Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 59 из 64

— На ўзроўнi першага вянца — бачыце белую рыску на бетоне? — прыкладна праходзiла вулiца ў часы Рыма; на ўзроўнi другога вянца — там таксама вiдна белая рыска на бетоне, бачыце? — праходзiла вулiца ў часы Сярэднявечча, i, нарэшце, на ўзроўнi трэцяга вянца — белай рыскi вам, напэўна, паказваць ужо не трэба — праходзiць вулiца сёння; а цяпер, шаноўныя панi i панове, зоймемся надпiсамi.

Твар дзяўчыны зрабiўся зусiм каменны, нiбы твар багiнi; сагнуўшы локаць, яна падняла лiхтар, нiбы рукаятку паходнi:

Яна ўсмiхнулася Рут — адзiнай, што магла належным чынам ацанiць велiчнасць старажытнай мовы; ледзь прыкметным рухам рукi дзяўчына паправiла каўнерык твiдавага касцюма; потым яна крыху апусцiла лiхтар i прадэкламавала пераклад надпiсу:

Смутак семнаццацi стагоддзяў адбiўся на тварах турыстаў, запаў у iх сэрцы, скаваў нават вечна рухомыя скiвiцы пажылога ўжо фламандца; у яго апусцiўся падбародак; языком ён хуценька запхаў жавальную гумку ў самы далёкi куточак рота; у Марыяны з вачэй пацяклi слёзы, Ёзэф сцiснуў ёй локаць, а Рут паклала ёй руку на плячо. Дзяўчына-гiд з тым самым акамянелым тварам дэкламавала далей тое самае па-ангельску:

Hard a fate meets with the parents…

Небяспечны момант, калi з цёмнага сутарэння госцi зноў выбралiся наверх, на святло, на свежае паветра, у летнi вечар; калi старадаўнi смутак смерцi глыбока ўвайшоў у сэрцы, перамяшаўся з пачуццямi любоўных мiстэрыяў багiнi Венеры, калi самотныя турысты выплёўвалi жавальныя гумкi перад касавым акенцам i спрабавалi прызначыць спатканне на ламанай нямецкай мове; танцы ў гатэлi "Прынц Генрых"; праходка разам па горадзе, вячэра — a lonely feeling,[18] фройляйн; i тут трэба было паводзiць сябе, як гэта рабiла вясталка: не дазваляць нiякiх заляцанняў i рашуча адмаўляцца ад усялякiх запрашэнняў; "прашу не дакранацца да мяне; толькi глядзець: No, Sir, no",[19] - i ўсё ж яна сама адчувала подых распаду, спачувала самотным iншаземцам, якiя, патрэсваючы галовамi, мусiлi iсцi наталяць свой любоўны голад туды, дзе яшчэ панавала багiня Венера i, добра разбiраючыся ў курсах валют, не саромелася называць свой тарыф у гульдэнах, франках i марках.

Касiр адрываў бiлеты ад скрутачка, нiбыта вузкiя ўваходныя дзверы вялi ў кiно; дзяўчыне амаль не заставалася часу, каб у службовым пакойчыку зрабiць адну-дзве зацяжкi цыгарэты, адкусiць кавалачак бутэрброду, глынуць кавы з тэрмасу i кожны раз вырашаць складаную праблему: цi прыберагчы недакурак да наступнага разу, цi пагасiць яго танюсенькiм абцасам; яшчэ адна зацяжка i яшчэ адна; тым часам левая рука ўжо намацала ў сумачцы губную памаду, тым часам сэрца насуперак усяму вырашыла парушыць зарок вясталкi, i ў гэтую хвiлю касiр ужо ўсунуў галаву праз дзверы:

— Дзiцятка, дзiцятка; дзве групы чакаюць ужо; паспяшайся — рымскiя дзiцячыя магiлкi — найбольш прыбытковае мерапрыемства сезона.

Дзяўчына з усмешкай iзноў выходзiла да бар'ера; зноў пытаннi пра нацыянальнасць i родную мову: чацвёра размаўлялi па-ангельску, адзiн па-французску, адна — па-галандску; немцаў было гэтым разам ажно шасцёра; лiхтар на кiйку, нiбы шпага; яна зноў сыходзiла ў цёмны магiльны склеп, каб яшчэ раз распавесцi пра старажытны культ любовi, расшыфраваць старадаўнi смутак смерцi.

