Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 2 из 10



- Ты, як зусім змерзнеш, прыходзь. Глядзіш, рэпу зварыш, дзяцей пакалышаш.

- Н-не. Кошкі баюся. А рэпы гэтай я цяпер да самай смерці ў вочы бачыць не магу.

Ды і пайшоў сабе полем, пад дождж, ледзь цягнучы пудовыя ногі. Такі гаротны небарака.

А Янка даараў клін i пайшоў дахаты. I толькі там успомніў, што нештачка ў падпечку свяціла, i чорт пра нейкі скарб казаў.

Пачалі капаць ў падпеччы і - на табе - выкапалі вялізны закураны казан з золатам і чырвонцамі. Нібы жар, разлілося святло па хаце.

Так ужо свяціла, так паліла, так пякло, што ўсе аж распранацца

пачалі.

Чорт пасля таго ў моцныя маразы ўсё ж прыходзіў. Толькі прасіў кошку ў камору выкідаць. Капусту Янку варыў і дзяцей калыхаў. З таго часу і пайшла прыказка, што "шчасліваму і чорт дзяцей калыша".

А на той чортаў скарб паставіў Янка сабе i ўсяму наваколлю новыя хаты, свірны, адрыны, новыя стайні. Сады пасадзiў, млын паставіў.

Ва ўсіх сялян па сорак сыноў ды дачок, па сорак коней ды валоў. І ўсе хаты як звон. І ў кожнай хаце на акне, на сонейку, кошык. А ў кожным кошыку кошка. І ў кожнай кошкі па шасцёра кацянят. Во шчасце дык шчасце!

І таму, калі ты жывеш шчасна і радасна, ніколі не дражні мядзведзя ў звярынцы і не кідай у кошку не тое што камянём, а нават мяккай грудкай зямлі. Бо гэта ж яны зрабілі калісьці так, што табе добра. Ды і наогул ні ў кога нічым не кідай і нікога не дражні.

Тады ўсім будзе хораша на гэтай прыгожай зямлі, што ляжыць крышку бліжэй Сонца i крышку далей ад Месяца. Людзі будуць працаваць, кошкі будуць вуркатаць, а мядзведзі насіць табе i ўсім іншым дзецям салодкія ступы...

Кацёл з каменьчыкамі

Давай з табой сядзем і пагаворым. Ты што, спаць збіраешся ці хворы? Тады заставайся ў цёплым ложку. А калі ты здаровы і ты здаровая, то давайце сядзем на пашчапаныя бярвенні, ля прызбы, на лаўкі, а каму зручна - той і проста на падлозе.

І ўявім мы, што памчалі мы на нашым дыване-самалёце ў вясёлкавы наш з табою край, у сівую нашу з табой даўніну.

Ці бачылі вы паўночныя нашы ўзгоркі? Яны не дужа высокія, але ўсё ж верас на іх на некалькі дзён раней робіцца сівы. Ад падмарозкаў.

І сівыя робяцца старадаўнія валуны, камяніскі, камні, каменьчыкі. А пасля пачынаюць пакрывацца шкляным, ружовым на ўсходзе лядком - заберагам, шматлікія нашы з табой азёры. А выкапаную бульбу даўно ўжо звезлі ў хаты і свірны, звалілі ў капцы.

Дык вось было гэта даўно, вельмі даўно, так даўно, што ў нашай з табой краіне яшчэ не было тады бульбы.

Стаялі тады на беразе маленькага чыстага возера - існае вочка зямлі - дзве хаты. У адной, багатай ды ганарлівай, жыў мужык Ігнат. Нядобры ён быў чалавек, жонку замарыў работай, дзеці ад хатняга рабства ў свет пайшлі. А гаспадар усё не ўтаймоўваецца, усё пад сябе грабе. Усё наваколле прыдушыў, глытай.

- Забыўся, што ў труны кішэняў няма, - горка пажартавала добрая Мар’я, бліжэйшая суседка. Бо яе хата бліжэй за ўсіх стаяла. Хата яшчэ з дзядоў, моцная, але зусім недагледжаная. Бо гаспадара ўзялі на вайну і засталася жанчына адна з маленькімі дзецьмі. Аж пяцёра, і кожнае на пстрычку ніжэй за другое. І кожнае ўвесь час галоднае.

Пакуль бацька быў, сяк-так перабіваліся, а тут...

Словам, запанаваў на нашай зямлі самы страшны, самы подлы грэх, імя якому Несправядлівасць. Гэта калі адзін не можа заснуць, бо аб’еўся, а другі - бо галодны. А дзеці - дык тыя нават плачуць з голаду. Кепска. Ніколі не дапамагай Несправядлівасці. За іншае, можа, і даруюць. За гэтае - не.

...Позняя, халодная была вясна. Такое самае лета. А восень яшчэ горай. Завылі вятры, уздзьмуліся рэкі, пашалелі азёры. Сатлелі травы на паплавах. Ад бацькі чуткі няма. Прыйшла чарга Мар’і ісці па дапамогу да суседа. А той сядзіць, далоні пад азадак паклаў ды пыхкае, як вожык. Нажэрся свіння свіннёю.

- Ну што?

- Пазыч мне, суседзе, меру ячменю ды меру фасолі. Я табе за гэта вясной

адраблю.

