Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 28 из 104

Шыковiч працаваў у сховiшчы, якое змяшчалася ў склепах былога аддзялення банка. Прасторныя сухiя склепы. У першы пасляваенны год камсамольцы разабралi банкаўскiя руiны i са старой цэглы на месцы трохпавярховага будынка змуравалi невялiкi аднапавярховы асабняк. Рэканструкцыя горада не кранула яго, бо стаяў ён у глыбiнi двара, пасярод квартала. Наперадзе вырас чатырохпавярховы дом. А гэты белы домiк стаяў у абкружэннi таполяў. Пасаджаныя ў сорак пятым годзе, яны разраслiся ў густы цянiсты сквер i ўсё навокал засыпалi пухам квеценi.

Шыковiч пайшоў да Сыраквашкi. Праз акно ўбачыў: стары ў белай кашулi сядзеў за сталом i, паглыблены ў працэс творчасцi, пiсаў, па-дзiцячы высалапiўшы кончык языка. Зрэдку нешта шаптаў. Кiрыла любiў назiраць людзей, калi яны заставалiся самi з сабой. Чалавек у такiм стане часта ператвараецца ў дзiця, нават тады, калi заняты сур'ёзнай працай. Шкада было турбаваць гэтага добрага дзядулю. Тым больш што Шыковiч за тыдзень ужо вывучыў: раней чым дазволiць зайсцi, Сыраквашка схавае ў шуфляду свой рукапiс, быццам ёсць нешта злачыннае ў тым, што ён пiша. Сустрэне нахмураны, незадаволены.

Так i здарылася.

- Што ў вас там яшчэ? - буркнуў загадчык архiва, зачыняючы шуфляду на ключ.

- Мiна Азаравiч, скажыце, калi ласка, якая ў вас сiстэма падбору дакументаў? Вось на гэтым некалькi нумароў. А цi не сказана дзе-небудзь у вопiсу, хто пiсаў гэты дакумент? Чаму ён трапiў у гэтую папку, а не ў якую-небудзь другую?

Сыраквашка ўзяў папку, прачытаў напiсанае i лёгка свiснуў, ён адразу зразумеў, чаму Шыковiча зацiкавiла гэтая маленькая паперка.

- Тут яна, брат, ляжала першапачаткова, тут мы яе i пакiнулi. А хто яе пiсаў - гэта трэба ўстанавiць.

- Як?

- Самы просты спосаб - па почырку. Шукай гэты ж почырк.

Шыковiч спусцiўся ў сховiшча i перагартаў усе дакументы брыгады перапiсаныя ад рукi зводкi Саўiнфармбюро, загады, рапарты, радыёграмы, данясеннi сувязных, "баявыя лiсткi", пiсьмы, нават iнтымныя. Такога почырку больш не сустрэлася. Ён пакiнуў архiў расчараваны.

А калi прыйшоў сёння ранiцай, Сыраквашка сустрэў яго ў скверыку. У старога быў таямнiча-задаволены выгляд. Але сказаў ён толькi ў сваiм кабiнеце:

- А ў мяне для вас ёсць падаруначак, Кiрыла Васiльевiч. Я, здаецца, устанавiў, хто пiсаў той дакуменцiк. Пракоп Варава, першы камiсар атрада iмя Чапаева.

Шыковiч зразумеў, што заразiў загадчыка архiва сваiмi пошукамi, што Сыраквашка стаў яго лепшым памочнiкам. Нялёгка было ў сотнi папак адшукаць другую паперку, напiсаную тым жа почыркам. Мабыць, да позняй ночы сядзеў чалавек у сховiшчы, слепячы пры электрасвятле стомленыя слабыя вочы. Але калi Шыковiч горача падзякаваў яму, Мiна Азаравiч збянтэжыўся, як дзяўчына.

- Што вы, Кiрыла Васiльевiч! Мой абавязак. Агульная справа. Вам трэба дзякаваць, што ўзялiся за такую працу.

"Дзiўнае пакаленне! - падумаў Шыковiч, любуючыся на старога камунiста. Якая адданасць справе! Я ўчора ўвечары купаўся, лавiў рыбу, а ён вось сядзеў, шукаў..." - i яму нават зрабiлася нiякавата.

Вараву Шыковiч помнiў па кнiзе Гукана. Там яму адводзiлася некалькi старонак як аднаму з арганiзатараў партызанскага атрада iмя Чапаева, якi потым вырас у праслаўленую брыгаду. Гэта быў цiкавы чалавек. Дырэктар кандытарскай фабрыкi, ён яшчэ да акупацыi мясцовасцi пайшоў у лес, стварыў атрад. Камандаванне атрадам Варава пасля перадаў маёру-акружэнцу, а сам застаўся камiсарам. Дык вунь з кiм звязаны гэты таямнiчы Доктар! Чапаеўцы базiравалiся няблiзка, кiламетраў за семдзесят ад горада, у Клiмаўскiм лесе. У розныя бакi i па розных лiнiях iшлi сувязi падпольшчыкаў з партызанамi.

Шыковiч з нецярплiвасцю чалавека, якi вось-вось дасягне мэты, пачаў праглядаць дакументы гэтай брыгады. Чытаў, захапляўся: якая крынiца сюжэтаў! Якiя характары вырысоўваюцца з гэтых скупых звестак аб людзях! Але дзiўна пра сувязi з людзьмi горада часта ўспамiналася, аднак нiводнага канкрэтнага дакумента няма, не называецца нiводнае сапраўднае iмя. Пра Доктара даследчык знайшоў яшчэ адзiн толькi ўспамiн. Цiкавы i арыгiнальны. У расшыфраванай запiсцы ўсё той жа сувязной Марусi. Яе рукой было напiсана:



"Добры дзень, цётка Параска!

