Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 11 из 15



Выраз нездавальнення знік з твараў. Бязладнае "ўра!" многіх галасоў пакацілася калідорам.

Вайвадс узяў з рук Грынкевіча вузкі канверт, прыціснуў яго да грудзей. Вочы яго блішчалі:

— Хлопцы, я вельмі… я вельмі. Словам, я запрашаю ўсіх у свой пакой выпіць са мною трошкі віна.

— Што ты, хлопча, — сказаў кудлаты, — позна ўжо. Мы лепей заўтра адзначым. Згода?

— Згода, — хітнуў галавою Вайвадс.

Галовы пачалі знікаць у дзвярах. Калідор стаў пустым і гучным. Два сябры стаялі і глядзелі ў вочы адзін аднаму.

Яны былі вельмі непадобныя адзін на аднаго — беларус і латыш. Беларус — высокі, хударлявы, з выразнымі, вельмі пластычнымі рухамі, з непрыгожым тварам, які прыкрашвалі толькі глыбокія вочы пад цёмнымі бровамі. Латыш — ніжэйшы за яго, каржакаваты, з белым тварам і таўставатымі вуснамі. Вочы — блакітныя і вельмі ясныя. Валасы жоўтыя і мяккія, як лён, яўна пачыналі радзець. Выгляд надта сялянскі, але незвычайна добры і мілы.

— Пойдзем да мяне, Андрэй, — сказаў Вайвадс, — вып'ем на радасцях бутэльку вiна, пагамонiм.

Твар яго аж ззяў ад шчасця.

— Чакай, Яніс, — голас Грынкевіча, калі той не крычаў, быў мяккі і даволі ціхі, - я думаю, што нам трэба на якую гадзіну расстацца. Усё адно, відаць, мы ў гэтую ноч не заснём. Але ты спачатку не пра бутэльку думай, а пра жонку. Сядай, брат, і за гадзіну напішы ёй доўгі, вельмі добры ліст. Пра ўсё напішы. I як мы з табою апельсіны сёння на праспекце сеялі. I пра начны марш па калідоры. А я да цябе зайду праз гадзіну, тады і пагамонім.

— Бадай што, твая праўда, — сказаў Вайвадс. — А ты што рабіць будзеш?

— Я да Марыі Крат на хвіліну зайду.

— Чаго гэта сярод ночы?

— Непакоiцца будзе. Я з апоўдня бы ў палонку юкнуў, не зайшоў, не сказаў — куды.

— Ведаеш што, — суха сказаў Яніс, — ты мне друг, і я, на правах друга, карыстаюся прывілеяй казаць табе праўду і толькі праўду. Не падабаецца мне ўся гэтая гісторыя, вось што.

— Чаго раптам?

— Яна не тая, якая табе патрэбна.

— Думаеш, я сам гэтага не ведаю, — з усмешкай сказаў Грынкевiч.

— Дык ты, можа, і ажаніўся б з ёй?

— Мне, брат, амаль усё адно, з кім ажаніцца… Вось сын у яе цудоўны. Як прыязджае — цэлымі днямі з ім дурэў бы… Зіркаты такі, вясёлы. I мяне вельмі любіць. Каб можна было, — узяў бы аднаго сына, без яе.

— Сваіх заводзіць трэба, блажэнны, — сказаў Вайвадс.

— Э-ех, брат, нічога ты не ведаеш, — уздыхнуў Андрэй.

— Дык вось ты мне і раскажы.

— Раскажу. Сёння ты ўсю душу мне разварушыў. Раскажу… пасля.

— I ўсё ж я не хадзіў бы.



— Зайду, — сказаў Грынкевiч, — праз гадзiну.

Вайвадс паглядзеў у спіну Андрэю, з дакорам пахітаў галавою і адчыніў дзверы з нумарам 171. Грынкевіч адышоў крокаў з дзесяць і спыніўся перад дзвярыма з нумарам 170. Адамкнуў стандартным ключом дзверы, зайшоў да сябе.

У маленькай пярэдняй з дзвюма шафамі ў нішах скінуў палітон, павесіў капялюх і, прыгладжваючы далонямі густы, вельмі мяккі каштанавы чуб, прайшоў пад паўаркай у свой пакой.

Пакой быў абстаўлены так, як можна абставіць чатырнаццаць квадратных метраў, ды яшчэ з густам і фінансамі каменданта будынка. Круглы стол, некалькі крэслаў, ложак з панцырнай сеткай, шыфаньер, пісьмовы стол у куце, ля вялікага акна, і мяккае крэсла ля яго.

Астатняе залежала ўжо ад густаў жыхара. Ложак засцелены дывановым пакрывалам. На шыфаньеры бронзавы званар б'е ў звон. На пісьмовым стале, акрамя паперы, два гравіраваныя партрэцікі: Максім Багдановіч і Блок. Ды яшчэ дзве латышскія забаўкі: гліняны мядзведзь нясе вулей і драўляны, бачоначкам, піўны куфаль з вечкам, трохі больш напарстка. Над сталом невялічкая рэпрадукцыя з "Сіксцінскай мадонны". Аскетычна голыя сцены ўпрыгожвала яшчэ толькі адна рэпрадукцыя "Блакітнай галавы" Паўля Клее. Вайвадс у вясёлы час двойчы пераварочваў яе дагары нагамі, казаў, што ўсё адно нельга разабраць, што там да чаго і што так нават выразней. Шуфляды стала былі напхатыя паперамі, сшыткамі, а ў верхняй шуфлядзе, пустой, ляжала фотакартка маці і самая вялікая яго каштоўнасць — выцвілы, пабляклы дагератып Кастуся Каліноўскага. Срэбра стала вясёлкавым, і заўважыць вобраз можна было толькі гледзячы збоку.

