Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 5 из 68

Праз нейкі час Том тайным чынам устроіў нешта накшталт каралеўскага палацу. Сам ён быў прынцам; яго лепшыя таварышы — целаабаронцамі, камэргэрамі, штальмайстрамі, флігэль-ад'ютантамі, статс-дамамі і сябрамі каралеўскае сям'і. Кожны дзень маленькага прынца сустрачалі з загадзя выпрацаваным цэрэмоніялам, пазычаным Томам са сваіх романтычных кніжак; кожны дзень у каралеўскай радзе разважаліся важнейшыя справы ўяўленага гаспадарства, і яго думаная вялікасьць меў ласку аддаваць загады арміі, флёту і намесьніцтвам.

Пасьля гэтага, апранены ў лахманы, ён звычайна адходзіў з мэтаю выпрасіць некалькі фарсінгаў, зьядаў убогую скарынку хлеба, даставаў заўсёдныя штурханцы і выслухаў заўсёдную лаянку, пакуль ня выцягваўся на бярэмі паскуднае саломы й не вяртаўся, ў сваіх снох, да неістнаваўшага блеску й велічы.

Аднак-жа яго жаданьне хоць раз убачыць сапраўднага, жывога прынца кожны дзень усё падрастала і, нарэшце, праглынула ўсе іншыя лятуценьні і зрабілася адзінаю прынадаю ў яго жыцьці.

У адзін студнёвы дзень, падчас звычайнае жабраніны ён некалькі гадзін панура хадзіў то ўзад, то ўперад. босы і здубеўшы, па Мінсынг-Лэне і Літль-Іст-Чыпе, заглядаючыся на вокны корчмаў і роячы аб смачных піражкох з сьвінінаю ды іншай спакусьлівай страве, выстаўленай у вітрыне; гэтыя ласункі, здавалася яму, прызначаны былі не для простых грэшнікаў, і ніколі яшчэ яму не выпадала шчасьця мець гэткую роскаш ці хоць-бы пакаштаваць яе. Было холадна, імгліла; дзень выдаўся хмарны, цемнаваты. Том вярнуўся да хаты ўвечары, змокшы, змучаны, галодны, так што навет бацька з бабкаю не маглі не зьвярнуць увагі на яго страшэнны выгляд і ня быць разжаленымі — пасвойму пэўна-ж; дзеля гэтага, даўшы яму пасьпешна па адным толькі штурханцу, яны загадалі легчы спаць. Доўга ня мог ён заснуць з прычыны болю й голаду, а таксама лаянкі і сваркі, што разьлягалася па хаце; нарэшце думкі яго пераляцелі ў далёкія, баечныя краі, і ён заснуў у таварыстве маленькіх прынцаў, апраненых у парчу з дарагімі каменьнямі, жыўшых у вялізных палацах, дзе слугі нізка кланяліся ім і растаропна спаўнялі іхнія загады. I тады, як звычайна, яму сьнілася, што ён сам быў маленькім прынцам.

Цалюткую ноч быў ён абкружаны яснатой і пыхаю каралеўскага палажэньня, прабываючы сярод лёрдаў і лэді, аблітых струёю сьвятла, ўдыхаючы пахі, поячыся цудоўнаю музыкаю й адказваючы на пашанлівыя паклоны натаўпу гасьцей, даваўшых яму дарогу, то усьмешкаю, то царственым рухам галавы.

Калі-ж раніцай ён прачхнуўся і ўбачыў сябе ў жабрацкіх варунках, дык сон зрабіў на яго звычайны ўплыў — яго бядацкае палажэньне здалося яму ў тысячу разоў горшым і выклікала ў ім горкасьць, роспач і сьлёзы.