Страница 38 из 90
— Вы кахалі калі-небудзь, князь?
— Кахаў, гасударыня.
— Ну, а я вам падабаюся? — пажартавала яна.
— Я ў захапленні ад вас, — проста сказаў ён.
— Спадзяюся, вы захапляецеся мною не як дзяржаўнай асобай? — пагразіла яна.
— Я не думаў пра вас у гэтым сэнсе, — проста сказаў ён.
Не, яна не разумела яго. Але ні да кога яшчэ яе не цягнула так.
— Я чакаю вас сёння вечарам, князь, — ціха сказала яна.
Ён моўчкі і проста схіліў галаву.
Яны сустрэліся яшчэ раз. Праз дзесяць год.
Усе гэтыя гады Загорскі жыў у маёнтку, выхоўваў сына, будаваў палац у Вежы.
Усіх дзівіла, што ён нічога не атрымаў за той фавор. Гэта было дзіўна, бо ўсе памяталі вочы імператрыцы, якімі яна глядзела на яго пры развітанні.
Летам тысяча семсот восемдзесят пятага года імператрыца ехала ў Крым. За год да гэтага памёр Аляксандр Ланскі, памёр ад злоўжывання кантарыдамі. Яна звыклася, зжылася з ім за дзесяць год. Што зробіш, калі сапраўднага няма? Шэсць месяцаў яна была няўцешная.
І вось чакала дарога. Чакалі ў Кіеве ўбраныя галеры, чакалі пацёмкінскія вёскі…
Увесь час яна не магла пазбыцца думкі, ці сустрэне ён? Ці выедзе насустрач? Які ён?
І вось, калі адкрыўся вачам Дняпро, на страшны адхон процілеглага берага вылецелі коннікі. Коні па самыя жываты танулі ў квітнеючых травах.
Спадарожнікі ўсё яшчэ меркавалі, хто б гэта мог быць, і толькі яна адна ведала: «Ён».
Флатылія чаўноў ляцела з таго боку, на шырокіх плытах везлі коней, плямістых дрыкгантаў, якімі славілася гэтая зямля. Кіпела пад вёсламі вада, ляцелі воклічы. А на носе пярэдняга чоўна стаяў з вяслом у руцэ той, якога не магло забыць сэрца, бо ён быў не невядомым фаварытам, загубленым недзе паміж Ланскім і Мамонавым, а адроджанай на адну, апошнюю ноч маладосцю, горкім пахам палыну за шоўкам шатра.
Не дачакаўшыся, пакуль човен ударыцца ў бераг, ён скочыў амаль па калена ў ваду і размераным лёгкім крокам пачаў падымацца па спадзістым адхоне да яе карэты.
Ён быў той самы, толькі сівізна густа ляжала ў валасах ды спакайнейшыя сталі вочы. І ён проста кінуў ёй пад ногі куфэрак з зямлёй, шкуру серабрыстай лісы і залаты злітак.
А спакойныя вочы даказалі: «Помню».
«І я не магу забыць», — адказалі яе вочы.
І раптам горыч сціснула яе сэрца. Вось зноў бяжыць рака, зноў серабрыцца палын, як шкура гэтай лісы, зноў стаіць Ён. Нічога не змянілася. Толькі непапраўна пастарэла, толькі змянілася яна сама.
— Вазьміце гэты табун, вялікая маці! — сказаў ён. — Такіх коней няма больш нідзе. Хай яны верна носяць вас, як верна будзе насіць вас мая зямля.
— Не трэба, князь.
І ён схіліў ветліва і проста сівую галаву.
— А дзе ваш сын, князь? Ён тут?
— Данііл! — грымнуў князь. — Выйдзі.
І тут яна ўбачыла, як з вясёлкавай гурмы выступіў трынаццацігадовы юнак, стройны, падобны і непадобны на бацьку. Лёгкім крокам падышоў да яе, зграбны, як казачны царэвіч, у расшытай срэбрам блакітнай вопратцы, у блакітных чаравічках, з залочаным кінжалам на баку.
Ішоў і не ведаў, што кожны яго крок — крок па сэрцы той, што глядзела на яго. Каб такога сына!
Данііл падышоў, стаў і пачаў без страху глядзець у яе вочы. Гэта была царыца. Тая, перад якой трэба пакланяцца. Хлопчык глядзеў на яе, і яна здавалася яму прыгожай, бо ўсё было для яе. І ён спакойна падаў ёй букет палявых кветак, аблямаваны дымна-шызым палыном. Яго ніхто не вучыў. Проста ён любіў палын.
— Маленькі ліцвін, — сумна і горка сказала яна. — Калі-небудзь ён заменіць гэты кінжал шабляй і пойдзе на нас. Вы ж нас усіх ненавідзіце.
Шчокі яго ўспыхнулі, ён глыбока ўздыхнуў. А потым выцягнуў лязо з похваў, зламаў сталь і кінуў абломкі да яе ног.
Ад'язджаючы, яна сказала Акіму Загорскаму:
— Не захацеў узяць тады — вазьмі цяпер. Для яго.
— Для яго — вазьму.
Гэта былі землі на поўдні. Тыя, што праз дваццаць год былі прададзены за два мільёны. Акіму яны не прынеслі і шэлега.
