Страница 7 из 89
Толькі дужа напружыўшы вочы, Сцівен, здалося яму, заўважыў на чорным дзве галавы, якія быццам прыкіпелі да міны. Бліжэй падцягваць яе было падобна смерці. Старлей цяжка ўздыхнуў, убачыў камандзіра, што стаяў ля кармавога клюза і таксама сачыў за ходам выбаркі-адцяжкі, і сказаў:
- Дазвольце ў ваду?
- Адзін?
- Дый я, бадай, з ім таксама, - хрыпата ад хвалявання сказаў боцман. - Трохі-трохі скупнёмся.
.Калі Дубаўца і Каню абвязалі прыплаўленым з карабля пяньковым канцом, Сцівен толькі з нечалавечым намаганнем адарваў ад троса іхнія зведзеныя, заледзянелыя пальцы. Лёд пакрываў іхнія галовы, лёд, які зліпся з мокрага снегу. Потым боцман стаў адцягваць міну далей, а Сцівен паплыў з двума нерухомымі да карабля. Падтрымліваючы над вадою іхнія галовы, хаця сам ужо нінавошта не спадзяваўся. Потым яны павіснулі на канцы за кармой. Потым дзесяткі рук падхапілі іх і выцягнулі на палубу.
І ўсе былі неймаверна здзіўлены, калі мічман на нейкае імгненне апрытомнеў і, спяшаючыся сказаць, пакуль зноў не накаціла бяспамяцтва, - магчыма, апошняе, - прахрыпеў:
- Каню. Каню ратуйце Ка-ню.
.Каня наглытаўся вады, і фельчару ў лазарэце давялося тры гадзіны вазіцца з ім, а мічман, калі яму ўлілі шклянку спірытусу, ачнуўся, але адразу ж зноў заснуў.
Ён не чуў, як за карму спусціліся на плоціку Красоўскі з мінёрам, не чуў, як іх усцягнулі на палубу, як карабель даў ход. Ён не чуў нават таго, як праз некалькі хвілін за кармой разрэзаў штармавую ноч тытанічна-магутны выбух. Выбух, які раздзёр нават гэты непраглядны снег. Ускінулася над базальтавымі валамі і да самага неба выцягнутае, калматае, падобнае на даурскую папаху воблака.
Ён не чуў гэтага. Ён спаў, і перад вачамі ягонымі плылі праявы, светлыя і незваротна страчаныя. Ён спаў і плакаў, плакаў, плакаў у сне .
Ачнуўся ён толькі наступным вечарам і некаторы час не мог прыпомніць, што адбылося. Дробна вібрыраваў корпус карабля - і ён зразумеў, што карабель. Слаба тхнула спірытусам -і ё н зразуме ў, што лазарэт.
Ва ўсёй істоце быў шчасны, вызвалены, адлучаны спакой. Як тады, калі яны ўрэшце вырваліся са страшнага вока тайфуна. Цішыня. Не трэба ні за чым ганяцца. І нічога не вернеш. І сам ты стаў іншы пасля вока тайфуна. Дый ці трэба не шта вяртаць?
"Дурнічка ты. Дурачка, - падумаў ён. - Ну, вось і на табе. Атрымай. Ці будзе ён трымаць так моцна, як. А, усё адно. Я ўсё ж адпомсціў табе. Н-на".
Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў на суседняй койцы Каню. Той шырока, ласкава ўсміхаўся, паглядаючы на яго. І раптам адвёў вочы на ілюмінатар, які лізала зялёная хваля, і сцепануўся.
- Ты аб чым? - спытаў мічман.
- Во каб гэта зноў. Ды зноў такое купанне. Бр-р.
- Не каркай, - сказаў Дубавец, каб схаваць збянтэжанасць. - А то ведаеш, як было? Плыве чалавек у шлюпцы - крушэнне было. Два дні без вады, пяць без ежы. І ўзмаліўся богу: "Пашлі ты мне хаця які карабель, любы, на які твая божая воля". І праўда - карабель. Той махаць. У апошні момант яго з лайнера заўважылі, паднялі. Той матросам: "Як назва лайнера, каб было мне за каго бога маліць?.. " А яму адказваюць: 'Тытанік". - Памаўчаў. - А наконт купання што? Загадаюць - і купацца палезеш.
- Не загадаюць.
- У тым і справа, што не загадаюць. Тады б яшчэ брыкацца можна было. Сказаць, што запаленне "всегдалишнего" нерва. Сам палезеш.
Зноў трэба было саромецца словаў і хавацца. Але ён, іншы цяпер, не мог забыць начной цеплыні на шчаках, з ім ніколі не было такога, і таму ён з залішняй разухабістасцю сказаў:
- Ты за мяне ні зараз, ні. ну, ніколі не перажывай, хлопец. Добра? Нічога такога не здарылася.
Каня не зразумеў, аб чым гэта ён. Аб начной купелі? Аб
міне?
- І тое праўда, - з засаромленай усмешкай сказаў мінёр. -Калісьці і я. Калісьці і ты мне. Дый чаго там асабліва перажываць. Апошняя, ці што? Іх тут яшчэ навалам.
Мічман зразумеў, што Каня кажа не пра тое, але хіба гэта мела значэнне.
- Ты малпу ў маёй каюце ведаеш? - спытаў ён. - Ты забяры яе, падары каму захочаш. Ну, ясна, не кажы, што ў мяне вісела. Не паложана так, могуць пакрыўдзіцца. Вазьмі і падары. Абавязкова.
