецца:

"Трэба, кажа, Клаўдзя Сiдараўна, гэтага хлопчыка памясцiць у бокс у дзiцячае аддзяленне".

А той смяецца:

"Вы мяне коклюшам не заразiце, а то буду кашлем птушак у лесе палохаць".

"Дайце, - кажа мне Сцяпан Андрэевiч, - на сённяшнi вечар якое-небудзь заданне вартаўнiку. А на прахадную пастаўце Лёшу. Няхай падзяжурыць. Гэтак жа зрабiце з сястрой. Выдумайце якую-небудзь прычыну. А самi падзяжурце за яе".

Я ўсё зрабiла як трэба. У той вечар яны доўга раiлiся ў працэдурнай. Лысы, Сцяпан Андрэевiч, Раiса Сяргееўна, Вася Адзiнец i яшчэ тры цi чатыры незнаёмыя мужчыны, якiх прапусцiў Лёша".

Я хачу перапынiць расказ Клаўдзi Сiдараўны, каб паведамiць чытачам, што Пракоп Варава, камандзiр, пасля камiсар атрада iмя Чапаева, запiскi якога я знайшоў у архiве, быў лысы i вясёлы чалавек, як расказваюць тыя, хто яго ведаў асабiста. Гэта дае мне падставы меркаваць, што на нараду з падпольшчыкамi прыходзiў не хто iншы, як Варава.

Памер газетнага артыкула не дае магчымасцi прывесцi расказ К. С. Сухадол цалкам дэталёва. Яна расказала, што недзе ў пачатку сорак другога года загiнулi Лёша i Ваня. Прозвiшча аднаго з iх было Калуноў, але каторага жанчына, на жаль, не помнiць, ды наўрад цi было гэта сапраўднае прозвiшча. Iх схапiлi на могiлках, яны вялi перадачу з каплiцы. Напэўна, гэта пра iх пiсаў у сваёй запiсцы Варава.

Клаўдзю Сiдараўну ў той жа дзень папярэдзiў Савiч, каб у выпадку арышту i допытаў яна нiчога не гаварыла. Папрасiлiся хлопцы на работу - узялi iх, больш нiчога не ведаем, што яны рабiлi, чым займалiся. Яе не арыштавалi. Але праз два днi ў бальнiцы быў вобыск. Гестапаўцы перавярнулi ўсё дагары дном. Нiчога не знайшлi. Але ў часе ператрусу лекар Макейчык, той самы, якога лiчылi за фашысцкага агента, замест спiрту (да спiрту ён часта прыкладваўся) выпiў шклянку кiслаты. Знарок цi выпадкова - невядома. Пасля гэтага, як расказвае Сухадол, ёй доўга не давалi нiякiх даручэнняў. Увогуле ёй здавалася, што i Савiч i Вакулава прыцiхлi, нават палонных больш не перапраўлялi за горад. Толькi Вася колькi разоў браў у яе прасцiны i марлю. Пасля яна зноў пачала выконваць розныя, як сцiпла кажа гэтая жанчына, дробныя даручэннi: узяць да сябе дзяўчыну i выдаць за пляменнiцу, да некага схадзiць, нешта схаваць, нешта перадаць i г.д.

Пасля забойства доктара яе не арыштавалi разам з другiмi, але тры разы выклiкалi ў СД i хiтра распытвалi пра ўсiх, больш пра Вакулаву i Васю, менш пра Савiча.

Дзiўны лёс гэтай жанчыны пасля вайны. У наш час, пасля дваццатага з'езда, пра гэта нельга не сказаць. Пасля вызвалення горада яна зайшла ў адну ўстанову "да высокага начальнiка" i шчыра расказала яму ўсё, што ведала пра падпольную дзейнасць Савiча i Вакулавай. Яе ўважлiва выслухалi. А праз некалькi дзён яна была зволена з бальнiцы "за супрацоўнiцтва з фашыстамi". Цяпер жыве ў далёкай вёсцы без пенсii, нават без сядзiбы. Жыве за тое, што збiрае травы i лечыць хворых. За гэта мясцовыя медыкi абвясцiлi яе знахаркай.

