Страница 21 из 90
Бацька пырснуў. Бабуля падазрона паглядзела на яго.
— A ты не блазнуй. Бог усё бачыць. I твае смяшкі, і Марку, і прагнасць людскую, і нікейскія «серафімскія крылы».
Усміхнулася:
— Бываюць, значыць, з мурынаў святыя. Я ж казала, божыя душы. Значыць, заўтра ж ахрышчу, цябе вазьму хросным бацькам…
— Ды які я яму хросны? — зарагатаў бацька.
— A ты маўчы. Гэта і мне і табе залічыцца, за многія твае грахі. Дамо яму імя ў памяць пакутніка Яна… A там я падумаю-падумаю ды і ў прыёмышы яго вазьму.
— Прыгоннага.
— Ды які ён прыгонны? Ён жа чорны, як бот. Такія ў прыгоннікі не прыдатныя. Бог іх, відаць, за нешта колерам адзначыў.
I раптам Надзея Клейна засмяялася так, што затрэслася ўсё яе рошчыністае цела.
— A потым дам за ім пару хутароў. Чаму ж не? Раней y многіх калмычкі выхоўваліся. Гадавалі іх, пасаг давалі, выдавалі замуж. I нічога, многія жаніліся. Нават пікантным лічылася. Дык вось я і Янку ажаню. A чаму не?
— Дык хто пойдзе?
— Уce пойдуць, — сказала старая. — Паглядзела б я, якая засцянковая паненка за яго не пайшла б. Гэта каб супраць майго жадання, ды калі я сваццяй буду?! О-го, паглядзела б… A што ж такога? Хлопчык ён добры, сардэчны, галоўкай лашчыцца. Шанаваць жонку будзе, цаніць і шчасце і дабрабыт. Не тое што гэтыя п'янюгі ды сабакары, — прабач, бацюхна.
Памаўчала, падціснуўшы вусны.
— A i тая нейкая пойдзе. Добрыя ды багатыя мужы для бедных дваранак на дарозе не валяюцца. Няхай сабе і цёмны. Не папэцкае, пэўна. Гэта ў яго ад прыроды.
I ціха, адзін пан Юры чуў, спытала ў яго на вуха:
— Цікава толькі, якія ж гэта ў іх дзеці будуць? Крый божа, калі як шахматная дошка… квадратамі… Га?
— Такія не будуць.
— Ну то тады і добра… Будзе мне занятак на старасці год.
Яны набліжаліся да падлеткаў, якія стаялі асобна. Клейна падышла бліжэй за ўсіх і ўтаропіла ў хлопцаў пільны позірк.
— Гэты, — пасля імгненнага роздуму паказала яна кійком на Алеся. — Вочы матчыны, a позірк твой. Толькі, прабач, без тваёй цяперашняй спакайнаты. Хлопец будзе. Будзе хлопец, кажу табе. Не прывучай толькі сабакаром быць.
Зрабіла рэзкі рух.
— I адпусці. Адпусці адсюль. Асалоды ў гэтым мала, ляжаць на вачах усіх, як мухі ў місцы… Антаніда, віншую цябе. Будзе хлопец. Позірк просты, шчыры, не тое што ў гэтых малімончыкаў яго ўзросту… Ну, давай пацалуемся, Антаніда… A вы, дзеці, марш гуляць… I Яначку з сабой вазьміце. Ды не крыўдзіце яго там. Ён сірата.
Дзяцей і прасіць не трэба было: як чародка вераб'ёў, сыпанулі па сходах.
— Karo яшчэ няма, Georges? — спытала матухна.
— Раўбічаў няма. Кроера няма. Старога Вежы няма.
— Добра. Хай ідуць дзеці, — уздыхнула Загорская.
Алесь бег наперадзе ўсіх. Дзеці абагнулі палац, горку, на якой распараджаўся гарматамі Кірдун, карцінны павільён і спынілісяу гушчары парку, дзе была дзярновая лаўка.
Усе селі. Зялёная сетка святла ляжала на тварах дзяцей.
— Дык як жа вы жывяцё, Ядзвінька? — спытаў Алесь.
Лялечны тварык схіліўся ўніз. Вочы, такія нявінныя і сінія, засаромлена глядзелі на Алеся.
— Я з маці жыву. I з Янкам. У мяне тры старэйшыя браты… Былі тры браты… Два загінулі на вайне… Адзін — хто яго ведае дзе, мне не кажуць. Я апошняя. Ніхто ўжо не чакаў мяне, a я ўзяла ды і нарадзілася. Усе за мяне таму вельмі баяцца. Толькі я не баюся. Я люблю, каб цёпла. Люблю, калі спяваюць. Люблю, каб мне не перашкаджалі. A баюся толькі, калі хлопчыкі злыя… I сабак.
Алесь слухаў гэта з памяркоўнай усмешкай.
— Мы не будзем злыя, — сказаў Алесь. — Праўда, Мсціслаў? I сабакам яе ў крыўду не дамо. Што сабакі. У мяне унь два кані ёсць.
— Сапраўдныя коні? — спытала малая Клейна.
— Анягож.
Дзяўчынка паглядзела на яго з павагай.
— Ну a ты, Янка? — спытаў Алесь.
— Я зусім як яна, — вінавата ўсміхнуўся хлопец, і ўсе зноў здзівіліся, як па-вясковаму, амаль зусім чыста вымаўляе ён словы. — Толькі я не ведаю, дзе мае бацькі.
— Так зусім і не ведаеш? — спытаў Мсціслаў.
