Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 41 из 90

Перад брамай, на голай зямлі, два мужыкі праяўлялі ініцыятыву, хвасталі айца ігумена, папярэдне зняўшы з яго кукаль.

Дачку і яе мужа вывалаклі за муры, скруцілі і кінулі ў розныя вазы.

Пану было мала. Гнеў душыў яго, той гнеў, якога ён не мог пазбыцца столькі часу.

Страшная кавалькада рушыла назад. Па дарозе ўзялі без бою, толькі выламаўшы браму, каталіцкі кляштар і за суткі выпілі ў ім усе віны і лікёры.

Святкавалі. І з гора таксама.

Манахі, узрадаваныя ганьбе канкурэнтаў, самі частавалі ваякаў. Чорт з імі, з лікёрамі! Будуць яшчэ. Але ж пан схізматув поперал. І таму сталы аж ламаліся.

Падступалі потым, п'яныя, і да манастыра манашак-візітак і гразіліся ўзяць, але пашкадавалі жанчын. Віску многа!

…Маладую, калі прыехалі дадому, пан загадаў замкнуць у далёкіх пакоях. Маладога — кінуць свойскаму мядзведзю.

Пан сеў і думаў гадзіны дзве. Потым загадаў прывесці маладога. Таго вызвалілі з мяккіх абдымкаў мядзведзя ўсяго аблізанага, ружовага.

Пан Даніла сустрэў яго, седзячы за сталом, на якім стаяў дзьмуты зялёны штоф.

— Выпі. Палегчае.

Той выпіў.

— Як жа гэта вы? І не спыталі.

— Яна сказала, што ўсё адно за вайсковага не аддасцё.

— Правільна, — грозна сказаў Загорскі. — Ад вайсковых, што жандараў слухаюць, усё злое на зямлі. Яны ў гарматкі гуляюць, яны на світанні прыходзяць па добрых людзей… Чаму зброю не склаў перад сватаўством?

— Гонар.

— А ці ведаеш, што іхнюю пароду калі-небудзь на парапетах цытадэляў расстрэльваць будуць? Як сабак! За ўсё гора!

Малады чалавек усхліпнуў.

— Ты чый?

— Полацкі.

— Пі яшчэ, — памякчэў Даніла. — Праваслаўны?

— Праваслаўны.

— Маёнтэк ёсць?

— Адна вёска.

— І тое нічога. Ставай на калені!

Той стаў. Пан адважыў яму тры гучныя поўхі.

— Не служы кур'яну[53]. Не сватайся за спіною. Не шукай у царкоўных пацукоў паратунку… Устань… Сядзь… Пі… Галодны?

— Але.

— Кандраці, курыцу зяцьку. Каплуна! Каб помніў, што каплуну служыў.

Маўчалі. Пан Даніла піў гарэлку, твар яго быў страшны.

— Службу кінеш сёння ж… Пяройдзеш ва уніяцтва…

— Вы ж праваслаўны…

— Я не праваслаўны. Я — ніякі. А ты пяройдзеш, каб ніколі з тымі не сутыкацца, у каго абароны шукаў.

Памаўчаў.

— Атрымаеце дзве тысячы душ. І кіруйцеся ў сваю вёску. З вачэй прэч. У Вежу і Загоршчыну ёй — ніколі. Грошы будзеце атрымліваць акуратна. Калі ўбачу, што выканаў мае загады, што не будзеш служыць гэтай троннай б… з тандэтнымі ручкамі ды са сляпучай усмешкай, калі даведаюся, што дачка ўцяжала — атрымаеце на ўсе душы даравальную. Усё… Можаш браць і ехаць.

І ўзняўшы яго з крэсла, як ляльку, пацалаваў у лоб:

— Ідзі… сыне.



— Няўжо вы з ёю развітацца не захочаце? Яна ж вас любіць.

— І я яе люблю, — сказаў пан. — Але за тое, што яна забыла, ад чыіх рук яе маці загінула, — няма ёй даравання… майго.

— Я вінен, — насмеліўся малады чалавек. — З мяне і спаганяйце.

— Твая правіна — у гародзе хрэн. На тое мужыкі і ёсць, каб шкодзіць… А яна павінна была ведаць… Усё я табе дараваў… За смеласць, што не пабаяўся са мною звязацца. Такіх людзей, сыне, мала на свеце… Ці мо не ведаў, што гэта такое?

— Ведаў, — шчыра сказаў зяць.

— Ну вось. Можа, я палюбіў бы цябе, каб не бачыліся мы сёння першы і апошні раз… Урэшце, калі ўсё абыдзецца толькі, можаш прыехаць… Адзін.

— Адзін не прыеду.

— Яно і лепей, — сказаў пан. — Гэта вам толькі пашкодзіць. Таму што я смяротнік.

— Чаму?

— Не нарадзіўся яшчэ чалавек, які мяне голымі рукамі ўзяў бы. Дый потым… расстраляным быць — гэта яшчэ нічога. Але мяне за блюзнерства могуць у Салаўкі адправіць… да царкоўных пацукоў. А я лепей са змеямі і аспідамі сядзеў бы. Таму досыць загонавым мой хлеб задарма есці… Хай разам са мною льюць кроў. Я не ў Салаўках памру. Я памру тут. На маёй зямлі, у маіх мурах. Ідзі. Перадай дачцэ маё блаславенне.

