Страница 23 из 90
Страшнавата было глядзець y гэтыя вочы. I ўсё ж Алесь глядзеў. Гэты твар палохаў, але адначасова нечым прыцягваў яго. Цяжкі, знясілены нейкай неадчэпнай думай, змардаваны і грозны твар.
…Вочы без райка глядзелі ў вочы хлопцу, быццам выпрабоўваючы. I Алесь, хаця яму было амаль фізічна цяжка, не апусціў вачэй. I тады, пасля хвіліны гэтай нямой дуэлі, на сціснутых вуснах y Раўбіча з'явілася ўсмешка.
— Будзе сапраўдны князь, — трошкі нават расчулена сказаў ён. — Не сродак, не цацка чужой сілы… Віншую цябе, гаспадар Юры.
Толькі калі Раўбіч адвёў вочы, Алесь заўважыў, якая на ім дзівосная вопратка. Гэта быў сурдут не сурдут, a нешта пашытае пад кароткую і шырокую чугу. Пашытае, відаць, першакласным майстрам з вельмі дарагога, танюткага шэра-блакітнага сукна. Каб не гэта, Раўбіч выглядаў бы старасвецкім дваранінам з мядзведжага кута.
Усё астатняе было звычайнае: шэрыя панталоны, забраныя ў боты на высакаватых абцасах. Усё, акрамя аднаго: запясце правай рукі, жылістае і загарэлае, моцна перахопліваў шырокі жалезны бранзалет, пацьмянелы ў паглыбленнях, бліскучы на пукатых паверхнях, зроблены таксама па-майстэрску. Алесь краем вока заўважыў на ім нейкія трыліснікі, сцябліны чартапалоху, стылізаваную шыпшыну на капцы і фігурку конніка на шалёным кані. Ад гэтых назіранняў адарваў яго мяккі жаночы голас:
— Яраш, ты паглядзі толькі, які ён зараз гожанькі. Проста хлопчык з партрэта Аляшкевіча.
Абражаны гэтымі словамі, ён таргануў галавой управа і сустрэў спакойны позірк цёмна-блакітных вачэй сталай жанчыны, якая стаяла побач з Раўбічам. Жанчына была звычайная, з русай каронай валасоў на галаве, з трошкі вінаватай, вельмі жаночай усмешкай на прывялых вуснах.
— Вось вам і мой старэйшы, пані Эвеліна, — сказаў бацька. — Бачыце, які недарасль выгадаваўся.
— Які ён недарасль, — сказала Раўбічава. — Ён проста харошы хлапчына. Якраз таварыш майму Франсу. Пазнаёмцеся, дзеці…
Франс, чорнавалосы, матава-бледны, прыгожы хлопчык, працягнуў Алесю руку з пачуццём уласнай годнасці. Тонкі рот ветліва і трошкі завучана ўсміхаўся. Малады Раўбіч, асабліва ладны ў сваім бездакорным дзіцячым фраку з чорнага тонкага сукна, схіліў галаву:
— Мяркую, вы цяпер будзеце ў нас частым госцем, князь, — сказаў ён па-французску. — Ваша свята падабаецца ўсім, і вы таксама.
Алесь таксама схіліў галаву. Паводзіны Франса яго забаўлялі, і ён паспеў заўважыць за манерамі маладога прыдворнага тое, што ратавала Франса і не рабіла яго смешным: нейкую ўнутраную іронію да таго, што ён казаў.
— Чаму вы не прывезлі сваёй малодшай? — ветліва спытаў пан Юры. — Старэйшую я заўважыў. A Наталі няма…
— Што вы, — вінаватая ўсмешка Раўбічавай рабіла яе твар асабліва прыемным. — Наталі ж толькі два гады.
— Гэта дзіцячае свята, — сказаў бацька і падкрэсліў: — Таму я і запрашаў усіх. Для такіх гасцей мы аддалі асобны пакой з цацкамі.
— Я думаю, што наступны раз мы выправімся, — сказала пані Эвеліна. — A пакуль што, сапраўды, дзе ж старэйшая?
З натоўпу гасцей якраз y гэтую хвіліну выбралася дзяўчынка, — гады мо на два маладзейшая за Алеся, — па-дзіцячы даўганогая, y белай, званочкам, сукенцы, што адкрывала яе загарэлыя моцныя ножкі.
— Notre enfant terrible[36], — з усмешкай сказала Раўбічава.
Enfant terrible набліжалася да іх даволі рашуча і амаль цягнула за руку, як вялізную ляльку, Ядзечку Клейну. Тая ледзь паспявала за сваёй мучыцелькай.
— Вось, — сказала мучыцелька. — Вось яна, Ядзя. Так і не ўцякла.
— Вечар добры, Ядзенька, — сказала Раўбічава. — A ты, Міхаліна, трымай сябе прыстойна. Вось хлопчык, якога сёння стрыглі, пазнаёмся з ім.
— Яго толькі сёння стрыглі? — прыўзняла бровы дзяўчынка. — Зусім як дзяўчынку… Бедны!
Вочы Раўбіча смяяліся. Ён скоса глянуў на пана Юрыя і сустрэў яго вясёлы позірк.
— Не чапляйся да слоў, Міхаліна, — сказала Раўбічава.
— Ма-а, — з дакорам сказала малое, — ты ж ведаеш, я не люблю…
— Не чапляйся да маіх слоў, Майка, — больш паблажліва сказала маці.
