Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 34 из 82

Вызначыўшы, дзе знаходзіцца жанчына, ён нечакана кінуўся на яе. Жаночы крык, шум падзення сплеценых іх целаў каля сцяны выклікалі наверсе жывёльную ўзбуджанасць. Пачуўся свіст, плясканне ў ладкі, пажадлівыя выкрыкі... Людзей там большала, сярод іх былі, здаецца, і маладзіцы. Ліхтароў, нацэленых на дзверы ў хаце, стала разоў у тры болей, чым напачатку.

Дзякуючы таму, што ён застаў жанчыну знянацку, яму ўдалося вывалачы яе на двор. Ён здушыў ёй шыю, і жанчына абмякла, як мяшок. Паўкруг агнёў над ямаю нагадваў святочную ілюмінацыю. Хоць не было асабліва горача, у яго пад пахамі цёк пот, змакрэлі валасы, нібыта на яго вылілі цэбар вады. Крыкі гледачоў, нібыта рэха, адбіваючыся ў вушах, вялізнымі чорнымі крыламі ўслалі неба. Мужчыну здавалася, што гэта яго крылы. Ён адчуваў гэтых людзей, якія напружана глядзелі з абрыву, так натуральна, як самога сябе. Яны былі часткаю яго. Гэта ад яго жадобы ў іх цякла сліна. Ён ужо адчуваў сябе не ахвяраю, а, найхутчэй, прадстаўніком катаў.

Было цёмна, дый рукі дрыжалі і пальцы сталі нібыта ў два разы таўсцейшыя. Калі нарэшце ён абхапіў яе, яна выгнулася і спрытна выслізнулася ў яго з рук. Топячыся ў пяску, ён кінуўся за ёю. Ды яна зноў адкінула яго, быццам стальная спружына. Нарэшце, схапіўшы яе, мужчына пачаў умольваць:

— Прашу... Прашу цябе... Я ж усё роўна не магу... Давай зробім толькі выгляд...

Але яму ўжо не трэба было стрымліваць яе. У жанчыны, здавалася, прапала жаданне ўцякаць. Раптам затрашчала адзенне, і ў тое ж імгненне ён пачуў моцны ўдар у ніз жывата — жанчына стукнула локцем, уклаўшы ў гэты ўдар усю сваю злосць і цяжар свайго цела. Мужчына скурчыўся анямела і абхапіў рукамі калені. Нахіліўшыся над ім, жанчына таўкла яго кулакамі па твары. Напачатку магло здацца, што рухі яе вялыя, але кожны ўдар быў важкі, быццам таўкла яна груды солі. З носа хлынула кроў. На кроў наліп пясок, і яго твар ператварыўся ў камяк зямлі.

Узбуджанасць наверсе апала, быццам парасон, у якім абламалі пруткі. Змяшаліся разам выкрыкі гневу, насмешкі, падбадзёрванні, але яны былі нейкія бязладныя, абрывістыя. П’яныя, непрыстойныя воклічы таксама не маглі падняць настрой гледачоў. Нехта кінуў нешта ўніз, але другі адразу ж аблаяў яго. Канец быў гэтакі ж нечаканы, як і пачатак. Здалёку пачуліся галасы, якія клікалі да працы. Доўгі хвост агнёў растаў, быццам яго пацягнулі ўгору. I толькі дзьмуў цёмны паўночны вецер, зносячы апошнія сляды шалу.

Мужчына, збіты і засыпаны пяском, невыразна адчуваў, што ўсё ішло як па пісаным. Гэтая думка цеплілася недзе ў куточку свядомасці, якая нагадвала прамочаную потам бялізну, пад якою толькі біццё сэрца было да болю выразнае. Гарачыя, як агонь, жаночыя рукі ляжаць у яго пад пахамі, і пах яе цела, нібыта шыпулямі, б’е ў нос. Яму ўявілася, што ён у яе пяшчотных руках, як маленькі каменьчык у рэчышчы спакойнай ракі.

31

Праходзілі аднастайныя ночы пяску, міналі тыдні.





Варон, як і дагэтуль, не вабіла «Надзея». Прынада — вяленая рыба — ужо перастала быць вяленаю рыбаю. Яна не спакусіла варон, затое бактэрыі, відаць, былі неразборлівыя. Аднойчы раніцаю ён пакратаў прынаду палкаю — ад рыбы асталася толькі скура, a сама яна ператварылася ў чорную ліпкую мешанку. Замяняючы прынаду, ён вырашыў яшчэ раз праверыць, ці не сапсавалася яго канструкцыя. Ён адгроб пясок, падняў вечка і аслупянеў, здзіўлены. На дне ў бочачцы сабралася вада. Яе было ўсяго сантыметраў дзесяць, але гэта была амаль празрыстая вада, намнога чысцейшая за тую, іржавую, якую ім прывозілі штодня. Хіба нядаўна ішоў дождж?.. He, дажджу не было тыдняў два, не менш... Тады, можа, гэта вада, што асталася ад дажджоў, якія ішлі раней?.. Яму хацелася б гэтак думаць, але бянтэжыла тое, што бочачка была цякучая. Напраўду, калі ён падняў яе, праз днішча пацякла вада. На такой глыбіні не магло быць падземнае крыніцы, таму напрошвалася думка, што вада, якая выцякае з бочачкі, аднекуль зноў у бочачку назбірваецца. Ва ўсякім разе, гэтак выходзіць тэарэтычна. Але адкуль ёй брацца ў гэтым перасохлым пяску?

