Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 53 из 64

— Hе едзь так хутка, — цiха сказала Марыяна.

— Прабач, — адказаў Ёзэф.

— А навошта мы едзем у Дэнклiнген?

— Дзядулi туды трэба, — растлумачыў Ёзэф.

— Ёзэф, — сказала Рут, — на машыне ў гэтую алею заязджаць няможна; хiба ты не бачыш шыльдачкi: "Толькi для мясцовых чыноўнiкаў"? Ты што, таксама мясцовы служачы?

Вялiкая дэлегацыя — гаспадар, сын, унук i будучая ўнучкава жонка спускалася да зачараванага замка.

— Hе, не, — сказала Рут, — я лепей пачакаю тут. Пакiньце мяне тут, калi ласка.

Вечарамi, калi я сяджу разам з бацькам у гасцёўнi, бабуля б магла быць з намi: я чытаю, ён папiвае вiно, корпаецца ў скрынках сваёй картатэкi, раскладае перад сабою, нiбы пасьянс, фотакопii памерам з дзве паштоўкi; заўсёды карэктны, ягоны гальштук добра завязаны, на камiзэльцы нiколi нiводзiн гузiк не расшпiлены: нiколi не ператвараючыся ў добранькага татуся; ён стрыманы i заклапочаны; "Цi патрэбны табе кнiгi, сукенкi, грошы на паездкi; ты не сумуеш, мая дзетка? Можа, хочаш куды схадзiць? У тэатр, у кiно, на танцы? Я ахвотна пайду з табою; а можа, табе хочацца яшчэ раз запрасiць сваiх школьных сябровак выпiць кавы ў нас на тэрасе — бо пагода стаiць, i гэткая цудоўная?" Вячэрняя праходка перад тым, як iсцi спаць: паблiзу шматпавярховых дамоў, па Модэстгасэ, аж да самай брамы, пасля па Вакзальнай вулiцы да самага вакзала. "Цi чуеш ты пах далячыняў, дзетачка?" потым цераз падземны пераход, паўз сабор Святога Севярына, паўз гатэль "Прынц Генрых"; "Грэц забыўся змыць з тратуару плямы крывi"; кроў дзiка засохла i пачарнела; "дзiцятка, палова дзесятай ужо; зараз табе трэба класцiся спаць, дабранач"; пацалунак у лоб; заўсёды прыязны, заўсёды карэктны; "…Калi хочаш, возьмем служанку; цi табе яшчэ не надакучыла харчавацца ў рэстаране? Шчыра кажучы, я не люблю чужых людзей у хаце". Сняданак: гарбата, булкi, малако; пацалунак у лоб i часам сказаныя зусiм цiха словы: "Дачушка, дачушка…"

— Што, тата?

— Давай паедзем.

— Зараз, вось так адразу ж?

— Ага. Hе хадзi ў школу сёння i заўтра; мы паедзем недалёка, толькi да Амстэрдама; цудоўны горад, дзiцятка; цiшыня, вельмi дружалюбныя людзi… трэба толькi ведаць iх.





— Ты ведаеш iх?

— Ведаю, дачушка; я ведаю iх. Цудоўна гэта: гуляць вечарамi ўздоўж каналаў… Вада, нiбы шкло… Шкло. Цiшыня. Ты чуеш, якiя тут цiхiя людзi? Нiдзе на свеце гэтак не шумяць, як у нас: усё нешта крычаць, лямантуюць, голасна выхваляюцца. Табе не будзе сумна, калi я схаджу i пагуляю яшчэ ў бiльярд? Давай пойдзем разам, калi гэта можа цябе пацешыць.