У Марыяны ўваччу ўсё яшчэ стаялi слёзы, калi ўсе выйшлi на вулiцу i якраз праходзiлi праз чаргу каля касы; пачуваючы сябе няёмка, немцы, ангельцы i галандцы iмкнулiся адвярнуцца ад заплаканых вачэй дзяўчыны: што за жахлiвая таямнiца хавалася там унiзе, у цёмных сутарэннях? Цi хто-небудзь чытаў такое — каб помнiкi культуры прымушалi людзей пралiваць слёзы? За шэсцьдзесят пфенiгаў гэткая вялiкая ўзрушанасць, якую можна было б на некаторых тварах убачыць у кiно только пасля вельмi дрэнных i пасля вельмi добрых фiльмаў? Цi камянi напраўду могуць расчулiць да слёз аднаго чалавека, у той час як iншыя флегматычна запiхваюць сабе ў рот новую жавальную гумку, альбо прагна запальваюць новую цыгарэту, альбо запраўляюць наступную стужку ў сваю камеру з успышкаю, шукаючы вачыма чарговы аб'ект для кадра — о, франтон жылога дома мешчанiна пятнаццатага стагоддзя, якраз насупраць выхаду; шчоўк — i вось франтон дзякуючы пэўнаму хiмiчнаму працэсу ўвекавечаны на стужцы.

— Памалу, памалу, шаноўныя госцi! — выкрыкнуў касiр праз сваё акенца. З прычыны надзвычай вялiкага наплыву экскурсантаў мы вырашылi павялiчыць групы наведвання з дванаццацi да пятнаццацi чалавек; прашу яшчэ трох шаноўных гасцей з чаргi падысцi; шэсцьдзесят за ўваход, марка дваццаць за каталог.

Яны ўсё яшчэ iшлi ўздоўж чаргi, што выцягнулася каля сцяны i канчалася аж на рагу вулiцы; на Марыянiным твары ўсё яшчэ былi слёзы; яна адказала ўсмешкай Ёзэфу, якi моцна сцiснуў ёй локаць, другой усмешкаю яна падзякавала Рут за тое, што Ёзэфава сястра паклала ёй руку на плячо.

— Нам трэба спяшацца, — сказала Рут, — ужо без дзесяцi сёмая, i мы не павiнны прымушаць iх чакаць.

— Праз дзве хвiлiны мы будзем ужо на месцы, — адказаў Ёзэф, — … не спознiмся; але i тут мяне не абмiне гэты пах: вапна i муравальны раствор; мiж iншым, цi вядома вам, што за гэтае адкрыццё яны павiнны дзякаваць выключна бацькавай гарачай любовi да выбухаў? Калi падрывалi старую вежу-вартоўню, унiзе абрынулася нейкае скляпенне i была расчышчаная дарога да гэтай старызны; няхай жыве дынамiт… як, дарэчы, табе падабаецца наш новы дзядзька, Рут? Цi ў табе загаварыў голас крывi, калi ты ўбачыла яго?

— Hе, — адказала Рут, — голас крывi ўва мне не загаварыў; але ён здаецца мне добрым чалавекам; трохi сухаваты, трохi бездапаможны… Цi ён будзе жыць у нас?





— Падобна на тое, — адказаў Ёзэф, — цi будзем i мы там жыць, Марыяна?

— Ты хочаш пераехаць у горад?

— Ага, — адказаў Ёзэф. — Я хачу вывучаць статыку, каб потым працаваць у шаноўнай фiрме майго бацькi, хiба табе гэта не даспадобы?

Яны перайшлi цераз ажыўленую вулiцу i выйшлi на спакайнейшую; Марыяна затрымалася каля адной вiтрыны i, вызвалiўшыся ад рук Ёзэфа i Рут, пачала насоўкай выцiраць слёзы на твары; тым часам Рут прыгладзiла рукою валасы, абцягнула на сабе швэдар.

— Цi мы ўбраныя досыць святочна? — спыталася яна. — Я не хацела б пакрыўдзiць дзядулю.

— Вы ўбраныя зусiм па-святочнаму, — запэўнiў яе Ёзэф. — Як табе падабаецца мой план, Марыяна?

— Мне зусiм не ўсё адно, чым ты займаешся, — адказала яна, — вывучаць статыку — гэта, вядома, добра, вось толькi пытанне: якi ўжытак ты хочаш потым зрабiць з гэтай сваёй навукi?

— Будаваць або падрываць — дакладна яшчэ не ведаю, — сказаў Ёзэф.

— Дынамiт, напэўна, ужо занадта стары сродак, — сказала Рут, — вядома ж, ёсць куды навейшыя i лепшыя; цi ты памятаеш, як цешыўся бацька, калi яму яшчэ дазвалялi падрываць? Такi сур'ёзны ён зрабiўся толькi з тае пары, калi не стала чаго падрываць… што ты можаш сказаць пра яго, Марыяна? Цi падабаецца ён табе?

— Ага, — сказала Марыяна, — ён мне дужа падабаецца; я ўяўляла, што ён горшы, халаднейшы, i я амаль баялася яго, перш чым з iм пазнаёмiцца; але цяпер думаю, што боязi перад iм адчуваць якраз няма чаго; вы будзеце смяяцца, але ў яго прысутнасцi я адчуваю сябе ў бяспецы.

18

Пачуццё самоты (англ.).

19

Hе, сэр, не, не (англ.).