Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 36 из 82

Дык вось, вернемся да таго, што адбылося са мною зусім нядаўна, за тры дні да таго моманту, які табе «цяпер».

У тую ноч вецер, змяшаны з дажджом, у якім нібыта растварылі мёд, жаласна стукаўся ў акно. Увесь дзень я абліваўся потам, а калі зайшло сонца, захацелася пагрэцца каля агню. Газеты пісалі, што яшчэ вернуцца халады, але дні сталі даўжэйшыя, ад гэтага нікуды не дзенешся, і як толькі кончыцца гэты дождж, адразу адчуеш — лета. Варта было падумаць пра гэта, і сэрца пачынала трывожна біцца. У цяперашнім маім становішчы я падобны на цацку з воску, якая баіцца гарачыні. Даволі было аднае думкі пра агністае сонца, каб уся мая скура закіпела пухірамі.

Тады я вырашыў любым чынам скончыць з усім, пакуль не настала лета. Паводле прагнозу на доўгі час, за тры-чатыры дні пашырыцца высокі атмасферны ціск з мацерыка і паявяцца метэаралагічныя з’явы, характэрныя лету. I калі за тры дні ўдасца скончыць падрыхтоўку для твае сустрэчы і зрабіць так, каб ты пачала чытаць гэта пісьмо, мне няма чаго болей жадаць. Але нельга сказаць, што тры дні — багата часу. Ты сама можаш пераканацца ў тым, што паказанні, якія я ўпамінаў, — гэта запіскі за адзін год дробным почыркам у трох сшытках. Штодзень я павінен апрацоўваць па сшытку, дадаваць, выкрэсліваць, перарабляць і пакідаць іх табе ў такім выглядзе, які задаволіў бы мяне, — праца напраўду шалёная. Я мабілізаваў сябе на працу і, купіўшы на вячэру піражкоў з мясам, добра падсмачаных часнаком, вярнуўся дахаты на дзве-тры гадзіны раней чым звычайна.

Ну і які ж вынік?.. Ніякі... Я зноў адчуў, да чаго прывёў жахлівы недахоп часу. Прабег напісанае і адчуў агіду да сябе — запіскі здаюцца амаль спробаю апраўдацца. I не дзіва такое ў гэту залітую дажджом, быццам знарок пасланую на згубу ноч, калі гнілая сырасць трывожыць душу. Не буду адмаўляцца — фінал бачыцца нікчэмным, але я сябе цешу надзеяй, што заўсёды добра разумеў тое, што адбываецца. Без гэтай веры я наўрад ці пісаў бы з такою прагаю, незалежна ад таго, ці паслужаць мае запіскі пацверджаннем алібі, ці, наадварот, стануць рэчавым доказам мае вінаватасці. Я да гэтага часу цвёрда веру ў адно, і не таму, што нялёгка прызнаць сваё паражэнне: лабірынт, у які я сам сябе загнаў, быў маім лагічна непазбежным, страшным судом. Але, насуперак чаканню, мае запіскі просяць спалоханым голасам, падобным на голас збродлівае кошкі, якую зачынілі ў пакоі. Не ведаю, ці ўдасца мне, забыўшыся, што ў мяне ў запасе толькі тры дні, давесці запіскі да такога ладу, каб яны мяне задавальнялі.

Ну, хопіць. Надышоў момант, калі я цвёрда наважыўся шчыра расказаць пра ўсё — такое адчуванне, быццам у горле засеў кавалак жылістага непажаванага мяса, болей цярпець не магу. Калі тыя мясціны, якія лямантуюць, здадуцца табе драбязою, — і ты іх толькі прагорнеш, — хай сабе. Ты, напрыклад, цярпець не можаш электрычнага дрыля, шастання тараканаў, цярпець не можаш, калі драпаюць па шкле. Але наўрад ці гэта самае важнае ў жыцці. Чаму электрычны дрыль — уявіць можна: ён, відаць, асацыіруецца з бормашынаю. А два другія гукі выклікаюць — інакш не назавеш — нейкую нервовую высыпку. Але мне яшчэ не даводзілася чуць, каб высыпка пагражала жыццю.

Аднак усяму ёсць мера, пара, напэўна, канчаць. Як ні нагрувашчвай апраўданняў маім апраўданням — не патрэбныя яны. Куды важней, каб ты прадаўжала чытаць гэта пісьмо — маё мінулае стане тваім цяперашнім, — а потым перайшла да запісак... Я буду неадступна ісці за тваім часам, чытай іх неадрыўна, да апошняе старонкі.

Цяпер ты, пэўна ж, супакоілася? Чай у нізкай зялёнай бляшанцы. Вар — у тэрмасе.

ЧОРНЫ СШЫТАК

Найперш — паслядоўнасць сшыткаў паводле колеру вокладак: чорны, белы, шэры. Паміж колерам і зместам, ведама, няма ніякае сувязі. Я выбраў іх наўздагад, проста каб лепей было адрозніваць.





