Страница 9 из 10
Шмат летам працы рыбінаму цару: павінуючыся яго загадам, пераплывае рыба з аднаго возера ў другое, з гэтай ракі - у іншую. Харчуецца. Усім трэба харч і месца для ікрамёту. Але любіць рыбін цар і дурэць: то жабу ўцісне ў нерат замест рыбы - весяліся, рыбак, то туды ж сікоў напіхае. А то кароў, якія, бызнуўшы, стаяць у вадзе, выдаіць да апошняй кроплі. Але ўсё гэта не ад злосці. Наадварот, калі галадэча - выкіне ён на бераг груды рыбы, як гэта ў Нарачы калісь здарылася...
Восень ціха крочыць. Ляжыць рыбін цар у віры, а дождж барабаніць па вадзе, як па даху. Прытульна, цёпла. Засынаюць азёры. Зрэдку праплыве лебедзь і пакіне за сабою дарожку святла Праз яе бачна шэрае, плакучае неба. Вось і апошні жораў пратрубіў над рэкамі, і тады пачынае цар сваіх рыб у віры зганяць, тванню накрываць. Цёпла ім, добра! А потым пачынае ў апошні раз абыходзіць свае масткі. Ідзе пад вадою: шэрая вада, расліны вадзяныя холад пасцінаў, рыб няма, ракі ў сваіх пячорах зазімавалі. Высуне “надворак” галаву: касабочыцца над грэбляю шэрая павільгатнеўшая млынарня, ляжаць сярод абшараў зялёныя рэдкія чатырохкутнікі, грукоча дзесь малацілка.
Усё схавалі скнары-людзі, сцягнулі ў пуні і клуні, абдзёрлі чыста палі і сады. Нясуцца па нізкім небе шэрыя хмары. Глядзіць рыбін цар на сонныя абшары, а з нябёсаў шэры дождж льецца.
- Бр-р-р, гэтак і змякнуць можна, - і ныр зноў на дно.
Ляжыць у віры і сумуе. Памерлі палі, памерла рака!
А на яго падаюць бурыя лісты, твань зацягвае.
Добрай зімы!
Пан тванны, шляхціч багняны
Балота! Качкарнік пакрыты рудай сухой травою, а паміж ім чарнее масляністая вада. Крапае дробны, дужа цёплы дожджык, і грэюцца пад ім жабкі. Тырчыць па ўскраі калючая асака, жорсткі белавус, сітняг. Жабак ніхто не пудзіць, і яны нават крэкчуць ад задавальнення.
Але што гэта? Закалыхалася ў адным месцы асака і высунулася стуль хітрая мордачка. Вусны яе смяюцца, нос піпкаю і пад ілбом задзірыстыя рожкі. Гэта балотны чорцік. Ускочыў на купіну, рукі ў бокі.
- А ну, жабкі, хто я такі?
Адна маладая, не бачыўшая свету жабка кажа:
- Чорцік балотны.
- Зноў за сваё, - абурыўся той. - Я гэтаму балоту вялікі гасудар, і вы павінны мне павагу выказваць. Тытул мой поўны ведаеце? Забылі, гады падкалодныя! Паўтарайце за мною: цар балотны, вялікі князь німярэчны, князь межыточны, магнат тванны, шляхціч багняны, альховы і сітняговы, кароль вужыны і водаблышыны, усіх вялікіх, малых і белых пацукоў уладар.
Складна прыдумаў, але жабкам гэта ўсё запомніць нельга; у іх мозаку амаль няма. Супыняюцца, блытаюцца. Раззлаваўся тыран, схапіў адну жабку, уставіў сцябліну ёй і пачаў дзьмухаць без суда і следства. Тая ўжо зусім як барабан зрабілася. Жабкі трывалі, трывалі, а потым пачалі бясчынствуючага гасудара лупіць.
Зароў той, пакінуў жабкам палову хваста і ўцёк зноў у асаку. Запароўся глыбей, сеў і пачаў слёзы махнатым кулаком выціраць.
Па справах і пакуты!
Ноч
Скача ноч над зямлёю на чорным кані. Адрываюцца, падаюць з яе плашча ўніз залатыя зоркі, і пушча ловіць іх пушыстымі рукамі, прымае нячутна і мякка ложыць на зямлю. Унізе агеньчыкі згаслі, дрыжыць свет салаўіным спевам. Мякка перабірае капытамі ў паветры стомлены чорны конь. І твар у ночы чорны, на чорных валасах чорная карона і на юнацкім целе чорныя латы.
Спіце, людзі, вартуе ноч верна ваш сон. Хутка зоймецца світанак, выйдзе на бойку з ноччу зара ружовая, пачне пускаць ночы ў твар сонечныя дзіды. Няроўная бойка, сцячэ цела ночы крывёй уласнаю - шэрым туманом, упадзе яно ў балоты, цёмныя лясы ды на дно глыбокіх азёр.
Але далёка яшчэ да святла: толькі-толькі праспявалі першыя пеўні, вадкая суцень паўсюль, цішыня.
