Страница 30 из 102
РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ
Мы прыехалі ў Мілан раніцай, і нас выгрузілі на таварнай станцыі. Санітарны аўтамабіль павёз мяне ў амерыканскі шпіталь. Лежачы ў аўтамабілі на насілках, я не мог вызначыць, па якіх вуліцах мы едзем, але, калі насілкі выцягнулі, я ўбачыў рынкавую плошчу і адчыненыя дзверы закусачнай, адкуль дзяўчына вымятала смецце. Вуліцу палівалі, і пахла раніцай. Санітары паставілі насілкі на зямлю і ўвайшлі ў дом. Потым яны вярнуліся разам са швейцарам. Швейцар быў з сівымі вусамі, у фуражцы з галунамі, але без ліўрэі. Насілкі не змяшчаліся ў кабіне ліфта, і яны паспрачаліся, што лепш: зняць мяне з насілак і падняць на ліфце ці несці на насілках па лесвіцы. Мяне сталі падымаць з насілак.
— Асцярожней, — сказаў я, — асцярожней.
У кабіне было цесна, і, калі мае ногі сагнуліся, мне стала вельмі балюча.
— Выпрастайце мае ногі, — сказаў я.
— Нельга, signor tenente. Не хапае месца.
Чалавек, які сказаў гэта, падтрымліваў мяне адной рукой, а я яго абхапіў за шыю. Яго дыханне данесла да мяне металічны пах часнаку і чырвонага віна.
— Ты акуратней, — сказаў другі санітар.
— А што я, хіба не акуратна?
— Акуратней, кажуць табе, — паўтарыў другі, той, што трымаў мае ногі.
Я ўбачыў, як зачыніліся дзверы кабіны, з грукатам засланілася рашотка, і швейцар націснуў кнопку чацвёртага паверха. У швейцара быў заклапочаны выгляд. Ліфт марудна пайшоў угару.
— Цяжка? — спытаў я чалавека, ад якога пахла часнаком.
— Нічога, — сказаў ён. На твары ў яго выступіў пот, і ён крактаў. Ліфт падымаўся ўсё вышэй і нарэшце спыніўся. Чалавек, які трымаў мае ногі, адчыніў дзверы і выйшаў. Мы апынуліся на пляцоўцы. На пляцоўку выходзіла некалькі дзвярэй з меднымі ручкамі. Чалавек, які трымаў мае ногі, націснуў кнопку. Мы пачулі, як за дзвярыма затрашчаў званок. Ніхто не адгукнуўся. Потым па лесвіцы падняўся швейцар.
— Дзе яны? — спыталі санітары.
— Не ведаю, — сказаў швейцар. — Яны спяць унізе.
— Паклічце каго-небудзь.
Швейцар пазваніў, потым пастукаўся, потым адчыніў дзверы і ўвайшоў. Калі ён вярнуўся, за ім ішла сталая жанчына ў акулярах. Валасы яе былі растрапаныя, і прычоска раскідалася, яна была ў форме сястры міласэрнасці.
— Я не разумею, — сказала яна. — Я не разумею па-італьянску.
— Я гавару па-англійску, — сказаў я. — Трэба ўладкаваць мяне куды-небудзь.
— Ніводная палата не гатова. Мы яшчэ нікога не чакалі.
Яна старалася падабраць валасы і блізарука жмурылася на мяне.
— Пакажыце, куды мяне пакласці.
— Не ведаю, — сказала яна. — Мы нікога не чакалі. Я не магу пакласці вас куды папала.
— Усё роўна куды, — сказаў я. Потым звярнуўся да швейцара па-італьянску: —Знайдзіце вольны пакой.
— Яны ўсе вольныя, — сказаў швейцар. — Вы тут першы паранены. — Ён трымаў фуражку ў руцэ і глядзеў на пажылую сястру.
— Ды пакладзіце вы мяне куды-небудзь, Хрыстом-Богам прашу! — Боль у сагнутых нагах усё мацнеў, і я адчуваў, як ён наскрозь пранізвае косці. Швейцар знік за дзвярыма разам з сівой сястрой і хутка вярнуўся. — Ідзіце за мной, — сказаў ён.
Мяне панеслі па доўгім калідоры і ўнеслі ў пакой са спушчанымі шторамі. У ім пахла новай мэбляй. Каля сцяны стаяў ложак, у куце — вялізная люстраная шафа. Мяне паклалі на ложак.