Пачну, напэўна, з апавядання пра сховішча. Ды, папраўдзе, з чаго ні пачні — розніцы вялікай няма. Але ўсё ж лягчэй пачаць расказ з таго самага дня. Гэта было прыкладна паўмесяца назад, калі я, як меркавалася, на тыдзень павінен быў паехаць у камандзіроўку. Мая першая вялікая паездка з таго часу, як я выйшаў з бальніцы. Я думаю, у цябе таксама гэта быў памятны дзень. Падставаю для паездкі я выбраў праверку ходу работ на збудаванні завода паліграфічнай фарбы ў Осацы. Проста гэта было першае, што прыйшло мне ў галаву. На самай жа справе з таго дня я схаваўся ў доме S і пачаў рыхтавацца да ажыццяўлення свайго плана.

У той дзень я пісаў у сваім дзённіку:

«26 мая. Дождж. Пакарыстаўшыся газетнаю аб’яваю, завітаў у дом S. Убачыўшы мой твар, дзеўчаня, што гуляла ў дварэ, заплакала. Вырашыў спыніцца на гэтым доме — мясціна выдатная, размяшчэнне пакоя амаль ідэальнае. Бадзёрыць пах новага дрэва і фарбы. Суседні пакой нібыта яшчэ не заняты. Добра было б і яго наняць, але...»

Але я не збіраўся хавацца ў доме S пад чужым імем, не збіраўся выдаваць сябе за некага другога. Гэта, можа, здасца неразумным, але ў мяне быў свой разлік. Мой твар цяпер ніяк ужо не падыходзіць для хітрыкаў. Напраўду, дзяўчынка, што гуляла каля пад’езда, з выгляду ўжо школьніца, толькі ўбачыла мяне, пачала ўсхліпваць, быццам у яе перад вачыма выплыў страшны сон. Затое адміністратар, можа, проста стараючыся як найлепей паслугаваць кліенту, быў дужа ветлівы...

Не, ветлівы быў не толькі адміністратар. Як гэта ні сумна, амаль усе людзі, што сустракаліся са мною, былі ветлівыя. Кожны лагаднеў тварам, бо іх не цягнула ўлазіць у мае справы. I не без прычыны. Калі яны не хацелі зірнуць мне проста ў твар, ім нічога не аставалася, як быць ветлівымі. Таму і не дакучалі мне пустымі роспытамі. Агароджаны сцяною ветлівасці, я заўсёды быў зусім адзінокі.

Можа, таму, што дом S быў толькі што пабудаваны, прыкладна палавіна пакояў з васемнаццаці былі незанятыя. Адміністратар, зрабіўшы выгляд, што ўсё разумее, без ніякае мае просьбы, выбраў самы далёкі пакой на другім паверсе побач з запасною лесвіцаю. Прынамсі, падумаць можна было толькі гэтак. Пакой быў мне дарагі ўжо хоць бы таму, што яго выбралі спецыяльна мне. Ванна, праўда, не асабліва што, але ў пакоі стаяў стол і два крэслы, ды ён, не так, як другія, меў эркер, падобны на тэрасу. Запасная лесвіца вяла да стаянкі на пяць-шэсць машын, і адтуль можна было выйсці на другую вуліцу. Такая зручнасць рабіла пакой асабліва каштоўным. Я павінен быў да ўсяго падрыхтавацца з самага пачатку і таму адразу заплаціў за тры месяцы наперад. Потым папрасіў я купіць мне ў самым блізкім магазіне пасцель і ўсё да пасцелі. А адміністратар, робячы выгляд, што не мае сілы стрымаць радасць, усё гаварыў і гаварыў, як добра зроблена вентыляцыя, што пакой вельмі сонечны. Кончыўшы гэтую тэму, ён гатовы ўжо быў пачаць расказваць пра сваё жыццё. Але, на шчасце, ключ ад пакоя, які ён мне даваў, выслізнуўся ў яго з рук і бразнуўся аб падлогу. Збянтэжаны адміністратар выйшаў. Я з палёгкаю ўздыхнуў... Калі б з людзей заўсёды вось гэтак лёгка можна было зрываць налёт хлусні!

Стала цёмна, нельга было нават палічыць пальцаў на руцэ, прыставіўшы яе да самага носа. Пакой, які яшчэ не ведаў чалавечага цяпла, быў халодны, як магіла, і непрыветны. Але ён быў лепшы за прыветлівых людзей. Да таго ж, з таго часу як здарылася гэта няшчасце, я болей за ўсё люблю цемру. Папраўдзе, было б так добра, калі б усе людзі на зямлі раптам страцілі вочы ці забыліся пра існаванне святла. Па крайняй меры, удалося б дасягнуць аднадушнасці адносна формы. Усе аднолькава лічылі б, што хлеб ёсць хлеб, незалежна ад таго — трохвугольны ён ці круглы... Было б так добра, калі б тая маленькая дзяўчынка яшчэ да майго паяўлення заплюшчыла вочы і пачула толькі мой голас. Тады, можа, мы прывыклі б адно да аднаго, сталі б сябрамі — разам хадзілі б у парк, елі б марожанае... I толькі таму, што ўсюды лезла гэта назойлівае святло, дзяўчынка памылілася, прыняўшы трохвугольны хлеб не за хлеб, а за трохвугольнік. I хоць тое, што завецца святлом, само па сабе празрыстае, усе прадметы яно ператварае ў непразрыстыя.