Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 34 из 68

— Мяне ліха бярэ, — сказаў ён, — што маглі засудзіць чалавека на сьмерць, на грунце гэткіх непраўдзівых, лёгкаважных паказаньняў.

Глухі шэпт зьдзіўленьня праляцеў па ўсёй залі. Усе вельмі ўцешыліся, але не ад рэзалюцыі Тома, — бо наўрад, ці хто-нібудзь з прысутных пачаў-бы згаджацца з апраўданьнем труціцеля, ці цешыцца літасьцю да праступніка, — не, уцеха адносілася да кемкасьці й розуму, выказанага хлопчыкам. Пачуліся ціхія ўвагі:

— Ды ён саўсім не звар'яцелы — ён пры здаровым розуме.

— Як разумна паставіў ён пытаньні. Як характарна гэтае крутое, бойкае рашэньне.

— Дзякуй Богу, хвароба прайшла. Перад намі не якая-нібудзь слабая істота, а сапраўдны кароль. Ён трымаў сябе быццам нябожчык бацька.

Хвальбе ня было канца, і да Томавых вушэй, натуральна, дзе-што дайшло. Апошняя акалічнасьць супакойлівым чынам падзеяла на яго — шляхетны паступак выклікаў у ім пачуцьцё самаздаволеньня.

Аднак-жа, юнацкая цікавасьць узяла верх над прыемнымі думкамі і пачуваньнямі; яму захацелася ведаць, якое праступленьне зрабіла жанчына з дзеўчынай. Па яго загаду, спалоханыя, плакаўшыя праступніцы былі прыведзены ў залю.

— У чым іхняя віна? — спытаўся ён у шэрыфа.

— Сьмею далажыць вашай вялікасьці, абвінавачваюцца яны ў цяжкім праступленьні, ясна даказаным; суд, на аснове гэтага, згодна з законам, прыгаварыў іх павесіць. Яны прадалі душу — вось у чым іхняя віна!

Том здрыгануўся. Яму змалку ўдзяўблі агіду да людзей, упаўшых у гэткі грэх. Аднак-жа, ён не хацеў адмовіцца ад задаволеньня свае цікавасьці.

— Калі гэта было і дзе? — спытаўся ён.

— У адну з студнёвых ночаў, калі выбіла поўнач, у поўразваленай цэркве, вашая вялікасьць.

Дрыготкі прабеглі па Томавым целе.

— Хто быў пры гэтым?

— Толькі яны ды нячысьцік...

— А прызналіся яны?

— Не, гаспадару, яны адмаўляюцца ад свайго праступленьня.

— Тады, як-жа ж яно зрабілася вядомым?

— Вашая вялікасьць, некалькі сьведкаў бачылі, як яны скіроўваліся туды; зьявілася падазрэньне, а страшныя зьявішчы, быўшыя пасьля, пацьвярдзілі й відавочна даказалі справядлівасьць меркаваньня. Паміж іншым, доказам служаць грымоты, выкліканыя нячыстаю сілаю і спусташыўшая ўсю акругу. Больш як сорак чалавек былі сьведкамі грымотаў, ды іх і тысяча знайшлася-б, таму што ўсім гром памятны, усе ад яго пацярпелі.

— Гэта, пэўна што, важны факт.

З мінуту Том моўчкі важыў страшэнную цёмную справу; пасьля раптам спытаўся:

— А сама яна пацярпела ад буры?

Некалькі старыкоўскіх галоваў заківала, у знак таго, што пытаньне пастаўлена вельмі спрытна. Шэрыф, аднак-жа, не зразумеў глыбокага сэнсу яго і прастадушна адказваў:

— Пэўна, што пацярпела, вашая вялікасьць, і саўсім заслужыўшы гэта — так усе кажуць. Яе хаціну саўсім зьнясло і яна з дзіцянём засталася без страхі.

— Мне здаецца, што за надта дарагую цану купіла яна ўмеласьць наклікаць на сябе бяду. Калі гэта каштуе ёй хоць фарсінг, — значыцца чорт ашукаў яе; калі яна аддала яму сваю душу й душу дзіцяці, дык яна звар'яцелая, а калі яна звар'яцелая, дык ня ў сіле даваць сабе справаздачы ў сваіх дзеяньнях і, значыцца, ня можа грашыць.

