Страница 39 из 39
«Не, – адказала Інга, – я яго нават не распакоўвала. Як купіла ў аптэцы, так і забраў муж».
Вопытны, адзін з лепшых у сваёй справе следчы, прадчуваючы хуткую развязку, адразу ж адправіўся ў названую аптэку, невялікую, на два вакенцы. Прагледзеў запісы відэакамер. Затым надышла чарга аптэкаркі, жонкі Камара, якую зафіксавала камера ў момант продажу Інзе злашчаснага флакона. Яна і не думала адпірацца. «Так, гэта зрабіла я. Аб адным толькі шкадую – не давяла да канца!»
Што тычыцца Хрушчанкі, заявіла яна, ён памёр сваёй смерцю, яна тут ні пры чым. Але менавіта той выпадак навёў яе на думку прыбраць з дарогі чарговую канкурэнтку. А так як яна працавала ў аптэцы, мела доступ да лекаў, ведала, што менавіта купляе Інга, у яе і выспеў хітры план. Асцярожна, акуратна яна ўскрыла ўпакоўку, тонкім шпрыцам напусціла ў флакон смяротнае рэчыва, запакавала і спакойна прадала Інзе. «Каб не займала чужое месца. Яны ўсе не варты мізінца майго мужа!» – «Але як вам удалося? Гэта ж вельмі складана!» – «Прасцей простага, – пасміхнулася яна. – Было б уменне і жаданне».
Пры вобшуку ў яе дома знайшліся доказы: сасудазвужальнае рэчыва і шпрыц з танюсенькай, ледзь бачнай, танчэй за камарыны нос іголкай. Жонка Камара ні ў чым не раскайвалася, ні аб чым не шкадавала. На заўвагу, што загінуў бязвінны чалавек, адрэзала: «Ад памылак ніхто не застрахаваны».
Так раскрылася злачынства, матывам якога была звычайная зайздрасць, банальнае прыбіранне канкурэнтаў у выніку барацьбы за месца. Нічога новага, акрамя таго, што адбылося ўсё ў творчым асяродку, ды яшчэ ў нібыта нацыянальна-арыентаваным калектыве. З гэтай прычыны, ці з іншай, але справа з побытавага ўзнялася на грамадска-палітычны ўзровень.
«…Цяпер відавочна, – паведамляла неабыякавая асоба, – як усё гэтак званае «нацыянальнае» дзе ні з’явіцца, там дыскрэдытуе сябе. Людзі, прызначаныя ствараць патрэбны грамадству кантэнт, у нашым выпадку – кінапрадукт, самі сталі дзейснымі асобамі якогась фільма, і за імі можна было назіраць, як праз шкло акварыума ці, хутчэй, тэрарыума. Хай гэта паслужыць урокам для асноўнай кінастудыі, якую ў хуткім часе таксама чакае сур’ёзная рэфармацыя. Час, нарэшце, перастаць пераводзіць грошы падаткаплацельшчыкаў на сумнеўныя нац. праекты і нац. эксперыменты, а ўсе сілы, усе людскія і матэрыяльныя рэсурсы кінуць на падтрымку братняй кінаіндустрыі, усяляк спрыяць яе далейшаму росквіту, папулярызаваць і несці ў масы яе дынамічныя серыялы, у якіх выразна размежавана дабро і зло і глыбока прапісаны жывыя дыялогі…»
Такім чынам лёс «Filmbell’a» быў вырашаны. Як баявая адзінка, якая страціла сцяг, кінастудыя падлягала неадкладнаму расфармаванню. Зрэшты, ніхто асабліва з гэтай нагоды не перажываў. Жыццё ішло, пакрысе забылася ўсё, нават тое, што такая кінастудыя некалі існавала. Пасля яе ліквідацыі сябры, Іван Барысавіч Вечка з рэжысёрам Скіндзерам, вярнуліся на асноўную кінастудыю – падпрацоўваць на серыяльнай ніве: адзін па-ранейшаму статыстам і каскадзёрам; другі – ажыўляць дыялогі. Акрамя таго Вечка І.Б. нарэшце скарыстаўся магчымасцю пісаць пад сваім іменем і стварыў сцэнарый – на ваенную тэму, які імгненна быў прыняты, адобраны і запушчаны ў вытворчасць. Рэдактаркай яго была ніхто іншая, як Рыта. Яна таксама знайшла сябе на асноўнай студыі. У чат маці-адзіночак яна ўжо амаль не піша, затое рэгулярна пасылае лісты Лагуну, які служыць у войску. Смерць Міхалевіча так яго напалохала, думка, што яго могуць палічыць забойцам ці нават толькі падазраваным у забойстве (менавіта ж ён ездзіў з Міхалевічам у Піцунду, яны сябравалі, разам бавілі час), так на яго падзейнічала, што ён сам пабег у ваенкамат і папрасіўся, каб яго хутчэй прызвалі. Так ён у чарговы раз выйшаў сухім з вады. Праўда, раптоўная смерць апекуна адбіла ў яго ахвоту шукаць вінаватых у гібелі бацькі; больш ён нават не ўспамінаў пра званок на бацькаў тэлефон, з якога ўсё пачалося, і зразумела, чаму: бо на ўласнай скуры адчуў, якая тонкая мяжа аддзяляе вінаватага ад невінаватага. Так што разгадка званка яшчэ наперадзе; тым больш, у лістах Лагун абяцае пазнаёміць Рыту са сваёй маці і з айчымам, а значыць, у Рыты ёсць усе шансы сустрэць чалавека, які некалі ёй здрадзіў і якому яна збіралася адпомсціць.
Інга Міхалевіч-Яравая падалей ад усіх трывог і бед з’ехала на часовае жыхарства ў Аўстралію. На тым настаяла сястра мужа. Калі яна даведалася, што Інга носіць дзіця ад яе любімага брата, яна нізавошта не захацела пакідаць яе адну і ўрэшце ўгаварыла на пераезд. (Зрэшты, злыя языкі пагаворвалі, што Інга пайшла на такі непатрыятычны крок, каб будучае дзіця па нараджэнні займела чужое, але прэстыжнае грамадзянства.)
На магілу яе мужа нехта дасюль прыносіць жывыя кветкі.