Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 13 из 15

— Што, матуля, у іх сапраўды не было?

— Вядома, было. Але за многія стагоддзі ўладары спалілі амаль усе іхнія кнігі. А тыя, што зберагліся, трэба было шукаць. Магчыма, нават гады. А шукаць не было часу. Год ці два вырашалі пытанне аб тым, жыць народу ці не. I гэты вучоны (яго звалі Ганка) пачаў шукаць.

— Знайшоў?

— Ну, вядома, калі чалавек вельмі хоча, — збываецца ўсё: дружба, каханне, рух зняволеных… Так і ён знайшоў спачатку адзін вельмі старажытны рукапіс, а потым і другі. I гэта былі кнігі такой паэтычнай сілы, што ўся Чэхія ажыла духам. Яны адкрылі сваю кнігу, такую паэтычную і такую старажытную. Дзе ім было цяпер слухаць немцаў, якія пераконвалі іх у тым, што чэхі толькі вечныя пазычальнікі чужога! I чужых вучоных ніхто не стаў слухаць, хоць яны і лямантавалі аб тым, што абодва рукапісы — падробка. Паэты пачалі пісаць вершы, музыкі — ствараць сваю музыку, вучоныя — шукаць другія старажытныя кнігі. I выявілася, што варта было ўзяцца за справу ўсім — і адразу знойдуцца сотні і тысячы прыгожых старых кніг. I галасы фальшывых вучоных змоўклі. I Чэхія стала Чэхіяй.

— Мама, а гэта былi сапраўдныя рукапiсы?

Маці заплюшчвала вочы і ўсміхалася. І лепш за гэтую ўсмешку не было нічога.

— Не варта было б казаць табе пра гэта, Андрэйка. Але рукапісы Ганкі былі сапраўды геніяльнай па таленту і паэзіі падробкай. З легенды не выкінеш слова.

— Несумленна.

— Ты яшчэ дурненькі. Несумленна забіць чалавека, здрадзіць, абакрасці яго. А Ганка проста ведаў, як цяжка — часта проста немагчыма — абудзіць народ, калі ён засне… I ён вельмі любіў.

Так казала маці.

А калі яна паглыблялася ў свае думкі, працавала ці чытала, — заставаўся яшчэ сад са старымі разлатымі яблынямі, адхон да Дняпра, увесь гарадок на берагах вялікай ракі, гарадок з мрэючымі пад сонцам ліпамі, з новым — "лепшым у рэспубліцы!" — кінатэатрам, з ціхімі завулкамі і зграбным купалком старажытнай царквы Міколы, адкуль некалі пачалося паўстанне горада супраць епіскапа і караля.

I яшчэ была Алёнка Століч, дзяўчынка адзінаццаці год.

Знаёмства з ёю пачалося раней. Яна аднойчы вельмі плакала на беразе ракі ад нейкай крыўды. Ён, яшчэ малы, не вытрымаў, украў з буфета вялізны — з кулак дарослага мужчыны — кавалак цукру і прынёс ёй. Яны хутка, кусаючы па чарзе, абгрызлі гэты кавалак да такой круглаты, што нельга было ўчапіць зубамі. Давялося кунаць яго ў ледзяную ваду прыбярэжнай крынічкі. Цукар лёгка паддаўся зубам, проста з яго цякла ў рот ледзяная, вельмі салодкая вадкасць.

Яны хутка прыкончылі кавалак, і рагі ад слёз высахлі на шчоках Алёнкі, змяшаўшыся каля рота з бруднымі пісягамі — ад цукру і запэцканых далонек.

Усё гэта было даўно. Ён заўжды абараняў яе. Дзіўна, але Андрэй ніколі не баяўся кепікаў наконт "жаніха і нявесты", якія строілі хлопцы, адказваў на іх словам, а часам і кулакамі. Не саромелася нічога і яна. Яны паўсюль хадзілі разам, рука да рукі, і асабліва палюбілі бываць на адхонах Дняпра, зарослых такімі густымі садамі, што нават у спёку там былі вільгаць і холад.

Яны стаялі, успёршыся на балюстраду, перад імі плавілася ў сонцы рака, і здалёк, з царквы Купальніцкага манастыра, якая пакуль што яшчэ была адкрыта, даляталі па вадзе далёкія, зусім шкляныя ўдары званоў.

Гэтую дзіцячую ідылію перарвалі грымоты страшнай буры.

Бацькі Андрэя не паспелі звакуіравацца: горад бамбілі ў першую ж раніцу, а потым, вельмі хутка, насунуўся фронт…

Далей падзеі мільгалі, як у калейдаскопе.

Адзін з першых партызанскіх атрадаў у Асінавецкіх лясах. Маці — медсястра, бацька — падрыўнік і разведчык. Страшэнныя баі. Дарэмныя спробы сілай чатырохсот дрэнна ўзброеных людзей спыніць хоць частку навалы. Потым — блакада.

Двух хлопцаў-разведчыкаў, якiя пайшлi шукаць выйсця, схапiлi i расстралялi ля сцяны фельдкамендатуры.

Стала ясна, што даросламу не пралезці праз шчыльнае кальцо.

I тады бацька прыйшоў да маці ў яе «медпункт» — дзве прасціны, нацягнутыя пад сасной, — загадаў прывесці Андрэя, доўга маўчаў, гледзячы на яго прасветленымі вачыма, а потым сказаў жонцы:





— Ну вось, ты яго гераізму і самаахвярнасці вучыла… цяпер, хоць зарана, прыйшоў і яго час…

Голас бацькі гучаў іранічна і злосна, але маці ўсё зразумела.

