Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 53 из 102

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ

Была восень, і ўсе дрэвы былі голыя, і дарогі ў гразі. З Удзіны ў Гарыцыю я ехаў на грузавіку. Па дарозе нам трапляліся іншыя грузавікі, і я пазіраў па баках. Тутавыя дрэвы былі голыя, і зямля на палях бурая. Мокрае мёртвае лісце ляжала на дарозе паміж радамі голых дрэў, і рабочыя латалі калдобіны на дарозе шчэбенем, які яны бралі з куч, складзеных уздоўж дарогі, пад дрэвамі. Паказаўся горад, але горы за ім былі адрэзаны туманам. Мы пераехалі раку, і я заўважыў, што вады значна пабольшала. У гарах ішлі дажджы. Мы ўехалі ў горад, мінаючы фабрыкі, а затым дамы і вілы, і я ўбачыў, што за гэты час яшчэ больш дамоў разбурана снарадамі. На вузкай вуліцы мы сустрэлі аўтамабіль англійскага Чырвонага Крыжа. Шафёрбыў у кепі, і ў яго быў худы і моцна загарэлы твар. Я яго не ведаў. Я злез з грузавіка на вялікім пляцы перад мэрыяй, шафёр падаў мне мой рукзак, я закінуў яго за плечы, прышпіліў абедзве сумкі і пайшоў да нашай вілы. Гэта не было падобна на вяртанне дамоў.

Я ішоў па мокраму жвіру алеі і глядзеў на вілу, якая бялелася за дрэвамі. Усе вокны былі зачынены, але дзверы былі разнасцежаны. Я ўвайшоў і ўбачыў маёра ў пакоі з голымі сценамі, на якіх віселі толькі карты і надрукаваныя на машынцы паперкі.

— Прывітанне! — сказаў ён. — Ну, як здароўе? Ён пастарэў і нібыта ссохся.

— Нармальна, — сказаў я. — Як вашы справы?

— Усё ўжо скончылася, — сказаў ён. — Здымайце свой рыштунак і сядайце.

Я паклаў рукзак і абедзве сумкі на падлогу, а кепі — на рукзак. Затым узяў крэсла, якое стаяла ля сцяны, і сеў ля стала.

— Лета было гадкае, — сказаў маёр. — Вы паправіліся?

— Так.

— Вы атрымалі свае ўзнагароды?

— Атрымаў. Усё як мае быць. Дзякуй вам.

— Пакажыце.

Я расхінуў свой плашч, каб былі бачны дзве стужачкі.

— А самі медалі вы таксама атрымалі?

— Не. Толькі дакументы.

— Медалі паступяць пазней. На гэта патрэбна шмат часу.

— Куды вы зараз накіруеце мяне?

— Усе машыны ў раз'ездзе. Шэсць на поўначы, у Капарэта. Вы ведаеце Капарэта?

— Ведаю, — сказаў я. Мне згадаўся маленькі белы гарадок са званіцай у даліне. Гарадок быў чысценькі, і на плошчы быў прыгожы фантан.

— Яны там. Зараз шмат хворых. Баі закончыліся.

— А дзе астатнія?

— Дзве ў гарах, а чатыры ўсё яшчэ на Баінзіцы. Два іншыя санітарныя атрады ў Карсо, з трэцяй арміяй.

— Куды вы мяне накіруеце?

— Калі хочаце, вы можаце ўзяць тыя чатыры машыны, што на Баінзіцы. Заменіце Джына, ён ужо даўно там. Усё гэта, здаецца, здарылася пасля вас?

— Так.

— Дрэнь справы былі. Мы страцілі тры машыны.

— Я чуў.

— Так, вам пісаў Рынальдзі.

— Дзе Рынальдзі?

— Ён тут, у шпіталі. Летам і восенню яму было горача.

— Магу ўявіць.

— Так, дрэнна было, — сказаў маёр. — Вы не ўяўляеце, як дрэнна. Я часта думаў, як вам пашанцавала, што вы былі паранены напачатку.

— Я і сам так лічу.

— Сёлета будзе яшчэ горай, — сказаў маёр. — Магчыма, яны ўжо зараз пачнуць наступленне. Так кажуць, але я не веру. Занадта позна. Бачылі раку?

— Бачыў. Вада паднялася.

— Не думаю, што наступленне пачнецца зараз, калі ў гарах ужо ідуць дажджы. Хутка пойдзе снег. А што нашы суайчыннікі? Ці ўбачым мы амерыканцаў, акрамя вас?

