Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 2 из 90



Перад свiтаннем ён устаў. Ен вырашыў. Вядома, тое, што ён хацеў зрабiць, пагражала яму, Марку, апраметнай i вечнымі пакутамi, але ж за адну хвiлiну рабiла бацькаву душу вольнай ад кiпцюроў нячыстага.

Усе ведалi, што пакутнiцкая смерць, ды яшчэ ад рукi блiзкага, адразу нiшчыць уладу цёмнай сiлы. А хто ж блiжэй Раману, як не ён? Няпiсаны закон загадвае яму даканаць бацьку, каб той не пакутаваў тут i не пакутаваў там. Што ж, ён зробiць гэта. I няхай будзе кепска яму. Марку застанецца радасць, што бацьку добра, i гордасць, што ён зрабiў правiльна.

Ён пайшоў на прыгуменне i прынёс вiлы.

Даведаўшыся, Загорскi пачаў судзiць сябе i забойцу. Так, гэтаму варварству i дзiкунству няма апраўдання. Але ж хто вiнен у тым, што гэтыя людзi дзiкуны? Дзяржава, якой ёсць да iх справа толькi ў часы мяцяжу? Уладары над душамi, якiм ёсць да iх справа толькi пасля жнiва? Адкуль iм ведаць асновы свету, што вакол iх? Царква крычыць iм аб апраметнай, паданнi пагражаюць д'яблам i ведзьмакамi.

Вось і суду толькi цяпер будзе справа да Маркi.

I чым дапамог гэтым сваiм людзям ён, Акiм Загорскi? Не забiваў, не рабаваў, бо не меў у гэтым патрэбы. Але што агульнага памiж Маркам i iм, якi ганарыцца тым, што наведаў у Фернэ Вальтэра? Гаспадар i мужыкi — жыхары розных светаў.

I хутка ад усiх разважанняў у яго сэрцы засталося толькi разуменне таго, што суд зробiць кепска i ён, Загорскi, не здолее нiчым перашкодзiць. Сляпыя судзiлi сляпога.

Таму Загорскi ўсiм сваiм уплывам цiснуў на судовых, i прысуд быў мяккi: дзесяць год катаргi.

…Марка з Сiбiры не вярнуўся. Данiла, i той даўно стаў дзедам. Памерла iмператрыца, i сын, і адзiн з унукаў яе. Памёр i Акiм Загорскi. Амаль забылася i здарэнне з лазняй, а потым i лазню злiзаў Дняпро. Быццам i не было нi людзей, нi закуранай нiзкай будынiны на беразе. Толькi груша…

За ёю ляжалi прыдняпроўскiя адхоны, вёскi, пушчы i мястэчкi. За ёю стаялi замшэлыя замкi, чорныя хаты i старажытныя белыя званiцы.

А груша цвiла апошнi год. Дняпро падбiраўся да яе спакваля, як разбойнiк. Гэты апошнi год яна стаяла толькi сiлай сваiх карэнняў, умацаваўшы iмi сабе паўкруглы фарпост.

Чарговая з мiльёнаў паводак якiя бачыў Дняпро, спадала. Наступная павiнна была кiнуць дрэва ў хвалi, разам з квеценню. Але яна не ведала аб гэтым. Яна цвiла ў вiраваннi пчол, i пялёсткi падалi на быстрыню ракi.

II

Дняпро цячэ мiж высокiх берагоў спакойна i ўпэўнена, вымываючы з-пад адхонаў пясок, адкрываючы часам для вачэй чалавечых тое, што сам жа раней схаваў ад iх: наздраватыя вапнякi, чырвоныя з лiловым адценнем плiткi жалезняку i векавечныя, варажскiх часоў, дубы.

Яны чорныя, як косць, гэтыя мораныя дубы. Як абгарэлая чорная косць. I калi бачыш на водмелi напаўзанесенае пяском мокрае бервяно — адразу становiцца зразумела, адкуль узяў народ паданне аб волатах, што спяць, засыпаныя жвiрам i заплеценыя травой, спяць, пакуль не прыйдзе час вялiкай бяды i пакуль iх не паклiча народ.

…Бяда прыходзiла шмат разоў, а яны не ўваскрасалi. Можа, сапраўды скамянелi, як тыя дубы?

Хто ведае?

Але плыве i плыве вялiкая рака. Нас не было, а яна ўжо несла свае хвалi мiма заток, пушчаў i буславых гнёздаў. А калi нас не будзе, яна ўсё яшчэ будзе бегчы далей i далей, да апошняга, далёкага мора… Вёску Азярышча, што прыткнулася над Дняпром, на белапясчаным адхоне, вясной залiвае вада, i яна стаiць на востраве. Царква — убаку, таксама на востраве, i на вялiкдзень папу з прычтам часам даводзiцца не абыходзiць яе, а аб'язджаць на чаўнах. Прайшоў вялiкдзень, моцна апала вада. На ўзвышшах ужо адаралiся ї адсеялiся. Вёска дрэмле ў лянiвых праменнях майскага сонца, пустая, разамлелая. I ўсё ж Дняпро, амаль зусiм адступiўшы ў летняе рэчышча, не можа супакоiцца i лянiва точыць нiзы берага… Цiша. Спакой. Дурны крык пеўня над дымным гноем.

…У той майскi дзень на пясчаным адхоне, пад той самай грушай, якой канчаўся цяпер Кагутоў надзел, сядзела чародка дзяцей — тры хлапчукi i дзяўчынка.

