Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 5 из 90



Юрась варухнуўся, думаючы, што ўжо канец, але злавiў строгi позiрк дзеда i застаўся сядзець нерухома…

Алесю стала цяжка, ён лёг жыватом на траву i схаваў твар у далонi.

Сонца амаль дакранулася ужо да зямлi. I твар дзеда стаў ружовы.

З цiхай пагрозай заспявалi струны. Цяпер ужо не толькi колка, але i рука дзеда павольна бегала па iх. Ценi ляжалi ў вачнiцах i пад вуснамi старога, а твар быў чырвоны, быццам аблiты полымем i крывёй.

Гнеўна ўзвiўся напеў.

Трывожна-барвяны твар схiлiўся над струнам. А напеў зноў стаў цiхi, амаль нячутны, пагрозны.

Павольна замiраў гук струн. I, пакуль ён сцiх, доўга яшчэ пасля таго панавала маўчанне.

— Дзеда, — шэптам спытаў Юрась, — а дзе тое жарабятка?

I дзед адказаў таксама цiха:

— Хто ведае. Можа, нават i непадалёку. У Лапаты расце белае жарабя. Ды цi мала яшчэ дзе.

I раптам паветра шумна вырвалася з Алесевых грудзей. Адчуваючы, што яшчэ хвiлiна i ён не стрымаецца, ён усхапiўся з месца i кiнуўся па сцежцы.

Павал памкнуўся быў за iм, але рука легла яму на плячо.

— Сядзi, — сказаў дзед, — яму лепей зараз аднаму.

…Сцежка вывела хлапчука на дняпроўскi адхон. I там, увесь дрыжучы, ён сеў на траву, прыпаўшы тварам да каленяў.

Думкi былi бязладныя, але ён адчуваў, калi вось тут, зараз, ён не вырашыць, як яму быць, ён не здолее вярнуцца ў хату на апошнюю, — ён адчуваў гэта, — на апошнюю сваю ноч.

«Яны не вiнаватыя. I м цяжка. Араць зямлю — гэта зусiм не тое, што ездзiць на канi. Я нiколi не буду такi, як гэты Кроер, пра якога яны часам кажуць. Я куплю ў Кроера ўсiх людзей i зраблю, каб iм было добра. I яны, сустракаючы мяне, не будуць збочваць з дарогi, я буду вiтацца з iмi».

Слёзы высахлi ў яго на шчоках. Ён сядзеў у прыцемку i сачыў, як бярвянае сонца, унутры якога нешта пералiвалася, сядала у спакойную плынь.



Груша за яго спiною патанула ўжо ў цемры, i толькi вышэй, усе яшчэ залiтая апошнiмi промнямi, нерухома клубiлася яе асуджаная чырвоная квецень.

III

У Кагутовай хаце вячэралi. Позна вярнулiся з поля, i таму даводзiлася есцi пры святле. На стале трапятаў агеньчык каганца. Каля печкi, дзе корпалася Марыля, гарэла над начовачкамi зацiснутая ў лучнiк лучына. Ад яе Марылiн твар, яшчэ не стары, але зрэзаны глыбокiмi ценямi, здавалася, быў таямнiчы i нядобры.

На покуцi, пад закураным Юрыем i маткай боскай, — толькi i засталiся ад iх адны вочы, — сядзеў дзед. Поруч з iм Мiхал Кагут, мажны, з лёгкай сiвiзной у залацiстых патлатых валасах. З асалодаю чэрпаў путру, нёс яе да рота над праснаком. Згаладаўся чалавек. Па левую руку ад яго спяшаўся есцi старэйшы семнаццацiгадовы сын Стафан. Гэты паспеў яшчэ да вячэры прыбрацца, надзягцярыць бацькавы боты i нават новую чырвоную жычку прыладзiць да каўняра сарочкi. Хлопца час быў жанiць. Мiхал глядзеў на яго з усмешкай, але маўчаў. А дзед, вядома ж, не мог стрымацца:

— Чорта зводнага сабе шукаеш?

Стафан маўчаў.

— Спяшайся, брат, — не сунiмаўся стары, — там цябе Марта каля Антонавага ўзвозу чакае. Круг нагамi вытаптала.

Уздыхнуў, паклаў лыжку (еў па-старэчаму мала).

— Чаго вы, дзядуля, — буркнуў Стафан. — Хiба я што?

— А я хiба што? Я нiчога. Я ж i кажу: дзеўка… як вось наша лава. Хоць садзiся, хоць скачы, хоць цэглу накладай… Векаўшчына!.. А потым, ранiцай на касьбе, як толькi бацька адвернецца, дык ты галаву ў кусты i драмаць. На нагах. Як конь.

— Ну вас, — сказаў Стафан, паклаў лыжку i ўстаў.

— Пайдзi, пайдзi, — сказаў другi Мiхалаў хлопец, пятнаццацiгадовы Кандрат. — Запозна твая Марта марцуе.

Стафан толькi носам чмыхнуў. Пайшоў.

5

Пачынак — хата ў нечапаным лесе.