Страница 83 из 90
І яшчэ яна ведала, што Мсціслаў даруе Алесю ненаўмысную крыўду. Проста таму, што любіць яго непарушнай братняй любоўю, таму, што ім, пастрыжным братам, ніколі нельга сварыцца. А Франс не даруе ніколі. І гэтая насцярожанасць можа пашкодзіць ёй як нішто.
— Злазь, Франс, — сказала яна. — Саступі мне, калі ласка.
— А я куды?
— Перайдзі да… Мсціслава.
Чырвоны сполах пракаціўся над пляцоўкай, і яна убачыла, што Алесь глядзіць на яе.
— Я злезу, — сказаў ён. — Гойдаць будзе Франс.
Ад скачка пад яго нагамі рыпнуў жвір.
— Вырашылі ўцячы? — амаль шэптам спытала яна. — Годны ўчынак. Спалохаліся маіх досціпаў?
— Не, Міхаліна… — таксама шэптам адказаў ён. — Проста…
І, падсадзіўшы яе, пайшоў прэч.
…Праз гадзіну яна стаяла ў тым самым цёмным кутку тэрасы і глядзела ў парк. Дождж злёгку спырснуў траву і кветкі, краем зачапіўшы Загоршчыну. Сполахі шугалі цяпер недзе далёка-далёка.
Пані Антаніда заўважыла Майку ля парэнчаў і падышла да яе.
— Ну што? Што з табой, дзяўчынка?
У Майкі перахапіла горла ад нечаканай пяшчоты гэтай жанчыны.
— Не ведаю… Але мне нешта так цяжка! Я такая няшчасная!
— Я разумею… Разумею… — і пяшчотна-тонкая рука яе лягла на Майчыну руку.
— Гэтага не трэба рабіць, дзяўчынка. У гэтым няма праўды… І ты нічога, нічога не зробіш…
— Чаму не зраблю? — з ноткай пратэсту спытала яна.
— Так… Такі ўжо закон, — і, усміхнуўшыся вінаватай усмешкай, пайшла.
…Майка ішла праз залу ў пакоі, сама не ведаючы, куды яна ідзе. Ля самага выхаду ў зімнюю лоджыю насустрач ёй трапіліся бацька і пан Юры. Пан Юры толькі ўсміхнуўся ёй.
— Малітва дзевы, — весела сказаў ён. — Вышэй галаву, панна Міхаліна.
Бацька адстаў ад яго і, дачакаўшыся, пакуль пан Юры аддаліцца, ціха сказаў дачцэ:
— Мы з ім трохі выпілі ў буфетнай… Яму непрыемна… Хаця ён і не кажа.
— Ах, бацька, што да гэтага мне? — нечакана страсна сказала яна.
— Не муч хлопца, — жорстка сказаў пан Яраш. — Не гуляй людзьмі ў гэтым доме. Трымай сябе, як належыць дзяўчыне. Не падабаецца, то і маўчы. Нібы ўзрадавалася, што можаш усё рабіць… А душа чалавека не ў чалавечай, яна — у божай руцэ.
Упершыню ў жыцці яна бачыла бацькаў гнеў.
— Больш ты сюды — ні нагой. Досыць мне сораму. І калі яшчэ ўбачу гэтыя твае гулі — паедзеш на Піншчыну, у Боева, матчыным пасагам упраўляць. Пад наглядам Тэклі.
Крутнуўся. Пайшоў даганяць пана Юрыя.
Міхаліна выйшла ў лоджыю. Неба ачысцілася, і за непамерна высокімі вокнамі мігцелі незлічоныя зоркі.
— Ах, ды што яны ўсе прывязаліся? — вырвалася з грудзей.
Вырвалася разам з плачам. І яна, апершыся на падвоканне, заплакала.
Што яны ведалі? Што яны ведалі пра яе, і пра медальён, і пра хлопца, які ўзносіўся галавою ў зарніцы? Што яны ведалі аб тым пачуцці ганебнай наканаванасці, якое ўвесь вечар валодала ёю?
Нібы і змагацца нельга. Нібы ўсё даўно вырашана за яе на небе, а яна проста бездапаможнае кацяня, з якім лёс робіць усё, што захоча.
Ніхто не думае, што яна чалавек. Ні бог, ні дарослыя, ні Алесь, ні… яна сама. Але ніколі не скажа гэтага. Ніколі.
Яна ведала, што яна і надалей будзе з'едлівай і нядобрай. Проста таму, што нельга, каб наканаванне ламала табе рукі. Але, хай ёй прабачаць усе, яна не хацела губляць юнака, які ляцеў між зарніц.
Амаль страціла яго. І за хваляй пагарды пойдзе хваля пакорлівасці, і, магчыма, прыніжэння. І так будзе заўсёды. Біся ў кіпцюрах лёсу, як спайманая птушка.
«Я не хачу! Не хачу! Божа, як я хачу гэтага!»
Разам са слязьмі нібы знікала нешта. На месца рашучасці прыходзіла безнадзейная пакора. Зоркі за акном вясёлкава расплываліся ў яе вачах. Сярод іх, недзе ля Воўчага Вока, былі іхнія зоркі. Дзе яны былі зараз, зорка Майка і зорка Алесь?
І раптам шкадаванне і няўтольная, вострая, ніколі ў жыцці яшчэ не адчуваная пяшчота авалодалі ёй.
