Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 23 из 64

Праз дзень першы госць павiнен быў пераступiць парог майго рабочага кабiнета — абат, малады, цемнавокi, спраўны; якi хоць яшчэ i не панаваў, а ўжо быў звыкся з панаваннем.

— Адкуль Вам было вядома, што наш святы айцец Бенедыкт не рэкамендаваў раздзяляць братоў-законнiкаў i айцоў святароў у рэфекторыi?

Ён хадзiў сюды-туды па рабочым кабiнеце, паглядаў раз-пораз на праект, потым спытаўся:

— Цi Вы здолееце вытрываць, не апусцiць рукi, не паддасцёся гэтым крумкачам?

А мне было боязна перад гэтай вялiкай гульнёй, якая падымалася з папераў i павiнна была завалодаць мною; я гуляў у гэтую гульню, але нiколi сабе не ўсведамляў, што я мог бы ў ёй таксама выйграць; мне было б досыць славы, што я не атрымаў перамогi ў змаганнi супраць Брэмокеля, Грумпэтэра i Волерзайна, але — каб перамагчы iх? Мне было вусцiшна, ды я сказаў:

— Вытрываю, не паддамся, вялебны ойча.

Ён згодна кiўнуў галавою, усмiхнуўся i пайшоў.

А пятай я разам з грамадою работнiц выйшаў праз браму, каб зрабiць запланаваную вячэрнюю праходку па горадзе; я бачыў схаваныя пад вэлюмам пякноты, што ехалi ў каламажках на спатканнi; лейтэнантаў, якiя ў кавярнi Фуля пiлi моцныя трункi пад слабую музыку; штодня я рабiў чатырохкiламетровы шпацыр — заўсёды адной дарогай i ў адзiн час; усе павiнны былi бачыць мяне, бачыць у адзiн i той самы час, у адных i тых самых месцах — гаспадынi крамаў, банкiры i ювелiры; вулiчныя жанчыны i кандуктары, экспедытары крамаў, кельнеры i хатнiя гаспадынi; яны павiнны былi бачыць i бачылi мяне памiж пятаю i шостаю, з цыгараю ў руцэ; гэта не было прынята — я ведаю, але ж я мастак: вызнаваць нон-канфармiзм — мой абавязак; мне можна таксама спыняцца каля катрыншчыкаў, якiя разменьваюць на грошы меланхолiю канца рабочага дня; вулiца летуценняў-сноў, што вяла праз кабiнет летуценняў-сноў: мае статысты мелi добра нашмараваныя суставы, невiдочныя нiткi рухалi iмi; яны адкрывалi раты, каб вымавiць прадугледжаныя мною дзеля iх штатмпы; халодная мелодыя бiльярдавых шароў у гатэлi "Прынц Генрых" — белае на зялёным, чырвонае на зялёным; манекены згiналi рукi, каб ударыць па шары, каб паднесцi да рота куфаль з пiвам; яны набiралi ачкi, гулялi серыi, па-каляжанску ляпалi мне па плячы; ax, гэтак! ax, не! о, блiскуча! вам не пашэнцiла; а я чуў, як камякi зямлi падаюць на маю труну, перадсмяротны крык Эдыт i апошнi позiрк светлавалосага вучня столяра — позiрк, якiм ён павiнен быў акiнуць каменныя муры вязнiцы, былi ўжо напагатове.





Я паехаў з жонкаю i дзецьмi ў далiну Кiса, паказаў iм з гордасцю вынiк працы маёй маладосцi, наведаў пастарэлага ўжо абата i прачытаў на яго твары гады, якiх не мог убачыць на сваiм; кава ў гасцёўнi, пiрог, выпечаны са сваёй мукi, са слiвамi, што выраслi ў сваiм садзе, i са смятанкаю, знятаю з малака ад сваiх кароў; маiм сынам было дазволена зайсцi ў клаўзуру, жонка з дочкамi, што ўвесь час хiхiкалi, павiнны былi чакаць на вулiцы: чацвёра сыноў, трое дачок — сямёра дзяцей, якiя падораць мне сем разоў па сем унукаў; абат жа сказаў мне з усмешкаю: "Мы ўжо цяпер нават суседзямi зрабiлiся". Сапраўды, я купiў абедзве вёсачкi: Штэлiнгер-Гротэ i Гёрлiнгерс-Штуль.