Ізноў захадзілі старыкоўскія галовы з уцехі ад Томавай мудрасьці. Нехта прамармытаў: „Калі кароль ня пры розуме, як ходзіць дзейка, дык гэта такое вар'яцтва, што дай Божа кожнаму, і ўва ўсіх розуму пабольшала-б".

— Колькі гадоў дзеўчынцы? — спытаўся Том.

— Дзевяць гадоў, вашая вялікасьць.

— Мілёрд, ці можа дзіця, паводлуг ангельскіх законаў, рабіць дагавор і прадаваць сябе? — спытаўся Том, зьвяртаючыся да вучонага законазнаўцы.

— Закон, гаспадару, забараняе дзецям уваходзіць у якія-б сабе ні было дагаворы, на тэй аснове, што, пры сваім слабым разуменьні, яны ня ў сіле вясьці справы побач з дарослымі й бароцца проці іхніх хітрасьцяў. Чорт можа купіць душу дзіцяці, калі яму хочацца і калі апошняя згодна, а ангелец не — у гэтым выпадку контракт лічыўся-б няважным.

— Ды гэта бязглуздая й нячэсная пастанова. Як ангельскі закон адмаўляе ангельскаму грамадзяніну ў праве, якое ахвотна дарыць чорту! — выгукнуў Том у шляхетным парыве.

Гэткі новы пагляд на рэчы выклікаў нямала ўсьмешак; шмат хто пастараўся запамятаць яго, каб пасьля расказаць у кругу прыдворных, як доказ арыгінальнасьці Тома і шпаркага ходу выздараўленьня.

Жанчына сьціхла плакаць, прыслухваючыся да словаў караля з глыбокім неспакойствам і падрастаўшаю надзеяю. Том заўважыў гэта і пачуў літасьць да няшчаснае, што знаходзілася ў нязвычайна цяжкім безабаронным палажэньні.

— Якім чынам выклікалі яны буру? — спытаўся ён.

— Скінуўшы з сябе панчохі, гаспадару.

Том зьдзівіўся; цікавасьць яго павялічвалася.

— Дзіўна! — сказаў ён жыва. — І заўсёды гэта выклікае гэткія грозныя зьявішчы?

— Заўсёды, гаспадару, — па крайняй меры, калі жанчына захоча і ў думках або голасна выгаварыць патрэбнае закляцьце.

Том зьвярнўўся да жанчыны і горача сказаў:

— Пакажы-ж сваю сілу — хачу сам убачыць буру.

Прысутныя зьбялелі ад невядомага страху, усе выявілі жаданьне выбрацца з палацу. Том нічога не заўважаў, ён увесь быў ахоплены думкаю аб меўшай быць тарапе. Бачачы, што жанчына задумана і зьдзіўлена, ён борзда дадаў:

— Ня бойся — табе нічога ня будзе. Больш за гэта — ты будзеш вольнай; ніхто не кране цябе пальцам. Пакажы сваю ўладу.

— О, гаспадару, я ня ў сіле зрабіць гэта — мяне дарэмна абвінавацілі.

— Страх стрымлівае цябе. Ня бойся — табе нічога ня будзе. Толькі выкліч буру — хоць самую нязначную. Я не хачу вялікае і руйнацкае... Зрабі гэта і жыцьцё тваё ўратована. Ты будзеш адпушчана на волю з дзіцянём, кароль дасьць табе літасьць, і ніхто ўва ўсёй дзяржаве не пасьмее скрыўдзіць цябе.

Жанчына ўпала ніцьма і са сьлязьмі ў вачох, бажылася, што яна ня мае сілы тварыць цуды, бо йначай яна з радасьцяй ахвяравала-б уласнае жыцьцё, абы толькі выратаваць жыцьцё дзіцяці, — выклікаць літасьць, якою кароль гатоў быў абдарыць яе.

Том упіраўся далей; але жанчына ўсё цьвярдзіла сваё.

— Я думаю, што яна кажа праўду, — сказаў, нарэшце, Том. — Будзь на яе месцы мая маці, будзь яна абдарана чартоўскаю сілаю, дык яна ні на мінуту не задумалася-б выклікаць буру і абярнуць увесь край у руіну, калі-б магла гэтым уратаваць мне жыцьцё! А вядома, што ўсе маці на адзін лад. Ідзі, бедная жанчына, ты свабодна, й дачка твая таксама. Я пераконаны, што вы невінаваты. Цяпер, калі табе няма чаго баяцца, разуйся, скінь панчохі — выкліч буру і я цябе абзалачу.