Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 21 из 50

Кроплi вады зiхацелi на плячах Вайдаша. Ён сядзеў на беразе рэчкi, адкiнуўшы ўбок ручнiк. Галя падышла да яго, абняла, прытулiлася вуснамi да ягонага твару.

— Памятаеш, я рабiла так, як была яшчэ школьнiцай? — прашаптала яна. Тады мне не было сорамна, а цяпер…

— Што цяпер? — пагладзiў яе па валасах Дуброўскi.

— Я кахаю цябе! — заглянула яна яму ў твар. — Я казала пра гэта табе заўсёды, калi была малая, але цяпер я кахаю цябе па-iншаму…

— I за iншага выходзiш замуж.

— А хiба ты прапаноўваў мне? — здзiвiлася тая. — Скажы, ты кахаеш каго-небудзь? — трымала яго за руку Галя.

Дуброўскi ўздыхнуў, усмiхнуўся, гледзячы на тоненькую, быццам бярозка, маленькую, дапытлiвую i непасрэдную Галю, i адказаў:

— Пакуль не…

— Я прашу цябе, не кахай нiкога, дай мне дарасцi да цябе! — з запалам папрасiла дзяўчына.

— Я наогул нiкога не кахаю…

— I мяне? — наiўна папыталася Галя.

— I цябе. Я ж ужо гаварыў пра гэта…

Ён павярнуўся, каб пайсцi.

— Пачакай! — у вачах у Галi застылi слёзы. — Ты ж казаў, што любiў мяне, як сястру… А цяпер што, нiчога нават ад гэтага не засталося?

Дуброўскi маўчаў.

— На што мне тады спадзявацца? — упарта дапытвалася Галя. — Вучыцца, рабiць кар'еру, каб у трыццаць гадоў мне сказаў: "Не!"

— Галя, — разважлiва, па-сяброўску ўсмiхнуўся Дуброўскi, — трыццаць — гэта яшчэ не старасць. А што далей будзе, адзiн Бог ведае. Я i сам не ведаю, што я скажу табе, калi ўзрост твой дасягне трыццацi…

— Ты гаворыш, як дыпламат. Дыпламат нiколi не скажа «не», ён скажа "можа быць"!

I яна ў слязах пабегла ў бок хмызняку.

— На правым беразе Нёмана ўзнiкла паселiшча Наднёман, — гаварыў Антось, прытулiўшыся спiною да абабiтай цаглянай сцяны сядзiбы. Языкi агню мiтусiлiся, узносiлi iскры ўгару, i твары падарожнiкаў здавалiся таемнымi. Воддаль ад сядзiбы стаялi дзве палаткi, крыху далей — машына Дуброўскага. Цяпер на iм быў сiнi спартовы касцюм i красоўкi, сядзеў ля вогнiшча i падкiдваў дровы. Галя прымасцiлася побач з Анатолем, якi з суровым тварам аглядаў наваколле. Пачало змяркацца, i хутка кусты хмызняку здавалiся ўжо цёмнай сцяною, толькi вогнiшча асвятляла сяброў, i цiхi, прыглушаны голас Антося распавядаў пра мiнулае.

— Паселiшча належала князю Радзiвiлу, потым яго купiў шляхцiц Антон Наркевiч-Ёдка. Ён быў жанаты з Анэляй Эстка i праз яе стаў сваяком роду Касцюшкаў. У Анэлi з Антонам нарадзiўся хлопчык Якуб, у 1847 годзе. Ён быў прыгожы, дапытлiвы, здольны да навук. Скончыў Менскую губернскую гiмназiю. Быў добрым кампазiтарам, вiртуозам-пiянiстам. Працаваў у Маскве, падарожнiчаў па Эўропе. За мяжою вывучаў фiзiку, прыродазнаўства i медыцыну. Вярнуўся ў Наднёман i ў падвальнай частцы сядзiбы абсталяваў электралабараторыю, ставiў доследы. У 1888-м пабудаваў метэастанцыю…

Антось паказаў рукою на высокую вежу насупраць таго месца, дзе стаяў сам. Усе павярнулiся туды.

— Так, гэта Якубава вежа! — пацвердзiў Дуброўскi. — Дваццаць сем метраў вышыня, Эолова арфа наверсе была. Ён вывучаў уплыў электрычнасцi на раслiны. Ставiў доследы па прыёме i перадачы электрасiгналаў без правадоў…

— Як цiкава! — падсела да Дуброўскага Iрэна. — Давайце сходзiм туды з вамi, хутка поўнач, можа, убачым духi памерлых… Мне з вамi нiчога не страшна!