Я нiколi не магла зразумець таго захаплення, з якiм сачылi за ягонай гульнёю i старыя, i маладыя; сярод клубаў цыгарэтнага дыму, паставiўшы побач з сабою на борцiк кухаль пiва, ён гуляў у бiльярд, у бiльярд; цi яны сапраўды былi з iм на «ты», а можа, гэта проста адметная рыса галандскай мовы, што iхнiя звароты да яго пачыналiся быццам бы з «ты»; яны ж ведалi, што яго iмя — Роберт; гук «р» яны пракатвалi праз нёба, нiбы цвёрдую карамельку. Цiшыня. Гэтулькi шкла на каналах. Рут мяне завуць, я — напалову сiротка: маёй мацi было дваццаць чатыры, калi яна памерла; а мне тады было тры гадкi, i калi я думаю пра яе, то думаю пра семнаццаць цi пра дзве тысячы год; дваццаць чатыры — гэта не тая лiчба, якая падыходзiць да яе; толькi менш васемнаццацi цi больш васьмiдзесяцi; мне заўсёды здавалася, што яна бабулiна сястра; я ведаю тую вялiкую таямнiцу, якая пiльна ахоўваецца: бабуля звар'яцела, i я не хачу бачыць яе, пакуль яна застаецца вар'яткай; яе вар'яцтва — падман, смутак, схаваны за тоўстымi мурамi; я ведаю гэта, п'янею часта ад гэтага i плаваю ў хвалях падману; усе жылыя пакоi дома нумар восем па Модэстгасэ населеныя зданямi. "Падступнасць i каханне"; дзядуля пабудаваў кляштар, бацька яго ўзарваў, Ёзэф адбудоўваў яго нанова. Што мне да таго: вы б вельмi здзiвiлiся, калi б уведалi, як мала мяне гэта кранае; я бачыла, як з падвалаў выносiлi трупы, а Ёзэф спрабаваў давесцi мне, што гэта хворыя i iх вязуць у шпiталь; але хiба хворых ускiдаюць, як мяхi, на грузавiк? А потым бачыла, як настаўнiк Крот на перапынку ўпотайкi заходзiў у клас i краў з ранца Конрада Грэца хлеб з маслам; я ўбачыла Кротаў твар, i мяне ахапiў смяротны жах; я малiлася: "Прашу Цябе, Божухна, не дапусцi, каб ён мяне тут убачыў; прашу i малю Цябе…", бо я ведала, што ён мяне заб'е, калi ўбачыць; я стаяла за класнай дошкай: шукала там сваю запiнку для валасоў, i ён мог убачыць мае ногi, але Бог злiтаваўся з мяне: Крот мяне не заўважыў; мне быў вiдзён яго твар i яшчэ было вiдно, як ён адгрыз кавалак хлеба, а пасля выйшаў з класа; таго, каму давялося бачыць гэткiя твары, разбураныя абацтвы ўсхваляваць ужо не змогуць; i тая камедыя, што адбылася пазней, калi Конрад Грэц разгледзеўся на крадзеным i Крот пачаў дамагацца ад нас, каб мы прызналiся: "Дзецi, будзьце сумленныя, я даю вам пятнаццаць хвiлiн; да таго часу вiнаваты павiнен прызнацца, iначай… яшчэ восем хвiлiн, сем, шэсць…", i тут я паглядзела на яго; ён напаткаў мой позiрк i кiнуўся да мяне: "Рут, Рут, ты гэта зрабiла, ты?" Я затрэсла галавою, потым пачала плакаць, бо мяне зноў ахапiў смяротны жах; а ён сказаў: "Божа мой, Рут, будзь сумленная". Я б ахвотна ўзяла гэта на сябе, але тады б ён здагадаўся, што я ўсё бачыла, таму я, плачучы, трэсла галавою; яшчэ чатыры хвiлiны, тры, дзве, адна, усё… "Вы, праклятая хеўра злодзеяў, хеўра лгуноў; зараз напiшаце мне дзвесце разоў у сшытках: "Красцi няможна". Ах, вы тут са сваiмi абацтвамi! Я мусiла захоўваць куды больш страшныя таямнiцы, вытрываць смяротны жах… трупы, нiбы мяхi, ускiдалi на грузавiк.