І, прыміраючыся з непазбежнасцю, заплюшчыў вочы.
Былі ў мяне мядзведзі
Бацька мой быў ляснічы. І дзед быў ляснічы і прадзед. І ўсе мае дзядзькі з бацькавага боку былі ляснічыя, лесаводы або яшчэ нейкім чынам былі звязаны з лесам і з навукай аб лесе. Стварылася вялікая лясная дынастыя, і нават мой малы пляменнік толькі і трызніць, што аб дзедавай прафесіі.
З гэтай дынастыі адзін я, на гаротнае засмучэнне бацькі і дзеда, выявіўся вырадкам. Стаў мастаком-анімалістам. Тым, хто малюе звяроў.
Тата прымірыўся з гэтай здрадай толькі пасля таго, як, па доўгім роздуме, пераканаў сябе, што звяры - гэта таксама лес, што я аддаю перавагу замалёўкам у лесе, а не ў звярынцы. Ну, і яшчэ пасля таго - гэта, урэшце, справы не датычыцца, -калі работы мае да нябёс расхваліў славуты анімаліст Васіль Аляксеевіч Ватагін.
Але справа не ўва мне і не ў маёй працы. Яна сама гаворыць за сябе на выстаўках і ў музеях. Гаворыць менавіта столькі - ні болей ні меней, - сколькі мне ўдалося ў яе ўкласці. І настолькі, наколькі дазволілі мае здольнасці.
Справа ў тым, што з-за спецыфікі гэтай справы дом мой вечна быў поўны рознымі жывёлінамі. Пад ложкам мелі кватэру вожыкі, чарапахі, марскія свінкі. На ўсіх падаконнях акварыумы з рыбкамі розных парод (за імі, досыць беспаспяхова, спрабаваў паляваць мой сіямскі кот Васіліск). У доме - а ён у мяне на ўскраіне - заўсёды было некалькі сабак рознай пароды. У розныя часы жылі ў мяне ваўчаняты, малыя лісы, фенек, шчанюк чыты або гепарда. Дый ці мала яшчэ чаго! Не было толькі таго няшчасця, якое здарылася з нямецкім пісьменнікам Бёлем: у маёй ваннай ніколі не жыў бегемоцік. А так усякай жыўнасці хапала. І так, наколькі я памятаю, было з першай хвіліны, у якую я пачаў усведамляць сябе.
Успамінаю стары-стары, з дубовых брусоў складзены дом лясніцтва наводдаль ад нашага, і як восенню ён бываў укрыты звонкім і спявучым чырвоным лісцем, і як пазней, у зазімкі, пяшчотна серабрыўся яго шчапяны дах. І гэтае срэбра дымела і выпаралася на сонцы, і рэдкія кроплі падалі на ўспацелыя халодным потам гарбузы ў падстрэшку.
З нашага мезаніна былі відаць двухпавярховыя, з галерэямі, пуні, жораў студні, велічэзная сонна-кашлатая адрына. І яшчэ ўзятая ў зруб крынічка пасярэдзіне паплаўца. І -з правых вокнаў - стары мяшаны гай за домам лясніцтва, а вышэй, на градзе, медзянастволы мачтавы Зафееўскі бор, што цягнуўся на многія дзесяткі кіламетраў і вечна шумеў, памахваў небу.
А за вокнамі быў паплямаваны купамі дрэў поплаў, які спускаўся да старыка, а за старыком зноў ішлі паплавы і старыкі. Старыкі і паплавы, на якіх сям-там высіліся векавыя , сінія ад далечыні дубы. Недзе там, за апошнімі дубамі, дужа далёка, быў Дняпро і на другім беразе, калі праплысці чаўном кіламетры два, гарадок, у які ездзілі купляць неабходнае і, часамі, у госці.
Там мінула маё дзяцінства, і я ніколі не езджу туды. Бо ведаю, якой тугой сустрэне мяне гэты куток, у якім я ўжо нічога не пазнаю, калі нават і злітаваўся з яго агонь вайны. Але нават калі і злітаваўся - там набудавалі, перарабілі, высеклі і насадзілі, а я хачу, каб ён заставаўся такі, які ён стаіць у маіх вачах: самы найлепшы для мяне куток Беларусі, якая для мяне зноў-такі найпрыгажэйшая ў свеце зямля.
Я паеду туды, хіба што адчуўшы набліжэнне канца, калі чалавек адчувае неадольную цягу аб'ездзіць усе мясціны, дзе калісьці жыў, тое, што прымушае шпака перад адлётам, з якога можна не вярнуцца, наведаць родную шпакоўню; тое, што прымушае мядзведзя абысці ў апошні раз свае ўладанні; тое, што яднае нас з усімі птушкамі і звярамі ў адзіным коле існага. І тады я зноў убачу бацьку на кані і палясоўшчыкаў, што рагочуць з ягоных грубаватых жартаў. І старога Марку, які вучыў мяне вабіць цяцерак, проста так, каб убачыць іх, і вучыў нацягваць на след і стойку сабаку, і браў з сабою на старыкі лавіць велічэзных бронзавых ліноў. І матку ўбачу, як спрытна яна кіруе таратайкай, запрагае каня, доіць карову або зімовай ноччу - было раз такое - страляе з ганка па ваўчынай гайні, якая хацела сцягнуць сабаку або ўдзерціся ў Маркаву аўчарню.