Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 14 из 61

— Усе тут? — спытаў ён, вярнуўшы меч Торыну. — Так, паглядзім! Першы — Торын, другі, трэці, чацвёрты, пяты, шосты, сёмы, восьмы, дзевяты, дзесяты, адзінаццаты — дзе Філі з Кілі? — а, вось яны! Дванаццаты, трынаццаты — і спадар Торбінс. Чатырнаццаць! Добра, добра, магло б быць і горш. Зразумела, магло б атрымацца і значна, значна лепш. Без поні, без ежы, не ведаем, дзе знаходзімся, плюс плойма гоблінаў за спінай! Добра, рушылі!

I рушылі. Гэндальф не памыляўся: яны пачулі недзе далёка, ззаду, у тунелях, якія ўжо прабеглі, гоблінскія крыкі і жудасны лямант. Гэта іх яшчэ больш прыспешыла. Бедны Більба і на палову так хутка бегчы б не змог — гномы, я вам скажу, здольныя нагамі варушыць з неверагоднай хуткасцю, калі патрэбна. Таму гномы падхапілі Більба і неслі па чарзе.

Але гобліны — бегуны лепшыя за гномаў, а гэтыя гобліны і шлях ведалі лепей, бо самі яго рабілі, да таго ж раззлаваліся гранічна. Так што, як гномы ні стараліся, а гоблінавы крыкі ды енкі чуліся ўсё бліжэй. Хутка стала магчыма адрозніць і пляскатанне гоблінскіх ног па падлозе, шмат крокаў ззаду — а здавалася, адразу ж за апошнім паваротам. Ужо і чырвоныя блішчынкі паходняў можна было пабачыць за спінай у тунелі, і гномы смяротна стаміліся.

— Ну навошта, навошта я пакінуў сваю нару! — мармытаў бедны спадар Торбінс, падскокваючы на Бамбуравым карку.

— Ну навошта, навошта я згадзіўся ўзяць гэтага нікчэмнага небараку хобіта на паляванне па скарбы! — казаў бедны Бамбур, які быў тоўсты, перапалоханы, цяжка дыхаў, і пот з яго каціўся градам.

Тут Гэндальф адстаў, і Торын з ім. Кампанія завярнула за рог, і Гэндальф скамандаваў: «Чакаем тут! Торын, меч вонкі!»

Нічога іншага не заставалася — і гоблінам гэта, трэба сказаць, спадабалася не надта. Яны выскачылі з крыкам з-за вугла — і знянацку напаткалі Оркрыст і Гламдрынц што ззялі халодным блакітным агнём проста ў іх здзіўленыя вочы. Першыя гобліны паспелі перад смерцю кінуць паходні ды завішчэць. Астатнія заскуголілі яшчэ пранізлівей і кінуліся назад, збіваючы тых, хто бег за імі. «Кусач і Лупцун!» — вішчэлі яны, і хутка, згубіўшы ўсялякі парадак, большасць гоблінаў стрымгалоў кінулася наўцёкі туды, адкуль прыбегла.

Шмат часу прайшло, пакуль адважыліся яны зазірнуць за той рог. За гэты час гномы ўцяклі далёка па цёмных тунелях гоблін-скага каралеўства. Калі гобліны, нарэшце, здагадаліся, яны пагасілі паходні, абуліся ў мяккія чаравікі і даслалі наперад найхутчэйшых бегуноў з самымі лепшымі вачыма і вострым слыхам. Тыя пабеглі, як тхары ў цемры, і наўрад ці рабілі больш шуму, чым кажаны.

Вось чаму ні Більба, ні гномы, ні нават Гэндальф іх не пачулі. I не ўбачылі. Але ж іх саміх гобліны, што беглі ззаду, бачылі добра, бо Гэндальф крыху запаліў свой посах, каб дапамагчы гномам рухацца.

Знянацку Доры (яму зноў прыйшла чарга несці Більба) нехта схапіў ззаду. Доры закрычаў і паваліўся, хобіт скаціўся з ягонага карку ў цемру, стукнуўся галавою аб камень — і больш нічога не памятаў.

Частка 5

ЗАГАДКІ Ў ЦЕМРЫ





Калi Більба расплюшчыў вочы, то і не зразумеў адразу — з закрытымі вачыма ён ці з адкрытымі. Побач з ім нікога не было. Уявіце яго жах! Ён ані чуць нічога не мог, ані бачыць, і не адчуваў нічога, акрамя каменнай падлогі.

Павольна, вельма павольна ён узняўся ды папоўз ракам, пакуль не дакрануўся да сцяны тунеля. Ён прапоўз трохі туды і сюды, але ж нічога не змог знайсці, увогуле нічога, ніякіх слядоў гоблінаў ці гномаў. Галава яго круцілася, і ён нават не меў ніякай упэўненасці наконт таго, адкуль жа і куды ён рушыў перад тым, як страціў прытомнасць. Што ж, хобіт папоўз наўздагад і даволі шмат прапоўз, калі рука яго раптам патрапіла на нешта, падобнае да маленькага металічнага пярсцёнка, яшчэ халаднейшага за каменную падлогу. Ён і не падазраваў, што ў гэты момант і жыццё яго, і ўзломшчыцкая кар'ера раптам і назаўсёды змяніліся. Пярсцёнак хобіт амаль машынальна сунуў у кішэню. Зразумела, ён ніякай карысці цяпер у ім не бачыў. I далей Більба не папоўз, а тут жа сеў на падлогу і цалкам адцаўся пачуццю ўласнай нік-чэмнасці. На даволі доўгі час. Бачылася яму, як смажыць ён бекон з яйкамі на ўласнай кухні — адчувалася, што самы час добра падсілкавацца — і было ад таго яшчэ больш ніьсчэмна і нудліва.