Маладыя паехалі. А пан Даніла пачаў умацоўваць Вежу. Вакол камяніцы, у баку ад палаца, дзень і ноч насыпалі валы, усцягвалі гарматы на сцены, пад натужлівы крык кацілі бочкі з порахам. Пад палац таемна падвялі фіцілі, каб, у выпадку чаго, узняць яго ў паветра разам з гасцямі, якія, вядома ж, размесцяцца ў ім падчас аблогі. Пан не хацеў нікому аддаваць свайго дзіва.

Ён ведаў: смерць магла прыйсці кожную раніцу.

Ён не шкадаваў аб гэтым.

…Сына адправілі ў Загоршчыну і, скончыўшы ўсё, сталі чакаць.

Гэта зрабілі ў маі, а ў чэрвені Напалеон перайшоў Нёман. Загорскім не было каму займацца, як і ўсёй прыдняпроўскай зямлёй, аддадзенай ворагу.

— Што ж, — сказаў сябрам Загорскі. — Гуляйце. Прысуд пайшоў на абскарджанне.

Ён чакаў, прыглядаўся. Баі грымелі ўжо за Дняпром.

Напалеон быў яму сім-тым трошкі сімпатычны. Ва ўсякім разе, смелы. Воін. І, потым, усё ж было лепей, чым быць аддадзеным у лапы таму, хто загадваў хапаць людзей. Таму, хто адпраўляў людзей у манастыры.

Але, з другога боку, занадта ўжо радавалася Варшава. Ён нічога не меў супраць палякаў. Іх гонар быў блізкі яму, і ён прызнаваў іх права на крыўду. Але пры чым тут ён, Загорскі? Бацьку выслалі з Варшавы, а цяпер Варшава сама ідзе да яго на французскіх штыхах. Затычкай быць? Не, хопіць. Досыць з яго і праваслаўнай сволачы ў расах. Езуітаў — на ліхтар!

Ён нездарма быў вальтэр'янцам. Раздушыце гадзіну! Раздушыце інквізітараў — усё адно, папоў ці ксяндзоў. Абое рабое.

Таму на пытанні суседзяў ён адказваў ухіліста:

— А што карсіканец? Карсіканскай пачварай я яго называць не хачу. Але і ад Аўгуста ў ім — пшык. Я сам, магчыма, не горшы за яго, толькі рэвалюцыя мяне не падсадзіла да консулаў, арміі не дала.

Потым Напалеон узнамерыўся абмежаваць дамаганні Варшавы, стварыўшы літоўска-крыўскую дзяржаву. Варшаўскае панства пакрыўдзілася. Мясцовыя дваране запалалі неабгрунтаваным энтузіязмам, прапанавалі Загорскаму ўзначаліць рушэнне. Ён адмовіўся.

— Чаму? Вы не ўхваляеце думкі? — спыталі дэпутаты.

— Я не падтрымліваю вас, хаця і дзякую за давер.

Тыя не разумелі.

— Гэта не барацьба за радзіму, панове, — сказаў князь. — Ён убачыў вашу сілу і вырашыў скарыстацца з яе. Гэты спрытнюга мае свой розлік. Бо ён хоча вадзіць вас за нос, панове, і вы, прыдняпроўскія дваране, зараз у незайздроснай ролі ката, які цягае малпе з агню каштаны.

Ён апусціў павекі:

— І яшчэ, панове… Народ не з вамі. Ён ненавідзіць Кур'яна, шпіцрутэны, наборы. Але француз прыйшоў у яго дом, забраў яго сена, расстраляў бацьку, асіраціў дзяцей… Кіпцем зачапіў за сэрца. А вы ведаеце, што такое наш народ, калі яго — кіпцем за сэрца… Дык вось, я невялікі аматар кулагі, лапцяў, народных пахаў. Але супраць народа я не пайду…

Узняў павекі і паглядзеў проста ў вочы дэлегацыі.

— Каб я быў баязліўцам — я, ратуючы сваю шкуру, узначаліў бы ваша рушэнне, каб аддаліць расплату асабіста са мной… Колькі вас? Толькі на Магілёўшчыне каля трыццаці тысяч. Колькі б пайшло дваран з усёй тэрыторыі магчымай — гм! — дзяржавы? Шэсцьдзесят. Шэсцьдзесят тысяч адчайных галоў. Больш, чым карсіканец страціў пры Барадзіне. Карсіканец у Маскве. Шалі вагаў дрыжаць… Скажам, каб была надзея на поспех, — баязлівец у карты не гуляе. Што тады? Марыянеткі ў руках чалавека, якога ненавідзіць мой народ? Вялікая дзяржава Шлезвіг-Сухадольская… «Іх глаўбе, гер Кёніг…» — і рукі па швах.

Ён сумна ўсміхнуўся.

— Гэта не цацкі, панове. Не рабі другому таго, што табе не міла. Не сунь пальцаў паміж дзвярэй. Мой Янка зрабіў з гэтых дзвюх прыказак адну: не сунь пальцаў, дзе табе не міла. Не будзь гарматным мясам для чужых капрызаў. Вы не слугі Кур'яна і не слугі маленькага капрала. Цяпер вы толькі метал пад молатам… Вы яшчэ не раз будзеце глытаць жоўць… Але тыя, белыя, унізе, не з вамі, і не з Капралам, і не з Кур'яном… І вось таму я не буду бараніць свае шкуры, іхняй і вашай, і ўсякай іншае крывёй, а проста пачакаю. Пачакаю сярод вашай магчымай пагарды, пакуль не прыйдзе Кур'ян, каб як мага даражэй прадаць сваё жыццё… Усё.

53

Кур'ян — курыца, якая крычыць пеўнем.