Прыглядзiцеся, таварышы, хто жыве з вамi побач, узнайце чалавека, яго справы, яго бiяграфiю. Колькi на зямлi нашай безыменных герояў, сцiплых i простых! Мы i дзецi нашы павiнны ведаць iх iмёны!



Не ўсё яшчэ нам ясна i зразумела ў гiсторыi доктара Савiча. Невядома, хто яго забiў. Невядома, навошта акупантам i нацыяналiстам спатрэбiлася камедыя з пахаваннем доктара. Але тыя факты, дакументы i расказы, якiя маюцца, даюць мне права сцвярджаць: у iнфекцыйнай бальнiцы актыўна дзейнiчала падпольная група, пра якую пакуль што нiдзе не ўпамiнаецца ў нашых афiцыйных дакументах. Кiраваў гэтай групай доктар Савiч, якi меў сувязь з камандзiрам партызанскага атрада iмя Чапаева Пракопам Iгнатавiчам Варавам.

Я спадзяюся, што на артыкул гэты адгукнуцца людзi, якiя здолеюць дапоўнiць факты i выяснiць тое, што няясна ў дзейнасцi Савiча i другiх савецкiх патрыётаў, жывых i мёртвых, гераiчныя справы якiх будуць натхняць многiя пакаленнi.

К.Шыковiч".

Артыкул спачатку выклiкаў буру. Спачатку - у рэдакцыi. Першы ўзвiўся Рагойша.

- Гэта ж прыём жоўтай прэсы! - крычаў ён. - Шыковiчу захацелася набыць танную папулярнасць. Паласкатаць нервы абывацеля. Як сябра рэдкалегii, я катэгарычна супраць надрукавання.

Чуткiм нюхам сваiм Рагойша адразу адчуў, у кiм шукаць надзейнага i аўтарытэтнага саюзнiка. Гукан, напэўна, выкажацца супраць, а ён - першы аўтарытэт у горадзе па партызанскай гiсторыi. Экземпляр артыкула тут жа апынуўся на стале ў старшынi гарвыканкома.

Сямён Парфёнавiч чытаў, зачынiўшы дзверы, каб нiхто не перашкодзiў.

Назву ён злосна падкрэслiў тоўстым карычневым алоўкам i паставiў напроцiў на полi тоўсты клiчнiк, як бы сцвярджаючы гэтым, што для яго няма пытання ў тым, хто такi доктар Савiч.

На цытаце са сваёй кнiгi ён зламаў аловак i шыбануў яго ў кошык. Другi не ўзяў. Чытаў так, раптам сцiшаны, засяроджаны, уважлiвы. На твары яго не адбiвалiся больш нi гнеў, нi раздражненне. Толькi неяк дзiўна ўсё больш i больш аплывалi худыя шчокi i адвiсала нiжняя губа, нiбы iмкнулася дацягнуцца да паперы.

Скончыўшы чытаць, ён згарнуў лiсты, паклаў у рэдакцыйны канверт, пераламаў канверт, сунуў у глыбокую кiшэню галiфэ i, шырока сiгаючы, выйшаў з будынка гарсавета.

Гэтак жа шырока крочыў ён па кабiнеце сакратара гаркома, пакуль Тарасаў канчаў размову з загадчыкам аддзела. Тарасаў употай назiраў за iм i здзiўляўся: даўно ўжо ён не бачыў спакойнага Гукана такiм устрывожаным.

Не зачынiлiся яшчэ дзверы за работнiкам - i Сямён Парфёнавiч нецярплiва i непаважлiва кiнуў канверт на стол:

- Чытаў?

- Што гэта? - Тарасаў выцягнуў з канверта артыкул, глянуў, падумаў: "Ах, вось што цябе..." I чамусьцi зманiў: - Не, не чытаў.

А на самай справе чытаў. Рэдактар яшчэ ўчора прыслаў артыкул у гарком.