Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 101 из 102

Я пайшоў па калідоры, спусціўся па лесвіцы, выйшаў з пад'езда бальніцы і пад дажджом па цёмнай вуліцы накіраваўся ў кафэ. Яно было ярка асветлена, і за ўсімі столікамі сядзелі людзі. Я не мог знайсці месца, і кельнер падышоў да мяне, і ўзяў маё мокрае паліто і капялюш, і паказаў мне на вольны стул ля століка, за якім нейкі пажылы чалавек піў піва і чытаў вячэрнюю газету. Я сеў і спытаў у кельнера, якое сёння plat du jour⁴².

— Смажаная цяляціна, але ўжо скончылася.

— Што ёсць на вячэру?

— Яечня з вяндлінай, амлет з сырам альбо choucroute.

— Я еў choucroute сёння раніцай, — сказаў я.

— Праўда, — сказаў ён. — Праўда, сёння раніцай вы елі choucroute.

Гэта быў чалавек сярэдніх гадоў, з лысінай, на акую акуратна былі зачасаны валасы. У яго быў добры твар.

— Што вы хочаце? Яечню з вяндлінай альбо амлет з сырам?

— Яечню з вяндлінай,— сказаў я, — і піва.

— Demi-blonde?

— Так, — сказаў я.

— Бачыце, я помню, — сказаў ён. — Раніцай вы таксама заказвалі demi-blonde.

Я з'еў яечню з вяндлінай і выпіў піва. Яечню з вяндлінай падалі ў круглым судочку — унізе была вяндліна, а зверху яечня. Яна была вельмі гарачая, і першы кавалак мне давялося запіць півам, каб астудзіць рот. Я быў галодны і заказаў яшчэ. Я выпіў некалькі шклянак піва. Я ні пра што не думаў, толькі чытаў газету, якую трымаў мой сусед. Там пісалі пра прарыў на англійскім участку фронту. Калі сусед заўважыў, што я чытаю яго газету, ён перавярнуў яе. Я хацеў папрасіць газету ў кельнера, але я не мог засяродзіцца. У кафэ было горача і душна. Многія з тых, хто сядзелі за столікамі, ведалі адзін аднаго. Некаторыя гулялі ў карты. Кельнеры снавалі між стойкамі і сталамі, разносячы напіткі. Два мужчыны зайшлі і не маглі знайсці сабе месца. Яны спыніліся насупраць майго століка. Я заказаў яшчэ піва. Я яшчэ не мог пайсці. Вяртацца ў бальніцу было рана. Я стараўся ні пра што не думаць і быць зусім спакойным. Мужчыны крыху пастаялі, але ніхто не ўставаў, і яны выйшлі. Я выпіў яшчэ піва. Перада мной на стале быў ужо цэлы стос посуду. Чалавек насупраць мяне зняў акуляры, схаваў іх у футарал, склаў газету і сунуў яе ў кішэню, і зараз глядзеў па баках, трымаючы ў руцэ кілішак з лікёрам. Раптам я адчуў, што павінен пайсці. Я паклікаў кельнера, заплаціў, апрануў паліто, узяў капялюш і выйшаў на вуліцу. Пад дажджом я вярнуўся ў бальніцу.

Наверсе ў калідоры я сустрэў сястру.

— Я толькі што званіла вам у гатэль, — сказала яна.

Нешта абарвалася ў мяне ўнутры.

— Што здарылася?

— У madame Генры быў крывацёк.

— Можна мне зайсці?

— Не, зараз нельга. Там доктар.

— Гэта небяспечна?

— Гэта вельмі небяспечна.

Сястра ўвайшла ў палату і зачыніла за сабой дзверы.

Я сядзеў ля дзвярэй у калідоры. Унутры ў мяне было пуста. Я не думаў. Я не мог думаць. Я ведаў, што яна памрэ, і маліўся, каб яна не памерла. Не дай ёй памерці. Госпадзі, Госпадзі, не дай ёй памерці. Я выканаю ўсё, што ты пажадаеш, толькі не дай ёй памерці. Добры Бог, не дай ёй памерці. Не, не, не, не дай ёй памерці. Божа, зрабі так, каб яна не памерла. Я ўсё выканаю, толькі не дай ёй памерці. Ты забраў дзіця, але не дай памерці ёй. Гэта нічога, што ты забраў яго, толькі не дай памерці ёй. Божа, добры Бог, не дай памерці ёй.

