Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 42 из 68

Замер быў добры, але спаўненьне далёка ня гэткае: кароль, падобна да свайго папярэдніка, хутка патануў у думках аб важных справах, і сталася тая самая бяда — страва пачала прыгараць. Гаспадыня, нашчасьце, вярнулася ўпару й не дала сьнеданьню аканчальна сапсавацца; яны жыва вывела хлопчыка з задумы, даўшы яму добрую нагонку. Аднак, бачачы, як ён зьбеднены, што не апраўдаў веры, яна зараз-жа зьмягчэла й пачала ізноў лагодна й ласкава абходзіцца з ім.

Хлопчык добра і смачна пад'еў і зрабіўся рэзвым і здаволеным. Сьнеданьне розьнілася, паміж іншым, тэю цікаваю рысаю, што абедзьве староны былі пераконаны, што робяць чэсьць адна аднэй, хоць ніводная гэтага ня выказвала. Жанчына хацела спачатку даць маленечкаму валацузе астаткі ад стала, ды дзе-нібудзь у кутку, як сабацы, але ёй нязручна было, што жорстка разлаяла небараку, і жадаючы загладзіць сваю грубасьць, яна пазволіла яму сесьць за сямейны стол і есьці нароўні з іншымі дзяцьмі. А кароль са свайго боку, каючыся ў памылцы, якую дапусьціў, зрабіў над сабою натугу і быў ласкавы пасьнедаць разам з гаспадыняю і яе дзяцьмі, не вымагаючы ад іх стаяць перад ім і прыслужваць яму падчас яды, як належыць яго званьню і дастойнасьці. Добрая жанчына цэлы дзень адчувала шчырае задаволеньне, з прычыны свае велікадушнасьці й ласкавасьці да няшчаснага бадзякі, а кароль таксама быў здаволены, што зыйшоў да простае сялянкі, удастоіў яе сваею міласьцю.

Калі скончылася сьнеданьне, гаспадыня загадала хлопчыку перамыць пасуду. Гэтае даручэньне пакаробіла караля, ён гатоў быў зазлаваць, але падумаў: „Альфрэд Вялікі пёк-жа піражкі і пэўна што й пасуду перамыў-бы; папрабую й я".

Справа здавалася пустою, чышчэньне дзеравяных ложак ды місак не асабліва цяжкая рэч; але ў сапраўднасьці праца была клапатлівая і няпрыемная. Нарэшце, ён так-сяк з ёю справіўся. Яму хацелася якнайхутчэй пайсьці ў дарогу; аднак, ня вельмі лёгка было адкараскацца ад клапатлівае гаспадыні. Яна давала яму адну работу за другою, — ён спаўняў усё з толкам і старанліва. Пасьля яна пасадзіла яго разам з дзеўчынкамі чысьціць яблыкі; але ён гэткі быў няспрытны, што яго звольнілі і далі яму вастрыць кухонны нож. Нарэшце змусілі яго скубсьці воўну; тады хлопчык падумаў, што далёка выперадзіў добрага караля Альфрэда ў рабоце па гаспадарчай часьці, якая цікавей у гістарычных расказах ды анэкдотах, як у рэальнасьці і рашыў, што пакуль з яго ўжо годзі. Калі, пасьля палудня, далі яму кошык з кацянятамі, каб патапіць іх, дык ён рашыў разьвітацца са сваею службаю. Яму трэба йсьці ў далейшую дарогу, а здарэньне падходзіць, — толькі зьявілася перашкода ў асобе Джона Канці, з кашэлкай разносчыка на плячох, і Гьюго.

Кароль заўважыў гэтых нягоднікаў, калі яны падходзілі да варот, але яшчэ не пасьпелі бачыць яго: ні слова ня кажучы, ён забраў кошык з кацянятамі і выйшаў чорным ходам. Ён пакінуў сваю ношу ў хляве і шмыгануў у вузкі завулак ззаду хаты. ___ ___