— Ах, Леанора, зноў — з Кронэравай кавярнi? Hе, я ж сказаў выразна: шампанскага не трэба. Цярпець не магу шампанскага. А зараз — працы канец, маё дзiця. Калi ласка. I цi не маглi б Вы замовiць мне таксi, на чатырнаццатую? Няхай чакае мяне каля брамы; можа, падвязу i Вас трохi. Hе, праз Блесэнфэльд я не еду. Добра, калi жадаеце, можам гэта яшчэ ўдакладнiць.

Ён адвярнуўся ад сваёй рамы са зменнымi малюнкамi, разгледзеў сцены кабiнета, дзе на сцяне вiсеў вялiкi праект абацтва, а ў паветры было поўна пылу, якi, нягледзячы на ўсю асцярожнасць, падымаўся з-пад рук Леаноры; яна з ахвотаю прыбрала ў сталёвай шафе, падала яму вялiкi пачак банкнотаў, якiя страцiлi сваю вартасць яшчэ трыццаць пяць год таму; потым, патросшы галавою, выцягнула на свет божы iншы пачак грошай, якiя не мелi вартасцi ўжо дзесяць год; яна дбайна пералiчыла на рысавальным стале ўсе чужыя купюры: дзесяць, дваццаць, восемдзесят, сто — тысяча дзвесце марак.

— Кiньце гэта ў агонь, Леанора, цi аддайце iх, можа, дзецям з вулiцы гэтыя задуманыя з вялiкiм размахам цэтлiкi ашуканства, якое пачалося трыццаць пяць, а паглыбiлася дзесяць год таму. Я нiколi не надаваў увагi грашам, а, нягледзячы на гэта, усе былi перакананыя, што я прагны да грошай; яны зрабiлi памылку: я не прагнуў грошай, распачынаючы вялiкую гульню; i толькi калi я выйграў i зрабiўся вядомы — толькi тады я ўсвядомiў сабе, што ўва мне ёсць два варункi вядомасцi i папулярнасцi: я быў рупны, гжэчны, просты, быў мастаком, афiцэрам-рэзервiстам; чагосьцi дасягнуў, зрабiўся багатым, аднак… аднак быў усё ж "чалавекам з народа" i нiколi таго не адмаўляў; не дзеля грошай, славы, жанчын я ўкладаў алгебру будучынi ў формулы, ператвараў X, Y i Z у рэальныя велiчынi — у сялянскiя гаспадаркi, банкаўскiя рахункi, у магутнасць, якую я ўвесь раздаваў i якая вярталася да мяне ўдвая большая; Давiд з усмешкаю, мяккi, вага якога не большала i не меншала нi на адзiн фунт; моцна закранулi мяне непрадбачаныя абставiны, якiх я гэтак спрагнёна жадаў: то былi каханне маёй жонкi i смерць дачкi Ёганны сапраўднай прадстаўнiцы роду Кiльбаў: ёй было толькi паўтара года, а я ў тых дзiцячых вачах, як i ў вачах майго маўклiвага бацькi, бачыў старажытную мудрасць, на цёмным дне гэтых вачэй, якiя, здавалася, ужо ведалi, што такое смерць; шкарлятына расцвiла на гэтым цельцы, нiбы жахлiвае пустазелле, падымалася ўверх па сцёгнах, iшла ўнiз да самых ступняў, сеяла гарачку, i белая, нiбы снег, смерць вырастала з усяго таго, вырастала, нiбы цвiль, на чырвонай квеценi, уядалася ў цела, выходзiла чарнотай з ноздраў; непрадбачаныя абставiны, якiх я прагнуў, - яны прыйшлi, як праклён, стаiлiся ў гэтым жахлiвым доме; выбухнула спрэчка, раптоўная перапалка з пробашчам сабора Святога Севярына, з цесцем i цешчаю, з шваграмi, бо я забараняў спяваць на жалобнай iмшы; i ўсё ж я настояў на сваiм i дамогся свайго; я страшэнна спалохаўся, калi пад час набажэнства пачуў шэпт Ёганны: «Iсусе».

