Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 44 из 64

— …Ёсць толькi яшчэ пясочныя… не, марожанага таксама болей няма.

Ёзэф выставiў далонь па дробныя грошы, засунуў манеткi ў кiшэню штаноў, а купюру — у верхнюю кiшэню кашулi; потым ён павярнуўся да Марыяны i расстаўленымi пальцамi правёў па яе цёмных валасах, каб скiнуць з iх рэшткi чарацiнак, пасля гэтага абтрос пясок з яе зялёнага швэдара.

— Ты ж гэтак радаваўся сённяшняй урачыстасцi, — сказала яна, — што такое здарылася?

— Нiчога не здарылася, — адказаў ён.

— Я ж адчуваю: штосьцi змянiлася!

— Змянiлася.

— I ты не хочаш мне пра гэта сказаць?

— Пазней скажу, — адказаў ён, — можа, праз колькi год, а можа, i неўзабаве. Hе ведаю.

— Цi гэта мае дачыненне да нас абаiх?

— Hе.

— Сапраўды не?

— Hе.

— Да цябе аднаго?

— Ага.

— Значыць, да нас абаiх.

Ёзэф усмiхнуўся:

— Натуральна, раз я маю дачыненне да цябе.

— Нешта дрэннае?

— Ага.

— Гэта неяк звязана з тваёй працай?

— Звязана. Дай мне твой грэбень, але не круцi галавою; маленькiх пясчынак рукамi я не павымаю.

Марыяна выцягнула грэбень з сумачкi i падала яго Ёзэфу цераз плячо; ён на хвiлю затрымаў яе руку.

— Я ж заўсёды глядзела, як ты вечарамi, калi рабочых ужо не было, хадзiў уздоўж высокiх штабеляў навюткай цэглы, абмацваў яе, толькi дакранаўся да цаглiн… а ўчора i пазаўчора, бачыла, ты не рабiў гэтага; я ж ведаю твае рукi; i сёння ўраннi ты гэтак рана ад'ехаў.

— Я купляў падарунак дзядулю.

— Ты паехаў не дзеля падарунка; дзе ты быў?

— У горадзе, — сказаў ён, — рама пад фота ўсё яшчэ не была гатовая; i я мусiў чакаць; ты ж памятаеш гэты здымак, дзе мацi трымае мяне за руку, на другой руцэ сядзiць Рут, а дзядуля стаiць за намi? Я папрасiў яго павялiчыць i ведаю, што дзядуля вельмi ўсцешыцца.

А потым я пайшоў на Модэстгасэ i дачакаўся, калi бацька — высокi i выпрастаны — выйшаў з канторы, i я пайшоў услед за iм да самага гатэля; паўгадзiны я прастаяў каля гатэля, але ён так i не выйшаў; а заходзiць i пытацца пра яго мне не хацелася; я хацеў адно бачыць яго — i ўбачыў: элегантнага пана ў росквiтным узросце.

Ён адпусцiў Марыяну, схаваў грэбень сабе ў кiшэнь, паклаў рукi дзяўчыне на плечы i сказаў:

— Калi ласка, не абарочвайся; гэтак мне зручней гаварыць.

— Зручней манiць?

— Магчыма, — адказаў ён, — ды лепш сказаць: замоўчваць.

Над яе вухам i цераз тэрасу кавярнi ён мог бачыць сярэдзiну ракi, i ён зайздросцiў рабочаму, якi амаль на шасцiдзесяцiметровай вышынi вiсеў у жалезным кашы каля пiлона i крэслiў зваркаю ў небе блакiтныя блiскавiцы; скавыталi сiрэны; унiзе каля кавярнi ўздоўж адхону хадзiў марожаншчык, выкрыкваючы: "Марожанае! Марожанае!", а потым змаўкаў, накладваючы порцыi ў крохкiя вафлi; за ракою была вiдна шэрая постаць Святога Севярына.

— Гэта мусiць быць нешта вельмi дрэннае, — сказала Марыяна.

— Напэўна, — пацвердзiў ён, — гэта досыць дрэнна, a можа, i не — яшчэ не ведаю.

— Нейкiя ўнутраныя цi знешнiя акалiчнасцi?

— Унутраныя, — адказаў ён. — Ва ўсякiм разе я сёння апоўднi паведамiў Клубрынгеру, што адмаўляюся ад працы ў яго; не абарочвайся, iнакш не скажу больш нiводнага слова.

Ён зняў далонi з Марыянiных плеч, абшчапiў рукамi галаву дзяўчыны i павярнуў яе ў бок моста.

— А што скажа твой дзядуля, калi даведаецца пра тваю адмову? Ён гэтак ганарыўся табою, кожная Клубрынгерава пахвала была яму нiбы мёд да вуснаў; i ён так прывязаны да абацтва; нельга яму сёння казаць пра гэта.

— Мабыць, яму скажуць, перш чым мы ўбачымся з iм; ты ж ведаеш, што яны з бацькам паедуць у абацтва пiць каву перад урачыстай вечарынаю.

— Ведаю, — сказала яна.

— Мне шкада дзядулю; ты ведаеш, як я яго люблю; сёння пасля поўдня ён абавязкова пабывае там пасля таго, як наведае бабулю; а пакуль што я не магу болей бачыць цэглу i нюхаць муравальны раствор.

— Пакуль што?





— Ага.

— А што скажа твой бацька?

