Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 56 из 104

- Клаўдзя Сiдараўна?

- Што вам? - сурова спытала яна.

- Я хацеў пагутарыць...

- Пра што? Хто вы?

- Я растлумачу... Я з рэдакцыi. - Вопытны журналiст, ён, можа, упершыню адчуў сябе нiякавата, знаёмячыся з чалавекам.

У старой гнеўна блiснулi вочы.

- Што вам трэба ад мяне? Я не займаюся знахарствам, няхай не брэшуць. Я збiраю травы. Раю iх людзям. Няма такога закону, каб забаранiць мне... Няма! Яна крута павярнулася i... пайшла ў хату.

Шыковiч зусiм разгубiўся.

"Чорт мяне пацягнуў за язык сказаць, што я з рэдакцыi. Калi яна зачынiцца i больш не выйдзе, тады хоць крычы пад акном, што мне трэба ад яе".

А з-за плятня ўжо зыркалi цiкаўныя вочы суседкi. Ляпнула акно за спiной, у хаце на другiм баку вулiцы. Яго бралi пад скрыжаваны "абстрэл". Мабыць, другiх сваiх наведвальнiкаў Сухадолiха сустракала iнакш.

Але паколькi веснiцы засталiся адчыненыя, Кiрыла рашуча ступiў у двор i спынiўся перад акном: няхай бачыць, што ён не адыдзе, пакуль не пагутарыць.

Ды жанчына праз хвiлiну выйшла. У выцягнутых перад сабой доўгiх руках яна несла тоўстую кнiжку ў палатнянай вокладцы.

"Няўжо Бiблiя? - амаль са страхам падумаў Кiрыла. - Не хапала клопату!"

Чаго ён не ўмеў - дык гэта весцi антырэлiгiйную прапаганду сярод веруючых. Суцяшаў сябе тым, што гэтага не ўмее рабiць большасць прапагандыстаў, а таму i чытаюць свае лекцыi не перад веруючымi, а перад тымi, хто даўно ўжо нi ў Бога нi ў чорта не верыць.

Яна злосна сунула яму кнiжку:

- Во!

Ён адгарнуў вокладку i ледзь не засмяяўся. Гэта быў том "Лекарственные растения".

- Во! - паўтарыла яна. - Усяго пяць гадоў назад выпусцiлi. Савецкi iнстытут. Медыцынскi. Вучоныя! I ўсе пiшуць: збiрайце травы. Дык пакажыце мне закон, каб забаранялi iх збiраць? Дзе такi закон? - наступала яна.

Шыковiч глядзеў на яе знiзу ўгору i не адразу здагадаўся, чаму змянiўся яе суровы твар, што яго быццам памаладзiла за тыя хвiлiны, якiя яна была ў хаце. Ага, жанчына паспела павязаць белую хусцiну, i павязала своеасаблiва, не так, як тутэйшыя сялянкi, "хаткай", а так, як павязваюць касынкi сёстры i санiтаркi ў бальнiцах.

Шыковiч вырашыў не перапыняць яе: няхай выкажацца.

- Не думайце, што я дурная, цёмная баба. Я не маю дыплома. Але я пятнаццаць гадоў рабiла сястрой у бальнiцы. Былi людзi, якiя верылi мне без паперак. Цяпер не вераць. Лепш за яе, нашу дурную фельчарыцу, што заявы на мяне пiша. I грошы бяру! Бяру! А што мне - памiраць? Гародчык i той абрэзалi...

- Клаўдзя Сiдараўна! - нарэшце перапынiў яе Шыковiч. - Я прыехаў да вас зусiм па iншай справе.

Яна змоўкла, не разумеючы.

- Я хацеў спытаць у вас пра Савiча. Доктара Савiча. Сцяпана Андрэевiча.

Як яна адразу змянiлася! Адступiла на крок, нiбы спалохалася. Сцялася неяк уся, ажно ростам паменшала. Аднак твар асвяцiўся нейкiм унутраным агнём, адны маршчыны разгладзiлiся, другiя сталi глыбей. Але сказала яна яшчэ даволi сурова:

- Савiч васемнаццаць гадоў у зямлi. Навошта ён вам?



- Я хачу напiсаць пра яго i пра вас.

- Што пра нас пiсаць?

- Што? Я хацеў бы напiсаць, што Савiч быў савецкiм чалавекам. I тады, калi служыў у немцаў. Але для гэтага мне патрэбны доказы. Факты. Сведкi.

Яна зiрнула на суседскi падворак i раптам запрасiла ветлiва, цiха:

- Хадземце ў хату.

З дзвярэй патыхнула не кiслым i цвiлым, як амаль з усiх сялянскiх сенцаў, а лiпеньскiм вячэрнiм лугам - густым водарам сухiх траў. У хаце таксама пахла травамi, але неяк зусiм iнакш. Нi сцяблiн, нi пацярухi насення нiдзе не было вiдно. Хiба толькi ў тых мяшочках, што вiселi на жэрдачцы над печчу, ды ў тых пляшках i шклянках, што стаялi ў куце пад лавай. А так усюды чысцiня: старанна пабелены сцены i нiзкая столь, да жаўцiзны адмыта падлога, засланы квяцiстай даматканай посцiлкай драўляны ложак. На стале пад настольнiкам - круглая палянiца хлеба. Абразы ў куце, два невялiчкiя, упрыгожаныя вышываным ручнiком. Самаробная рамка на сцяне, у якой пад шклом некалькi фатаграфiй.