Данііл праводзіў яе да Кіева. Яна сама папрасіла аб гэтым.
Даніілу Загорскаму было дваццаць чатыры гады, калі памерла імператрыца. Акім Загорскі памёр на год раней. У нейкіх пяцьдзесят год. З'ела яго, відаць, тая манера жыцця, якой ён трымаўся апошнія дваццаць год. Натура з лішкам сіл не магла змірыцца з бяздзейнасцю. Толькі памяць жонкі і сын, ды яшчэ паляванне. І вось, як толькі сын перастаў патрабаваць увагі, пачалося згасанне.
Пан Акім быў у ад'езджым полі яшчэ за два дні да скону. А назаўтра злёг. У горле нешта клекатала, а потым сціхла. Магутныя рукі нерухома ляжалі на атласе пакрывала. Прычасціўшыся, ён развітаўся з сынам і змоўк. І толькі за пяць хвілін да скону, не расплюшчваючы вачэй, сказаў адно слова, ледзь чутна.
— Палын.
І невядома было, аб чым ён гэта, аб месячным палыне ці наогул аб жыцці.
…Аб сконе бацькі сын паведаміў у Пецярбург. Яшчэ тады, падчас падарожжа, развітваючыся з ім, яна прасіла аб усіх зменах у жыцці пісаць непасрэдна ёй і дала сваю пячатку.
Ён нічога не сказаў у той час бацьку. І вось цяпер напісаў.
Месяцы два нічога не было чуваць. А потым на загоршчынскае падвор'е васьмёрка коней прывезла акутую жалезам павозку. На ёй была суцэльная глыба малахіту вышынёю ў два чалавечых росты. Нейкага дзіўнага дымна-зялёнага малахіту, у шызых разводах, — як палын.
На глыбе былі толькі чатыры словы:
«Vale, principium finis mei!»[51]
Акім Пятровіч быў пахаваны ў магільні Загорскіх умоўна. Там ляжаў толькі ларэц з ягонай зямлёй. А сам ён знайшоў спакой у маўзалеі — помніку жонкі, куды глыбу ўцягнуць было нельга. І таму малахіт паставілі на капец, які насыпалі звонку. З таго боку маўзалея, з якога — унутры — ляжаў ён.
Праз некалькі месяцаў імператрыца памерла. Але яшчэ да гэтага, у год смерці бацькі, малады пан ажаніўся. Дагэтуль бацька запаўняў усё яго жыццё, і, страціўшы яго, Даніла адчуў страшэнную самоту ў халодным пустым доме.
Бацька, шкадуючы да пары сына, не прышчапіў яму сур'ёзнага напрамку думак, таго, які прымушае чалавека свядома выбраць сабе шлях і потым усё жыццё трымацца яго.
Гады за чатыры да скону пан Акім кінуўся быў разбірацца ў тым, што робіцца, чытаць філасофскія кнігі навейшага часу і ледзь не стаў марціністам, але потым кінуў гэты занятак. Фармазоны здаліся яму аж да немагчымасці нуднымі, — сядзяць сабе ў падполе, як шчуры, са сваімі цыркулямі ды малаткамі, абцягнулі сцены чорным аксамітам, адабралі ад свету яго фарбы. Змоваю гэта папахвае, вось што. А калі ўжо сварыцца з тымі, хто мае ўладу, дык не змовай, не шыпеннем у занорках, а мяцяжом — вось яно як! Ды і матуля іх не ўхваляла, апошняя яго жанчына, а пакуль яна жыла — ён не мог франдзіраваць.
З усёй гэтай кампаніі яму падабаўся адзін. Той, што напісаў кнігу такой страшнай моваю і якога за гэтую кнігу загналі ў Ілім. Кнігу гэтую пан Акім купіў за сто рублёў срэбрам і прачытаў, і не тое каб застаўся ў захапленні ад прапаноў аўтара, а проста так: спадабаўся яму чалавек. Смелы. Прыемна было б бачыць яго побач.
І вось таму ў галаве маладога Загорскага была мяшанка: рыцарскі кодэкс і кніга, купленая бацькам, абагаўленне царыцы і нянавісць да Пецярбурга, раман аб гожай пастушцы і вершы Війёна, песні, пачутыя на паляваннях, і галантныя раманы, вольныя разважанні і прыхаваная, не вельмі пачцівая вера.
А над усім гэтым — вольны дух першых год царавання Екацярыны: кнігі Мантэня, Дыдэрота, Бекана, Русо ў дзікім спалучэнні з куртуазнымі раманамі. І пры гэтым некаторая пагарда да кніг наогул, бо ён любіў абшары, бег каня, дзіду, што ўпіваецца на скаку ў шыю вяпрука — паміж чэрапам і першым пазванком.
Ён пагарджаў суседзямі. Раздураныя бабы! Халуі! Пагарджаў іхнім цярпеннем, рабалепствам і поўзаннем перад моцнымі. Пагарджаў іх паяздамі: карэтамі для дзяцей, карэтамі для дурняў, карэтамі для хворых сабак, карэтамі для прыгоннага гарэма, фурай для музыкаў, фурай для буфета і кухараў.
51
Бывай, пачатак канца майго! (лац.)