Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 49 из 104

Пра галубоў сказаў пасля полудня, калi выйшлi на двор. Сказаў стрымана, мiж iншым.

Яраш усё зразумеў. Выгукнуў, нiбы нават з крыўдай:

- Што ж ты маўчаў? - i адразу палез на веранду. Праз колькi хвiлiн вясёлы, пранiзлiвы свiст абудзiў адвячоркавую цiшыню лесу i лугу.

Увечары, калi прыехаў з горада Шыковiч, яны палiлi свой касцёр i на агнi варылi юшку; Яраш з сынам паспелi налавiць рыбы.

Мокрае яшчэ ад учарашняга лiўня ламачча гарэла роўна i нягорача. Юшка варылася доўга. Елi яе ўжо ўпрыцемку. Накармiлi дзяцей.

- Наташа i Вiця! Спаць!

- Мама!

- Спаць. Спаць.

Дзецi неахвотна рушылi да дачы.

- Ты бязлiтасная, Галя. Вiктар збiраў дровы i лавiў рыбу.

- Галя - лепшы педагог, чым мы з табой.

- Правiльна, жонка. Педагогi мы з табой - дрэнь.

- Як там Уладзiслаў? - спытаў Яраш.

- Працуе.

- Ты яго бачыў?

- Хiба яму да сына! Ён увесь - у падполлi.

- Не iранiзуй з сур'ёзнай справы. Сын пазбягае сустракацца са мной. Яму сорамна. Прыязджаў Тарас.

Жанчыны сядзелi на лавачцы, мужчыны - па-турэцку, на вiльготнай зямлi, насупраць адзiн аднаго.

Яраш адпачываў. Яму не хацелася нi гаварыць, нi думаць. Ён глядзеў у агонь, любаваўся водблiскам полымя, жарам, бурштынавымi кроплямi смалы, што выступiлi на тоўстым суку. Прыгожыя кроплi. Шкада было, што яны згараць. I ў гэты мiг упершыню пасля таго, як паехаў з бальнiцы, варухнулася ў душы трывога за Зосю. Ды ён прагнаў яе. Нiчога не здарыцца. Яшчэ ўчора хворая апрытомнела. Сёння глядзела на яго з удзячнасцю яснымi вачамi. Спрабавала ўсмiхнуцца. Прашаптала: "Мне лёгка дыхаецца!" Але, цяпер ёй будзе лёгка дыхацца i лёгка хадзiцца па зямлi! Ярашу было радасна. Аднак выказваць сваю радасць усiм не хацелася. Ён выдаў яе Наташы. Мог бы яшчэ прызнацца Шыковiчу, каб яны былi адзiн на адзiн.

Кiрыла пачаў расказваць пра свае пошукi, пра размовы ў КДБ i гаркоме.

Яраш здзiвiўся:

- Ёсць справа на Савiча? На мёртвага?

- Ты ж сам казаў, што ў твае абавязкi падпольшчыка ўваходзiла вывучаць тых, хто супрацоўнiчаў з акупантамi. Я думаю, не дзеля спартыўнай цi мемуарнай цiкавасцi гэта рабiлася.

- Але, - згадзiўся Яраш задумлiва.

Галiна Адамаўна падала яму мiсачку з юшкай.



- Дзякую, - сказаў, як чужой, паспытаў варыва з лыжкi, паставiў мiсачку на край лавачкi. - Горача. - I да Шыковiча: - Слухай, Кiрыла, а цi варта варушыць такiя архiвы? Каб узняць пыл, ад якога нехта будзе чыхаць?

- Хто? Ты? Я? Я не буду чыхаць ад такога пылу! - Шыковiч ажно падхапiўся. Яго абурыла, што Яраш, якi быў загарэўся таксама, як i ён, раптам зноў дае адбой. Чаму? Сам жа падпольшчык! На самога ж былi забылiся i колькi год нiхто не ўспамiнаў!

- Чакай. Я лiчу, што гэта трэба было рабiць або раней, адразу ж па гарачых слядах... Мы не здолелi тады разабрацца ва ўсiм, наадварот, шмат што заблыталi... Няхай даруюць мне, але я не веру ў аб'ектыўнасць спраў, якiя заводзiлiся ў той час... Або гэта трэба рабiць пазней, калi загояцца ўсе раны... Найдаражэйшая якасць памяцi - забыўлiвасць... Каб нiчога не забывалася, чалавецтва загiнула б. Забыўлiвасць лечыць i раны душы, i раны цела.

- Дзiўная ў цябе фiласофiя! Ведаеш, з якога арсенала?

- Давай, Кiрыла, без арсеналаў. Я думаю пра жывых людзей, пра iх сэрцы, а не пра адносiны памiж дзяржавамi. Хоць у палiтыцы таксама забываюць i варта забываць... Iнакш нiколi б не канчалася варожасць.

- Ты думаеш пра Зосю.

Галiна ўстрапянулася, балюча ёкнула сэрца: "Але, ён думае пра яе. Чаму ён так хвалюецца за яе?" I ў гэты мiг у душу яе ўпала зерне раўнiвай падазронасцi - упершыню да пацыенткi мужа.

Яраш узяў сваю мiсачку, пачаў сёрбаць юшку. Кiрыла кiнуў у касцёр ламачча. Дым пацягнула на жанчын. Яны закашлялiся, але з лавачкi не сышлi. Агонь прытух, i ў цемры нiхто нiкога не бачыў.

- Дык вось што я табе скажу! - гучаў быццам здалёк голас Шыковiча. - Можа, ты забыўся цi хочаш забыцца. У цябе праца не менш гераiчная, чым у падполлi. Навука, ад якой ты шкадуеш адарваць адну хвiлiну на што iншае. Але май на ўвазе, што яна, Зося, нiчога не забыла i нiколi не забудзе. I мiльёны не забудуць. I ты не асцерагай яе ад мiнулага. Яна не баiцца яго.