Грынкевіч узяў з ложка букет мімозы, выйшаў і спусціўся па сходах паверхам ніжэй. Там спыніўся ля адных дзвярэй, выцягнуў з кішэні маленькі ключ ад французскага замка і, пастаяўшы хвіліну, адчыніў дзверы і зайшоў. Калі ён стаяў з прыплюшчанымі вачыма і зараз — на твары яго нічога нельга было заўважыць, акрамя нуды і звычайнага суму.

Пакой быў такі самы, толькі, па-жаночаму, больш утульны, хоць утульнасць была з цыганшчынай. Слабае святло начніка асвятляла ражок стала і ложак. На ложку, раскінуўшы валасы па падушцы, спала жанчына.

Грынкевіч паставіў букет у вазу на стале, сеў у крэсла і задумаўся, гледзячы на спячую. Халодны твар, веі злёгку ўздрыгваюць у сне, светлыя валасы ляжаць на падушцы. Тонкая коўдра лёгка ўздымаецца на грудзях. Твар у сне добры, з усмешкаю і… чужы. Быццам гэта не яна стала яму блізкай.

"А што, сапраўды, нас звяло? — спытаў сябе Андрэй. — Бадай што, нічога. Няма таго, вялікага, што было з Алёнай… I ніколі не будзе. Ні з кім…"

Ён горка ўсміхнуўся ў паўцемры.

"Што звяло? Шкадаванне да яе, чыё жыццё склалася так няўдала, любоў да яе сына, цудоўнага маленькага чалавечка… Ну, яшчэ абыякавасць да таго, з кім ідзеш. Таму што з усімі аднолькава… I яшчэ боязь пустэчы поруч з сабой".

Жанчына варухнулася, святло ўпала ёй на твар. Грынкевіч асцярожна паправіў абажур. Зноў задумаўся.

"Хіба ў аднаго мяне так? Яна ў тым-сім нядрэнная жанчына, у меру добрая — для тых, каго любіць, — часам даверлівая ад недалёкасці. Дрэнна толькі, што апошнім часам яна яго бязглузда, па-дурному, раўнуе. Дарэмна. Не паграшыў пакуль што ні ўчынкам, ні позіркам. Жанчыны, наогул, бываюць дурнымі ў рэўнасці: не ведаюць, што калі мужчыну ўвесь час беспадстаўна раўнаваць, то ён нарэшце можа сапраўды пусціцца ва ўсе цяжкія грахі, - "калі ўжо раўнуюць, дык няхай хоць недарэмна". Вось і гэта: пачала з жартоўнай рэўнасці, потым уцягнулася, і зараз ёй сапраўды здаецца, што кожная сустрэчная жанчына толькі і думае, каб зрабіць замах на мяне. Дурная. Таму дурная, што няма куды мне ад цябе ісці. Не таму, што кахаю — кахання ў мяне якраз і на шэлег няма, — а таму, што ўсё адно. I любоў да твайго хлопца, і проста лянота не дазволяць мне пайсці ад цябе".

Ён узяў кавалачак паперы, накрэмзаў на ім некалькі слоў, паклаў на крэсла каля ложка і накіраваўся да дзвярэй.

"I ўсё ж гэта гнюсна, вось такое звыклае i халоднае сяброўства. I нiякiя апраўданнi, што ты жывы чалавек, — не дапамагаюць".

Гэтая бязлітасная думка мільганула ў яго галаве толькі на імгненне. Потым ён асцярожка зачыніў за сабою дзверы, падняўся на свой паверх і пастукаў у пакой Вайвадса.

Яніс стаяў ля пісьмовага стала, перачытваў скончаны ліст. На стале стаяла ўжо халасцяцкая вячэра: каўбаса, сыр, хатняя вяндліна, кафейнік з чорнай кавай. Да ўсяго гэтага — з выпадку свята — сёння была дабаўлена бутэлька сухога віна і паўбутэлькі рыжскага бальзаму, які сябры, як існыя маладыя варвары, не дабаўлялі ў каву, а пілі проста так.

— Чакай, — сказаў Яніс, — я зараз.

Андрэй сеў ля стала і стаў глядзець на нехлямяжы, вельмі мяккі і добры твар.

З Янісам яны, прыехаўшы ў інстытут, пасябравалі не адразу. Толькі потым, калі аднойчы Грынкевіч абмовіўся, што ён з Віцебскай вобласці, Яніс здзіўлена сказаў:

— А мы былой Віцебскай губерні. Тады мой край называлі, здаецца, "інфлянты". Я латыш, з Латгаліі… I наш Райніс адтуль.

З таго часу "землякі" пачалі прыглядацца адзін да аднаго. Уважліва прачыталі вершы. Вершы абодвум спадабаліся.

Так ішоў час, і зараз яны ўдвух нават жылі камунай, маючы ўсё агульнае. Вайвадс, як больш гаспадарлівы, быў загадчыкам забеспячэння. I ўвесь час яны былі разам. Баранаўскас, які добра ведаў беларускую мову, бо жыў ля самай мяжы Беларусі з Літвою, часам бурчаў:

— Такая дружба, што сарочку няма калі перамяніць.