— О, — сказаў ён хутка, — яму будзе прыкравата толькi перад дзядулем; ён нiколi не цiкавiўся стваральным бокам архiтэктуры, а толькi формуламi; стой, не абарочвайся.

— Значыць, гэта мае дачыненне да твайго бацькi — я адчуваю гэта; з вялiкай цiкаўнасцю чакаю, калi нарэшце ўбачу яго; па тэлефоне я з iм колькi разоў ужо размаўляла; гледзячы па ўсiм, ён мне спадабаецца.

— Ён табе спадабаецца. I ты ўбачыш яго не пазней як сёння ўвечары.

— Мне таксама трэба iсцi з табою на вечарыну?

— Абавязкова. Ты сабе не ўяўляеш, як узрадуецца дзядуля: ён жа недвухсэнсоўна запрасiў цябе.

Яна паспрабавала вызвалiць галаву, але ён засмяяўся, ухапiўся за яе скронi яшчэ мацней i сказаў:

— Hе варушыся. Гэтак мне куды зручней размаўляць з табою.

— I манiць.

— Замоўчваць, — сказаў ён.

— Ты любiш свайго бацьку?

— Люблю. Асаблiва з той хвiлi, калi даведаўся, якi ён яшчэ малады.

— Ты не ведаў, колькi яму гадоў?

— Hе ведаў. Я думаў, што яму пяцьдзесят, можа, нават пяцьдзесят пяць смешна, але я нiколi не цiкавiўся, колькi яму дакладна, я папросту спужаўся, калi пазаўчора атрымаў сваю метрыку i прачытаў у ёй, што бацьку толькi сорак тры гады; малады, праўда?

— Праўда, — адказала яна. — А табе дваццаць два.

— Ага. I амаль да двух гадоў маё прозвiшча было не Фэмель, а Шрэла; дзiўнаватае прозвiшча, ты згодна?

— I праз гэта ты злуеш на яго?

— Я не злую на яго.

— I якое такое лiха ён зрабiў, што ў цябе зусiм прапала ахвота будаваць?

— Я не разумею, пра што ты…

— Ну, добра… але чаму ён нiколi не наведваў цябе ў абацтве?

— Вiдавочна, яго зусiм не цiкавяць будаўнiчыя пляцоўкi, i, магчыма, у маленстве яны зачаста ездзiлi ў абацтва; можа, ён крыху дзiкаваты; часам, калi я знянацку заяўляюся дадому, ён сядзiць у гасцёўнi пры пiсьмовым стале i крэмзае формулы на палях рысункаў-фотакопiй — у яго iх цэлая калекцыя, але, думаю, бацька табе спадабаецца.

— Ты мне нiколi не паказваў ягонае фота.

— У мяне няма нiводнага новага; у яго вопратцы i паводзiнах ёсць нешта такое кранальна-старасвецкае, ён такi ветлiвы, гжэчны — куды болей старасвецкi, чым дзядуля!

— Мне так карцiць убачыць яго. Можна, я цяпер павярнуся?

— Можна.

Ён адпусцiў яе галаву, паспрабаваў усмiхнуцца, калi Марыяна раптоўна павярнулася, але позiрк яе круглых светла-шэрых вачэй патушыў яго вымушаную ўсмешку.

— Чаму ты не кажаш мне пра гэта?

— Бо сам таго яшчэ не разумею. Як зразумею — дык раскажу табе; але гэта можа цягнуцца доўга; што, паедзем?

— Паедзем, — адказала яна. — Твой дзядуля неўзабаве будзе на месцы, не трэба прымушаць яго чакаць; калi яму раскажуць пра ўсё, перш чым вы сустрэнецеся, яму будзе прыкра; i, калi ласка, паабяцай мне, што ты зноў не памчыш на гэты жахлiвы шчыт, каб у апошняй хвiлi затармазiць.

— Толькi што, — сказаў ён, — я ўявiў сабе, нiбыта пералятаю цераз бар'ер, змятаю з дарогi баракi i з насыпу, як з трамплiна, скачу разам з машынай у ваду…

— Значыць, ты мяне не кахаеш.

— Ах, Божа мой, — сказаў ён, — гэта ўсяго толькi гульня.

Ён пацягнуў Марыяну за сабою. Яны пайшлi ўнiз па сходах, што вялi да рачнога берага.

— Мне сапраўды вельмi прыкра, — сказаў Ёзэф, — што дзядуля мусiць даведацца пра гэта акурат у той дзень, калi яму споўнiлася восемдзесят.

— А ты не можаш як-небудзь засцерагчы яго ад гэтага?

— Ад самога факта — не, але ад паведамлення можна, калi яму не раскажуць раней.

Ёзэф адчынiў дзверцы машыны, сеў за руль, адчынiў Марыяне другiя дзверцы знутры; i калi яна села побач, ён абняў яе рукою.

— Цяпер паслухай, — сказаў ён, — гэта ж зусiм проста: дыстанцыя — роўна чатыры з паловаю кiламетры; мне трэба трыста метраў, каб разагнацца да ста дваццацi на гадзiну, a на тое, каб затармазiць — яшчэ трыста метраў, прытым я лiчу з вялiкiм запасам; значыць, усяго каля чатырох кiламетраў; ты павiнна толькi глядзець на гадзiннiк i сказаць мне, калi пройдуць дзве хвiлiны, каб я пачаў тармазiць. Hе разумееш? Я б хацеў проста даведацца, колькi можна выцiснуць з гэтае калымагi.