Дуброўскi засмяяўся i сустрэўся позiркам з Аленкаю. Тая хуценька адвяла погляд, бо сядзела ў абдымках Мiколы.

— Можа, даслухаем аповяд? — звярнуўся да Iрэны Дуброўскi. — Ведаеце, Якуб Наркевiч-Ёдка распрацаваў метад тэрапii, электратэрапii паралiзаваных i хворых на нервы. Сканструяваў громаадвод. Яго iдэю бяздротавага тэлеграфа падхапiлi iншыя вучоныя…

Дуброўскi змоўк. Мiкола нешта шапнуў Аленцы, i яны цiхенька некуды ўцяклi.

— Якуб адкрыў санаторый у мястэчку Пясочным, а ў Слуцку былi ягоныя аптэкi, — прадоўжыў Антось. — Але, як кажуць, няма прарока ў сваёй айчыне. Многiя памешчыкi i мяшчане лiчылi яго дзiваком…

— Бывала, i кпiлi, — уздыхнуў, быццам аб нечым сваiм, Дуброўскi. — Такiя адносiны i мне давядзецца адчуць, — дадаў цiшэй, — дабра людзi не разумеюць… Якуб быў членам эксперыментальнай медыцыны ў Пецярбургу, яго ведаў увесь свет…

Нарэшце Галя адсунулася ад Анатоля i падала голас:

— У Францыi, у 1900 годзе, Якуб атрымаў званне прафесара электраграфii i магнетызму!

— Сядзi! — незадаволена буркнуў Анатоль.

— Ды ну цябе! — агрызнулася Галя. — I загаварыць нельга!

— Калi мужыкi гавораць, бабе маўчаць трэба! — адрэзаў Анатоль.

Галя ўзбуджана i нервова кiнула Iрэне:

— Пайшлi спаць!

— Канешне, — усмiхнулася Iрэна, абняла Галю i кiнула развiтальны позiрк на Дуброўскага.

Той усмiхнуўся ў адказ.

— Сходзiм заўтра пашукаем магiлы, можа, знойдуцца, — заклапочана прамовiў Антось, гледзячы на Анатоля.

— Абавязкова, — згадзiўся той. — Ну што, будзем тушыць вогнiшча? Я думаю, Аленка з Мiколам не заблудзяцца…

Яны патушылi вогнiшча i скiравалi да палаткi. Дуброўскi не пайшоў адразу спаць. Пастаяў ля машыны, разлажыў сядзенне, а потым пакрочыў у бок руiн.

Пералiвiста спявалi салаўi. Недзе ў кустах чароту кракнула дзiкая качка. Нехта iшоў ад берага насустрач Дуброўскаму. Калi параўняўся з iм, Дуброўскi пазнаў Мiколу.

— Не спiцца? — спытаў той.

— Так, — абазваўся Дуброўскi i пакрочыў далей.

Неўзабаве на самым краi берага заўважыў Аленку. Яна сядзела, абхапiўшы рукамi каленi. Пачула крокi, але не азiрнулася. Дуброўскi спынiўся ў яе за спiною. У твар дыхала холадам ад рэчкi, цiха шапацеў чарот.

— Вярнуўся? — папыталася Аленка. — Навошта? Больш я не скажу табе, што кахаю. Колькi разоў гаварыла пра гэта табе, а ты маўчыш… Ведаю, не кахаеш. I, напэўна, нiколi не пакахаеш. А душа мая згарыць, як гэтая зорачка, што падае ўнiз…

Дуброўскi цiха адышоў ад яе. Пакрочыў да машыны. Залез пад коўдру i заснуў…

Iрэна доўга варочалася, разбудзiла Галю i палка прашаптала:

— Хочаш, вершы пачытаю, вядзьмарскiя?

— Ты што, з глузду з'ехала? — сонна прамармытала тая. — А дзе Аленка?

— Не ведаю. Слухай! — Яна вылезла са спальнiка, адкашлялася i зацягнула:

Iрэна заплакала наўзрыд… Галя абняла яе i прашаптала:

— Я ведаю, пра каго ты, не хвалюйся, ты таксама яму спадабалася…

— Праўда? — расшырыла зрэнкi Iрэна, схапiла Галю за плечы. — Ён табе сказаў пра гэта? А я думала, што ў цябе з iм…

— Не, не, — запэўнiла яе Галя. — Схадзi да яго цяпер, паклiч, i ён выйдзе да цябе, толькi каб хлопцы не прачнулiся…