Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 11 из 90



— Загоршчына, — сказаў пан Адам. — Ваш маёрат, панiчу.

А над Загоршчынай, вышэй па адхоне, слаўся пладовы вялiзны сад, абрываючыся ўверсе, як па лiнейцы, цёмнай i раскошнай сцяной iрэгулярнага парку.

У парку бялела нешта, перакрэсленае па фасадзе серабрыстымi мётламi iтальянскiх таполяў.

Чым блiжэй пад'язджаў кабрыялет, тым ясней вымалёўваўся двухпавярховы будынак з доўгiм мезанiнам i двума балконамі, над якiмi цяпер былi нацягнуты сляпуча белыя, бялейшыя, чым муры, маркiзы. Вакол дома iшла галерэя на лёгкiх каменных арачках.

— Ложно понятый провансальскiй замковый стiль, — сказаў, чамусьцi па-руску, пан Адам, сказаў з такой завучанай iнтанацыяй, што адразу можна было зразумець: гаворыць не свае словы.

Здалёк можна было яшчэ заўважыць у парку, лявей i глыбей дома, нейкi круглы павiльён, а яшчэ лявей i значна далей — зграбную i вельмi высокую, вузкую цэркаўку на ўзгорку, такую белую i празрыстую, быццам уся яна была пабудавана з сонечнага святла.

Алесь, напэўна, паспеў бы лепей разглядзець усё гэта, але тут здалёк пачуўся тупат капытоў. Потым з вузкага жарала цёмнай алеi вырваўся, як ядро з гарматы, коннiк на белым канi i наўскапыта памчаўся да iх.

Асадзiў каня ля самага кабрыялета так рэзка, што конь як быццам урос усiмi капытамi ў зямлю. Алесь убачыў касы, нервовы зрак каня, яго раздзьмутыя ноздры. Здзiўлены, амаль спалоханы гэтым нечаканым з'яўленнем, не разумеючы яшчэ, што да чаго, ён баяўся ўзняць вочы i таму бачыў толькi белую скуру сядла i белы гарнiтур для верхавой язды. Потым нясмела, спадылба, кiнуў позiрк вышэй i ўгледзеў вельмi загарэлы, амаль шакаладны твар; усмешку, што адкрывала роўныя белыя як снег зубы; белакурыя, хвалiстыя вусы i грыву валасоў i, галоўнае, смяшлiвыя васiльковыя вочы з нейкiм нетутэйшым, доўгiм, мiндалевiдным разрэзам тонкiх павек.

У наступны момант моцныя рукi бесцырымонна схапiлi яго, падкiнулi ўгору i зноў спаймалi, i легкаважны, гучны голас весела пракрычаў нешта незразумелае i адначасова нiбы трохi і зразумелае, але прызабытае.

— Моn реtit рzinсе Zаgоrski![10]

Збянтэжаны, ён паспрабаваў выкруцiцца, але рукi трымалi яго моцна, а рот чалавека, якi пахнуў нейкiм вельмi прыемным тытунём, цалаваў яго твар.

— Мы пратэстуем!.. Тоut vа biеn! Тоut vа biеn, mоn реtit fils![11]

Сiнiя вочы смяялiся, заглядаючы ў зрэнкi маленькага звераняцi, што скурчылася на руках, унiкаючы чужых вуснаў.

I тады белы сцёбнуў лёскай каня i закурыў у алею, у зменлiвы цень, у скокi сонечных зайчыкаў, пакiнуўшы далёка за сабою кабрыялет.

Алея разарвалася на два паўколы з дрэў, i наперадзе, за клумбай, за кругам гонару, стаў дом, шырокi ганак, аблямаваны лёгкiмi арачкамi, i белакаменная тэраса, на якой — невысока ад зямлi — стаяла жанчына ў шырокiм ранiшнiм уборы.

Белы — проста праз клумбу — падскакаў да тэрасы, зноў узняў Алеся i лёгка перасадзiў яго цераз парэнчы, на рукi жанчыне. Потым стаў на сядло i перакiнуў над балясамi свае гнуткае цела.

— Аh, Gеоrgеs! — сказала з дакорам жанчына.

I адразу прыпала да хлопчыка, важлiва заглядаючы ў яго вочы сур'ёзнымi, цёмна-шэрымi, як у Алеся, вачыма.

Гаварыла i гаварыла нешта гартанна-страснымi i цiхiмi словамі i толькi потым спахапiлася:

— Ён не разумее, Жорж.

— Аi-jе biеn аttасhе lе grelot? Koнi — мара хлапчукоў. Вось я i пракацiў.

— З самага пачатку i так па-чужому, Жорж.

— Чорт, я i не падумаў, — сказаў смяшлiвы.

I абхапіiў жанчыну i хлопчыка, прыцiснуў іх да сябе:

— Ну, пацалуй мяне, пацалуй яе… Ну!

Жанчына і Белы, абое яны гаварылi па-халопску з модным акцентам, але ўсё ж гаварылi, i гэта рабiла iх неяк больш блiзкiмi.

— Пацалуй мяне, — сказаў Белы.

Але хлопчыку было няёмка, i ён, схiлiўшыся, пацалаваў, — зусiм як Кагутова папу, — руку жанчыны, пяшчотна-тонкую, асаблiва белую сярод чорных карункаў шырокага рукава.

— Fасоn dе vоir d'un сhеvаliеr, — засмяяўся мужчына. — Я ж казаў, што ён мой сын, мой. Да рукi жанчыны — перш за ўсё. Сhе-vа-liеr!

— Gеоrgеs! — зноў з дакорам сказала жанчына.

