Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 11 из 64

Бо па сходах долу якраз iшла яна, басанож, у апратцы пастушкi, веючы пахам авечага гною, якiм было прапахлае яе рыззё, што спавiвала яе ад грудзей да сцёгнаў. Зараз яна з'есць сваю прасяную кашу, з ёй — кавалак чорнага хлеба, пару арэхаў; вып'е авечага малака, якое дзеля яе трымаюць у лядоўнi; яна прывозiла з сабою авечае малако ў тэрмасах, прывозiла авечы гной у маленькiх карабках i ўжывала яго як парфуму да сваёй грубай, вязанай на прутках з суровай воўны бялiзны; па снеданнi яна гадзiнамi праседжвала ў вестыбюлi — вязала i вязала, час ад часу хадзiла ў бар па шклянку вады, палiла сваю кароткую пiпку, сядзела на канапе, скрыжаваўшы свае голыя ногi так, што была вiдаць яе грубая, зацвярдзелая скура на пятках; яна прымала сваiх вучняў i вучанiц, якiя, апранутыя, як яна, i гэтаксама, як яна, пахнучыя, атачалi яе, седзячы са скрыжаванымi нагамi на канапе, вязалi пруткамi, раз-пораз адкрывалi карабкi, што iм давала iх майстрыня, i ўдыхалi пах авечага гною, як самы лепшы водар: праз пэўныя прамежкi часу яна адкашлiвалася i пыталася сваiм дзявочым голасам з канапы: "Як мы ўратуем свет?" А вучнi i вучанiцы адказвалi: "Праз авечую воўну, авечую шкуру, авечае малако — i праз вязанне на прутках". Дзынканне пруткоў, цiшыня, адзiн хлопец, ускочыўшы, пабег у бар, прынёс майстрынi свежай вады, i зноў мяккi дзявочы голас запытаўся з канапы: "Дзе хаваецца блаславенне свету?" I ўсе адказалi: "У авечцы!" Яны зноў адкрылi карабкi, пачалi з захапленнем нюхаць памёт, а ў гэты час блiскалi фотаўспышкi, алоўкi журналiстаў хутка спiсвалi лiсткi рэпарцёрскiх нататнiкаў.

Гуга павольна адступiў яшчэ далей назад, калi яна абыходзiла калону па дарозе ў залу для снедання; ён яе баяўся; надта часта ён бачыў, як яе лагодныя вочы рабiлiся суровымi, калi яна заставалася з iм сам-насам: яна лавiла яго на сходах, заказвала яму прынесцi малако ў нумар, дзе яна сустракала яго з цыгарэтай у роце, потым вырывала ў яго з рук шклянку з малаком, смеючыся вылiвала малако ва ўнiтаз, напаўняла шклянку каньяком i з гэтай шклянкай у руцэ пачынала наступаць на яго, у той час як ён задам адыходзiў да дзвярэй.

— Цi табе яшчэ нi адна жывая душа не казала, што ў цябе твар варты золата, чыстага золата, ты, неразумны хлопча. Чаму ты не хочаш стаць божай авечкай маёй новай рэлiгii? Я зраблю цябе вялiкiм, багатым, i яны будуць укленчваць перад табою ў яшчэ больш раскошных, чым гэты, гатэлях! Хiба ты працуеш тут досыць доўга, каб ведаць, што iхнюю нуду можна запоўнiць толькi новай рэлiгiяй — i чым дурнейшай, тым лепш? Iдзi сабе — ты занадта дурны.

Ён глядзеў ёй услед, а яна з нерухомым тварам давала кельнеру магчымасць адчынiць ёй дзверы ў залу для снедання; сэрца яго ўсё яшчэ бiлася ненармальна хутка, калi ён выходзiў з-за калоны i павольна спускаўся ўнiз да рэстарана.

— Кiлiшак каньяку ў бiльярдную для пана доктара, вялiкi.

— Тут нейкая сварка праз твайго пана доктара…

— Якая такая сварка?

— Hе ведаю. Здаецца, яго тэрмiнова шукаюць, твайго доктара. Вось, бяры свой каньяк i — змывайся хутчэй. Самае меншае семнаццаць старых i маладых баб ганяюцца за табой; давай, бо ўжо нейкая зноў спускаецца сюды.

