Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 8 из 82

Паводзіны жанчыны, яе маўчанне набылі непраўдападобна-злавесны сэнс. Хай сабе, думаў ён, але ў глыбіні душы разумеў, што збылося найгоршае, чаго ён баяўся. Лескі знеслі, найхутчэй, з яе ведама, і, пэўна, яна згадзілася. Безумоўна, яна з імі — хаўрусніца. I гэта поза яе прадыктавана не сорамам, а двухсэнсавасцю яе становішча. Гэта, безумоўна, поза злачынкі, а можа, і ахвяры, гатовай прыняць любое пакаранне. Хітра падстроілі яны праклятую пастку. Даверліва паддаўся на завабліванне шпанскай мушкі, і яна завяла ў пустыню, адкуль няма выйсця, — і здыхай тут, як з голаду мыш...

Ён ускочыў, кінуўся да дзвярэй і яшчэ раз выглянуў на двор. Падняўся вецер. Сонца было амаль над самаю ямаю. Ад распаленага пяску плылі ўгору хвалі гарачага паветра, пераліваючыся, як мокрыя негатыўныя плёнкі. Пясчаная сцяна расла ўсё вышэй і вышэй. Яна дык ведала ўсё і нібыта гаварыла яго мускулам і касцям пра бяссэнсавасць супраціўлення. Гарачае паветра ўпівалася ў цела. Спякота станавілася нясцерпная.

Нечакана мужчына пачаў крычаць, як вар’ят. Ён выкрыкваў нейкія незразумелыя словы — не было слоў, якімі ён мог бы выказаць свой адчай. Ён проста лямантаваў з усяе сілы. Яму здавалася, што гэты страшны сон, напалохаўшыся крыку, адкаснецца і, просячы прабачэння за свой ненаўмысны недарэчны жарт, выкіне яго з пясчанай ямы. Але голас, не звыклы да крыку, быў тонкі і кволы. Дый яго паглынаў пясок, рассейваў вецер, і наўрад ці ён чуцён быў далёка.

Раптам пачуўся страшэнны грукат, і мужчына змоўк. Як і казала ўчора жанчына, пясчаны карніз, што звісаў з паўночнай сцяны, перасох і абваліўся. Уся хата жаласна застагнала, быццам яе скруціла нейкая невядомая сіла, і, нібыта падкрэсліваючы яго пакуты, з шчылін між карнізам і сцяною, шастаючы, пачала сачыцца шэрая кроў. Быў поўны рот сліны, мужчына калаціўся, быццам стукнула яго самога...

Цяжка зразумець. Нейкае ўтрапенне. Ці можна загнаць у пастку, як мыш ці насякомае, чалавека, які ўключаны ў пасямейны спіс, мае працу, плаціць падаткі і карыстаецца правам на бясплатнае медыцынскае абслугоўванне? Напэўна, гэта нейкая памылка. Астаецца толькі лічыць: гэта памылка.

Перш за ўсё, рабіць тое, што яны зрабілі са мною, — неразумна. Я ж не конь і не бык, і проці волі ніхто мяне працаваць не прымусіць. А калі я не падыходжу як рабочая сіла, дык навошта запіраць мяне ў гэтых пясчаных сценах. Навошта садзіць жанчыне на шыю нахлебніка.

Паглядзеўшы на пясчаную сцяну, што акружала яго з усіх бакоў, ён успомніў, хоць гэта было не вельмі прыемна, няўдалую спробу ўзлезці на яе. Колькі ні кідайся каля сцяны — карысці ніякай. Адчуванне бездапаможнасці паралізавала яго... Відаць, гэты, што раз’ядаецца пяском, свет нейкі адмысловы, да якога звычайныя крытэрыі не падыходзяць...

Мужчына верыў і не верыў у свае развагі. Напрыклад, калі праўда, што новыя бітоны і рыдлёўку падрыхтавалі спецыяльна яму, дык праўда і тое, што вераўчаныя лескі прыбралі знарок. Далей, хіба не гаворыць пра небяспеку той факт, што жанчына не сказала ні слова, каб растлумачыць, што здарылася, чаму яна пакорна і маўкліва, нібыта асуджаная, церпіць свой лёс? Можа, і ўчора яна не проста агаварылася, даючы намёк, што ён тут завяз надоўга?

Сарвалася яшчэ адна пясчаная глыба.

Напалохаўшыся, мужчына вярнуўся ў хату. Ён падышоў проста да жанчыны, якая ляжала, як і дагэтуль, ніцма на цыноўцы, і са злосцю замахнуўся на яе. Шалёная нянавісць віравала ў яго ў вачах, болем разлілася па ўсім целе. Ды раптам, абяссілеўшы, не зачапіўшы жанчыны, ён цяжка апусціў паднятую руку. Напэўна, ён бы не супраць даць ёй плескачоў. Але, можа, на гэта і спадзявалася жанчына? Ведама, яна гэтага чакае. Бо пакаранне — гэта і ёсць прызнанне таго, што злачынства загладжана.