Яна ўжо нiчога не баялася, нi аб чым не думала, нiчога не збiралася сцвярджаць. Яна проста прайшла лоджыяй i спусцiлася сходамi ў парк.
Зоры ззялі над галавою. Яна ішла і ішла алеямі, нібы ў сне, не ў змозе даць сабе адказ на пытанне, куды і чаго яна ідзе.
Зоры ззялі над галавою. Раптам нібы нехта сыпануў іх і ў траву. Слабыя, зеленаватыя, яны мігцелі ў ёй, амаль пад нагамі.
Гэта былі светлякі.
Цалкам неасэнсавана яна брала халодныя агеньчыкі ў руку. Урэшце рука заззяла, нібы ў ёй ірдзеў зялёны жар.
Вытаргнуўшы з галаўной сецi некалькi срэбных нiцей, яна спрытна пляла iх пальцамi.
Яна рабіла гэта, не ведаючы, што сотні пакаленняў жанчын рабілі гэта да яе. Рабіла, нібы ў сне.
Потым яна ўзняла гатовую дыядэму і павязала яе вакол галавы. У змроку над яе чалом успыхнуў німб з зеленаватых халодных зорак.
…Алея за алеяй. Майку чамусьці цягнула да става, дзе стаяла «крохкая» вярба. Але яна не паспела дайсці да яе. Калі да става асталося ўжо зусім нямнога і адтуль дыхнула вільготным павевам, яна ўбачыла цень, што рухаўся ёй насустрач.
— Ты? — спытаў цень.
— Я.
Ніколі яшчэ яму не здавалася такім патрэбным быць з ёю. І ніколі яшчэ ён так не гневаўся.
— Вазьмі свой медальён, — сказаў ён. — Я не думаў, што гэта будзе так. Але, відаць, праўда, што на зямлі няма нічога вечнага.
Зоры ззялі над яе галавою. Зоры ззялі ў валасах.
— І ты можаш? — глуха спытала яна.
— Нічога, у мяне застанецца яшчэ адзін. Гэта цётчын медальён. Ён, як яна казала, тройчы тры разы ўратуе мяне. Лухта. Шкада, што яна не дала мне нічога ад дробных жаночых учынкаў. Урэшце, нічога. Спраўлюся сам.
І працягнуў ланцужок:
— Вазьмі.
Яна раптам зрабіла яшчэ адзін крок. Бязвольна і пакорліва ўпала галавою на ягоныя грудзі. Ён стаяў, працягнуўшы рукі ўздоўжз тулава.
— Алесь, — сказала яна. — Алесь…
Была ноч і вярба. Быў усход. А потым было сонца.
І, калі яно ўзнялося над дрэвамі, ад круглых лістоў вадзяных гарлачыкаў ляглі на дно цені.
І цені белых вадзяных лілей на дне става былі, як заўсёды, чамусьці не круглыя, а нагадвалі разарваныя пальмавыя лісты.
XXXII
Лета было летам шчасця. Не разумеючы яшчэ да канца, што такое каханне, Алесь ведаў, што яго кахаюць і ён сам кахае. Майка часта бывала ў Загоршчыне і была такая ласкавая, такая добрая з ім, як добрае лета, што стаяла вакол.
Бываў ён у Раўбічах. І там таксама ўсе любілі яго. Нават Франс супакоіўся. Асабліва пасля таго, як упэўніўся, што Алесь ні ў чым яму не пагражае, а Ядзечка, хаця і сумуе, усё ж мірыцца з новым становішчам і ставіцца да Франса памяркоўна і мякка, бо ён харошы хлопец і ёй добра з ім.
Мсціслаў месяца паўтара жыў у Алеся. Таму ўсім было весела. Ездзілі ўсім хаўрусам і да Кагутоў, і да Клейнаў, і да Мнішкаў. Паўсюль было весела.
А ў Раўбічах асабліва. Таму што Вацлаў і Стась пасябравалі, выкідвалі, разам з Наталяй, розныя дурыкі.
Да таго ўсё было добра, што нават Майчына нянька, старая Тэкля, палюбіла Алеся і, калі чула, што ён павінен прыехаць, буркатала:
— Во і сонейка маё прыедзе. Бог таму дасць, хто яго любіць. А хто такому дачку аддасць — таму бог дасць удвая.
Бывалі і ў дзеда, і там было лягчэй за ўсё. Вежа не перашкаджаў нічым. Хіба што трохі іранізаваў над маладымі людзьмі. І здзіўляўся сам сабе. Чаго гэта ён, стары сугней, якому пакутай было бачыць людзей, аніяк не пакутуе з той прычыны, што дом поўны моладзі, што паўсюль гучаць галасы, песні, смех, што нельга сесці ва ўлюбёнае крэсла, не сеўшы пры гэтым на партабак Франса, нельга зайсці ў галерэю, каб не перашкодзіць юнакам, якія наладзілі там танцы. Дзіўна, гэта аніяк яму не перашкаджала. Наадварот, нават падабалася.
Пакутаваў спачатку адзін Мсціслаў. Гэтаму, нават пры ягонай легкаважнасці, даводзілася дрэнна. Падабаецца табе дзяўчына, а ёй падабаецца твой лепшы сябра. Гэта яшчэ няхай! З сябрам, тым больш пастрыжным братам, біцца не палезеш. Але пастрыжны брат адступіўся. Дык што б вы думалі? Знайшла другога сябра. Каго хочаце, абы не яго.