Паведамляю, што яйкi твае 43 штукi, 4 кг парэчкi, 1 кг масла, 2 лiтры смятаны я прадала. Узяла 180 марак, на нашы грошы гэта 1800 рублёў. Купiла 7 кавалкаў мыла i 3 катушкi нiтак. Бульбу 12 кг аддала дзядзьку Карнею, ён паабяцаў пашыць табе сак. Кланяецца ён усiм нашым нiзка, а таксама цётка Наста. Яна хворая, у яе грыжа. Будуць рабiць аперацыю. Дзядзька прыедзе на тым тыднi, у сераду. Мяне з работы не адпускаюць да 24.

Цалую. Твая пляменнiца Маруся".

Унiзе гэтай пажаўцелай пакамечанай паперкi рукой Варавы напiсаны спачатку лiчбы:

"34, 14, 82, 08, 37, 21,

42-17, 9, 81, 93.

Доктар перадаў: шаснаццаць чалавек вывезены за горад у сераду. Сустракайце ў лесе каля Карнееўкi, суправаджае Насця. Разведчыкаў расстралялi. Вечная слава вам, дарагiя мае хлопчыкi!"

Шыковiч убачыў па лiтарах, як задрыжала рука мужнага, энергiчнага, вынаходлiвага чалавека - Варавы, калi ён пiсаў гэтыя апошнiя словы, што вынiклi не з кода, а вырвалiся з сэрца: "Вечная слава вам, дарагiя мае хлопчыкi!"

Такой была барацьба, пра якую мы пачынаем забываць!

Асцярожнасць, хiтрыя коды, ключы да якiх наўрад хто знойдзе цяпер... I ўсё адно правалы, смерцi. Вораг быў таксама хiтры i каварны. Але нiшто не магло зламаць такiх, як Варава, як Маруся. Загiнулi разведчыкi - на iх месца пайшлi Маруся i Насця!

"Абавязкова напiшу пра iх", - вырашыў Шыковiч, седзячы ў задуме над гэтым дакументам.

Але хто яны, гэтыя дзяўчаты? Жывыя цi загiнулi? I хто такi Доктар? Адно чапляецца за другое. Але няма нi пачатку, нi канца. Трэба шукаць! Аднак дакументы далi ў гэтым сэнсе нямнога. Яшчэ адна запiска Варавы:

"Сяргей! Скажы Камарэнку, гэтаму чортаваму эскулапу, што, калi ён не аддасць Люцiкаву частку тых нямецкiх лякарстваў, якiя прыслаў "Хiрург", я яго расстраляю за невыкананне загаду. Жыла ён, iндывiдуалiст, сукiн сын!"

Лякарствы, якiя прыслаў "Хiрург"... Не Доктар, а "Хiрург". Але словы "доктар" Варава двойчы напiсаў без двукосся, а "хiрург" узяў у двукоссе. А калi меркаваць па ўсiм iншым, камiсар атрада быў акуратны i даволi пiсьменны чалавек. Дык як гэта зразумець, чаму ён па-рознаму пiсаў падпольныя клiчкi? Вельмi можа быць, што маецца на ўвазе адзiн i той жа чалавек. Але Доктар гэта для яго, Варавы, для Марусi, для вузкага кола тых, хто ведаў асабiста i трымаў сувязь з падпольшчыкам. "Хiрург" - для ўсiх другiх, напрыклад для лекара атрада Камарэнкi. Лякарствы мог прыслаць, безумоўна, толькi лекар цi аптэкар.

Ад доўгага чытання i напружаных думак у Шыковiча забалела галава. Не, даволi дакументаў! Гэта не яго стыхiя. Трэба шукаць жывых чапаеўцаў, яны скажуць больш. Ён выпiсаў з дакументаў дзесяткi прозвiшчаў. Дзе гэтыя людзi? Варава загiнуў у вераснi сорак другога... Красянкоў, камандзiр атрада, быў адклiканы ў Маскву. У папцы ёсць радыёграма Цэнтральнага партызанскага штаба. Дзе ён цяпер? Другiх чапаеўцаў ён, Шыковiч, не ведае. Як не ведае! А Гукан? Праўда, Сямён Парфёнавiч прыйшоў туды значна пазней, у пачатку сорак трэцяга, калi ўжо была сфармавана брыгада. Але камiсар мусiць ведаць пра тыя сувязi, якiя наладжвалiся атрадамi, што склалi брыгаду! Чаму ж Гукан нiчога не расказаў яму, калi яны працавалi разам, нi пра Доктара, нi пра "Хiрурга", нi пра Марусю? I нiчога не напiсаў у сваёй кнiзе. Малазначныя факты? Можа, толькi яму, Шыковiчу, чалавеку з фантазiяй, яны здаюцца цяпер незвычайнымi. А можа, тады, дзесяць год назад, не пра ўсё можна было пiсаць? Ва ўсякiм разе, як бы там нi было, а трэба пачынаць з Гукана. Пагутарыць шчыра, па-сяброўску. Выказаць свае сумненнi i здагадкi. Папрасiць парады. Урэшце, ён разумны чалавек i сам, напэўна, добра разумее, што ў кнiзе яго многа недакладнасцей, прабелаў i што любая добрасумленная праца цяпер, пасля XX з'езда партыi, больш аб'ектыўна асвятлiць той цi iншы бок усенароднай барацьбы з фашызмам.