Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 42 из 104

На другiм паверсе, у асобным пакоi, сястра памагла яму надзець стэрыльны халат, шапачку, павязку i палатняныя бахiлы вышэй каленяў. Ён пажартаваў, што ўпершыню ў жыццi падобны на прафесара. Яна не ўсмiхнулася на яго жарт. Правяла па калiдоры, паказала на дзверы:

- Сюды.

У перадаперацыйнай было многа людзей у белых халатах, з ссунутымi на падбародкi маскамi. Але нiхто з iх нiчога не рабiў. Усе чакалi. Шыковiч зразумеў, што гэта такiя ж назiральнiкi, як i ён, - маладыя лекары, практыканты.

Ён пачаў разглядаць iнструменты ў шкляных шафах, будку для стэрылiзацыi з адчыненым акенцам у аперацыйную. Падумаў, як нялёгка вывучыць назвы i прызначэннi ўсiх гэтых iнструментаў - iх тысячы. Хацеў пачуць, што лекары гавораць пра сённяшнюю аперацыю. Але побач з iм малады высокi мужчына, яўна заляцаючыся, шаптаў чорнай тоўсценькай дзяўчыне:

- Клава, махнём пасля абеду ў Палянкi? На кацеры?

- На Будаеў луг. Там пляж лепшы.

Шыковiч абурыўся: вось-вось будзе вырашацца лёс чалавека - жыццё цi смерць! - а яны, чэрцi, пра пляж думаюць.

На яго не звярталi ўвагi.

"Як у лазнi. Усе роўныя".

Жанчына, што сядзела за сталом i нешта занатоўвала ў журнал, паднялася i шырока адчынiла дзверы аперацыйнай.

Кiрыла ўбачыў Яраша. Той стаяў у кутку вялiкай залы, выставiўшы перад сабой да локцяў голыя рукi, нiбы ўзважваючы растапыраныя пальцы. Белiзна яго шапачкi аж ззяла ў святле ранiцы. А святла гэтага, роўнага, ледзь-ледзь падзеленага водблiскам дрэў i шыб, лiлося мора: уся сцяна - шкло.

Незвычайны ў сваёй паставе i адзеннi, велiкан побач з нiзенькiм Майзiсам, якому сястра, як малому, выцiрала салфеткай рукi, галоўны хiрург здаваўся звышчалавекам, богам.

Кiрыла падумаў: "Як можа пераўтварыцца чалавек! Цi той гэта Антон, просты, свойскi, шчыры хлопец?"

Той. Убачыў сябра i кiўнуў галавой, усмiхнуўся зусiм звычайна. Нацягнуў тонкiя гумавыя пальчаткi, падышоў блiжэй да дзвярэй. Сказаў да ўсiх, хто чакаў у перадаперацыйнай:

- Таварышы! Не скажу, што аперацыя незвычайная. Але адказная. Хворай трыццаць шэсць год. Могуць быць любыя нечаканасцi. Прашу: нiякiх каментарыяў. Поўная цiшыня. Каму дазволiў, сядайце тут, - ён кiўнуў на лаўку каля сцяны, адгароджаную шырмай са стэрыльных прасцiн. - Астатнiя глядзяць па тэлевiзары. Калi ласка, - i адступiў убок.

Чалавек сем хiрургаў-практыкантаў, бесцырымонна адцiснуўшы Шыковiча ўбок, хутка i смела прайшлi ў аперацыйную, залезлi за шырму.

"Прабiўны журналiст", можа, упершыню разгубiўся - што рабiць, адкуль глядзець? Але пачуўся голас Яраша:

- Кiрыла Васiльевiч! Заходзь!

Шыковiч нясмела ступiў у "святую святых" медыцыны. Цяпер на яго звярнулi ўвагу. У аперацыйнай таксама было нямала людзей. Маша, у масцы ўжо (праз гэта Кiрыла не адразу пазнаў яе) i ў пальчатках, перакладала на маленькiм столiку блiскучыя iнструменты, быццам лiчыла, цi ўсё ёсць. Яна ўсмiхнулася яму вачамi. Майзiс здалёк памахаў рукой. Гледачы пачалi перашэптвацца: "Хто гэта? Хто?" Яраш наблiзiўся, па-сяброўску падмiргнуў, паўшэптам спытаў:

- Не баiшся?

Кiрыла ў адказ тайком паказаў яму кулак. Гэта быў працяг iх дачнай размовы. Жонка адгаворвала яго iсцi на аперацыю:

"Самлееш ты, Кiрыла, я ж ведаю, як ты баiшся крывi".

"Ну, глупства, самога мяне рэзалi - не млеў".

Галiна Адамаўна, наадварот, падтрымлiвала яго жаданне: "Нiчога страшнага. Яраш жартаваў".

Ён i цяпер засмяяўся:

- Аднак садзiся з краю, на выпадак чаго.

Практыканты пацiснулiся, i Шыковiч сеў за шырмай.



Першае, што ўразiла яго, - гэта спакой сябра. Там, у лесе, каля iх вогнiшча, расказваючы план аперацыi, Антон хваляваўся, бадай, больш i прызнаваўся ў гэтым. А тут - ходзiць, як упэўнены ў перамозе спартсмен. Хоць бы чым-небудзь выдаў сваю ўзрушанасць.

Кiрыла прыкаваў да яго позiрк.

"Не, не можаш ты быць такiм спакойным. На чым-небудзь сарвешся, выдасi сябе".

Аднак нiводная рыска не ўздрыгвае на твары хiрурга. Хiба толькi залiшне пiльна сочыць ён за калегамi i памочнiкамi, якiя таксама даволi спакойна поркаюцца каля апаратаў.