Яна выглядала так, быццам пiла на сняданак чыстую жоўць; была апранутая ў залацiстую сукенку, насiла залацiстыя чаравiкi, залацiстую шапачку i муфту з iльвiнае шкуры. Яе выгляд выклiкаў агiду, а некаторыя госцi з забабонамi нават закрывалi твар рукою, калi яна з'яўлялася. Пакаёўкi кiдалi працу праз яе, кельнеры не хацелi яе абслугоўваць, але ён, Гуга, калi ёй удавалася яго злавiць, мусiў гадзiнамi гуляць з ёю ў карты; пальцы ў яе былi нiбы курыныя кiпцi; па-людску выглядала толькi цыгарэта ў яе вуснах. "Каханне, мой хлопча… я нiколi не спазнала, што гэта такое; не было нiводнага чалавека, якi здолеў бы не выказаць сваёй агiды перада мною; мая мацi праклiнала мяне сем разоў на дзень, выкрыквала мне сваю агiду проста ў твар; у мяне была прыгожая i маладая мацi, малады i прыгожы быў бацька, былi мае браты i сёстры; яны б атруцiлi мяне, каб толькi здолелi набрацца смеласцi на гэта; яны называлi мяне: Гэткае-што-не-павiнна-было-нарадзiцца — мы жылi высока, у жоўтай вiле пад сталеплавiльняю; увечары тысячы рабочых выходзiлi з заводскай брамы, iх чакалi з усмешкамi дзяўчаты i жанкi; смеючыся, яны iшлi ўнiз па гразкай вулiцы; я ж бачу, чую, маю адчуваннi нюху, дотыку, як усе астатнiя людзi, умею пiсаць, чытаць, лiчыць i адрознiваць на смак — ты першы чалавек, якi вытрымлiвае побач са мною больш як паўгадзiны, чуеш ты, першы!"

Следам за ёй цягнуўся страх, подых няшчасця; яна кiнула ключ ад нумара на прылавак, крыкнула служку, што стаяў там замест Ёхэна: "Гуга, дзе гэта Гуга?"; i калi хлопец пацiснуў плячыма, яна рушыла да дзвярэй-круцёлкi; прыдзвернiк, што адчынiў iх перад ёю, апусцiў вочы долу, а яна, апынуўшыся на вулiцы, адразу насунула на твар вэлюм.

"У гатэлi я яго не нашу, — казала яна Гугу, — няхай тут нешта ўбачаць за свае грошы, няхай глядзяць мне ў твар за мае грошы; але тыя, што на вулiцы, яны гэтага не заслужылi".

— Я прынёс каньяк, пане доктар.





— Дзякуй табе, Гуга.