— Не буду, — сказала Майка. — Дальбог, не буду, матулечка.
I глянула на Алеся халаднаватымі вачыма.
— У вас нейкае зусім сялянскае імя, хлопчык, — паважным птушыным галаском сказала яна. — Чаму б гэта?
Алесь раззлаваўся:
— A чаму гэта ў вас такое дзіўнае імя, маленькая дзяўчынка?
Белая шаўковая яе сукенка прыемна адцяняла слабы залацісты загар на руках. Валасы былі сабраны ў высокую прычоску, смешную на дзіцячай галоўцы.
«Каб не язык, зусім някепскае было б дзяўчо. Адцягаць бы цябе за валасы. Ведала б, як жарты строіць».
A пад брывамі насмешліва глядзяць на яго цёмна-блакітныя, як марская вада, вочы.
Дзяўчынка ўздыхнула і першая адвяла позірк, не вытрымала. Губкі яе таргануліся, бы ад няўлоўнай крыўды. Але яна стрымалася і знешне спакойна паправіла на плячах доўгую карункавую мантылью. Калі яна гэта рабіла, яе рукі агаліліся вышэй локцяў, няспрытныя, худыя, як пруцікі, рукі з вострымі локцікамі. I гэта неяк памірыла з ёю Алеся, бо ён адчуў сябе мацнейшым.
Бацька падміргнуў Раўбічу, і дарослыя перасталі звяртаць увагу на дзяцей. Пан Юры падаў знак музыкам, і тыя грымнулі нейкую ўрачыста-сумную мелодыю.
— Прыгонны капельмайстар Вежы напісаў, — сказаў Раўбічу бацька. — Спецыяльна на гэты дзень…
A музыка грала. З нейкай гордай прыхаванай сілай. Ці то шумеў сітняг на бясконцых балотах, ці то чуўся ў цемры стомлена-мужны крок тысяч ног? Ён перарываўся часам, каб даць месца чамусьці змрочнаму і цяжкаму, a потым зноў гучаў.
I, прашываючы гэта, срэбная, нібы з жураўлінага горла, вяла сола труба.
Алеся як сціснула нешта за горла. Ён кінуў вачыма на Раўбіча і ўбачыў, што ў таго апушчаны свінцова-цяжкія павекі.
— Назва? — спытаў Раўбіч адрывіста.
— «Курганная шыпшына», — адказаў бацька. — Бадай, ці не надта змрочна для такога дня. Але Вежа настойваў.
— Правільна зрабіў Вежа, — пасля паўзы сказаў Раўбіч.
Труба змоўкла.
Госці стаялі трошкі адурэлыя ад нечаканага пачатку. I ў гэтай цішыні бацька выступіў амаль на сярэдзіну залы.
— Шаноўныя панове. Шаноўныя гаспадыні і гаспадары. Сённяшні дзень — першы дзень юнацтва майго сына. Музыка, якой вы так былі здзіўлены, была напісана дзеля яго і гралася для яго. Яна не датычыцца вас. У гэты ўрачысты вечар вы павінны весяліцца.
Бацька быў бадай непрыемны Алесю ў гэтую хвіліну. Алесь зірнуў на Раўбіча, сустрэў яго позірк і зразумеў, што той адчувае тое ж самае.
— Сёння свята дзяцей, — казаў далей бацька. — I таму першы танец належыць дзецям… Дзеці, станьце ў пары… Алесь, выберы даму для першай пары.
Невядома, як гэта выйшла, Алесь яшчэ за хвіліну зусім не хацеў гэтага, — але ён стаяў ля Майкі і працягнуў гэтай агіднай зласлівіцы сваю руку… За ім, другой парай, стаялі Франс з Ядвігай, потым — Мсціслаў з нейкай дзяўчынкай, яшчэ і яшчэ пары.
Радасна грымнуў аркестр на хорах, і пацяклі павольныя гукі паланеза.
I тады Алесь, адчуваючы ўласны спрыт і лёгкую сілу, якая раптам наліла ўсё цела, паважна, на пальчыках, пайшоў, павёў даму да дзвярэй y малую залу, якія, зусім па-чарадзейску, самі адчыніліся ў другім канцы вялікай залы.
…Увесь вечар яна была зменлівая, як красавіцкі вільготны вецер — за кожным кутам хаты дастане. Магла сама шукаць яго вачыма і магла не звяртаць увагі на тое, што ён шукае яе. Магла завесці з Мсціславам размову аб тым, якія смешныя інтанацыі ў мове мужыкоў і як яны дзіўна, нязграбна рухаюцца. I хаця гэта было несправядліва, Мсціслаў пакутліва чырванеў за сябра і яшчэ за сябе, бо яна з ім загаварыла, a яму гэта было прыемна.
Алесь з кожным танцам падыходзіў да яе і адразу бачыў, як мяняецца яе капрызны тварык, робіцца пакорлівы і амаль бязвольны: апушчаныя доўгія вейкі, крыху ўсмешлівы рот. Яна ішла з ім y танцы менавіта так, як хацеў ён, a y перапынках зноў расплюшчвала вочы і казала:
— Шкада, што ў дзяцей няма бальных запісных кніжак… О, каб былі!.. На гэты баль y ёй стаялі б дваццаць прозвішчаў — кожны запісваў бы сваё… I я танцавала б увесь вечар з рознымі.
36
Наша немагчымае дзіця (франц.)