Няясна было, што рабіць, невядома, што здарылася, чаму яго пакінулі, і калі ўжо пакінулі, чаму гобліны не падхапілі, і нават чаму галава так баліць. Па праўдзе кажучы, ён проста вельмі спакойна ляжаў сабе ў ціхім цёмным кутку даволі доўга.

Праз нейкі час Більба памацаў па кішэнях, шукаючы люльку. Яна аказалася цэлая — ужо нешта! Потым надышла чарга кескі, а ў ёй адшукалася крыху тытуню — таксама добра! Потым ён памацаў, шукаючы запалкі. Не знайшоў, і адчай яго агарнуў незвычайны. Аднак жа добра, што не знайшоў, — вырашыў хобіт, калі, нарэшце, пачаў так-сяк абдумваць сваё становішча. Што б толькі магло выпаўзці з цёмных нораў на пах тытуню і святло запалак у гэтым жудасным месцы! Праўда, лепш ад такіх разважанняў не рабілася. Аднак жа няма ліха без карысці — ля-паючы па кішэнях у пошуках запалак, раптам напаткаў цаўё свайго маленькага мяча, таго самага кінжала, адваяванага ў троляў і зусім забытага пасля. Пашанцавала: гобліны кінжалу не заўважылі, бо Більба насіў яго пад камізэлькай.

Зараз ён выцягнуў кінжал вонкі. Лязо ззяла цьмяным ха-лодным святлом перад вачыма. «Дык гэта эльфійскі клінок, — падумаў ён, — і гобліны не тое, каб надта далёка, але ж і не блізка».

Адразу стала неяк утульней. Наагуп, гэта было надзвычай добра: насіць клінок, зроблены ў Гандаліне для вайны з гоблінамі, знакамітай па столькіх песнях і паданнях. Таксама Більба заўважыў, што такая зброя робіць надта моцнае ўражанне на гоблінаў, калі тыя раптоўна натрапяць на яе.

«Назад ісці? — думаў Більба. — Ніякага сэнсу! Убок? Немагчыма! Што застаецца? Ісці ўперад! Ну так і пойдзем!» Так што ён узняўся і пакульгаў, мацаючы адной рукой сцяну, з маленькім мячом перад сабою, і сэрца яго дрыжэла і калацілася на ўсю моц.

Як той казаў, трапіў наш Більба ў пераплёт. Аднак жа вы павінны памятаць, што для хобіта не такі ўжо гэта быў пераплёт, як для нас з вамі. Хобіты — не тое што звычайныя людзі, і хоць норы іх, у адрозненне ад гоблінскіх тунеляў, утульныя, прыем-ныя і прасторныя, аднак жа да тунеляў хобіты значна больш звыклыя, не так лёгка блытаюцца ў падзямеллі — калі, зра-зумела, галава ўжо не круціцца пасля сутыкнення з каменем. Таксама хобіты здольныя рухацца вельмі ціха, хавацца ўмеюць добра, на здзіўленне хутка прыходзяць да прытомнасці пасля падзенняў ды ўдараў, і маюць добры скарб ведаў ды безліч мудрых прымавак, якія людзі болынай часткай і не чулі, а што ведалі, забыліся шмат гадоў таму.

У любым выпадку, на месцы спадара Торбінса я б знаходзіцца не жадаў. Тунель усё ішоў ды ішоў, і заканчэння яму не было. Хобіт ведаў, што, нягледзячы на павароты і зігзагі, ідзе ён прыблізна ў тым самым напрамку і паступова паглыбляецца. Тут і там у сценах адчыняліся праходы, якія можна было бачыць у цьмяным святле мяча ці адчуць пад рукою. На праходы Більба ўвагі не звяртаў, толькі што крок паскараў, уяўляючы сабе гоблінаў ці невядомыя жудасныя рэчы ў цемры. Далей і далей ён рушыў і не чуў нічога, акрамя выпадковага шолаху кажанавых крылаў ля самага вуха, што яго спачатку перапалохала, а потым стала надта частым, каб звяртаць увагу. Я не ведаю, як доўга ён рушыў так, не наважваючыся спыніцца, праклінаючы бясконцы тунель, усё далей, далей, да надсмяротнай стомленасці. Здавалася яму, быццам прайшоў цэлы дзень, і ноч за ім, і чаргой дні за днямі, і сканчэння ім няма.

I раптам ён ступіў проста ў ваду! Б-р-р-р! У ільдзяную ваду! Якая вярнула яго да цвярозага розуму хутка і адразу. Хобіт не ведаў, ці гэта калюжына пасярод тунеля, ці бераг падземнага струменя, які перасякаў тунель, ці край глыбокага цёмнага падземнага возера. Меч амаль не ззяў. Хобіт спыніўся і прыслухаўся — і пачуў кроплі, кап-кап-кап, з нябачнай столі ў ваду пад ёю. I ніякага іншага гуку.