Я нiколi не вымаўляў гэтага iмя, ледзьве дазваляў сабе падумаць пра яго i ўсё ж ведаў: я ў ягонай уладзе; анi ружанец Домгрэве, анi салодка-кiслыя даброты поўных мараў пра замужжа гаспадарскiх дачок, анi гешэфты са спавядальнямi шаснаццатага стагоддзя, прадаванымi на патаемных аўкцыёнах за вялiкiя грошы, якiя Домгрэве потым у Лакарна выменьваў на танныя грахi; анi жорсткiя махлярствы аблудных пастыраў, сведкам якiх мне давялося быць; анi вартыя жалю спакушэннi наскрозь грэшных дзяўчат; анi маўклiвая бацькава суровасць — нiшто не магло забiць ува мне таго слова, якое Ёганна прашаптала, стоячы каля мяне: «Iсусе»; анi бясконцыя вандроўкi ў прадзьмуваных наскрозь тунелях старажытнае горычы i роспачы — калi я на ледавiтых акiянах прышласцi, аточаны самотнасцю, як агромнiстым ратавальным кругам, смехам дадаваў сабе сiлы — гэтае слова не было ўва мне забiтае: я быў малым Давiдам з прашчаю i малым Данiлам у пячоры льва i быў гатовы ўспрыняць непрадбачанае здарэнне, якога я так прагнуў: смерць малой Ёганны 3 верасня 1909 года. Таксама тае ранiцы ўланы ехалi па простай брукаванцы; дзяўчаты-разносчыцы малака, хлопцы з пякарнi, служкi божыя ў сутанах, якiя раздзiмалiся ад ветру; ранiца; дзiк перад Грэцавай крамай, лiпкi смутак хатняга лекара, якi сорак гадоў сведчыў пра нараджэннi i смерцi ў доме Кiльбаў; у старэнькай скураной папцы ён насiў набор непатрэбных iнструментаў, якiя дапамагалi яму ўводзiць усiх у зман адносна дарэмнасцi яго намаганняў; ён накрыў знявечанае цела, а я зноў зняў покрыва; я хацеў убачыць цела Лазара, вочы майго бацькi, якiмi гэтае дзiця не захацела глядзець больш як паўтара года; а побач, у спальнi, крычаў Генрых; званы на вежы Святога Севярына разбiвалi час на чарапкi, званiлi а дзевятай да ютранi; цяпер Ёганне было б пяцьдзесят год.

— Бiлеты ваеннай пазыкi, Леанора? Я не падпiсваўся на iх, гэта спадчына па маiм цесцю. У агонь iх — гэтак, як i банкноты. Два ордэны? Вядома, я ж будаваў мiнныя галерэi, цягнуў лiнii траншэяў, умацоўваў артылерыйскiя пазiцыi, трапляў пад шалёны абстрэл, выцягваў параненых з-пад агню: другога рангу, першага рангу… дай мне iх сюды, Леанора; мы выкiнем iх у вулiчны равок — хай валяюцца ў гразi на дне таго раўка. Аднаго разу Ота выгледзеў iх у шафе; я стаяў за рысавальным сталом i запозна прыкмецiў фатальны бляск у яго вачах; ён убачыў iх, i пачцiвасць яго да мяне пабольшала; запозна. Дык выкiнь iх хоць бы цяпер, каб Ёзэф калi-небудзь не знайшоў iх у спадчыне па мне.