Скача ноч на бязгучным, перабіраючым капытамі чорным кані, і падаюць, адрываюцца з яе плашча залатыя зоры.
Куцька
Ляжыць на двары за дравяніцаю на грудку сена Куцька-шчанюк. Нешта не бярэ яго сон, ці то блохі расскакаліся па голым плямістым пузе, ці то яшчэ нешта, толькі мучыць яго нешта жудаснае, сабачае, тужлівае.
Холадна, працягнуліся ад дома і пуні густыя чорныя сцені, і па-над дахамі выплывае чырвоны месяц, смяецца. І ад гэтага месяца такая ахвота завыць шчанюку, проста жах. І ўсё яму здаецца, што за адрынаю стаіць нехта, шэры і без галавы, і вось-вось накінецца на яго, Куцьку, і пацягне некуды. І на самай справе, пачаў месяц у небе смяяцца і скакаць і ўсё бліжэй-бліжэй да Куцькі. Заціснуўся ён у самы кут, зарыўся ў салому: не так страхліва, калі спіна прыкрыта.
- Ну што, - кажа месяц Куцьку, - сёння маленькага гаспадара за нагу кусануў, костку з кухні сцягнуў? А чыя гэта там, пад сталом, пляма?
Хоча Куцька адказаць, што гэта ён ненарокам зрабіў, што больш не будзе -голасу няма.
- Ну добра, - кажа месяц, - гля-адзі ў мяне. Вось цябе зараз за гэта “нештачка” забярэ.
Дый схаваўся на гэтым за хмарку, канчаткова цёмна стала. І бачыць Куцька, нешта за адрынаю зарухалася, і вось стуль “нештачка” выходзіць, шэрае, як туман, і без галавы.
- А-а-а-а, во-о-ось ён, - і ідзе да яго, растапырыўшы рукі.
Ускочыў Куцька і кінуўся бегчы, але ногі ў яго не рухаюцца - быццам прысталі да зямлі. Заскугліў ён жаласліва, перабірае нагамі. А “нештачка” ўсё бліжэй... А-ай!
Бачыць - нічога няма. Тыя ж сцені ад дома, той жа месяц над дахамі, раўнадушны і спакойны, і сам ён, Куцька, ляжыць на падсцілцы на тым жа самым месцы і яшчэ нагамі рухае. Узрадаваўся. Вось я які храбры, нават “нештачка” спудзілася і ўцякло.
Ззяў месяц, і грызліся блохі.
Вераб'ёва цешча
Ва ўдовінага вераб’я цешча памерла ад злосці. Спачатку ён быў узрадаваўся, што не будзе каму яго поедам есці, а потым адумаўся. Якая б ні была, а ўсё-такі цешча. І вырашыў ён цешчы багатыя памінкі справіць. Сабраліся ў яго на акне за налічнікам іншыя вераб’і, елі смачных чырвоных рабакоў і розных казюль, пілі бярозавы квас і мёд з жалудовай шкарлупы. Упіліся моцна і пачалі біцца і песні спяваць.
А тут котка, лёгкая на ўспамін, села ля налічніка, жоўтымі вачыма блішчыць, не выпускае нікога. Ды з п’яных вачэй і не пабачыў ніхто. Кажа верабей:
- Эх, і надвор’е, месяц ззяе, цёпла... Каб быў госцем - даўно б дадому пайшоў. Высунуўся адзін легкадумны маладзенькі верабейчык - і назад, ледзь жывую душу ўратаваў.
А гаспадар куражыцца: “Ды што, ды я яе”. Да таго расхрабрыўся, што выскачыў з гняздзечка куляю і паляцеў на котку навальніцаю.
- Ах ты, даўбня, каб ты счарнела, як галавешка. Прэч!
Вераб’і ўсе адзін на аднаго падобны...
Котка ад гэтага націску разгубілася, пачала адступаць, а потым пытае:
- Ты, часам, не цешча тутэйшаму вераб’ю?
- Так, - кажа верабей, а сам ужо прахалануў і дрыжыць, як ліст.
- Ох, не зайздрошчу я яму.
Ды ад страху як скочыць у дзядоўнік. Госці пайшлі, а верабей замысліўся.
- Хто зараз за мяне з маім мяккім характарам з суседзямі, з ворагамі, з начальствам лаяцца будзе. Няма ў мяне цешчы, няма абаронцы.
І заплакаў.
І цешча іншы раз карыснай бывае.
Старая казка
Вясною, ледзь пабеглі ручаі і падзьмуў халодны вецер, падчас якога выпускае сваё лісце дуб, прачнулася ў дупле старой ліпы дачка ляснога цара. Пацягнулася соладка і прыпомніла адразу, што зноў усё лета пройдзе ў яе без кахання. Моцна вартуе яе лясны цар, і няма вакол нікога, каму б магла яна цёплае слова сказаць, чорнымі косамі шыю абвіць, пацалаваць у ружовыя вусны. Не зноў жа на аленях усё лета ездзіць. Засумавала, наліліся ў яе слязьмі прыгожыя вочы.