— Я не магу даць прасціну, — сказала жанчына, — яны ўсе пад замком.
Я не стаў гаварыць з ёй.
— У мяне ў кішэні грошы, — сказаў я швейцару. — У той, што зашпілена на гузік.
Швейцар дастаў грошы. Абодва санітары стаялі каля парога з шапкамі ў руках.
— Дайце ім абодвум па пяць лір і пяць лір вазьміце сабе. Мае паперы ў другой кішэні. Можаце аддаць іх сястры.
Санітары ўзялі пад казырок і выйшлі.
— Вось, — сказаў я сястры, — гэта мая картачка і гісторыя хваробы.
Жанчына ўзяла паперы і паглядзела на іх праз акуляры. Папер было тры, і яны былі складзены.
— Я не ведаю, што рабіць, — сказала яна. — Я не ўмею чытаць па-італьянску. Я нічога не магу зрабіць без распараджэння доктара. — Яна расплакалася і ўсунула паперы ў кішэню фартуха. — Вы амерыканец? — спытала яна скрозь слёзы.
— Так. Пакладзіце, калі ласка, паперы на столік каля ложка.
У пакоі было цемнавата і халаднавата. З ложка мне было відаць вялікае люстэрка ў шафе, але не было відаць, што ў ім адбівалася. Швейцар стаяў у нагах ложка. У яго быў добры твар, і сам ён здаваўся мне таксама добрым.
— Вы можаце ісці, — сказаў я яму. — I вы таксама,—сказаў я сястры. — Як вас зваць?
— Місіс Уокер.
— Ідзіце, місіс Уокер. Я паспрабую заснуць.
Я застаўся ў пакоі адзін. У ім было халаднавата і не пахла бальніцай. Матрац быў тугі і зручны, і я ляжаў не варушачыся, амаль не дыхаючы, радуючыся, што боль сціхае. Праз нейкі час мне захацелася піць, і я знайшоў у галавах грушу званка і пазваніў, але ніхто не з'явіўся. Я заснуў.
Прачнуўшыся, я агледзеўся. Праз аканіцы прабівалася сонечнае святло. Я ўбачыў вялікі гардэроб, голыя сцены і два крэслы. Мае ногі ў брудных бінтах, як палкі, тырчалі на ложку. Я стараўся не кратаць імі. Мне хацелася піць, і я пацягнуўся да званка і націснуў на кнопку. Я пачуў, як адчыніліся дзверы, і азірнуўся, і ўбачыў сястру, не ўчарашнюю, а іншую. Яна здавалася мне маладой і прыгожанькай.
— Добрай раніцы, — сказаў я.
— Добрай раніцы, — сказала яна і падышла да ложка.—Нам не ўдалося выклікаць доктара. Ён паехаў на Кома. Мы не ведалі, што сёння прывязуць каго-небудзь. А што ў вас?
— Я паранены. Абодва калены і ступні, і галава таксама закранута.
— Як вас зваць?
— Генры, Фрэдэрык Генры.
— Я зараз памыю вас. Але павязак мы не можам чапаць да прыходу доктара.
— Скажыце, а міс Барклі тут?
— Не. У нас такой няма.
— Што гэта за жанчына, якая плакала, калі мяне прывезлі?
Сястра рассмяялася.
— Гэта місіс Уокер. Яна дзяжурыла ноччу і заснула. Яна не думала, што каго-небудзь прывязуць.
Размаўляючы, яна распранула мяне, і калі зняла ўсё, акрамя павязак, то стала мяне мыць, вельмі проста і лоўка. Мыццё мяне асвяжыла. Галава была забінтавана, але яна абмыла ўсюды вакол бінта.
— Дзе вас параніла?
— На Ізонца, на поўнач ад Плавы.
— Дзе гэта?
— На поўнач ад Гарыцыі.
Я бачыў, што ўсе гэтыя назвы ёй нічога не гавораць.
— Вам вельмі баліць?
Яна ўклала мне градуснік у рот.
— Італьянцы ставяць пад паху, — сказаў я.
— Не размаўляйце.
Выняўшы градуснік, яна паглядзела, якая тэмпература, і адразу стрэсла.
— Якая тэмпература?