Чаму яны так халодна размаўлялi з гэтым добрым абатам? Што ён такое зрабiў — забiў каго, украў у каго-небудзь хлеб з маслам? У Конрада Грэца было харчоў удосталь, ён еў пячоначныя паштэты i зялёны сыр з белым хлебам; якi гэта д'ябал пасялiўся раптам у душы нашага цiхманага i разумнага настаўнiка? Смерць стаiлася памiж яго носам i вачыма, памiж носам i вуснамi, памiж вушамi; трупы, нiбы мяхi, ускiдалi на грузавiк, i мяне забаўляла, калi бацька, стоячы каля вялiкага плана горада, кпiў з бургамiстра: маляваў свае чорныя знакi i казаў: "Усё да д'ябла прэч! Падарваць!"; я люблю яго, люблю яго не менш i цяпер, калi пра ўсё ведаю; цi Ёзэф пакiнуў цыгарэты ў машыне? Я ж неяк бачыла чалавека, якi аддаваў свой заручальны пярсцёнак за дзве цыгарэты… за колькi цыгарэт ён аддаў бы сваю дачку, за колькi — жонку? Ha яго твары быў цэннiк: дзесяць, дваццаць цыгарэт… З iм можна было пра ўсё дамовiцца; з такiмi людзьмi заўсёды можна дамовiцца; мне вельмi шкада, тата, але мёд i хлеб былi мне смачныя i пасля таго, як я даведалася, хто гэта зрабiў. Мы хочам i надалей гуляць у бацьку i дачушку — кожны наш крок вывераны, як пад час танцавальнага конкурсу. Пасля пачастунку ў кляштары варта было, па праўдзе кажучы, прайсцiся, падняцца на пагорак Казакен; Ёзэф, Марыяна i я наперадзе, дзядуля — за намi — як штосуботы.

— Цi паспяваеш за намi, дзядуля?

— Дзякуй, неяк ужо дам сабе рады.

— Мы не занадта хутка iдзём?

— Hе, нiчога, дзеткi. Цi можна мне на хвiлю прысесцi; цi вам здаецца, што тут крыху макравата?

— Пясок зусiм сухi, дзядуля, i яшчэ зусiм цёплы; ты можаш спакойна сядаць; хадзем, дай мне сваю руку.

— Вядома, дзядуля, можаш запалiць сваю цыгару; мы будзем глядзець, каб нiчога не здарылася.

На шчасце, Ёзэф пакiнуў цыгарэты ў машыне, i запальнiчка ў парадку; дзядуля падарыў мне гэткiя прыгожыя сукенкi i швэдар — набагата прыгажэйшыя, чым дарыў бацька, у якога крыху старасвецкi густ; адразу вiдаць, што дзядуля разбiраецца ў маладых дзяўчатах i жанчынах; я не хачу зразумець бабулю, не хачу; яе вар'яцтва — гэта падман; яна не давала нам нiчога есцi, i я ўзрадавалася, калi яе ад нас забралi i ў нас паявiлася што есцi; мажлiва, твая праўда, i яна была i ёсць вялiкiм чалавекам, але нiчога не хачу ведаць пра велiч; белы хлеб з пячоначным паштэтам i залёным сырам ледзь не каштаваў мне жыцця; няхай яна вяртаецца дадому i сядзiць вечарамi з намi, але не давайце ёй, калi ласка, ключоў ад кухнi — прашу, не давайце; мне давялося ўбачыць голад у вачах настаўнiка, i я баюся гэтага; давай iм, Божа, заўсёды досыць яды, каб на iх тварах не паяўляўся той жахлiвы выраз; гэты пан Крот зусiм бяскрыўдны чалавек; штонядзелi ён сядае ў сваю маленькую машыну, каб разам з сям'ёю падацца ў абацтва Святога Антонiя на ўрачыстую iмшу; "якая гэта сёння нядзеля па Сёмусе, па трох Царах, па Вялiкаднi? Мiлы чалавек з мiлай жонкай i мiлымi дзвюма дзеткамi: "Паглядзi, Рут, цi не праўда, наш Францхен падрос?" — "О, праўда, ваш Францхен вырас зусiм вялiкi"; i я ўжо не думаю пра тое, што маё жыццё некалi вiсела на валаску; не, я таксама старанна напiсала дзвесце разоў у сшытку: "Красцi няможна"; i, вядома, не адмаўляюся, калi Конрад Грэц запрашае мяне на вечарынкi ў свой дом; бо там падаюць файныя паштэты з гусiнай пячонкай i белы хлеб з зялёным сырам, а калi там хто-небудзь наступае камусьцi на нагу альбо хто-небудзь незнарок перакiне келiх з вiном, у iх не кажуць: "Прабачце, калi ласка" альбо «Пардон»; там кажуць: «sorry».