Гаспадыня выцерла пярэднiкам i без таго чысты ўслончык, падсунула яго да стала, без слоў запрашаючы госця сесцi. Сама стала пасярод хаты, сашчапiўшы рукi на грудзях. Спытала ўсё яшчэ з тайнай падазронасцю:

- Дык вы з рэдакцыi?

- Не верыце? - усмiхнуўся Кiрыла i дастаў з кiшэнi пасведчанне. - Калi ласка. Маё прозвiшча Шыковiч... - Ён пашкадаваў, што не захапiў кнiжкi. Але жанчына не кранулася з месца, каб паглядзець дакумент, i яму нават стала неяк няёмка. Ён паклаў пасведчанне на стол.

- А што вы ведаеце пра Савiча?

- Шмат чаго, але пакуль што рознае. Па некаторых дакументах Савiч - вораг. А людзi кажуць, што да апошняй хвiлiны свайго жыцця ён змагаўся з фашыстамi...

- Хто кажа?

- Хто ведаў яго. У тым лiку дачка.

- Зося? - уся ўстрапянулася жанчына, хiснуўшыся наперад, i ў голасе яе чулiся здзiўленне, недавер, радасць. - Зося? Зоська жывая? Дзе яна?

- У горадзе. - Шыковiч не стаў адразу тлумачыць, што дачка Савiча яшчэ ў бальнiцы пасля цяжкай аперацыi.

- Зося жывая! Божачка мой! - зусiм па-старэчы не то ўсхлiпнула, не то засмяялася Клаўдзя Сiдараўна i зрабiла круг па хаце, як бы нечага шукаючы. Дакранулася рукой да печы, паправiла занавесачку на акне. Потым раптам села з другога боку стала, падперла далоняй шчаку i пiльна ўгледзелася ў Шыковiча.

* * *

Сабралiся, безумоўна, пазней дзевяцi. Шыковiч не здзiўляўся: летнi дзень, пакуль людзi вярнулiся з поля, памылiся, павячэралi, жанчыны падаiлi кароў, паклалi дзяцей. Але гадзiне а дзесятай, калi добра ўжо сцямнела, прасторная зала клуба, былой царквы, была паўнюткая - не працiснуцца. Перад самай сцэнай, на падлозе, размясцiлiся хлопцы-падлеткi (дзяцей не пускалi), на пярэднiх лаўках - пажылыя калгаснiкi i вясковая iнтэлiгенцыя, далей - усе тыя, без падзелу на ўзрост i становiшча, хто прыйшоў раней i захапiў месца. А з бакоў i ззаду стаялi жанчыны, дзяўчаты i тыя хлопцы, якiм няёмка ўжо было садзiцца на падлогу. Большасць стаяла. Таму Шыковiч вырашыў гаварыць нядоўга, каб не змарыць i так ужо стомленых за дзень людзей.

Але тэма была проста-такi неабдымная. Ён упершыню вось так, вусна, расказваў людзям аб Праграме. А ён нiколi не быў бясстрасна-акадэмiчным дакладчыкам. Ён перш за ўсё выказваў свае адносiны да з'явы, i заўсёды без усялякiх шпаргалак. Тут яму хацелася перадаць людзям сваё захапленне велiччу тых планаў, якiя партыя вынесла на ўсенароднае абмеркаванне. Каб ён не адчуў у самым пачатку нейкай незвычайнай хвалюючай блiзкасцi слухачоў - таго, што лектары называюць тэхнiчным словам "кантакт", то, магчыма, гаварыў бы карацей. Але аўдыторыя была надзiва: розныя па ўзросту людзi - i ўсе такiя ўважлiвыя! Слухаюць - не варухнуцца. Вiдаць, не часта тут бываюць добрыя лектары.

Шыковiч нават не прыкмецiў, як прагаварыў дзве гадзiны. Схамянуўся толькi тады, калi ўбачыў, што адзiн з тых падлеткаў, што сядзелi на падлозе, усё-такi змогся: захроп, адкiнуўшы галаву да сцяны. Сябры штурхалi яго са стоеным смехам. Шыковiч перапынiўся, глянуў на гадзiннiк:

- О-о! Здаецца, аднаго я ўжо даканаў.

Ад рогату залы хлопец адразу прачнуўся i, засаромлены, падхапiўся, пацiснуўся праз натоўп да дзвярэй.

Грак, якi адзiнока сядзеў за сталом прэзiдыума, шырока пазяхнуў, памахаўшы перад ротам далоняй, як бы адганяючы злога духа. Шыковiч зразумеў, што гэта хiтры сiгнал: закругляйся.

Але хацелася яшчэ сказаць аб перабудове вёскi. Не ўвогуле, а канкрэтна ў дачыненнi да iх Загалля. Сказаць так, каб гэта было папрокам самаздаволенаму Граку, якi дванаццаць год старшынствуе тут, выстаўляе гэта як сваю заслугу, а слядоў гаспадарання яго не вiдно.

- Самае страшнае, таварышы, калi людзi звыкаюцца са становiшчам, якое ёсць. Гэта называецца кансерватызмам, застоем. Ёсць хата, клуб, свiран, i добра. А якая гэта хата? Якi клуб? Цi можна з такiм бытам i такой культурай iсцi ў камунiзм? Вы мне прабачце, але скажу вам шчыра, сумна мне было сёння глядзець на ваша Загалле. Месца добрае. Прырода якая! А вось па выгляду сяла, па здабытках працы вашай не вiдаць, што гэта час, калi шырока абмяркоўваецца вялiкi план будаўнiцтва камунiзму.