— Рыхтуецца армія з дзесяці мільёнаў.

— Добра, каб хоць частка трапіла да нас. Але ўсіх перахопяць французы. Сюды не даедзе ніводзін чалавек. Ну, ладна. Вы сёння пераначуеце тут, а заўтра раніцай выпраўляйцеся на маленькай машыне і змяніце Джына. Я дам вам каго-небудзь, хто ведае дарогу. Джына вам усё раскажа. Там яшчэ крыху страляюць, але наогул усё ўжо скончылася. Вам цікава будзе пабываць на Баінзіцы.

— Ахвотна там пабываю. Я вельмі задаволены, што зноў з вамі.

Ён усміхнуўся.

— Вы вельмі добры. Я стаміўся ад гэтай вайны. Калі б я з'ехаў, не думаю, каб мне захацелася вярнуцца.

— Так усё кепска?

— Ага. Так дрэнна і нават горай. Схадзіце памыйцеся і знайдзіце свайго сябра Рынальдзі.

Я ўзяў свой багаж і панёс па лесвіцы наверх. Рынальдзі ў пакоі не было, але яго рэчы былі на месцы, і я сеў на ложак, зняў абмоткі і сцягнуў з правай нагі чаравік. Пасля я прылёг на ложак Я стаміўся, і правая нага балела. Мне падалося брыдкім ляжаць на ложку ў адным чаравіку, таму я сеў, расшнураваў другі чаравік, скінуў яго на падлогу і зноў лёг на коўдру. Акно было зачынена, таму ў пакоі было душна, але я занадта стаміўся, каб устаць і адчыніць яго. Я ўбачыў, што ўсе мае рэчы складзены ў адным кутку пакоя. Цямнела. Я ляжаў на ложку, і думаў пра Кэтрын, і чакаў Рынальдзі. Я вырашыў думаць пра Кэтрын толькі па вечарах, перад сном. Але я стаміўся, і мне не было чаго рабіць, таму я ляжаў і думаў пра яе. Я думаў пра яе, калі ў пакой увайшоў Рынальдзі. Ён быў такі ж, як і раней. Мо хіба трохі пахудзеў.

— Ну, бэбі, — сказаў ён.

Я прыўстаў на ложку. Ён падышоў, сеў побач і абняў мяне.

— Добры мой, слаўны бэбі. — Ён ляпнуў па маёй спіне, і я абхапіў яго за плечы.

— Слаўны мой бэбі, — сказаў ён. — Пакажы мне калена.

— Давядзецца скідваць штаны.

— Скідайце штаны, бэбі. Тут усе свае. Я хачу паглядзець, як вас там апрацавалі.

Я ўстаў, спусціў штаны і зняў з калена павязку. Рынальдзі сеў на падлогу і пачаў крыху згінаць і разгінаць мне нагу. Ён правёў рукой па шраму, злучыў вялікія пальцы над каленнай чашачкай, а астатнімі асцярожна страсянуў калена.

— I больш у вас не згінаецца?

— Не.

— Гэта проста злачынства, што вас выпісалі. Яны павінны былі дабіцца поўнай функцыі сустава.

— Было значна горай. Нага была як палка.

Рынальдзі паспрабаваў яшчэ. Я сачыў за яго рукамі. У яго былі лоўкія рукі хірурга. Я зірнуў на яго галаву, на яго валасы, бліскучыя і гладка зачэсаныя на прабор. Ён сагнуў нагу вельмі моцна.

— Уф! — сказаў я.

— Вам трэба было палячыцца яшчэ механатэрапіяй, — сказаў Рынальдзі.

— Раней было горш.

— Ведаю, бэбі. У такіх рэчах я разбіраюся больш, чым вы. — Ён устаў і сеў на ложак. — Сама аперацыя зроблена нядрэнна. — Ён пакінуў маё калена. — Расказвайце.

— Няма пра што расказваць, — сказаў я. — Жыў ціха і мірна.

— Можна падумаць, што вы сямейны чалавек, — сказаў ён. — Што з вамі?

— Нічога, — сказаў я. — А вось што з вамі?

— Гэтая вайна мяне даканае, — сказаў Рынальдзі. — Я зусім скіс. — Ён абхапіў сваё калена рукамі.

— Ого! — сказаў я.

— Што такое? Што, у мяне не можа быць чалавечых пачуццяў?

— Не. Вы, відаць, правялі вясёлае лета. Раскажыце.