Ён павярнуўся спіною да жанчыны, паваліўся на зямлю, абхапіў галаву рукамі і ціха застагнаў. Хацеў праглынуць сліну, ды не змог — яна засела ў горле. Слізістая абалонка стала, напэўна, вельмі адчувальная да смаку і паху пяску, і колькі б ён тут ні жыў — не зможа прывыкнуць да яго. Сліна ператварылася ў бурыя пеністыя згусткі, якія сабраліся ў кутках губ. Выплюнуўшы сліну, ён яшчэ мацней адчуў шорсткасць пяску, што астаўся ў роце. Кончыкам языка ён аблізваў губы з сярэдзіны і выплёўваў, але пяску не было канца. Толькі ў роце стала суха і балела, быццам усё там апечана.





Хай сабе. Нічога не зробіш. Абавязкова пагавару з жанчынаю і паспрабую прымусіць яе расказаць пра ўсё чыста. Толькі тады ён зможа знайсці выйсце, калі зразумее становішча. Нельга не мець плана дзеяння. Хіба можа ён вытрываць такое дурное становішча?.. Але што рабіць, калі жанчына не адкажа?.. Гэта быў бы папраўдзе самы страшны адказ. Такога можна чакаць. Гэта ўпартае яе маўчанне... і чаму яна ляжыць, падкурчыўшы калені, быццам безабаронная ахвяра?

Поза голай жанчыны, якая ляжала ніцма, была занадта непрыстойная, у ёй было нешта жывёльнае. Здавалася, яна гатовая перавярнуцца на спіну, варта толькі дакрануцца да яе. Пры адной гэтай думцы ён задыхнуўся ад сораму. Але нечакана ён убачыў сябе катам, які мучыць жанчыну, убачыў сябе на яе целе, сям-там прыцярушаным пяском. I зразумеў... Рана ці позна гэта здарыцца... I тады ён не будзе мець права што-небудзь сказаць...

Рэзкі боль працяў ніз жывата. Гатовы лопнуць, мачавы пузыр клікаў да апаражнення.

8

Памачыўшыся, мужчына пачуў палёгку і стаяў, удыхаючы цяжкія выпарэнні. Ён не спадзяваўся, што, пакуль стаіць, паявіцца нейкая надзея. Проста ніяк не мог прымусіць сябе вярнуцца ў хату. Воддаль ад жанчыны ён яшчэ лепей зразумеў, як небяспечна быць побач з ёю. Не, справа была, напэўна, не ў самой жанчыне, а ў тым, як яна ляжала, у гэтай яе позе. Hi разу не даводзілася бачыць такой непрыстойнай жанчыны. Hi за што не вярнуся ў хату. Поза жанчыны занадта небяспечная.

Ёсць выраз: стаць падобным на мёртвага. Гэта стан паралічу, у які ўпадаюць некаторыя віды насякомых і павукоў, калі на іх нечакана нападуць... Разбітая выява... Аэрадром, дзе дыспетчарскую захапілі вар’яты... Хацелася верыць, што аняменне, якое апанавала яго, зможа прыпыніць увесь рух на свеце, не бывае жабам зімы, калі яны ў зімовай спячцы.

Пакуль ён марыў, сонца пачало смаліць нясцерпна. Мужчына скурчыўся, нібыта каб схавацца ад пякучых, промняў. Потым жвава нахіліў галаву і, ухапіўшыся за каўнер у рубашцы, з сілаю тузануў яго. Пстрыкнулі тры верхнія гузікі. Страсаючы пясок, які набіўся за каўнер у рубашцы, ён зноў успомніў жанчыніны словы, што пясок ніколі не бывае сухі, што ён заўсёды даволі сыры, каб паступова гнаіць усё вакол. Сцягнуўшы рубашку, мужчына паслабіў рэмень, каб штаны хоць крыху прадзьмула ветрам. Ды, увогуле, наўрад ці трэба было гэтак турбавацца, бо млявасць як раптоўна прыйшла, гэтак жа хутка і прапала. Відаць, сыры пясок траціць сваю чартоўскую сілу на паветры.

Тут яму прыйшло ў галаву, што ён зрабіў сур’ёзную памылку, занадта аднабакова вытлумачыў галізну жанчыны. Безумоўна, нельга сказаць, што ў яе не было патаемнага жадання злавіць яго ў пастку. Але ж магло быць і тое, што гэта проста звычка, прадыктаваная ўмовамі, у якіх яна жыла. Зразумела, што жанчына кладзецца спаць толькі досвета. У сне чалавек лёгка пацее. Калі ж даводзіцца спаць днём, ды яшчэ ў распаленай пясчанай яме, дык зусім натуральнае жаданне агаліцца. На яе месцы я б таксама раздзеўся, калі б была такая магчымасць...

Гэта адкрыццё неяк адразу вызваліла яго ад цяжкага адчування, накшталт таго, як парыў ветру вызваляе потнае цела ад пяску. Няма чаго наганяць на сябе страху. Сапраўдны мужчына здолее ўцячы, разбурыўшы колькі хочаш сцен з сталі і жалезабетону. Нельга адчайвацца, убачыўшы замок, пакуль яшчэ не ведаеш, ёсць да яго ключ ці не... Не спяшаючыся, грузнучы ў пяску, ён выправіўся да хаты. Гэтым разам буду гаварыць спакойна і даведаюся ў яе пра ўсё, што мне трэба... Правільна яна зрабіла, што не вымавіла ні і слова, калі ён накінуўся на яе з крыкам... А можа, яна маўчала таму, што проста ёй стала сорамна: яна дапусцілася, што ён убачыў яе голую.