Гуга любiў гэтага чалавека; доктар Фэмель прыходзiў шторанiцы а палове дзесятай i вызваляў яго да адзiнаццацi, надаваў яму адчуванне вечнасцi; хiба не было так заўсёды, хiба не стаяў ён ужо стагоддзi пры гэтых лакiравана-белых дзвярах, заклаўшы рукi за спiну, назiраючы за цiхай гульнёй, слухаючы аповяд, якi пераносiў яго на шэсцьдесят год назад, потым на дваццаць уперад, зноў на дзесяць назад, а пасля раптоўна перакiдалi яго ў рэчаiснасць таго лiстка календара, што вiсеў на сцяне? Белае на зялёным, чырвонае на зялёным, бела-чырвонае на зялёным, i заўсёды ў прасторы, абмежаванай борцiкамi, усяго на гэтых двух квадратных метрах зялёнага сукна; яно было чыстае, сухое, дакладнае, памiж паловай на дзесятую i адзiнаццаццю; два, тры разы сысцi ўнiз па вялiкi кiлiшак каньяку; час не быў тут анiякай велiчынёю, з якой можна было б што-небудзь прачытаць; ён усмоктваўся гэтай прастакутнай зялёнай прамакаткай; дарэмна бiлi гадзiннiкi, дарэмна рухалiся стрэлкi, бессэнсоўна намагаючыся ўцячы адна ад адной; усё спынялася, пакiдалася на месцы, калi прыходзiў Фэмель — якраз у той час, калi было найболей працы: старыя госцi ад'язджаюць, прыязджаюць новыя; ён мусiў стаяць тут, аж пакуль гадзiннiк на вежы сабора Святога Севярына не праб'е адзiнаццатую? Прасторы, пазбаўленыя паветра; гадзiннiкi, пазбаўленыя часу; ён апускаўся тут на дно акiянаў; рэчаiснасць сюды не даходзiла, прыцiскалася звонку, нiбы да шкла акварыума цi да вiтрыны крамы; яна губляла свае вымярэннi, захоўваючы толькi адно-адзiнае: была плоская, быццам выразаная з аркуша дзiцячых выцiнанак, яны ўсе мелi часовае ўбранне, як тыя выразаныя папяровыя лялькi; яны бездапаможна бiлiся аб сцены, што былi таўсцейшыя за цэлыя стагоддзi са шкла; удалечынi быў цень сабора Святога Севярына, яшчэ далей — вакзал i нерэальныя цягнiкi: "хутк." i "пас.", "прыг." i "баг."; чамаданы везлiся да пагранiчных станцый; рэальныя былi толькi тры бiльярдныя шары, што каталiся па зялёнай прамакатцы, утвараючы штораз новую фiгуру: Фэмель ударам кiя ствараў бясконцасць, што ўтрымлiвалася ў тысячах формул на двух квадратных метрах, а голас ягоны губляўся ў часе.

— Цi будзеце расказваць далей, пане доктар?

— Хочаш слухаць?

— Хачу.

Фэмель усмiхнуўся, адпiў каньяку з кiлiшка, запалiў новую цыгарэту, узяў у руку кiй i ўдарыў па чырвоным шары: чырвонае i белае пакацiлiся па зялёным.

— Праз тыдзень пасля гэтага, Гуга…

— … Пасля чаго?

Фэмель усмiхнуўся зноў.

— …Пасля той гульнi 14 лiпеня 1935 года, якую хлопцы ўвекавечылi ў тынку над бляшанай шафкаю, праз тыдзень пасля той гульнi я быў рады, што Шрэла напомнiў мне дарогу, што вяла да Трышлеравага дома. Я стаяў на балюстрадзе старой вагоўнi, у Нiжнiм Порце; адтуль як на далонi была вiдаць уся дарога, што бегла памiж шупак з дровамi i вугалем, спускалася да крамы будматэрыялаў, а адтуль iшла да порта, абгароджанага ржавым жалезным бар'ерам; тут былi цяпер адно што карабельныя могiлкi. Апошнi раз я быў там за сем гадоў да таго, але гэтых гадоў магло быць i пяцьдзесят; калi мы разам з Шрэлам хадзiлi ў госцi да Трышлера, мне было трынаццаць; доўгiя ланцугi баржаў кiдалi ўвечары якар каля падножжа схiлу; жонкi шкiпераў з кошыкамi для пакупак сыходзiлi па хiсткiх кладках на бераг; у жанчын былi свежыя твары, а ў позiрках — упэўненасць; мужчыны, занудзiўшыся без пiва i газет, сыходзiлi на бераг услед за жанкамi; Трышлерава мацi ўсхвалявана пераглядала свае тавары: капусту, памiдоры, серабрыстую цыбулю, што ў пучках вiсела на сцяне; а на дварэ аўчар даваў кароткiя i рэзкiя каманды сабакам, каб яны жвавей заганялi авечак у загарадку; на другiм баку — гэта значыць тут, Гуга, — свяцiлiся газавыя лiхтарнi, жаўтлявае святло запаўняла белыя шары, якiя ланцугом цягнулiся на поўнач у бясконцасць; Трышлераў бацька запальваў свяцiльнi ў карчме, а Шрэлаў бацька з ручнiком пад пахаю прайшоў у глыб двара, у шынок для грузчыкаў, дзе мы, хлопцы — Трышлер, Шрэла i я, разбiвалi на дробныя кавалкi камлыгi лёду i абкладвалi гэтымi кавалкамi скрынi з пiвам.