Страница 21 из 68
Канчальныя словы яе, урачыста сказаныя, былі гэткімі:
— Кароль сканаў!
Усе, хто быў на сабраньні, як адзін чалавек, адразу схілілі галовы і, сярод глыбокае цішыні, заставаліся ў гэткім палажэньні некалькі мінут; затым усе сталі на калены, выцягваючы рукі да Тома, і разьлёгся магутны крык, здавалася, страсянуўшы будынак:
— Няхай жыве кароль!
Бедны Том зьдзіўленна паглядаў на гэта нязвычайнае зьявішча і, нарэшце, на мінуту задумаўшыся, спыніўся на гэтых стаяўшых на каленах прынцэсах і на гэрцогу Гэртфордзе. Тады ў яго неспадзявана бліснула думка. Ён шэпчучы зьвярнуўся да лёрда Гэртфорда:
— Адказвай мне праўдзіва, сумленна й чэсна! Калі-б я тут выдаў загад, права на які належыць толькі каралю, ці быў-бы споўнены гэткі загад і ніхто не пачаў бы працівіцца?
— Ніхто, уладару мой, ува ўсёй дзяржаве. У тваіх руках спачывае ўлада. Ты кароль Англіі — тваё слова — закон.
Том адказваў з вялікім ажыўленьнем, гучным і строгім голасам:
— Хай будзе адсюль каралеўскі закон — законам літасьцівым, а ня крывавым. Устань, пасьпяшы ў Тоўэр і аб'яві, што кароль адмяняе прыгавар сьмерці гэрцогу Норфольскаму.
Гэтыя словы хутка разыйшліся па ўсёй залі, і калі Гэртфорд выйшаў, пачуліся ізноў грамавыя крыкі;
— Канец крываваму царству. Хай жыве Адварды, кароль Англіі!