Апараты... Апараты... Розныя. З экранамi. Без экранаў. На калёсiках. З правадамi. Са шлангамi. Кiрыла ўспомнiў Ярашавы "лекцыi" па хiрургii, фразу, якую той аднойчы кiнуў яўна з гонарам:

"Мая аперацыйная цяпер - што цэх".

Сапраўды, што цэх.

Вунь тая зялёная скрынка з лейкай, шкляным балонам, сiгнальнымi лямпачкамi, цi не той гэта апошнi цуд, па якi Яраш ездзiў у Кiеў, - апарат "сэрца - лёгкiя"?

Яраш нешта кажа сваiм памочнiкам. Лекары адказваюць незразумелымi Шыковiчу словамi.

Нечакана адчыняюцца другiя дзверы. Санiтары хутка i бясшумна падводзяць хворую i гэтак жа, да абразлiвасцi хутка, быццам нежывую, кладуць на аперацыйны стол.

А яна жывая. Яна звычайная. Нават прыгожая. Вялiкiя вочы, i ў позiрку iх не страх, а як бы здзiўленне i любаванне ўсiм, што ўгледзела. Зося Савiч! Шыковiч бачыць яе ўпершыню. А вобраз яе ўжо месяц жыве ў яго ўяўленнi - пасля таго як Яраш расказаў пра яе. Дзiўна. Менавiта такой яна i ўяўлялася. Да незапамiнальнасцi звычайная з твару. Маленькая жанчына, спакутаваная жыццём i хваробай... Але ён убачыў больш: схаваную, замураваную пакутамi прыгажосць, абаяльнасць i... мужнасць. Усё гэта цяпер толькi ў яе вачах, у яе позiрку.

Кiрыла ажно прыўзняўся, каб добра разглядзець твар жанчыны. Запомнiць. Цi ўбачыць ён яе, жывую, другi раз?

Яраш, усё такi ж спакойны i велiчны, прыветлiва кiвае ёй галавой. У адказ яна заплюшчвае вочы: маўляў, я ўсё разумею, не турбуйцеся, я на ўсё гатова. Нiчога не сказаўшы, ён адыходзiць. Працягвае рукi Машы. Яна спрытна сцягвае пальчаткi i накрывае яго вялiкiя рукi салфеткай. Ён садзiцца. Ён адпачывае. Можа, апошнi раз прадумвае план аперацыi. А яго памочнiкi - лекары i сёстры не вельмi каб спешлiва падключаюць да хворай датчыкi апаратаў: пад спiну, да галавы, да рукi, да нагi... Правады, шлангi звiсаюць над сталом. Шыковiчу чамусьцi больш за ўсё кiнуўся ў вочы i запомнiўся маленькi апарацiк, якi надзелi Зосi на левае вуха. (Пасля ён даведаўся, што гэта аксiгемометр прыбор, якi вызначае насычанасць крывi кiслародам.)

Яраш расказваў яму пра назначэнне многiх апаратаў. Але цяпер у галаве ў Шыковiча ўсё пераблыталася. Ды прыборы i машыны яго нiколi не цiкавiлi. Цiкавяць людзi. Цяпер больш за ўсiх яна, Зося. I лекары. Здавалася, злачынна павольна яны ўсё робяць. Хiба можна ў такi момант быць такiмi марудамi? Хацелася крыкнуць Антону: "Чаму ты ўсеўся, як Буда? Падганi iх!"

У самога яго ўсё часцей i мацней б'ецца сэрца. Ён амаль пачынае дрыжаць ад хвалявання i нецярплiвасцi: хутчэй, хутчэй! Нарэшце Майзiс, першы асiстэнт, кiдае:

- Гатова, Антон Кузьмiч.

Толькi ў гэты мiг блiскае ў шырока расплюшчаных вачах Зосi iскра страху. Шыковiч ловiць гэтую iскру. Невядома, што робiцца ў яе хворым сэрцы, але яго сэрца пачынае грукацець так, што ўдары аддаюцца ў скронях, у руках, у паху ва ўсiм целе.

- Наркоз! Вера Паўлаўна! - устае з табурэцiка Яраш.

Секунды - i павекi хворай цяжка апускаюцца. Яна засынае.

Над сталом загараецца велiзарнае кола бясценевай лямпы. Нехта адкiдвае прасцiну, i Шыковiч бачыць яе грудзi, залiтыя яркiм святлом, зусiм дзявочыя, па кулачку, - узгорачкi з ружовымi маячкамi на вяршынях.

Яму робiцца няёмка, як бывае няёмка глядзець на голую нябожчыцу. Ён пераводзiць позiрк на Яраша. Той падыходзiць да стала, хвiлiну пiльна глядзiць на хворую i раптам праводзiць пальцам пад левай груддзю, потым - ад падложачкi пад паху.

Вось так ён распаласуе ёй грудзi? Шыковiчу робiцца страшна. Дарэмна ён храбрыўся!

Скiраваць увагу на што-небудзь другое!

Шчоўкаюць апараты. На адным экранчыку бяжыць блакiтная стужка, як тая змейка ў бажоўскiм сказе. На другiм - маланкi, то ўзлятаюць, то падаюць, пiшуць ломаную крывую. Не, не адарвацца яму ад рук хiрурга! А ў гэтых руках ужо электраскальпель.

Шыковiч зажмурваецца, уявiўшы, як пырсне кроў, залье халаты лекараў, прасцiны. Але храбрыўся ён дарэмна, крывi ён сапраўды баiцца. Вочы падаюць на падлогу, на Машыны i Майзiсавы ногi ў белых панчохах. Нешта цiха патрэсквае, нiбы рвецца тканiна. Трэск мацнее. Пахне крывёю. Ён доўга баiцца глянуць на стол.