Страшэнна збялелая, яна глытнула нешта і, гледзячы ўбок, сказала:

— Не прыкідвайся іранічным. Я ад сваіх слоў не адмаўляюся. Ён моцны і разумны… I ён мой сын.

Яна акінула позіркам ладную постаць Андрэя, глянула ў не па-дзіцячы сур'ёзныя вочы. Веі яе задрыжалі. Яна дадала:

— I ён будзе вельмі асцярожны.

I Андрэю пашанцавала там, дзе не пашанцавала двум хлопцам. Яму ўдалося прайсці праз заслоны ў вёску Ражкі і прывесці адтуль дзеда-правадніка, які ведаў другі выхад праз дрыгву, да якой іх прыпёрлі.

Потым было адступленне праз агонь, дзесяткі плытоў з людзьмі, якія плылі па віруючай вадзе Дняпра, торкаючыся ў розныя бакі паміж соцень узрастаючых і зноў чэзнучых вадзяных слупоў.

Потым Андрэя з другімі дзецьмі перакінулі з першым самалётам праз лінію фронту: з вышыні ён здаваўся такім прыгожым ва ўспышках зенітак і рознакаляровых радках трасіруючых куль.

Затым была Масква напярэдадні першай зімы: сляпыя вокны, сінія лямпачкі ў пад'ездах, ямы на аколіцах, абстракцыянісцкая мазаніна на плошчах, мазаніна, што павінна была ашукваць самалёты ворага.

А па начах пранізлівае выццё сірэн. Андрэю здавалася, што гэта апошні марсіянін у адчаі крычыць на вуліцах мёртвага горада.

Дзіўна, але хлопец, у мінулым пяшчотны і ласкавы, як дзяўчынка, не баяўся ні сірэн, ні бамбёжак. Ён стаў вельмі строгі, і на шчоках, зусім не па-дзіцячы, выявіліся падсохлыя ад суровасці мускулы.

Ён думаў, што яго бацькі забітыя. Пасля Масквы была эвакуацыя з дзіцячым інтэрнатам. Сіні ад снягоў паўночны Урал. Андрэй ехаў туды з непахісным рашэннем уцячы пры першай магчымасці. Ён не хацеў быць з іншымі, ён быў партызан, сірата, ён быў сам па сабе.

Словам, гэта быў лёс многіх дзяцей яго пакалення.

Толькі сам ён зусім не быў дзіцём і таму не хацеў дзяліць іхні лёс, не хацеў быць падобным да іх. Хутка гэта выявілася.

Знайшліся людзі, што і ў інтэрнаце паспрабавалі абкрадваць давераных ім дзяцей. Большасць з «давераных», напэўна, абмежавалася б бурчаннем пазавуголлю. I ўсё ж у інтэрнаце ўспыхнуў бунт, на чале якога стаяў былы мамчын сынок і «цюця» — Андрэй Грынкевіч.

Бунт, вядома, быў падаўлены лёгка. Перад начальнікам інтэрната стаяў чалавек, не па гадах развінены хлапчыска, маленькае ваўчаня, сэрца якога жадала толькі аднаго: справядлівасці. I за гэтую справядлівасць прымітыўна, па-дзіцячы і, значыць, адзіна правільна зразуметую, ваўчаня гатова было біцца да зубоў. Гэта было так лёгка і так па-чалавечы проста зразумець. I начальнік "зразумеў".

Андрэя пакінулі на два дні без абеду — ён не ўзяў нават хлеба і вады. Не ўзяў і на трэці дзень. На чацвёрты дзень яму далі падвойную норму — ён не ўзяў нічога, ён не хацеў хлеба з нячыстых рук.

Яму пагражала калонія, і таму ён уцёк. Ён уцякаў на фронт двойчы, і аднойчы яго вярнулі з-пад самай Рузы. У адной са сваіх эскапад ён наеўся жыта, якое ляжала ў адкрытай платформе і ўкрылася ўжо зялёным кілімам парасткаў. Страшэнны панос ледзь не адправіў яго на той свет.

Калі яго другі раз вярнулі ў інтэрнат, ён даведаўся, што яго бацькі жывыя, што іх таксама перакінулі праз фронт, што яны жывуць у Орску. Моцны, загартаваны падлетак, які нават біцца прывучыўся моўчкі, па-мужчынску, раптам зразумеў, заўчасна пасталеўшы, што дарогі на фронт яму, па маладосці год, заказаны, і… змірыўся. Гэтаму ўзрадаваліся ўсе, усе, хто дрэнна яго ведаў.

Два месяцы ён сумленна і моўчкі працаваў і вучыўся, а потым, падрыхтаваўшыся, уцёк, на гэты раз назаўсёды.

Без дакументаў, без пропуску ён схітрыўся дабрацца да Кунгура (татары, што везлі яго праз тайгу, узялі за гэта бохан хлеба — палову яго запасаў), а потым, праз Чэлябінск і Свярдлоўск, даехаць да Орска. I толькі тут, калі маці пасля ўсіх здзіўленняў і пацалункаў пайшла гатаваць яму нешта на вячэру, ён не стрымаў адзінай за паўтара года слязы.