Толькi два старэйшыя — кожнаму год па адзiнаццаць — сядзелi, абкруцiўшы клубы кужэльнымi сарочкамi. Трэцi, сур'ёзны мужычок год васьмi, i дзяўчынка, яшчэ гады на два маладзейшая за яго, былі зусiм голыя, але нiколькi, вiдаць, не саромелiся з гэтай прычыны.

З гэтых чатырох два галышы i адзiн трохi адзеты былi вельмi падобныя. Залацiстыя зблытаныя валасы, дзiкаватыя светла-сiнiя вочы i, нягледзячы на дзiцячую рэзкасць, нейкая асаблiвая, няспешная ладнасць у рухах. Кожны, паглядзеўшы на iх, сказаў бы:

— Кагутова племя.

Чацвёрты быў зусiм непадобны на iх. Больш тонкi. Цёмны скурай. З простым носам, як астатнiя тры, але з крутымі ноздрамi. Са спакойным, не па-дзiцячаму цвёрдым ротам.

Ён i сядзеў неяк больш вольна i лёгка. Каштанавыя, вельмi iскрыстыя пад сонцам валасы гэтага хлопца ляжалi буйнымі хвалямi. Цёмна-шэрыя шырокiя вочы спакойна глядзелi на iмклiвую плынь Дняпра.

Нiчога не было на гэтай плынi, нi ветразя, нi чарады качак, i таму гэты занятак хутка абрыдзеў шэравокаму. Ён лёг на спiну i звярнуўся да суседа:

— Пойдзем яшчэ ў ваду, Павёлка?

— Здурэў, Алесь? — салiдна сказаў Павал. — Пачакай, усю ж ваду скаламуцiлi.

Вада ў Дняпры была яшчэ халаднаватая, i таму сябры выбралі для купання невялiчкую затоку, добра прагрэтую сонцам. Купалiся, вiдаць, зусiм нядаўна, бо валасы ў iх былі мокрыя.

— Горача, халера на яго, — уздыхнуў Алесь i апусцiў чорныя вейкi. — Пойдзем праз тыдзень на Равеку. Стафан там надоечы во якога акуня выхапiў.



Павал маўчаў.

— Ты што маўчыш, Павёлка? — сказаў Алесь. I, ужо ўстрывожаны, убачыў, што ў сябра дрыжаць вусны. — Ты чаго, Паўлюк?

— Праз тыдзень цябе, магчыма, тут не будзе, — глуха сказаў Павал.

— Во, дурына. Куды ж гэта я падзенуся?

— Сёння ранiцай — ты якраз апошнi воз гною на Нiзок вазiў — прыязджаў Карп з маёнтка. Сказаў, што паны пагаворваюць: маўляў, досыць. Маўляў, цяжка Мiхалу Кагуту без нашай дапамогi, i час браць Алеся… Гэта каб за цябе бацька «пакормнае» i «дзядзькавое»[3] атрымаў…

У вачах у Алеся з'явiлася трывога. I адразу ж знiкла, саступiўшы месца рашучасцi.

— А я не пайду. Хто мяне прымусiць, калі мне i тут добра?

— Гэ-эх, брат, — тонам дарослага сказаў Павал. — Тут ужо нiчога не зробiш. Возьмуць у двор — i канцы. На тое яны паны. На тое мы мужыкi. Як аддалi яны цябе, так i возьмуць.

— А я ўцяку. Я не iхнi. Я — ваш.

— Прывыкнеш, — працягнуў Павал. — Памятаеш, як шэсць год таму роў, калі цябе да нас прывезлi? I страшна ў нас, i чорна. Прывык жа…

— Куды гэта Алеся забяруць? — спытала дзяўчынка.

Стаяла перад iмi, голенькая, круглая. Трымала ў роце палец.

— Iдзi ты, Янька, — з прыкрасцю сказаў Павал. — Што ты ведаеш?

— Куды яго забяруць? Ён жа наш, — у голасе дзяўчынкi было неўразуменне.

— Наш, ды не зусiм.

I тут Алесь ускiнуўся на калені.

— Як гэта не ваш? Як гэта? А чый жа я? Буслаў?! Арышкi-дурнiчкi?!

На вачах яго накiпалi ўжо злыя слёзы. Ён не стрымаўся i адважыў дружбаку гучнага ляпаса. А яшчэ праз хвiлiну яны, адзiн цераз другога, кацiлiся ўнiз, да ракi, узнiмаючы хмары пяску. За кулакамi — свету вiдаць не было. Скацiўшыся на самае ўзбярэжжа затокi, чырвоныя, пыльныя, яны малацiлi адзiн аднаго i раўлi.

Яня, захлынаючыся ад крыку, пабегла да iх, густа ссоўваючы нагамi пясок.

— Не трэ-э-э… Але-е-е… Па-а-а!!!

За ёю паважна, адхiнаючыся назад, быццам круглае пуза магло пераважыць, рухаўся галыш «мужэска полу», Юрась Кагут.

Дзяўчынка крычала ўжо зусiм без голасу i часта тупала нагамi, не заўважаючы, што зайшла ў ваду.

I тады васьмiгадовы Юрась, паглядзеўшы на яе, нагнуўся, чарпануў поўныя прыгаршчы глею i гучна шалёснуў на абедзве галавы.

Бойка спынiлася. Абое глядзелi адзiн на аднаго i на Юрася. А той, пасля паўзы, павольна сказаў:

— Э-к, важна…

I пайшоў да дзяўчынкi:

3

Па старому, часоў унii, звычаю, якi амаль знiк у XIX ст., беларускiя паны аддавалi сыноў на «дзядзькаванне» (выхаванне) у сялянскiя сем'i.