Страница 8 из 9
Смерць пакасілася на Палачаніна. І ў гэты час Выліваха падставіў Смерці пятага свайго латніка, адначасова пасунуўшы рукавом пад бой яе ладдзю.
Бязвокая зірнула зноў на дошку, якая яўляла сабою выгляд страшэннага разгрому. Усміхнулася:
– Зараз табе мая ладдзя Роспачы... О, л-латнічак! Ану, галубок! Хадзі да змарлых, ёмісты ты мой.
Звонку было так, што ладдзя зараз варвецца і скончыць разгром. Латнік Гервасія зляцеў з дошкі... І тады рагачовец з грукатам зняў падстаўленую ім жа самім ладдзю.
– На.
Смерць засычэла.
– І унь табе яшчэ пагроза каралю. Гэта табе за “ласку” да мяне.
Кароль Смерці адступіў, адкрыўшы візіра за сваёй спіною, кінуўшы яго ў бядзе.
– На, – грукнуў па ім Выліваха, не даючы апамятацца. – Два шчыты перад адным мячом. Выбірай. Каню – слана або майму візіру – другую ладдзю.
І ён зняў ладдзю Роспачы. Апошнюю ладдзю, што была ў Смерці.
Людзі войкнулі. На дошцы літаральна за нейкую хвіліну ўсё змянілася. У сталёвым страі нападу зеўралі цяпер страшэнныя праломы. Войска Смерці сплывала крывёй. І, аднак, без абедзвюх ладдзей, без візіра і слана яна ўсё адно была мацнейшая за кожнага іграка на зямлі. Бо яна прадбачыла ўсе магчымыя палажэнні фігур на полі бою і ведала, як скончыцца і як можа развіцца кожны з хадоў ворага.
Выліваха, як кожны чалавек, мог сказаць толькі, што вось гэтая галінка дубка дасць за гэты год “пагон” даўжынёю ў дзесяць цаляў, а тая – у дваццаць, бо на яе трапляе больш сонца. Смерць нечалавечым сваім зрокам бачыла, які будзе гэты дуб у апошнюю хвіліну свайго існавання праз сто год, калі сякера ўдарыць яго ля камля. І яна бясстрасна, халодна пачала карыстацца гэтым веданнем. Яна сабрала ўсе сілы ў кулак і пачала ціснуць на правае крыло Вылівахавага войска.
...І ў гэты момант Гервасій пачаў разумець нешта такое, што пасяліла ў ягонай душы парасткі несамавітай радасці...
...Дзяцінства. Сябры ідуць у грыбы. Усе астатнія дзяруцца ў нетры, а ён спакойна ідзе лясной дарогай і праз кожныя некалькі крокаў зрывае баравік, што вылез якраз між каляін. Цвёрды, спадыспаду нібы абсыпаны мукою (ішоў дождж, і кроплі, падскокваючы ад зямлі, білі пад ягоны парасон, а потым высахлі), крамяны, як сыр.
А вось салоўка, які трэцяе лета спакойна жыў пад ягоным акном. А вось заяц, які дажыў да старасці адразу за гумнамі, таму што так не бывае.
Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, – і тады пераможаш. Нават калі ты слабы, як камар пасярод варожага мора. Таму што толькі дурні разважаюць заўсёды па правілах здаровага сэнсу. Таму што чалавек толькі тады чалавек, калі ён дзёрзка рве панылае наканаванне і плюе на “спрадвечны” закон.
– Ты ваюеш не па правілах, Выліваха, – сказала Смерць. – Ты аддаў мне гэтага латніка і, значыцца, павінен быў замацавацца вось тут, а замест гэтага...
– Каму павінен?
– Беспамылковасці.
– Я павінен вось ім, гэтым людзям. І нікому больш.
Другі слон Смерці заракатаў бакамі па стале. Выліваха ўсміхнуўся... Што ведала гэтая бязвокая дрэнь аб арабіне, якая расце на яго камяніцы, няхай без належнага абшару зямлі, але затое недасяжная для коз? Што ведала яна аб зайцы ў глогавых агароджах, які цаною штодзённых драпін зберагаў у цэласці шкуру? Што ведала яна аб яго народзе, які жыў насупор і не так і ўзрошчваў шыпы на сваіх карэннях, а не на сцяблінах?
“Хай косіць твая каса. Што мне ў маіх гожых, але непатрэбных кветках, калі мае карэнні маўчаць, і разрастаюцца ў зямлі, і чакаюць свайго дня?”
– Выліваха, дзе сэнс у тваіх учынках?
– А ты што думала, я – абак[8]1? Чалавек – быдла непаслядоўнае. Таму ён і не быдла.
Ён лікаваў удушы. Яна, неадольная, не магла адолець толькі аднаго: Боскай непаслядоўнасці чалавечай думкі.
Нават не Боскай. Таму што чалавек часам са звычайнага падзення ігральных касцей робіць больш значныя высновы, чым Бог з бясспрэчнага закону аб тым, што двойчы два чатыры.