Галлё з боку Яраша разгарэлася, i агонь асвятлiў яго постаць. Чырвоны ад водблiску полымя, вялiкi i нерухомы, з мiсачкай у руках, ён нагадваў правадыра невядомага племя надзвычай дужых i прыгожых людзей. Галiна, убачыўшы мужа ў такой паставе, адчула новы прыступ страху ад думкi, што можа страцiць яго. Валянцiна Андрэеўна глядзела на Яраша з захапленнем i патаемнай жаночай зайздрасцю.

Ён варухнуўся i няўлоўным рухам чараўнiка кiнуў пустую мiсачку ў цемру.

- Дык i я табе скажу. Слухай. Ты ж не даследуеш падполле ў поўным аб'ёме. Ты - як дэтэктыў. Цябе захапiла гiсторыя аднаго чалавека, яго загадкавая смерць, i ты ўзрадаваўся выпадку знайсцi востры сюжэт.

- Яго ўвесь час хiлiла да дэтэктыва, - сказала Валянцiна Андрэеўна з iскрынкамi смеху ў голасе. Ёй было хораша, весела i хацелася, каб мужчыны паспрачалiся больш горача.

- Але ты нiчога такога не знойдзеш. Цяпер я больш, чым раней, упэўнены, што Савiч не быў нi ворагам, нi героем. Ён звычайны стары лекар, якi хацеў памагаць людзям у любых абставiнах. Iнфекцыянiст, ён баяўся эпiдэмiй, якiя заўсёды прыносiць вайна. Каб сачыць за санiтарным станам роднага горада, пайшоў на службу да акупантаў. Вось табе ўвесь твой дэтэктыўны сюжэт.

Касцёр разгарэўся. Святло яго выхапiла з цемры ладны круг, колькi дубоў, сосен i дзiўна пафарбавала iх: кара сосен пачырванела, а мох на старых дубах стаў што снежны iней- сiвы-сiвы. Над галавой зашамацела лiсце - ад гарачага паветра. Страляў залатымi кулькамi-вугальчыкамi касцёр. Яраш, яшчэ больш пачырванелы, прыўзняўся на руках i адсунуўся далей ад агню. Шыковiч стаяў з другога боку вогнiшча, шырока расставiўшы ногi, заклаўшы рукi за спiну.

- Тое, што ты расказаў, доктар, ёсць найлепшы сюжэт. Але я сюжэтаў не шукаю, май на ўвазе. Савiч абвешчаны здраднiкам. А ты сам сцвярджаеш, што ён сумленны чалавек, няхай сабе i не герой. Дык што ж, па-твойму, пакiнуць яго ворагам? Не паварушыцца, каб даказаць яго сумленнасць, рэабiлiтаваць яшчэ адно добрае iмя, як рэабiлiтаваны iмёны тысяч нi ў чым не вiнаватых людзей?

Шыковiч пачакаў пярэчанняў. Але Яраш маўчаў. Ён згаджаўся. Больш таго, ён не разумеў самога сябе - чаму раптам уздумалася адгаворваць сябра ад такой пачэснай i высакароднай справы? Не, ён бадай што разумеў - чаму, бо думаў пра гэта яшчэ ў бальнiцы. Цяпер, калi Зосi зроблена, ён упэўнены, удалая аперацыя i яна, па сутнасцi, пачне новае жыццё - новае ва ўсiм (аб гэтым ён паклапоцiцца), яму чамусьцi не хочацца, каб хто-небудзь цi што-небудзь вяртала яе да мiнулага. Добра, калi Шыковiчу ўдасца даказаць тое, што хочацца даказаць. Ён, Яраш, упэўнены, што Савiч - сумленны чалавек, сумленны лекар. Але калi не будуць знойдзены дакументы, якiя пацвердзiлi б яго сувязь з падпольшчыкамi, з партызанамi, гэта застанецца толькi яго прыватным перакананнем цi гэткай жа прыватнай думкай Кiрылы. Зосi наўрад цi будзе лягчэй ад гэтага.

- Маўчыш? - пераможна спытаў Шыковiч. - Май на ўвазе, што абыякавасць да лёсу людзей, якiх мы ведалi, з якiмi працавалi, якiя вучылi нас, прынесла вялiкую шкоду ў пэўны час. Так, я паставiў у цэнтры справу Савiча, бо нельга ахапiць усяго адразу. Але, знаёмячыся з дакументамi, я выяўляю ўсё новых i новых герояў. Хiба для гэтага не варта пачыхаць ад архiўнага пылу? Хiба пыл гэты такi шкодны? - наступаў Кiрыла так напорыста i рашуча, што ледзь не ўлез у агонь - наблiзiўся да кастра так блiзка, што яму прыпякло калена. Адступiў, нахiлiўся, каб пагладзiць калена, але як толькi прытулiў нагрэтую штанiну да цела - заенчыў:

- Гару, ратуйце!

Жанчыны засмяялiся. Антон ледзь прыкметна ўсмiхнуўся. Такая раптоўная задумлiвасць яго сур'ёзна ўстрывожыла Галiну.

"Залiшне ён думае пра гэтую Зосю", - падумала яна.

14

У папцы было нямнога дакументаў. Фота ў памер паштоўкi. Спакойны i просты, з шырокiм iлбом i глыбокiмi залысiнамi хударлявы твар чалавека год шасцiдзесяцi. Вось ён якi, Савiч! Шыковiч доўга ўглядаўся ў рысы гэтага твару.