Страница 13 из 68
Пасьля далейшае гутаркі, падчас якое лёрд Сэнт-Джон стараўся загладзіць сваю абмылку, як мог, не адзін раз заяўляючы, што цяпер яго вера аканчальна ўмацавалася, што ён ня можа нанова паддацца няпэўнасьці, лёрд Гэртфорд адпусьціў таварыша і застаўся адзін даглядаць прынца. Хутка ён пачаў задумвацца, і чым больш думаў, тым мацнейшаю рабілася яго неспакойнасьць. Пасьля пачаў хадзіць ды нешта няясна гаварыць.
— Не, ён найсапраўднейшы прынц. Ці-ж знойдзецца ўва ўсім краі чалавек, які даводзіў-бы, што два хпопчыкі неаднолькавага пахаджэньня могуць гэтак нязвычайна быць падобнымі адзін да аднаго, як быццам блізьнюкі. А калі-б і было так, дык яшчэ болей дзіўна і немагчыма, каб здарэньне кінула аднаго ў палажэньне другога. Не, гэта недарэчнасьць, глупства!
Пасьля ён казаў далей:
— Дапусьцім, што ён быў-бы самазванец і ўдаваў бы з сябе прынца, — тады справа натуральная і зразумелая. Алэ-ж ці жыў калі-нібудзь на сьвеце гэткі самазванец, які, будучы прызнаным прынцам і каралём, і дваром, і ўсімі, тым ня менш адкідаў-бы сваю дастойнасьць ды працівіўся пашане? Не. Прысягаю ўсімі сьвятымі, не! Гэта сапраўдны прынц, але толькі зьехаўшы з розуму.