Сястра прачыніла дзверы і зрабіла мне знак зайсці. Я ўвайшоў. Кэтрын не азірнулася, калі я зайшоў. Я падышоў да ложка. Доктар стаяў ля ложка з другога боку. Кэтрын зірнула на мяне і ўсміхнулася. Я схіліўся над ложкам і заплакаў.

— Бедны ты мой,— сказала Кэтрын зусім ціха. Твар яе быў шэры.

— Усё добра, Кэт, — сказаў я. — Хутка ўсё будзе добра.

— Хутка я памру, — сказала яна. Затым крыху памаўчала і сказала: — Я не хачу.

Я ўзяў яе руку.

— Не чапай мяне, — сказала яна. Я адпусціў руку. Яна ўсміхнулася. — Бедны мой! Чапай колькі хочаш.

— Усё будзе добра, Кэт. Я ведаю, што усё будзе добра.

— Я хацела напісаць табе пісьмо на выпадак чаго-небудзь, але так і не напісала.

— Хочаш, каб я паклікаў святара ці яшчэ каго-небудзь?

— Толькі цябе, — сказала яна. Затым, праз некалькі хвілін: — Я не баюся. Я толькі не хачу.

— Вам нельга столькі гаварыць, — сказаў доктар.

— Добра, не буду, — сказала Кэтрын.

— Чаго-небудзь хочаш, Кэт? Табе што-небудзь даць?

Кэтрын усміхнулася.

— Не. — Затым праз некалькі хвілін: — Ты не будзеш з другой дзяўчынай так, як са мной? Не будзеш гаварыць нашыя словы? Скажы.

— Ніколі.

— Але я хачу, каб у цябе былі дзяўчаты.

— Яны не патрэбныя мне.

— Вы надта шмат гаворыце, — сказаў доктар. — Monsieur Генры давядзецца выйсці. Пазней ён можа прыйсці зноў. Вы не памраце. Не кажыце глупства.

— Добра, — сказала Кэтрын. — Я буду прыходзіць да цябе начамі, — сказала яна. Ёй было вельмі цяжка гаварыць.

— Калі ласка, выйдзіце з пакоя, — сказаў доктар. — Ёй нельга размаўляць.

Кэтрын падміргнула мне, твар яе стаў зусім шэрым.

— Нічога, я пабуду ў калідоры, — сказаў я.

— Ты не засмучайся, любы, — сказала Кэтрын. — Я ні кропелькі не баюся. Гэта толькі дрэнны жарт.

— Ты мая дарагая, храбрая дзяўчынка.

Я чакаў у калідоры. Я чакаў доўга. Сястра выйшла з пакоя і падышла да мяне.

— Madame Генры вельмі блага, — сказала яна. — Я баюся за яе.

— Яна памерла?

— Не, але яна ляжыць без памяці.

Відаць, адзін крывацёк ішоў за другім. Нельга было спыніць кроў. Я ўвайшоў у пакой і заставаўся ля Кэтрын, пакуль яна не памерла. Яна больш не ачуняла, і хутка ўсё скончылася.

У калідоры я звярнуўся да доктара:

— Сёння яшчэ трэба што-небудзь рабіць?

— Не. Нічога рабіць не трэба. Мо правесці вас у гатэль?

— Не, дзякуй вам. Я яшчэ пабуду тут.

— Я ведаю, што тут нічога не скажаш. Не магу выказаць...

— Так, — сказаў я. — Тут нічога не скажаш.

— Дабранач, — сказаў ён. — Мо, мне ўсё-ткі правесці вас?

— Не, дзякуй.

— Больш нічога нельга было зрабіць, — сказаў ён. — Аперацыя паказала...

— Я не хачу пра гэта гаварыць, — сказаў я.

— Я хацеў бы правесці вас у гатэль.

— Не, дзякуй вам.

Ён пайшоў па калідоры. Я вярнуўся да дзвярэй пакоя.

— Зараз нельга, — сказала адна з сясцёр.

— Можна, — сказаў я.

— Не, яшчэ нельга.

— Ідзіце адсюль, — сказаў я. — I тая таксама.

Але калі я прымусіў ix пайсці і зачыніў дзверы і выключыў святло, я зразумеў, што гэта не патрэбна. Гэта было накшталт развітання са статуяй. Неўзабаве я выйшаў і спусціўся па лесвіцы і пад дажджом пайшоў у свой гатэль.