— Помню… Слаба… Помню агні… Вакол іх, на ражнах, сушылі рыбу… I зусім не помню бацькоў… Толькі аднаго Кемізі… Напэўна, ён быў мне брат… Не ведаю… I яшчэ помню жаночыя рукі… Нічога больш — адны рукі… Аднойчы з'явіліся крылатыя чаўны… Людзі казалі — «даў»[33] і паказвалі на іх пальцамі. Дзяцей схавалі, але нас усё адно адшукалі… Усе нашы, акрамя нямногіх, ляжалі на пяску… У Кемізі тырчала ў грудзях палка… Потым нас везлі морам… Потым быў нейкі бераг, і белы-белы пясок, і пячора з крыніцай, куды нас заганялі на ноч. Усё гэта звалася Мангапвані[34], a вартавалі нас людзі ў белых павязках на галаве… Потым я згубіў сваіх, іх не стала… Зноў было мора і потым вялікі горад, дзе мяне зноў купілі… I прывезлі сюды.
— Янка, — падаў голас Мсціслаў. — Няўжо гэта ты ад прыроды такі? Можа, гэта проста таму, што ты мыешся не так, як трэба?
— Я мыюся, — уздыхнуў Янка. — Не, тут ужо нічога не зробіш. I спрабаваць не варта.
— Ну і чорт з ім, — сказаў Алесь. — Падумаеш, бяда вялікая.
Яны сядзелі і гаварылі аб розных цікавых рэчах даволі доўга. Потым здалёк, з лагчынкі пад горкай, ударылі чатыры гарматы. Адным залпам.
— Прыехаў нехта, — з неахвотай падняўся Алесь. — Трэба ісці.
— Сядзі-і, — сказаў Мсціслаў.
— Не, брат, трэба. Можа, гэта дзед. Тады не пахваляць.
— Дзеду тройчы стралялі б… Гэта або Раўбічы, або Кроер.
— Усё адно. Трэба ісці.
Калі яны падыходзілі да круга гонару, на ім, ля самай тэрасы, кідалі павады на рукі слугам два чалавекі. Адзін з іх, худы і жылаваты, вельмі пахмуры, быў незнаёмы Алесю. Гэты чалавек злазіў з белай кабылкі павольна, з падкрэсленай стрыманасцю. Ваўкавата глядзелі вочы з-пад калматых брывоў, доўгія, як вiлы, вусы звісалі на зялёны паляўнічы гарнітур.
Затое другога Алесь пазнаў адразу. Ні з чым нельга было зблытаць гэтыя зеленаватыя, як y рысі, вочы пад брывамі пясочнага колеру. Ні ў кога не было такіх учэпістых рук і такіх кашэчых спрытных рухаў.
Жандарскі паручнік Мусатаў уласнай персонай завітаў y Загоршчыну.
Перадаўшы коней слугам, абодва пайшлі па сходах на тэрасу — адзін справа, другі злева, быццам не жадаючы папіраць нагамі адны і тыя ж прыступкі.
Алесь заспяшаўся. Калі дзеці падышлі да Загорскіх, Клейны і Ісленьева, Мусатаў ужо стаяў перад імі. A пахмуры чалавек чакаў наводдаль, муляўся, быццам не адважваючыся падысці.
— Прабачце, мадам, — сказаў Мусатаў. — У мяне справа да іх сіяцельства.
На абліччы Ісленьева з'явілася грымаса пакуты.
— Ну што яшчэ? — спытаў ён.
Матуля, каб не перашкаджаць віцэ-губернатару, звярнулася да бацькі:
— Чаму ж гэта Кроер не едзе?
— Асмелюся звярнуцца, мадам, — шчоўкнуў абцасамі паручнік. — Пан Кроер не прыедзе.
— Чаму? — спытаў бацька.
— У адной з вёсак пана Кроера бунт, — ціха сказаў Мусатаў.
— Дзе?
— У Півошчах.
— З якой прычыны?
Паручнік паціснуў плячыма. Твар Ісленьева скрывіўся.
— Якія захады вы прынялі? Спадзяюся, ніякіх агіднасцей? Стараліся ўгаварыць?
— Стараліся. На жаль, не дапамагло. Давялося страляць. Ёсць параненыя.
Свежае аблічча графа збялела:
— Ведаеце, чым гэта можа скончыцца?
Голас яго сарваўся. Наступаючы на Мусатава, ён патрасаў перад яго носам белымі сухімі старэчымі рукамі.
— Гэта чорт… Гэта чорт ведае што такое! Beau monde! Notabilités![35] Як вы смелі прыехаць да мяне пасля такога?.. Мала было крыві? Мала шыбеніц на верках?
— Супакойцеся, супакойцеся, граф, — дарэмна спрабаваў сказаць слова бацька.
Мусатаў павярнуўся і пайшоў да сходаў, вонкава амаль спакойна. I толькі тут граф, глыбока ўздыхнуўшы, сказаў глухім голасам:
— Стойце… Вазьміце з сабою лекара… Спадзяюся, пан Юры дазволіць…
Бацька моўчкі схіліў галаву.
— Вось, — сказаў Ісленьеў. — Загадайце запрэгчы коней… I запамятайце, вы ніколі не з'яўляліся сюды з вашымі ганебнымі звесткамі. Я нічога не чуў… Я нікога не бачыў…
33
Судна гандляроў рабамі.
34
Астравок ля заходняга берага Афрыкі. База арабаў — гандляроў рабамі.
35
Свет! Ганаровыя асобы! (франц.).