Алесь на ўсе вочы глядзеў на яе. Не, гэта было не тое. У яе былi маленькiя рукi i ногi, непрыгожа танклявая постаць.

Але ж яе твар з такiмi цёплымi шэрымi вачыма, з такiм спакойным ротам! Але ж каштанавыя iскрыстыя валасы! Усё гэта было роднае, толькi на хвiлiну забытае, i вось цяпер усплывала ў памяцi.

I ён раптам несамавiта, нечакана крыкнуў:

— Ма-ма!

Крыкнуў амаль як сялянскае малое, на якое рушыць вулiцай карова, крыкнуў, цвёрда верачы, што вось зараз мацi прыйдзе i ўратуе. Крыкнуў i адразу засаромеўся.

Ёй толькi таго i трэба было. Абхапiла, пачала шаптаць на вуха. Але ў iм ужо расло абурэнне i сорам, быццам ён здрадзiў хаце, рукам Марылi, вачам братоў. I ён так разрыдаўся ў гэтых вузкiх руках, быццам сэрца яго рвалася на шматкi.

А яна цалавала.

Ён плакаў, бо адчуваў, што злоўлены, што з гэтым шэптам канчаецца для яго ўсё.

…Яго павялi мыць i пераапранаць. I калi бацька i мацi засталiся на тэрасе адны — усмешка няёмкасцi так i не сышла з iхнiх вуснаў. Пазбягаючы глядзець мужу ў вочы Антанiда Загорская глуха спытала ў пана Адама, якi стаяў наўздалёк:

— Што, пан Адам, як вам панiч?



Пан Адам мяўся.

— Праўду, — цiха сказала яна.

— Мужычок, проша панi, — наважыўся Выбiцкi. — Але з чыстым сэрцам, з добрай душою.

— Нiчога, — нават з нейкай палёгкаю ўздыхнула мацi. — Навучым.

Бацька лёгкаважна зарагатаў, паказваючы белыя зубы.

— Бачыце, пан Адам? Так лёгка i навучым. Lеs fеmmеs sоnt раrfоis vоlаgеs[12].

— Гэтую iдэю падаў ты, Gеогgеs, — шэрыя вочы мацi сталi вiльготнымi. — I ты не маеш права…

— Скажам, i не я, — сказаў пан Юры. — Скажам, бацька мой, i нам нельга было не паслухацца.

— Але чаму яго аднаго?

— Самадурства. Меў на Алеся вялiкiя надзеi. I ты ведаеш, што ён мне сказаў перад дзядзькаваннем?

— Кажы.

— «Як шкада, што я не аддаў у дзядзькаванне цябе, Юры. Можа, тады ты, сын, быў бы чалавекам, а не прадметам для царквы i псярнi».

— Гэта я зноў аднавiла ў Загоршчыне царкоўную службу. I ён не любiць цябе… праз мяне.

— Кiнь. Глупства.

— Ну, а чаму не хоча дзядзькавання для Вацлава?

— Баюся, што Вацлаў яму абыякавы.

— Другi ўнук?..

— Я не хацеў, Антанiда. Я ж толькi сказаў аб легкадумнасцi…

Мацi ўжо ўсмiхалася:

— Дык што ж зробiш, Gеогgеs, калi ты ўсё бачыш еn nоir[13].

Зноў гаротна задрыжалi яе веi:

— Забыў усё. Забыў французскую. А гаварыў, як маленькi парыжанiн… Я прашу цябе, я вельмi прашу, Gеоrgеs, не спускай з яго вачэй, хадзi за iм у першыя днi, бо яму будзе сумна… Ах, жорстка, жорстка гэта было — аддаць!

Пан Выбiцкi далiкатна кашлянуў, прастуючы да сходаў, i толькi тут панi Загорская спахапiлася, ускiнула на яго рахманыя вочы:

— Прабачце, пан Адам, я была такая няўважлiвая. Вельмi прашу вас — паснедайце разам з намi.

— Бардзо мi пшыемне, — пачырванеў Выбiцкi, — але ж прабачце, я зусiм па-дарожнаму.

— Ах, нiчога, нiчога… Я вас вельмi прашу, пан Адам.

Выбiцкi нiякава палез у кiшэнь па чырвоны фуляр, якi нагадваў невялiчкi абрус.

Лёгка i па-англiйску выкацiлi на тэрасу стол на кольцах, прыставiлi яго да накрытага ўжо абедзеннага стала. Матуля начала здымаць накрыўкi з мiсаў.

— Накладайце сабе, пан Адам, — сказала мацi. — Вазьмiце курыную пячонку «брашэ»… Бачыце, снедаць будзем па-англiйску. Першыя днi яму будзе нязручна са слугамi, беднаму.

Аконам спачувальна крэкнуў, стараючыся зрабiць гэта як мага больш далiкатна i не абразiць тонкага слыху панi.

I якраз у гэты момант з'явiўся ў дзвярах Алесь у мярэжанай — пад народны густ — сарочцы, сiнiх шальварыках i чырвоных кабцiках. Менавiта так, на думку панi Антанiды, выглядалi ў свята дзецi багатых сялян, i таму хлопчыку можна было не адчуваць нязручнасцi. Бацька хацеў быў пырснуць у сурвэтку, але стрымаўся, памятаючы нядаўнюю жончыну крыўду. Таму ён толькi паказаў на крэсла побач з сабою.

10

Мой маленькi князь Загорскi! (франц.)

11

Усё добра! Усё добра, сынок! (франц.)

12

Жанчыны часам бываюць легкадумныя (франц.)

13

У чорных фарбах (франц.).