– Ты накшталт бацькоў нашай царквы, – сказаў Выліваха. – Вазьмі іх за ногі, стусані – адразу з іх рознае дзярмо пасыпецца. Тры ісціны – і больш няма... “Рабы, слухайцеся паноў вашых“, “Дух – галоўнае, а гнойная плоць – за ім“, “Ашчэ не будзеце, як дзеці – не трапіце ў царства нябеснае...“. Стваральнікі мудрасці для бедных... Чаканшчыкі баек для ўсіх.
І ён зняў каня Смерці.
Ён успамінаў зямлю і ўсміхаўся. Яго новая, непераможная, мудрасць была мудрасцю таму, што ў ёй не было нічога скутага. У ёй было натхненне, сардэчны боль, неасэнсаваная прыхільнасць да аднаго і агіда да другога. Шкада, што позна, позна прыйшла да яго мудрасць. Але ён падумаў, што як Смерць вось зараз не можа перамагчы яго, так ніколі не пераможа яго жывых братоў вялікае каралеўства, у якім уладарыў рагаты ягоным дбаннем Цыкмун. Ніколі, нават з дапамогай падлюг накшталт нясвіжскага Радзівіла, старобінскага Слуцкага або паланецкіх ці менскіх Хадкевічаў. Таму што ўсе яны рабілі “як належыць“.
– Мат! – сказаў ён.
Смерць сядзела моўчкі. Потым узняла вачніцы.
– Нечакана, – сказала яна, не расціскаючы зубоў. – З самай той хвіліны, калі я зяўнула ладдзю.
– Ты зяўнула яе раней, – сказаў Выліваха. – Яшчэ на моры.
– Перамог... Што ж, мяне суцяшае тое, што гэта апошняя твая перамога. Што ты – першы, але ты і апошні.
– І тое праўда, – сказаў Гервасій і ўстаў. – Хаця?.. Хто ведае... Цяперака пайшлі так-кія дзеці. І потым – чаго мне шкадаваць, калі я змог немагчымае, калі я знікну – пераможцаю?
– Развітайся з імі, – сказала Смерць.
– Нічога, хлопцы, – сказаў Выліваха. – Сустрэнемся ў казалупа на шастку, як сказаў наш добры кароль маскоўскаму цару.
– А я? – сказала Бярозка.
– Шумі даўжэй, – сказаў Выліваха. – Пастарайся там наконт дзяцей і за мяне... Жыві шчасліва, малая.
І ён, вельмі прамы, рушыў да дзвярэй, куды ўжо спускаўся з вышыні чорны павук.
– Гервасій, – пачуў ён за сабою.
Дзіўна, ён ішоў спіною да яе і, адначасова, мог бы пабажыцца, што бачыць яе вочы і разумее, разумее тое, што жыве ў гэтых вачах. Але ён ішоў.
Арахна падціснула бруха, рыхтуючыся да рыўка.
– Пані! Пані! Хай ён пачакае, я не хачу!
– Чаго ты не хочаш?
– Я не хачу... на зямлю.
– То ідзі з ім.
– Дзякуй... Дзякуй вам, пані Смерць.
– Ідзі, дзеўка.
...Выліваха ледзь паспеў адштурхнуць дзяўчыну ад павуціння:
– Дужа ты ведаеш жыццё, дурніца... Назад!
– Я і не ведала яго... Да самай ладдзі, – яна глядзела на яго, як на Бога. – То што мне ў тым няведанні?
– Дурная, дурная, – з болем сказаў ён. – Ты й не ведаеш, хто я. Брахун, п’янюга, бабнік, бязбожнік, ерэтык, злачынец, абжора, пудзіла ўсіх добрых людзей.
– Усё адно. Толькі... перад тым як пойдзем... пацалуй, калі ласка, мяне.
І раптам Палачанін грымнуў шахматнай дошкай аб каменныя пліты.
– Ты, – сказаў ён Смерці. – Гэта ўжо занадта. Або забівай адразу і разам са мной, або адпусці.
– Не магу, – сказала Смерць. – Хіба што... падзяліць між імі жыццё гэтай квактушкі. Замест дваццацёх для яе – кожнаму будзе па дзесяць год... Ты згодная памерці ў дваццаць сем год?
– Я згодная была і ў семнаццаць, – сказала Бярозка.
– А ты, Выліваха?
– Я хачу, каб яна жыла, колькі ёй належыць.
– Тады я пайду зараз, – павесіла галаву дзяўчына. – Ці не ўсё мне адно. Калі ты не хочаш мяне.
Выліваха задумаўся.
– Добра, – урэшце сказаў ён. – Паспрабуем нанава. Хаця ў нас і мала дзён, але, я думаю, помнячы гэта, мы будзем несці адзін аднаго асцярожна... як нясуць апошні гляк з гарэлкай на ксціны.
Нават тут ён быў непапраўны.
– Ну, што вы там шэпчацеся, як ракі? – спытаў ён у людзей.
– Слухай мяне, – сказаў Палачанін. – Мне цяжка пазбавіцца нават аднаго зноў прыдбанага дня. Тым больш цяпер, калі я ведаю, што такое смерць, і я не хачу яе, як... смерці. І ўсё ж, вазьміце два мае гады. Будзе несправядліва, калі я перажыву вас... на цэлыя дзесяць год, рагачовец.
8
1 Дошка для лічэння. Правобраз сучасных лічыльнікаў.