- Адро-обе. Вясно-ою. Вясной усё наваколле адрабляць прыйдзе. А ты да таго часу ледзь ногі цягаць будзеш, а шчанюкі твае, можа, і не пацягнуць зусім. А можа, ты і ўдава цяпер. То й ён не адробіць. Не дам.

Рабіць няма чаго. Прыйшла бедная жанчына ў сваю халупу і, не запаліўшы нават лучынкі, упала на ўслон.

Цёмна. Цёмна за акном. Цёмна. Нізкія чорныя хмары і выхаду няма.

Да іншых суседзяў бегчы? Памаглі б, але і там тое самае. А дзецям што? Дзеці не ведаюць, як дарослым хлеб дастаецца. Цяжкай працай, часам -прыніжэннем. Калі зразумеюць - пашкадуюць. А тут плачуць толькі на розныя галасы: “Сільна і слёзна”, як у старых кнігах пісалі:

- Матухна!

- Зязюленька!

- Пакармі нас!

- Хлебца дай!

- Аклаец !

Што рабіць беднай Мар’і. Вырашыла яна дзяцей падмануць.

- Вы ляжыце зараз. Засніце. А я пайду бабоў назбіраю. Навару ды буду вас



карміць.

Дзеці не засынаюць. Тады пайшла кабета, назбірала на полі дробных каменьчыкаў (а іх было сапраўды як бобу), высыпала ў кацёл і паставіла на агонь. Настолькі бедная была хата, што і печкі няма.

Варацца каменьчыкі. Паснулі дзеці. Супакоіліся. Разбудзіць матка -наядуцца. Варацца каменьчыкі - да канца свету ім варыцца. Да канца свету плакаць матцы.

Ажно ўваходзіць у хату нейкі чалавек. Сам доўгі, кашчавы, з кіем, торбай, адкуль нейкія травы тырчаць. І вочы пранізлівыя:

- Добры вечар у хату. Пусціце абагрэцца.

- Грэйся, добры чалавек. Толькі пачаставаць цябе няма чым.

- А што ж у катле варыш?

- Гэта, добры чалавек, каб дзяцей прысыпіць да заўтра, - і прыўзняла крышку катла.

- Гэт-та што такое?

- Камні. Муж у войску - можа, й забілі. Прасіла ў суседа чагосьці - не даў. Толькі й засталося на гэтай зямлі беднаму чалавеку каменьчыкі есці.

- Што ж ён?! Дзецям не даў?! Проста дзецям?!

- Не даў.

- Д-добра, - сказаў незнаёмы. - Бяры кацёл. Пайшлі.

Прыйшлі на надзел. Незнаёмы паставіў кацёл, азірнуўся: ля хаты Ігнат стаіць. Цікуе. А што гэта яны там робяць? Чаго кацёл прынеслі?

А незнаёмы той быў Вялікі Чараўнік. Толькі чараваць яму ў жыцці дадзена было тысячу разоў і засталіся лічаныя разы. І нічога ён тым сваім чараўніцтвам не дабіўся. Як дагэтуль ішло, так і пасля.

“Але тут, - думае, - здужаю”.

Узяў ён з катла жменю каменьчыкаў і са свістам, як з сявенькі, сыпануў па раллі. І яшчэ, і яшчэ, і яшчэ.

- Што ж ты, - паскардзілася Мар’я. - Так загон благі, а ты яшчэ й каменьчыкамі, што сабрала, падсяваеш.

- Маўчы, - сказаў той. - Глядзі, што будзе.

- Так ёй, - сказаў Ігнат. - Таксама мне, дзеці. Ва ўсіх дзеці. Муж на вайне. Гм, таксама мне, страшная штука вайна.

А незнаёмы сыпе і сыпе. Увесь загон каменьчыкамі засеяў. Россып. Дзецца

няма дзе.

Мар’я плача. Ігнат смяецца. Балаган на кірмашы, і толькі.

— Глядзі, жанчына, - сказаў незнаёмы.

Тая зірнула - і вачам не паверыла: растуць каменьчыкі. Вунь ужо камяні сталі. Памерам з два кулакі.

- Збяры частку, пакладзі ў кацёл, - сказаў незнаёмы. - Пастаў варыць

дзецям.

У Ігната вочы на лоб палезлі. А жанчына панесла кацёл з каменнямі ў хату. Прыйшла - камяні яшчэ падраслі.

- Глядзі, жанчына, за адзін дзень я табе ўсё пакажу. Заўтра будзеш капаць. А ва ўсе наступныя разы будзе гэта цягнуцца цэлае лета. Глядзі.

І тут камяні пачалі зарывацца ў зямлю. Як ружовыя, жоўтыя і белыя парсючкі. Ігнат аж счумеў. Вачыма толькі водзіць, нібы ў чужы гарох залез, а яго, злодзея, заспелі.

Пачакалі яны крыху - з’явіліся з зямлі парасткі, гусцець пачалі.

— Прынясі, кабета, матыку, - сказаў незнаёмы.

Тая прынесла. Расточкі ўжо ў кусцікі ператварыліся.

- Пацяпай вось так. Загарні ім ножкі ў кажушок... І яшчэ раз загарні.

А кусцікі ўжо амаль кусты.

І вось ужо на кустах заззяла мора кветак. Белыя, ружовыя, лілаватыя, ружова-белыя зорачкі. І ўсе з жоўтым сэрцайкам.