Мужчына ледзь стрымліваў хваляванне, якое ўвесь час расло. Можна было ўявіць сабе толькі адзін адказ. Капілярнасць пяску. Паверхня пяску з-за высокай удзельнай цеплаёмістасці звычайна высушана, але калі крыху паглыбіцца, пясок там заўсёды сыры. Гэта адбываецца, безумоўна, таму, што выпарэнне з яго паверхні дзейнічае як помпа, якая выцягвае вільгаць з ніжэйшых пластоў. Уявіўшы сабе гэта, можна лёгка растлумачыць і густы туман, які падымаецца раніцаю і вечарам з дзюнаў, і незвычайную сырасць, якая пранізвае драўляныя сцены і слупы ў хаце і выклікае гніенне. Урэшце сухасць пяску тлумачыцца не проста недахопам вады, а хутчэй тым, што ўсмоктванне вады цераз капіляры ніколі не дасягае хуткасці выпарэння. Іначай кажучы, папаўненне вады ідзе няспынна. Толькі гэтая цыркуляцыя адбываецца з хуткасцю, непамыснай у звычайнай глебе. I, напэўна, яго «Надзея» недзе парушыла гэтую цыркуляцыю вады. Відаць, размяшчэнне ўкапанае бочачкі, шырыня шчыліны паміж ёю і вечкам — усё гэта не дало прасочанай знізу вадзе выпарыцца, і яна збіралася на дне. Якое гэта размяшчэнне і як усё гэта звязана між сабою, ён не мог яшчэ дакладна растлумачыць, але пасля стараннага вывучэння змог бы, безумоўна, паўтарыць свой дослед. I не выключана, што яму ўдалося б пабудаваць яшчэ болей эфектыўную канструкцыю для збірання вады.

Удадуцца доследы — і яму не давядзецца болей капітуляваць, калі перастануць прывозіць ваду. Але яшчэ важней другое: выходзіць, увесь пясок — вялізазная помпа. Яму здавалася, што ён сядзіць на гэтай помпе. Шалёна калацілася сэрца. Каб супакоіць яго, яму давялося перадыхнуць. Пакуль нельга нікому пра гэта гаварыць. На выпадак чаго — гэта важная зброя.

Ён не мог стрымаць радаснага смеху. Хоць ён павінен быў маўчаць пра сваю «Надзею», вельмі цяжка было схаваць гонар, які перапоўніў яго сэрца. Нечакана мужчына закрычаў тонкім голасам, абхапіў ззаду жанчыну, якая слала пасцель. Але яна выкруцілася, а ён упаў на спіну і стаў рагатаць, дрыгаючы нагамі, быццам жывот яму казытаў папяровы шар, напоўнены лёгкім газам. Яму здавалася, што рука, якую трымаў ён каля твару, свабодна плавае ў паветры.

Жанчына таксама смяялася, але неяк змушана — проста каб не псаваць яму настрою. Мужчына ўявіў сабе распасцёртую бязмежна чыстую сетку падземных ручайкоў, якія тонкімі серабрыстымі ніткамі падымаюцца ўгору па вузенькіх шчылінах між пясчынкамі. А жанчына падумала пра іншае — не іначай, як пра полавы акт, які адбудзецца пасля гэтага. Ну і няхай сабе. Толькі той, хто перажыў караблекрушэнне і цудам не патануў, можа зразумець чалавека, якому хочацца смяяцца ўжо таму, што ён дыхае.

Хоць і цяпер ён быў на дне ў яме, ім авалодала такое адчуванне, быццам падняўся на высокую вежу. Можа, увесь свет стаў навыварат, і цяпер узгоркі і даліны памяняліся месцамі. Ва ўсякім разе, ён знайшоў у пяску ваду. А гэта значыць, што вяскоўцам справіцца з ім не так проста. Няхай цяпер не прывозяць вады, ён абыдзецца без іх. I ён зноў пачынаў нястрымна рагатаць, варта было толькі падумаць яму, як яны забегаюць. Яму нават здавалася, быццам ён ужо выбраўся з ямы. Ён агледзеўся, і ўся яма была ў яго перад вачыма. Вельмі цяжка меркаваць пра мазаіку, калі глядзець на яе зблізку. Падышоўшы блізенька, вы заблудзіцеся ў дэталях. Да гэтага часу ён бачыў, найхутчэй, не пясок, а толькі асобныя пясчынкі.

Тое самае мог бы сказаць ён пра тую, другую, жанчыну і пра сваіх калег. Дагэтуль ён успамінаў толькі асобныя дробныя дэталі, якія незвычайна разрасліся ў яго ўяўленні: ноздры ў мясістым носе... зморшчаныя губы... гладкія тонкія губы... тупыя пальцы... зоры ў вачах... доўгая бародаўка пад ключыцаю... па грудзях бягуць ліловыя жылкі... Зблізку глядзець — бярэ на рвоту. Але здалёку ўсё здаецца малюсенькім, не большым за насякомае. Вунь там, далёка, варушацца калегі — п’юць чай у настаўніцкай. А вунь там, у кутку, тая жанчына, голая, ляжыць у сырой пасцелі, прыплюшчыўшы вочы, не варушачыся, хоць попел у яе з цыгарэты вось-вось упадзе. Без ніякай зайздрасці думаў ён пра гэтых маленькіх насякомых, быццам гэта былі формы на пячэнне, пустыя ўсярэдзіне. I не трэба быць такім фанатычным пірожнікам, каб упарта пячы пячэнне, якога ніхто не прасіў, — абы толькі скарыстаць формы. Калі яму надарыцца яшчэ раз завязаць з імі адносіны, дык давядзецца пачынаць усё з самага пачатку. Перамены, што адбыліся ў пяску, былі адначасна пераменамі і ў ім самім. У пяску разам з вадою ён быццам выявіў новага чалавека.